ВА́РВАРСКІЯ ПРА́ЎДЫ (лац. Leges barbarorum літар. законы варвараў),

запісы звычаёвага права герм. плямён, складзеныя паміж 5 і 9 ст. Забяспечвалі парадак жыцця ў варварскіх каралеўствах (гл. Варвары). Мелі форму судзебнікаў, тлумачылі пераважна пытанні суда і пакарання. Вядомыя Вестгоцкая (2-я пал. 5 ст.), Салічная (канец 5 ст.), Бургундская (пач. 6 ст.), Рыпуарская (6—7 ст.), Баварская (сярэдзіна 7 ст.), Алеманская (7—8 ст.) варварскія праўды. Паводле свайго характару да іх набліжаюцца візантыйскі Земляробчы закон (мяжа 7—8 ст.) і Руская праўда.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЗАНТЫ́ЙСКАЕ ПРА́ВА,

прававая сістэма Візантыі 6—15 ст. Яго асновай былі кадыфікацыя Юстыніяна, выкладзеная ў зборніках пад назвай «Намаканоны», і рымскае права, якое дастасоўвала рабаўладальніцкае права да феад. адносін. Гэта дастасаванне адбылося пад уплывам звычаёвага права народаў, што засялілі імперыю, у т. л. славян. На сямейнае і спадчыннае права паўплывала і хрысц. рэлігія. Некаторыя нормы Візантыйскага права пераняты «Рускай праўдай», Статутамі Вял. княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, Улажэннем Аляксея Міхайлавіча 1649 і інш. На тэр. Расіі і Беларусі былі пашыраны зборнікі Візантыйскага права Эклога, Земляробчы закон, Прахірон і інш.

т. 4, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКАЯ ЗЕМЛЯРО́БЧАЯ ШКО́ЛА,

спецыяльная сельскагаспадарчая навуч. ўстанова ў 1840—48. Засн. ў г. Горкі (Магілёўская вобл.) паводле ўказа Сената ад 24.4.1836. Адчынена 15.8.1840. Мела 2 разрады: 1-ы (ніжэйшы) і 2-і (вышэйшы). Тэрмін навучання ў кожным 3 гады. Ніжэйшы (прымалі юнакоў 16—20-гадовага ўзросту) рыхтаваў земляробаў з веданнем асноў аграноміі. Вывучаліся земляробства, жывёлагадоўля, садоўніцтва, лесаводства, агульнаадук. навукі. Вышэйшы (залічвалі выпускнікоў ніжэйшага разраду, акрамя дзяцей прыгонных сялян) рыхтаваў аграномаў. У 1842 ён рэарганізаваны ў Вышэйшую с.-г. школу. У 1848 ніжэйшы разрад пераўтвораны ў земляробчае вучылішча з 4-гадовым тэрмінам навучання, а Вышэйшая с.-г. школа — у Горы-Горацкі земляробчы інстытут.

У.​М.​Ліўшыц.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СТЫЧАЎ (Павел Андрэевіч) (24.2. 1845, Масква — 3.12.1895),

расійскі вучоны, адзін з заснавальнікаў глебазнаўства. Скончыў Пецярбургскі земляробчы ін-т (1869). Праф. гэтага ін-та і Пецярбургскага ун-та. З 1885 у Мін-ве земляробства і дзярж. маёмасцей (з 1894 дырэктар дэпартамента земляробства). Навук. працы па вывучэнні біял. асноў глебаўтварэння і спосабаў павышэння ўрадлівасці глебы. Звязаў працэс глебаўтварэння з жыццядзейнасцю раслін і мікраарганізмаў, паказаў яго як працэс біял. ўзаемадзеяння паміж фактарамі жывой прыроды і навакольнага асяроддзя. Распрацаваў аграпрыёмы барацьбы з засухай.

Тв.:

Почвоведение. М.; Л., 1940;

Почвы черноземной области России. Их происхождение, состав и свойства. М., 1949;

Избр. труды. М., 1951.

П.А.Костычаў.

т. 8, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЖЫ́НКІ,

старадаўні земляробчы звычай у беларусаў і інш. славянскіх народаў, звязаны з пачаткам жніва. Яго абрадавы сэнс быў скіраваны на тое, каб забяспечыць добры збор ураджаю. Звычайна З. спраўлялі ў суботу вечарам; перад гэтым прыбіралі хату і двор, стол засцілалі белым абрусам, клалі бохан хлеба с соллю. Зажынальніцай выбіралі жанчыну «лёгкую на руку», каб усё жніво прайшло спраўна. Ў першы выхад на ніву нажыналі невял. сноп жыта, перавязвалі яго чырвонай стужкай, неслі дахаты і ставілі на покуці (зерне з яго пасля дамешвалі да насення). У дзень З. рыхтавалася святочная вячэра, у час якой сям’я з’ядала хлеб і сыр, прынесеныя з поля. У наш час З. адзначаюць як свята першага снапа.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙГАРО́ДАЎ (Дзмітрый Нічыпаравіч) (12.9.1846, г. Полацк Віцебскай вобл. — 11.2.1924),

