ДОЙЛІДСТВА.

Асаблівасці нар. дойлідства адлюстроўваюць светапогляд людзей, якія тысячагоддзямі жылі на тэр. Беларусі, іх уменне сродкамі архітэктуры арганізаваць прастору для жыццядзейнасці, што вызначала існаванне грамадства на розных этапах яго развіцця ў канкрэтных гіст., сац.-эканам. і прыродна-кліматычных умовах. Дойлідства — адметная галіна вытворчасці, частка духоўнай культуры, у якой захоўваліся веды, традыцыі, рытуалы. Яно заўсёды было школай навучання працоўным навыкам, уменню працаваць у калектыве, пошуку шляхоў для выяўлення індывідуальных здольнасцей і таленту. У даўнія часы кожны з этапаў буд-ва (выбар месца, закладка першага вянца, муроў печы і інш.) суправаджаўся адпаведнымі абрадамі, магічнымі дзеяннямі, абярэгамі. Дэкаратыўныя элементы хаты (вільчык, аканіцы, карнізы) праз сімвалізм архітэктурна-канструкцыйных элементаў увасаблялі ўяўленні народа аб прыгажосці. Асноўны будаўнічы матэрыял — дрэва (бярвенне, жэрдкі, галлё, карэнне, кара) — вызначаў канструкцыйную аснову і арх.-мастацкае аблічча. Найб. старажытная канструкцыя сцен — слупавая (бярвёны запускалі ў пазы вертыкальных стоек-шул). З пашырэннем больш дасканалых прылад працы будаўнікі ў 3 ст. перайшлі да складаных злучэнняў драўляных элементаў, а потым да больш дасканалых зрубных канструкцый. Зрубныя канструкцыі сталі асноўнымі для ўсіх тыпаў будынкаў, а слупавыя выкарыстоўвалі толькі ў гасп. пабудовах і пры павелічэнні ўжо існуючага будынка (прыбудове сенцаў да хаты). На будаўніцтва ў цэнтр. і паўн. рэгіёнах ішлі хвоя і елка, на Палессі — дуб, вольха, асіна. Першапачаткова зруб рабілі з круглага бярвення, з 12 ст. — з абчасаных на 4 грані бярвён (брусоў). Вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок». Развіццё канструкцыйных прыёмаў ішло праз удасканаленне злучэнняў (урубкі, замкі) і за кошт змяншэння масы элементаў (пілаваныя дошкі, каркасныя сістэмы замест зрубных, замена бярвён брусамі, меншая велічыня «астатку» ў вуглах і інш.). Аднак аж да пач. 20 ст. на Пд цэнтр. Беларусі (Слуцкі, Старадарожскі, Салігорскі р-ны) будавалі хаты з выкарыстаннем тэхн. прыёмаў, вядомых з 10—12 ст. (злучальныя пазы высякалі ў верхняй частцы кожнага вянка зруба), а на Панямонні з яшчэ больш старадаўняй канструкцыяй — на сохах. Цяжкая і складаная страха (на стаяках і закотам) паступова змянілася лёгкай каркаснай (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Стрэхі пераважна рабілі саламяныя ці з чароту, радзей з дрэва (дошкі, дранка, гонта), з сярэдзіны 19 ст. — з бляхі, дахоўкі; столь — з дошак, пакладзеных па бэльках. На Панямонні і ў цэнтр. Беларусі вядома старадаўняя столь на «траме» — тоўстай бэльцы, якую клалі ўздоўж хаты для падтрымкі папярочных бэлек. Падлогу ў хатах доўгі час рабілі земляной або глінянай, потым — з дошак. З іншых матэрыялаў выкарыстоўвалі камень (фундаменты, брукаванне дарог, двароў і падлог, муроўка студняў, сцен і шул), салому і чарот (крыццё даху, ацяпленне акон узімку, саман для сцен), гліну (падлога ў хаце, ток у гумне, муроўка сцен), вапну (рошчына для муроўкі сцен).

