функцыянальнае месца віду ў экасістэме (біяцэнозе), якое вызначаецца яго біятычным патэнцыялам і сукупнасцю фактараў знешняга асяроддзя, да якіх ён прыстасаваны. Паняццем «Н.э.» пачалі карыстацца ў пач. 20 ст. (амер. біёлаг Дж.Грынел, 1917). Н.э. ўяўляе сабой сукупнасць умоў жыцця ўнутры экасістэмы, якая адпавядае патрабаванням віду да асяроддзя; спецыфічны спосаб выкарыстання фіз. прасторы пражывання віду (прасторавая ніша, або мікрастацыя); адлюстроўвае функцыян. ролю («прафесію»), пераважна кармавыя ўзаемаадносіны ў згуртаванні (трафічная ніша) і становішча віду адносна градыентаў знешніх фактараў (мнагамерная, або гіперпрасторавая ніша). Часам паняцце «Н.э.» памылкова атаясамліваюць з паняццем «месцапражыванне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІІ (ад лац. colonia пасяленне) у біялогіі, сумесныя пасяленні груп аднаго, радзей некалькіх відаў, пастаянныя ці часовыя, абумоўленыя марфал., роднаснымі ці экалагічнымі ўзаемасувязямі, якія забяспечваюць асобінам лепшыя ўмовы існавання.
У раслін К. вядомы сярод водарасцяў; бываюць свабоднаплаваючыя і прымацаваныя, маюць разнастайную форму і памеры, ад 2 клетак (глеякапс) да многіх тысяч (вальвокс).У жывёлсапр. К. — сукупнасці асобін, арганічна звязаных паміж сабой, якія ўтварыліся ў выніку не даведзенага да канца дзялення ці пачкавання (гл.Каланіяльныя арганізмы), простыя тэр. намнажэнні адзінкавых форм (мідыі, марскія жалуды) або згуртаванні асобін аселых жывёл, якія маюць пастаянныя сховішчы (многія віды кажаноў, мурашкі і інш.); згуртаванні з больш складанымі ўзаемасувязямі паміж асобінамі, калі некат. функцыі ў пасяленнях выконваюцца супольна (напр., абарона ад ворагаў і папераджальная сігналізацыя на птушыных базарах, «дзіцячыя сады» ў пінгвінаў, пасяленні ластаногіх, суслікаў); К. грамадскіх насякомых (мурашак, пчол, тэрмітаў і інш.), у якіх асобіны сумесна выконваюць большасць функцый — размнажэння, абароны, забеспячэння кормам, будаўніцтва і інш. (з абавязковым размеркаваннем працы і спецыялізацыяй асобін або ўзроставых груп на выкананні вызначаных аперацый) і дзейнічаюць на аснове пастаяннага абмену інфармацыяй паміж сабой. К. мікраарганізмаў — сукупнасць клетак або міцэлію, якая ўтвараецца ў працэсе іх росту і размнажэння на штучным пажыўным асяроддзі, на паверхні прадуктаў харчавання або ў глебе, грунце вадаёмаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАЛЕТА́РСКАЕ СТУДЭ́НЦКАЕ ЗЯМЛЯ́ЦТВАў Маскве.
Існавала ў 1923—30 як нац. студэнцкая арг-цыя (756 чал.). Аб’ядноўвала зямляцтвы 22 ВНУ Масквы. Статутныя мэты: «Змаганне з буржуазна-шавіністычнай і непралетарскай ідэалогіяй»; арганізацыя навук. і культурніцкай працы сярод бел. студэнтаў; падрыхтоўка для Беларусі кваліфікаваных спецыялістаў, якія ведаюць мясц. асаблівасці і бел. мову; стварэнне спецыялізаваных навук. гурткоў па вывучэнні гісторыі, геаграфіі, роднай мовы і л-ры; арганізацыя навуч. практыкі на Беларусі; размеркаванне пасля сканчэння ВНУ на працу ў Беларусь; матэрыяльная ўзаемадапамога. У 1930 усе згуртаванні па тэр.-нац. прыкметах скасаваны, а пытанні моладзі перададзены ў камсамольскія арг-цыі па месцы вучобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАРА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ (ад лац. nemoralis лясны),
сукупнасць раслінных згуртаванняў, звязаных паходжаннем з шыракалістымі лясамі. Пашырана ў Цэнтр. Еўропе, сярэдняй паласе Усх. Еўропы, на Каўказе, Д. Усходзе, ва ўсх.ч.Паўн. Амерыкі.
