zgruntować

зак.

1. змераць глыбіню;

2. перан. унікнуць, глыбока вывучыць

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

велічыня́, -і́; мн. велічы́ні і (з ліч. 2, 3, 4) велічыні́; -чы́нь, ж.

1. Памер, аб’ём, працягласць чаго-н.

Стол сярэдняй велічыні.

Змераць велічыню пакоя.

2. Колькасць чаго-н.; сума; лік.

В. зарплаты.

В. асігнаванняў.

3. Усё тое, што можна вымераць, злічыць (спец.).

Пастаянная в.

Бясконца малая в.

Роўныя велічыні.

4. перан., толькі адз. Пра чалавека, выдатнага ў якой-н. галіне дзейнасці.

Ён сусветная в. ў навуцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

wymierzyć

зак.

1. змераць, адмераць, вымераць;

2. прыцэліцца, нацэліцца;

wymierzyć policzek — даць аплявуху;

wymierzyć sprawiedliwość — а) пакараць віноўніка; б) рэабілітаваць невінаватага

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

сінь, ‑і, ж.

1. Сіні колер. Красавік — Гэта першыя краскі вясны, Некранутая сінь Танканогай пралескі. Звонак. Не абняць, не змераць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Вочы ў мяне Не згубілі яшчэ сваю сінь. Танк. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра неба, мора, паветра). З аднаго боку — шырачэзная марская сінь, з другога — неаглядныя прасторы Калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Каб толькі там, дзе ясені Вартуюць сінь высокую, Не чуць, як хтосьці ў засені Заве любоў далёкую. Гілевіч. // Сіні туман, смуга. Вочы яе блукалі па абшары і нічога, апрача мутнаватай сіні, не бачылі. Бядуля. Па мокрай сенажаці.. [Гэлька] ішла ціхімі крокамі, шукаючы вачыма ў туманнай сіні якую-небудзь будыніну. Чарот. // Пра вечар, ранак. Сінь за акном пагусцела, дрэвы згорбіліся. Шашкоў. Развіталіся яны на золку, калі сінь за акном парадзела. Карпаў.

2. У горнай справе — назва некаторых руд, якія маюць сіні колер. Медная сінь. Жалезная сінь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыла́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога выконваецца якая‑н. праца, работа. Прылады працы. Прылады вытворчасці. □ Калгаснікі складалі на павозкі розныя прылады, запрагалі коней і раз’язджаліся ў розныя бакі: адны ехалі араць папары, другія вазіць лес для новага кароўніка, трэція — на сенажаці. Якімовіч. Звычайны, груба завостраны аловак, крэслячы праект брамы, набыў у .. руцэ [маёра] значэнне актыўнай прылады стварэння. Брыль.

2. Спецыяльнае прыстасаванне, механізм, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння, вылічэння, кіравання і пад.); прыбор. Вымяральная прылада. Аптычная прылада. □ Шпаркасць .. прабегу [часу] нельга змераць самымі далікатнымі прыладамі. Крапіва.

3. часцей мн. (прыла́ды, ‑лад). Камплект, набор прадметаў для выканання аднаго працэсу, аднаго напрамку работ. Рыбалоўныя прылады. Спартыўныя прылады. Сельскагаспадарчыя прылады. Пісьмовыя прылады. □ Пальцы .. [Алесевых] рук.. перабіралі алоўкі, цыркулі і ўсякія іншыя дробныя каморніцкія прылады на стале. Чорны. Стары закашляўся: нешта раптам вельмі сціснула яго горла. Потым дастаў з кішэні свае курэцкія прылады: капшук з тытунём, люльку і крэсіва. Якімовіч. Дзяўчына падышла да маленькага століка, на якім стаялі прылады дзявочага туалету. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ажы́ць, ажыву, ажывеш, ажыве; ажывём, ажывяце; зак.

1. Вярнуцца да жыцця; зноў стаць жывым, аджыць. І вось зараз, каб так давялося І бабулька мая ажыла, Дык пачула б, што ў нашую вёску Песня зноў з Украіны прыйшла. Чарнышэвіч.

2. Абудзіцца з надыходам вясны, аджыць, зазелянець. У выніку многіх турбот дубок ажыў і наступнаю вясною добра разбіўся. Лужанін. // Разм. Зноў набыць адчувальнасць, здольнасць дзейнічаць (пра часткі цела). // Пажвавець, акрыяць духам.

3. перан. Зноў стаць бадзёрым, жыццярадасным; ажывіцца, павесялець. Чалавек ажыў, забыўся на свае ранейшыя сумныя трывогі. Чорны.