З сярэдзіны 19 ст. пашырылася выкарыстанне цэглы і дахоўкі, металічных вырабаў (цвікі, клямкі, засланкі і інш.). У сельскай мясцовасці ўсе буд. работы на сваіх гаспадарках выконвалі звычайна самі сяляне. Гэтай справе яны вучыліся ў сваіх бацькоў і дзядоў, усё жыццё развіваючы ў сабе талент дойліда. Сярод іх былі майстры, чые будаўнічыя здольнасці былі вядомыя далёка за межамі сваёй вёскі. У панскіх сядзібах будаўнічую працу выконвалі прыгонныя сяляне, што адбывалі паншчыну, або рамеснікі — слугі, якія працавалі па заказе панскага двара. У асобных выпадках для будаўніцтва запрашалі прышлых майстроў. У гарадах паступова фарміраваліся цэхавыя арганізацыі дойлідаў, якія абаранялі інтарэсы членаў цэха, садзейнічалі развіццю будаўнічага рамяства, рэгулявалі адносіны паміж майстрамі, забяспечвалі навучанне буд. майстэрству, што спрыяла перадачы і захаванню традыцыйных прыёмаў і метадаў. Асобныя цэхі дойлідаў існавалі ў вял. гарадах: Магілёве (1590), Мінску (1634), Гродне (1774). Аднак часцей яны аб’ядноўваліся ў адным цэху з рамеснікамі іншых спецыяльнасцей (Мінск, канец 17 ст.; Віцебск, 1760). У 6 гіст.-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, Усх. і Зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) нар. дойлідства мае свае адметныя рысы. Гэтыя рэгіянальныя асаблівасці (кампазіцыйныя, канструкцыйна-тэхн. і дэкар. прыёмы, тыпы пабудоў) выпрацаваліся ў ходзе гіст. развіцця і шматвяковага працэсу творчых пошукаў мясц. дойлідаў, залежалі і ад прыродна-кліматычных умоў. Паазер’ю ўласціва хаатычная забудова вёсак, выкарыстанне замкнёных схем і асіметрычных прыёмаў у аб’ёмна-планіровачных вырашэннях сядзіб і сядзібных пабудоў, што арганічна звязвала архітэктуру з прыродным асяроддзем. Дэкаратыўныя прыёмы даволі сціплыя. На Падняпроўі таксама выкарыстоўвалі замкнёныя планіровачныя схемы (сядзібы вяночнага тыпу), але ў іх большую ролю адыгрывалі сіметрычныя прыёмы. Гал. фасад дома вылучаўся багатым дэкорам (скразная ці накладная разьба па дрэве). Тут будавалі самыя вялікія на Беларусі гумны і ветракі шатровага тыпу. У дойлідстве Панямоння развілася лінейная структура (сядзібы пагоннага тыпу). У кампазіцыі сядзібы хата вылучаецца як галоўны элемент. Пашыраны ярусныя кампазіцыі — 2-павярховыя свірны, вяндлярні, званіцы, якія кантрастна выглядаюць на фоне выцягнутай асноўнай забудовы. Ветракі тут ставілі толькі т.зв. казловага тыпу. Дойлідства Усх. Палесся адметнае надзвычайнай разнастайнасцю кампазіцыйных прыёмаў, багаццем дэкар. ўпрыгожвання хаты. Старадаўні цяслярскі дэкор спалучаўся з новымі прыёмамі скразной разьбы. Толькі тут вядомы хаты з шатровым дахам. На Зах. Палессі вялікае пашырэнне атрымалі святлоценявыя эфекты, якія ствараліся галерэямі, навесамі. Шырока выкарыстоўваліся слупавыя канструкцыі і сістэмы (колатае дубовае бярвенне-дылі, плеценыя сцены і агароджы). У знешнім выглядзе кожнага будынка вял. значэнне маюць форма і памеры даху. Дойлідства цэнтр. Беларусі фарміравалася на аснове сінтэзу асаблівасцей дойлідства суседніх рэгіёнаў і мясц. вырашэнняў. Больш пашыраны сядзібы, у якіх жылыя і гаспадарчыя будынкі ставіліся асобна, таму вялікая ўвага аддавалася аб’ёмнай кампазіцыі. Пабудовы ўспрымаліся з розных бакоў, адсюль і вялікая ўвага да ўсіх фасадаў, а не толькі да галоўнага. Межы паміж рэгіёнамі размытыя, таму дойлідства кожнага з іх мае і адметныя асаблівасці і рысы суседніх рэгіёнаў. Напр., на Пн і У абавязкова будавалі лазні, гумны з сушнямі, у якіх была печ; у іншых частках Беларусі яны былі больш рэдкай з’явай. На Панямонні і Зах. Палессі вядомы хаты з падчэнямі — галерэяй на гал. фасадзе; будавалі лёгкія каркасныя дахі. Такая звычайная для ўсёй Беларусі пабудова, як склеп, амаль невядомая на Палессі. На Паазер’і часта сустракаліся і рубленыя дахі закотам. На Панямонні сцены рубілі з брусоў «у чысты вугал», а на Падняпроўі — часцей з бярвён «з астаткам».