Фларыстычны склад Н.р. сфарміраваўся ў трацічным перыядзе (каля 60 млн.г. назад) з лісцевых (бук, дуб, каштан, клён, ліпа, ляшчына, ясень і інш.) і хваёвых (метасеквоя і таксодыум) парод дрэў і травяністых мнагалетніх раслін (немаросаў), пераважна эфемероідаў (ветраніца, медуніца, падалешнік і інш.). У шырокім сэнсе Н.р. ахоплівае ўсе згуртаванні, што ўласцівы падзоне шыракалістых і часткова хваёва-шыракалістых лясоў. Змяняецца пад уплывам дзейнасці чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
баланс кампанентаў асяроддзя і прыродных працэсаў, які забяспечвае працяглае існаванне экалагічных сістэм і біясферы ў цэлым. Падтрымліваецца сукупнасцю фактараў, што склаліся ў працэсе эвалюцыі: пастаянства біятычнага кругавароту рэчываў, суадносіны аўтатрофаў і гетэратрофаў, адаптацыі арганізмаў адзін да аднаго і навакольнага асяроддзя і інш. Прыродныя згуртаванні арганізмаў здольны процістаяць разнастайным шкодным уздзеянням і вяртацца ў зыходны стан, але пры ваганнях умоў асяроддзя, што выходзяць за пэўныя межы, узнікаюць парушэнні Р.э., якія могуць весці да крызісу экалагічнага ці экалагічнай катастрофы. Захаванню Р.э. і яе падтрыманню спрыяюць рацыянальнае прыродакарыстанне і мерапрыемствы па ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУБО́Н»
(«Rubon»),
альманах памяркоўна-кансерватыўнага кірунку. Выдаваўся ў 1842—49 у Вільні на польскай мове. Распаўсюджваўся пераважна на Віцебшчыне (Рубон — стараж. назва р.Зах. Дзвіна). Рэдактар-выдавец К.Буйніцкі. Асвятляў культ. жыццё Наддзвіння і паказваў мінулае краю. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Беларусі. Надрукаваў творы Я.Баршчэўскага, Т.Лады-Заблоцкага, Г.Марцінкевіча, В.Рэута, братоў Ю., К. і В. Гжымалоўскіх, А.Плятэра, Я.Ходзькі, І.Храпавіцкага, Я.Чачота і інш. ураджэнцаў і жыхароў Беларусі, бел.нар. песні. Адыграў пэўную ролю ў ажыўленні культ. руху і згуртаванніліт. сіл рэгіёна. Арыентаваўся на маёмную шляхту і мясц. інтэлігенцыю. Выйшла 10 тамоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯІНДЫКА́ТАРЫ (ад бія... + індыкатары),
віды, групы відаў або згуртаванні жывых арганізмаў, прысутнасць, колькасць або асаблівасці развіцця якіх сведчаць аб пэўнай накіраванасці і параметрах прыродных працэсаў, умоў або антрапагенных змен навакольнага асяроддзя. Многія арганізмы вельмі адчувальныя і выбіральныя ў адносінах да розных фактараў асяроддзя пражывання (хім. складу глебы, вады, атмасферы, кліматычных і пагодных фактараў, прысутнасці інш. арганізмаў і г.д.) і могуць існаваць толькі ў вызначаных, часта вузкіх межах змянення гэтых фактараў. Прысутнасць, напр., у вадаёме малашчацінкавых чарвей роду Tubifex, вусеняў двухкрылых насякомых роду Chironomus, Eristalis і інш. сведчыць пра пэўную ступень забруджанасці вады, бакаплаваў роду Gammarus, водарасцяў роду Fontinalis, фарэлі, харыуса і інш. — пра яе чысціню. Гл. таксама Сапробнасць, Таксобнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬНЯ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл.Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і характэрнай для яго расліннасці. Пл. 23,2 тыс.га (1997). Размешчаны на Полацкай нізіне. У межах заказніка каля 30 дыстрофных азёр, у т. л. Ельня, Доўгае, Чорнае. Асн. тэрыторыя — хмызнякова-сфагнавае балота прыбалт. тыпу. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя, кусцікава-сфагнавыя, бярозава-палітрыхавыя згуртаванні, выразныя градава-мачажынны і градава-азёрны раслінныя комплексы. На мінеральных «астравах» лясная расліннасць: ельнікі сніткавыя, бярэзнікі вейнікавыя, чорнаалешнікі прыручайна-травяныя і інш. У флоры заказніка каля 300 відаў раслін. Трапляюцца рэдкія ахоўныя віды раслін (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, шпажнік чарапіцавы) і жывёл (гагара чорнаваллёвая, дзербнік, журавель шэры, курапатка белая і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ ЖАНЧЫ́Н КАНАДЫ,
бел.арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1965 пры Згуртаванні беларусаў Канады, першы старшыня — Р.Жук-Грышкевіч. Асн. напрамкі дзейнасці — прыцягненне жанчын да ўдзелу ў нац.-грамадскім і культ. жыцці, прапаганда бел.культ. спадчыны, праца з дзецьмі. У 1967 створаны Фонд 450-й гадавіны бел. друку. Арганізуе выстаўкі выяўл. мастацтва ў Канадзе (1969, 1975), святкаванні нац., літ. і рэліг. угодкаў, адзначае юбілеі (А.Пашкевіч, 1966; К.Буйло, 1968; Л.Геніюш, 1970; Н.Арсенневай, Дзень Прадславы Полацкай, 1978) і інш. На заканчэнне Міжнар. 10-годдзя жанчын (1975) арганізавала канферэнцыю, выстаўкі кніг бел. жанчын і абразоў І.Шыманец-Сурвілы. З 1992 удзельнічае ў мерапрыемствах штогадовага «Месяца гісторыі жанчын», які праводзіцца ў Канадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАЦЭНО́З (ад бія... + геа... + цэноз),
узаемаабумоўлены комплекс жывых і нежывых кампанентаў, звязаных паміж сабой абменам рэчываў і абменам энергіі; адна з найб. складаных прыродных сістэм. Паняцце біягеацэнозу прапанаваў сав. вучоны У.М.Сукачоў (1940). Жывыя кампаненты біягеацэнозу — аўтатрофы (фотасінтэзавальныя зялёныя расліны, хемасінтэзавальныя мікраарганізмы) і гетэратрофы (жывёлы, грыбы, многія бактэрыі, вірусы), нежывыя — прыземны слой атмасферы з газавымі і цеплавымі рэсурсамі, сонечная энергія, глеба з водамінер. рэсурсамі і часткова кара выветрывання (у водным біягеацэнозе — вада). Сукупнасць усіх жывых арганізмаў біягеацэнозу (біяцэноз) уключае прадуцэнтаў (пераважна зялёныя расліны), што ўтвараюць арган. рэчывы, кансументаў (жывёлы) і рэдуцэнтаў (мікраарганізмы), якія жывуць за кошт гатовых арган. рэчываў і ажыццяўляюць іх раскладанне да простых мінер. кампанентаў, зноў спажываных раслінамі. Біягеацэноз — элементарная адзінка біясферы зямнога шара. Межы біягеацэнозу — канкрэтныя раслінныя згуртаванні. Блізкі да біягеацэнозу тэрмін фацыя.