4. перан. Праявіцца з новай сілай; адрадзіцца (пра думкі, пачуцці, уяўленні і пад.). У чалавека ажыла прага да ратунку. І тое, што ў ратунак ён не верыў, яшчэ больш павялічвала яго імкненне. Чорны. І адразу ў піянераў Ажыла размовы плынь: Як патрэбна жыць, каб змераць Свет завоблачных вышынь? Кірэенка.

5. Напоўніцца жыццём, рухам, дзейнасцю. Страсянула старая званком — і ў адзін момант усё ў школе ажыло, загуло, як у раістым вуллі. Кулакоўскі. Дарогі раптам ажылі. Абозы раненых і бежанцаў пайшлі, Як хвалі, бурай гнаныя, на ўсход. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

взор

1. (взгляд) по́зірк, -ку м., по́гляд, -ду м.;

оки́нуть взором акі́нуць по́зіркам (азірну́ць);

2. (зрение) зрок, род. зро́ку м.; (глаза) во́чы, род. вачэ́й;

на́шим взорам предста́вилось ужа́сное зре́лище пе́рад на́шымі вача́мі паўста́ла жахлі́вае відо́вішча;

обрати́ть на кого́-л., на что́-л. все взоры перен. звярну́ць на каго́е́будзь, на што-не́будзь усе́ по́зіркі;

поту́пить взор апусці́ць во́чы;

впе́рить взор утаро́піцца;

изме́рить взо́ром зме́раць во́кам (по́зіркам).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

взгляд ж.

1. (взор) по́зірк, -ку м.; по́гляд, -ду м.;

бро́сить взгляд гля́нуць, зірну́ць, кі́нуць по́зірк;

2. (мнение) по́гляд, -ду м., ду́мка, -кі ж.;

разделя́ть чьи́-л. взгля́ды падзяля́ць чые́е́будзь по́гляды (ду́мкі);

вы́сказать свой взгляд вы́казаць свой по́гляд (сваю́ ду́мку);

на взгляд на вы́гляд, з вы́гляду;

на (чей-л.) взгляд на (чый-небудзь) по́гляд, на (чыю-небудзь) ду́мку;

с пе́рвого взгля́да з пе́ршага по́зірку (по́гляду);

изме́рить взгля́дом зме́раць во́кам (по́зіркам).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

крок, ‑у, м.

1. Адзін рух нагой уперад, назад або ўбок, а таксама рух адной нагой уперад пры хадзьбе, бегу. Ступіць крок уперад. □ Байкоў усхапіўся з месца, зрабіў крок да дзвярэй. Шамякін. // толькі мн. (кро́кі, ‑аў). Гукі, якія ўтвараюцца пры такіх рухах. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры зараз жа грукнула крэслаў і пачуліся крокі. Колас.

2. толькі адз. Тэмп руху пры хадзьбе (звычайна ў спалучэннях: «паскорыць крок», «суцешыць крок», «прыпыніць крок» і пад.). Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. // Пэўны від хадзьбы, руху. Спартыўны крок. Страявы крок.

3. перан.; з азначэннем. Дзеянне, учынак. Рашучы крок. □ [Лютынскі:] Кожны няправільна зроблены намі крок сурова асудзіць гісторыя. Крапіва.

4. перан. Этап у развіцці чаго‑н. Новы крок у асваенні космасу. □ Вялікія крокі гісторыі складаюцца з асобных чалавечых намаганняў. «Звязда».

5. Адлегласць паміж ступнямі ног пры хадзьбе як мера даўжыні. Змераць крокамі пакой. □ У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць. Лынькоў.

•••

Гіганцкія крокі — прыстасаванне для гімнастычнай гульні ў выглядзе слупа з круцёлкай наверсе, да якой прымацаваны доўгія вяроўкі з лямкамі; седзячы ў лямках, гуляючыя разбягаюцца і, узлятаючы, кружацца вакол слупа.

Адзін крок ад чаго — зусім блізка.

За два (тры і пад.) крокі ад каго-чаго — паблізу, побач.

Крок за крокам — а) паступова, няўхільна. Так крок за крокам упарта і настойліва ішоў.. [Серакоўскі] да сваёй запаветнай мэты — панесці сакрушальны ўдар па шпіцрутэну. Якімовіч; б) паслядоўна, адно за другім. Спасылаючыся на запісы ў дзённіку, Максім Лужанін крок за крокам узнавіў гісторыю стварэння «Адплаты». Казека.

Крок наперад — пра тое, што з’явілася дасягненнем, прагрэсам у якой‑н. справе.

Крок у крок — тое, што і нага ў нагу (гл. нага).

Кроку не ступіць без каго-чаго гл. ступіць.