Дойлідства Падняпроўя і Усх. Палесся адметнае багаццем дэкар. прыёмаў, найперш разнастайнасцю разьбы. Дойлідства Беларусі развівалася ў цесных кантактах з суседнімі краінамі, таму ў ім шмат агульных рыс з нар. архітэктурай рускіх, літоўцаў, украінцаў і палякаў. Мастацкую выразнасць нар. дойлідства вызначалі дакладнасць у выкарыстанні матэрыялаў і канструкцыйных сістэм; у выбары месца для будынкаў і ўсёй вёскі; арганічнае спалучэнне будынкаў з прыродным асяроддзем; прапарцыянальныя суадносіны асобных частак будынкаў, дэкар. элементы. Найб. пашыраныя тыпы будынкаў — хаты і гасп. пабудовы. Самы старадаўні тып хаты — адназрубная пабудова з адным памяшканнем. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы, хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. Гэтыя планіровачныя схемы сталі асновай больш складанага жылля ў панскіх сядзібах, у горадзе, а таксама сучаснага індывідуальнага. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля рамеснікаў і гандляроў з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня ці крама. Хата магла стаяць асобна або складаць з гасп. пабудовамі (каморай, варыўнёй, хлявамі, павецямі і інш.) адзіны комплекс вяночнага ці пагоннага тыпу. Асобна насупраць хаты ставілі свіран (клець) — другі па значнасці будынак сядзібы. Пабудовы для абмалоту ўраджаю і захоўвання снапоў і саломы (гумны, адрыны, сенніцы, пуні) месцілі на гумнішчы, у баку ад асноўных будынкаў. Вялікае значэнне ў стварэнні ансамбля ў нар. дойлідстве атрымалі малыя арх. формы, якія мелі рознае функцыянальнае прызначэнне (брамы, плятні і інш. агароджы, студні, азяроды і інш.). Амаль у кожнай вял. вёсцы быў «магазін» — грамадскі свіран для захоўвання запасаў прадуктаў на непрадбачаныя выпадкі. Архітэктура гэтага даволі вялікага па памерах будынка спалучала элементы гасп. пабудовы з маштабнасцю, уласцівай значным грамадскім аб’ектам (Касарычы Глускага, Вялікія Чучавічы Лунінецкага р-наў).