расійскі прыродазнавец, фенолаг, арнітолаг, папулярызатар прыродазнаўства, педагог; адзін з заснавальнікаў Рус. т-ва аматараў светазнаўства. Брат М.Н. і Н.Н.Кайгародавых. Скончыў Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (1865), Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1866), Пецярбургскі земляробчы ін-т (1871, з 1881 Лясны), з 1875 заг. кафедры ў ім, у 1887—91 нам. дырэктара. У 1885 стварыў феналагічную сетку для правядзення біякліматычнага раяніравання Еўрап. ч. Расіі. Склаў феналагічныя карты веснавога прылёту птушак. Аўтар навукова-папулярных кніг: «Гутаркі пра рускі лес» (2 серыі, 1880—81), «З зялёнага царства» (1888), «Дрэва і яго жыццё» (1897) і інш. Выкладаў прыродазнаўчыя навукі членам імператарскай сям’і.

Тв.:

Русский толковый лесотоварный словарь. СПб., 1883;

О школьных фенологических наблюдениях. Вологда, 1920.

т. 7, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Скру́жваць ‘аддзяляць збожжа ад адходаў пры дапамозе рэшата’ (в.-дзв., Шатал.; Сцяшк.), кружава́ць і скружава́ць ‘тс’ (полац., Нар. лекс.; навагр., віл., Сл. ПЗБ), скружа́ць ‘тс’ (Байк. і Некр.), скружоўваць, скру́жваць ‘веяць рэшатам’, скру́жваць ‘веяць змятаннем’ (ц.-палес., Выгонная, Лекс. Палесся). Укр. скругля́ти, скружлятп, рус. дан. скру́живать, польск. skrężać, krążyć, серб.-харв. skružívati, skrúžiti, славен. skrożíti. Магчыма, ужо прасл. *skrǫgiti ‘веяць рэшатам кругавымі рухамі’. Да круг, кружыць; гл. Слаўскі, 3, 76. У гэтым значэнні — вельмі старажытны славянскі земляробчы тэрмін; гл. спецыяльна Выгонная, там жа, 80.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЖА́НАЎ (Аляксей Міхайлавіч) (1820—6.8.1889),

вучоны-аграном, эканаміст, дзеяч асветы. Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1851), з 1863 праф. гэтага ін-та, потым Пецярбургскага ляснога ін-та. З 1882 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (Ковенская губ.), пам. папячыцеля Віленскай навуч. акругі. Меў маёнтак у Гродзенскай губ. Спрыяў пашырэнню перадавых спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі: паказваў перавагі вольна-наёмнай працы ў параўнанні з прыгоннай, выступаў за пераход ад трохпольнай да шматпольнай сістэмы земляробства, за выкарыстанне с.-г. машын, наладжванне дзярж. сістэмы страхавання, прадастаўленне сялянам крэдыту, развіццё аграрнай адукацыі. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных прац па сельскай гаспадарцы.

Тв.:

Опыты земледелия вольнонаемным трудом. М., 1860;

2 изд. Спб., 1861;

Что можно заимствовать у иностранцев по части земледелия. Спб., 1863;

2 изд. М., 1867.

В.​М.​Бусько.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РСКІ (Антон Іванавіч) (н. 14.1.1936, в. Лугавая Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фалькларыст. Канд. філал. н. (1978). Скончыў Мінскі пед. Ін-т (1959). З 1959 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе фалькл. жанры (загадкі, песні, паданні, легенды). Аўтар кніг «Зімовая паэзія беларусаў» (1980), «З любоўю да народа» (1989), «Тайны народнай песні» (1994), раздзелаў у кнігах «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), «Праблемы сучаснага беларускага фальклору» (1969), «Беларуская фалькларыстыка» (1980). Складальнік тамоў збору «Беларуская народная творчасць»: «Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі» (1975), «Загадкі» (1972) і «Легенды і паданні» (1983, абедзве з М.​Грынблатам), «Земляробчы каляндар» (1990), зб-каў фальклору «Дрэва кахання» (1980), «Сакрэт шчасця» (1986), «Бяздоннае багацце» (1990), «Самае галоўнае» (1992), «Музыка-чарадзей» (1995), «Не сілай, а розумам» (1997) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАНІ́ЦЫН (Канстанцін Васілевіч) (13.6.1834, в. Астраўляны Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 1904),

адзін з удзельнікаў літ. жыцця на Беларусі ў сярэдзіне 19 ст.; магчымы аўтар паэмы «Тарас на Парнасе». Паходзіў з прыгонных. У 1845 атрымаў вольную. У 1851 узяў прозвішча Вераніцын (першапачатковае — Васільеў). Вучыўся ў Віцебскай губ. гімназіі (1845—52), Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852—54). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1859). У 1863—74 і з 1880 жыў і працаваў у Пецярбургу, у 1874—79 працаваў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У рукапісных сшытках фалькл. і літ. твораў А.Рыпінскага Вераніцыну прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д’яблы» (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства належыць адной і той жа асобе. Іншых матэрыялаў пра літ. дзейнасць Вераніцына не выяўлена.

Літ.:

Кісялёў Г. На арбіце пошуку // Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)