На кожным кроку — усюды і пастаянна.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Ні на крок — а) ад каго-чаго нават на самую кароткую адлегласць (не адыходзіць, не адставаць). Антон не адставаў ад.. Амілі ні на крок. Чорны; б) ад каго-чаго нават на самы кароткі час, на маленькі тэрмін (не адпускаць, не адлучацца). — Толькі цяпер цябе ні на крок ад сябе не адпусцім. «Звязда»; в) ніколькі не пасунуцца, не зрушыцца; не пасунуць, не зрушыць і пад. Справа не пасунулася ні на крок.

Першы крок — самы пачатак пачатковы перыяд якіх‑н. дзеянняў або якой‑н. дзейнасці.

Сямімільнымі крокамі — вельмі хутка (развівацца, пасоўвацца і пад.). Сівецкі сельсавет ішоў сямімільнымі крокамі да суцэльнай калектывізацыі. Зарэцкі.

Што ні крок — скрозь, усюды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звяза́ць, звяжу, звяжаш, звяжа; зак., каго-што.

1. Змацаваць, злучыць канцы чаго‑н., завязаўшы вузлом або прывязаўшы адзін да аднаго. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышлася без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. Кажуць, нехта спрабаваў змераць .. глыбіню [вадаёма], чацвёра лейцаў звязаў, ды так і не дастаў да дна нават ля берага. Шашкоў.

2. Змацаваць якія‑н. прадметы, перавязаўшы або абвязаўшы іх чым‑н.; перавязаўшы, злучыць у што‑н. Звязаць сноп. Звязаць венік. □ З вялікай вадой трэба было ўправіцца звязаць плыты і адагнаць іх на Вілію, а там у Вільню ці далей... С. Александровіч. // Сабраўшы разам, увязаць у што‑н. [Лёдзя] звязала сваю вопратку ў клуначак, перадала маці, пацалавалася з ёю і ступіла за страшныя дзверы. Карпаў.

3. Спец. Змацаваць (часткі, дэталі чаго‑н.) вяжучым рэчывам або пры дапамозе рубкі. Звязаць гальку вапнай. Звязаць кроквы.

4. Прывязаць адну да другой рукі, ногі, пазбавіўшы каго‑н. свабоды рухаў. Ліда адшпіліла ад сукенкі свой пояс, і Данька звязаў ім Ляксею на спіне рукі. Ермаловіч. // перан. Пазбавіць магчымасці свабодна дзейнічаць; паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Звязаць чыю‑н. ініцыятыву. Звязаць сябе сям’ёй.

5. Наладзіць зносіны паміж чым‑н. з дапамогай сродкаў сувязі або дарог. Звязаць вёску тэлефоннай сувяззю з райцэнтрам. □ Мы цуды стваралі: раскінулі стужкі наўкол магістраляў, было ў нас багата і хлеба, і сталі. Мы Волгу з Масквою навекі звязалі... Машара. // З’явіцца, стаць сродкам сувязі паміж чым‑н. Ленінскі праспект звязаў сістэму цэнтральных плошчаў з плошчай ля Дома ўрада. Карпаў.

6. Наладзіць сувязь каму‑н. з кім‑, чым‑н. Мяне звязалі з адным нашым чалавекам, падпольшчыкам, які жыў у невялікім чыгуначным гарадку. Навуменка. — Звяжыце мяне з партызанамі. Мне трэба перадаць ім важную вестку, трэба папярэдзіць іх, — нарэшце выказала сваю просьбу Галіна Якаўлеўна. Шахавец. // Цесна аб’яднаць, стварыць з кім‑н. што‑н. агульнае. Звязала.. [Авяліна] свой лёс з панам Булыгам, кажуць, па разліку. Бажко.

7. Аб’яднаць чым‑н. у адно цэлае. Звязаць навелы адзіным сюжэтам. // з чым. Спалучыць як часткі аднаго цэлага. Звязаць асабістыя інтарэсы з грамадскімі. Звязаць навуку з практыкай.

8. Паставіць у якую‑н. залежнасць ад чаго‑н., у якія‑н. адносіны да чаго‑н. Звязаць развіццё вытворчасці з патрэбамі спажывання. // перан. Аб’яднаць у думках, вызначыць якую‑н. залежнасць паміж адным і другім. [Нічыпара] прызначылі загадчыкам млына. Гэтае павышэнне Нічыпар звязаў з заметкай у газеце. Асіпенка.

9. Зрабіць што‑н. вязаннем. Звязаць рукавіцы. Звязаць панчохі.

10. У хіміі — вывесці са свабоднага стану. Звязаць свабодны азот атмасферы.

•••

Двух слоў не звяжа — пра таго, хто не ўмее прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Звязаць па руках і нагах каго; звязаць рукі каму — пазбавіць магчымасці дзейнічаць свабодна.

Звязаць сябе вузамі Гіменея — уступіць у шлюб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)