На аснове прасцейшых прыёмаў выпрацаваны больш дасканалыя, якія выкарыстоўваліся ў абарончым, грамадскім, культавым і прамысловым будаўніцтве. Вялікі шлях паступовага ўдасканалення ад прасцейшых сцен тыпу астрог ці замёт да складаных канструкцыйных сістэм (спачатку з гародняў, пазней — з тарасаў) прайшлі абарончыя збудаванні. Сцены і вежы разам з інш. штучнымі і прыроднымі перашкодамі складалі комплексы, якія адпавядалі тагачаснаму ўзроўню ваен. майстэрства. Найб. магутныя драўляныя абарончыя збудаванні ў 16—17 ст. былі ў гарадах Віцебск, Полацк, Слуцк, а таксама замкі ў Радашковічах, Астрашыцкім Гарадку, Свіслачы і інш. На скрыжаваннях дарог, на галоўных рыначных плошчах гарадоў і мястэчак або на ўездзе ў іх, каля манастыроў будавалі корчмы (у адным населеным пункце іх магло быць некалькі). Іх архітэктура спалучала памяшканні пад агульным дахам для жылля (пакоі для гасцей) і грамадскага прызначэння (шынок, крама і інш.); уключалі таксама каморы для тавараў, стайню і паветкі для вазоў. На гарадскіх рынках у 16—17 ст. узводзілі будынкі для гандлю — асобныя крамы, або ў выглядзе гандлёвых радоў, дзе пад агульным дахам былі аб’яднаны дзесяткі крам, часам свірны для захоўвання тавару, важніца для захавання гар. мер і вагаў. Гал. месца ў ансамблі гар. цэнтра займала ратуша. Найбольш эфектныя формы выкарыстоўваліся ў будаўніцтве храмаў. Прасцейшыя пабудовы культавага прызначэння — капліцы. Яны мелі сціплыя памеры і формы, вельмі шанаваліся прыхаджанамі. Разнастайныя аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі цэркваў (восевыя, крыжова-цэнтрычныя) і касцёлаў (1-, 2-нефавыя і цэнтрычныя) сталі асновай для стварэння іх выразных абліччаў. Ярусныя завяршэнні цэркваў былі водгукам на стыль барока, заканамерным вынікам развіцця традыцыйных у мясц. дойлідстве шатровых дахаў (Слуцк, Рубель і Давыд-Гарадок Столінскага, Сінкевічы Лунінецкага р-наў). Пры будаўніцтве драўляных касцёлаў дойліды ў большай ступені арыентаваліся на спалучэнне мясц. традыцый з формамі каменнай архітэктуры (Адэльск Гродзенскага, Воўпа Ваўкавыскага, Дуды Іўеўскага р-наў). Шмат’ярусныя званіцы, што ўзводзіліся каля храмаў, узбагачалі кампазіцыю ансамбля і яго сілуэт (Нарач, Шарашова, Велямічы Столінскага, Чэрск Брэсцкага р-наў). Вытворчыя збудаванні (найперш ветракі і вадзяныя млыны) сведчаць пра канструктарскі талент майстроў, характарызуюцца простымі і адначасова выразнымі формамі, што адпавядалі функцыянальнаму прызначэнню. Нар. дойлідства ўплывала на будаўніцтва ў панскіх сядзібах і гарадах, дзе многія творы архітэктуры сталі сінтэзам асаблівасцей афіцыйных маст. стыляў барока, класіцызму з прыёмамі, выпрацаванымі мясц. майстрамі (сядзібныя дамы ў Поразаве і Заполлі Пінскага р-на, лямусы ў Гродне і Мураванай Ашмянцы Ашмянскага р-на). Нар. дойлідства захавала свае асноўныя рысы ў самадзейным будаўніцтве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Яго рэгіянальныя аспекты праяўляюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб, выкарыстанні кампазіцыйных прыёмаў і арх. форм. Нар. дойлідства — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы, адпачынку. Найб. каштоўныя помнікі нар. дойлідства пераносяцца ў спец. музейныя экспазіцыі (Бел. дзярж. музей народнай архітэктуры і побыту).

С.​А.​Сергачоў.

Хата ў Гомелі. Фрагмент дэкору. Пач. 20 ст.
Касцёл у в. Адэльск Гродзенскага раёна. 17 ст.
Званіца з в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.
Вятрак з в. Бярозаўка Кармянскага раёна. Пач. 20 ст.
Вадзяны млын у в. Пабрэззе Навагрудскага раёна. 1930-я гады.

т. 18, кн. 2, с. 630

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)