Сцяць1 ’ссячы, зрэзаць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ; зах., ЛА, 5; Варл., Сцяшк.). Мяркулава (Этимология–1975, 62–63) мяркуе, што сцяць1 мае агульнае паходжанне са сцяць2, але гэты дзеяслоў больш позні без індаеўрапейскіх паралеляў; развіццё значэння ’цягнуць’ → ’біць, удараць’ → ’сячы’; далей гл. цяць.

Сцяць2 ’абхапіўшы сціснуць’, ’сціснуць (грудзі, горла), перашкаджаючы дыхаць’, ’шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.)’ (ТСБМ), ’злучыць, сціснуць’ (Байк. і Некр., Варл., Шат., ТС; палес., ЛА, 5), ’ударыць’ (зах., цэнтр., ЛА, 5), сця́цца ’пакрыцца тонкім лёдам, замерзнуць’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.; ашм., Стан.; ЛА, 5), ’пасварыцца, пацапацца’ (Сл. ПЗБ), сціна́ць ’перахопліваць дыханне’ (Гарэц.), ’шчыльна змыкаць, сціскаць, сашчамляць’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), сціна́цца ’пакрывацца тонкім лёдам’ (Сл. ПЗБ, Варл., Сцяц. Сл.), ’дрыжаць’ (ЛА, 5), ’сварыцца або біцца’ (Нас.), ’замярзаць’, ’туляцца, хавацца’ (Бяльк.), сці́нка ’схватка, сутычка’ (Нас.). Укр. стина́ти ’сціскаць (зубы)’, стина́тися ’пачаць спрэчку, бойку, схапіцца’, дыял. ’згусаць, ссядацца (пра малако)’, стараж.-рус. сътѧтисѧзгусціцца’, польск. ścięta (krew) ’згуслая (кроў)’, славен. stéti se ’згуснуць (аб крыві)’. Прасл. *sъtęti (), *stinati () ’сцягвацца’, ’гуснуць, рабіцца больш шчыльным’ да і.-е. *ten‑ ’цягнуць, нацягваць’, ’рабіць больш густым (аб малацэ, вадзе, паветры)’. Буга (Rinkt., 2, 318) прыводзіць у якасці паралелі літ. tẽna, tenėti ’згусаць, застываць, гусцець’; параўн. сцягнуць, цягнуць. Гл. Мяркулава, Этимология–1975, 52 і наст.; ЕСУМ, 5, 485. Параўн. яшчэ сціна́цца ’плакаць, аж выпроствацца’ і сціга́цца ’крычаць, аж выпроствацца’ (Бяльк.), сцяна́цца, сцяга́цца ’роспачна плакаць’ (Юрч. Сін.), а таксама серб.-харв. сте́гнути зубе ’сцяць зубы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зменшыцца ў аб’ёме пад ціскам; згусціцца. Спружына сціснулася. Газы пад поршнем сціснуліся. // Разм. Скараціцца. Тэрміны сціснуліся, адпадае рад намечаных намі мерапрыемстваў. Шынклер.

2. Размясціцца шчыльна, сабрацца ў адным месцы, стоўпіцца. Сціснуліся, як селядцы ў бочцы.

3. Звузіцца (аб якой‑н. прасторы). Без таго вузкая стужка шашы нібы зусім сціснулася ў белай акантоўцы прыдарожных слупоў. Асіпенка.

4. Сабрацца ў камяк, скурчыцца; сагнуцца. Вожык так моцна сціснуўся, што ліс ніяк не мог даць яму рады. Ляўданскі. Таня сціснулася на возе ў камяк, падк[у]рчыўшыся і ўгнуўшы галаву. Пташнікаў. [Вася:] — А раз нехта ля куста стаяў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. Быкаў.

5. Шчыльна злучыцца (пра губы, пальцы і пад.). У першую хвіліну .. [Нікіцін] здзівіўся, а потым зазлаваў, што аж рукі сціснуліся ў кулакі. Гурскі. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурыліся, губы сціснуліся. Чорны. // Зблізіцца, насупіўшыся (пра бровы). [Лена:] — Ты не будзеш гневацца, калі я напішу Мікалаю пісьмо? — У Андрэя, як ад удару, сціснуліся бровы. Скрыган.

6. перан. Адчуць унутраны цяжар (у грудзях, горле). Але Косцік не чуў, што гаварыў Воўка. У грудзях у яго ўсё сціснулася, вочы заслаў нейкі туман. Арабей. // Адчуць боль пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра душу, сэрца). У Віці сціснулася сэрца ад жалю і крыўды. Чарнышэвіч. Ганна не апусціла галавы, не разгубілася, а толькі сціснулася душой. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)