банкру́т, ‑а, М ‑круце, м.

1. Збяднелы неплацежаздольны даўжнік.

2. перан. Чалавек, які аказаўся няздольным апраўдаць чые‑н. надзеі і пацярпеў ідэйнае крушэнне. Палітычныя банкруты.

•••

Злосны банкрут — купец, банкір, які ўхіляецца ад выканання сваіх даўгавых абавязацельстваў, хоць і з’яўляецца плацежаздольным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заняпа́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыйшоў ва ўпадак; збяднелы. Лабановіч кожны раз, праходзячы тут, мімаволі зварачаў увагу на гэта месца і на гэту заняпалую карчму з пакрыўленымі сценамі і пагнутым дахам. Колас.

2. Хваравіты, слабы здароўем. Высокі, бялявы тварам, [Алесь] выгадна адрозніваўся ад заняпалага Казюка. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згале́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Голы, апусцелы (пра дрэвы, нівы і пад.). Дзе-нідзе трапляліся цэлыя дзялянкі зусім згалелых дрэў, і лес сумна хваляваў пустэчай. Мележ. Згадай гэты дзень залаты, што над пушчай, згалелымі пожнямі рассыпаў залатыя лісты. Дубоўка.

2. перан. Вельмі бедны, збяднелы. Нялёгка было згалеламу шляхцюку служыць сярод багатай знаці, але к трыццаці гадам і ён стаў паручнікам. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

банкру́т

(фр. banqueroute = банкруцтва < іт. bancarotta, ад banco = лаўка + rotto = зламаны)

1) збяднелы неплацежаздольны даўжнік (асоба, прадпрыемства, арганізацыя);

2) перан. чалавек, які пацярпеў крах у сваёй дзейнасці або поўную няўдачу ў асабістым жыцці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АБІСА́ЛЬ

(ад грэч. abyssos бяздонны),

абісальная зона, зона марскога дна, якая адпавядае ложу акіяна (3000—6000 м). Займае больш за 75% пл. дна акіяна. Характарызуецца адносна слабай рухомасцю вады, адсутнасцю сонечнага святла, пастаяннымі т-рай (блізкай да 0 °C ці ніжэй), салёнасцю (каля 35%), велізарным ціскам у 30—60 МПа (300—600 атм). Жывёльны свет збяднелы (жывёлы сляпыя ці з вял. вачыма, многія арганізмы свецяцца). Зона найб. акіянскіх глыбінь — ультраабісаль (6—11 тыс. м) прымеркавана да акіянскіх жалабоў уздоўж мацерыкоў ці астраўных дуг.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

банкру́т

(фр. banqueroute < іт. bancarotta, ад banca = банк + rotta = разбіты)

1) збяднелы, неплацежаздольны даўжнік (з прычыны разарэння);

2) перан. чалавек, які пацярпеў крах у сваёй дзейнасці або поўную няўдачу ў асабістым жыцці.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Лапсарда́к ’даўгаполы сурдут у польскіх і галіцыйскіх яўрэяў’ (ТСБМ), ’старая адзежына іншага пакрою’ (КЭС, лаг.), лапсярда́к ’кафтан’ (Сцяшк.), ла́псурдук ’абадранец’, ’лахманы, рызманы’ (Нас.), ла́псырдзікі ’парванае, абношанае адзенне’ (Грыг.). Укр., рус. лапсердак ’яўрэйскі сурдут’, ’дрэнна пашытая адзежына’, польск. łapserdak ’тс’, ’абадранец’, ’збяднелы чалавек’, ’галяк’, ’неахайны’. Запазычана з ідыш ла̄́псердак ’рытуальная кашуля, абвешаная з чатырох вуглоў махрамі, кожны з якіх складаецца з 12 матузоў’ (Альтбаўэр, JP, 17, 76). Форма ў ідыш вядома яшчэ з сярэдніх вякоў. Яна складаецца з ла̄б (< н.-в.-ням. Leib ’ліф’) і слав. (укр.) сердак ’сурдут з тоўстага сукна’ (Шапіра, Филолог. записки, 1873, вып. 1, 13; Фасмер, 2, 459). Праабражэнскі (1, 434) тлумачыць гэта слова як збліжэнне з н.-в.-ням. Lappen ’ануча’ слова сюртук; Насовіч (265) — ад лапіць і сюртук, што мала імаверна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бедны, небагаты, голы, збяднелы, згалелы, агалелы, незаможны, убогі, жабрацкі; галапузы (разм.); сярмяжны (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

ГАЛЬДО́НІ (Goldoni) Карла

(25.2.1707, г. Венецыя, Італія — 6.2.1793),

італьянскі драматург. Стваральнік італьян. рэаліст. камедыі. Скончыў Падуанскі ун-т (1731). З 1734 працаваў драматургам у т-рах. Імправізаванай камедыі дэль артэ супрацьпаставіў драматургію з рэальнымі характарамі і зместам. Яго п’есы — камедыі тагачасных нораваў («камедыі характараў») і камедыі з нар. жыцця на венецыянскім дыялекце. Папулярнасць Гальдоні прынесла вершаваная трагікамедыя «Велізарый» (1734). У 1738—42 напісаў некалькі камедый на традыц. сюжэты («Збяднелы гандляр» і інш.); першая цалкам арыгінальная — «Ветлівая кабета» (1743). У 1748—50 стварыў камедыі «Венецыянскія блізняты», «Хітрая ўдава», «Кавалер і дама, або Чычысбей», «Сям’я прадаўца антыкварыяту», «Добрая жонка» і інш. У 1750—51 напісаў і паставіў 16 камедый, найб. удалыя «Камічны тэатр», «Кавярня», «Ілгун», «Сапраўдны сябар», «Сумленны авантурыст», «Жаночыя плёткі» і інш. У 1752—53 на тэатр. сцэне з’явіліся п’есы «Мальер», «Землеўладальнік», «Гаспадыня атэля» і інш. У 1753—56 працаваў у т-ры Сан-Лука (цяпер т-р Гальдоні) у Венецыі. Творы гэтага перыяду адзначаны сцэнічнымі і стылістычнымі эксперыментамі («Персідская трылогія», «Англійскі філосаф», «Тэрэнцый», «Тарквата Таса», «Пляц у Венецыі Камп’ела» і інш). У канцы 1750-х г. напісаў лепшыя свае камедыі: «Закаханыя», «Забаўны выпадак», «Новы дом», «Добрая маці» і інш. У 1760—62 у т-ры Сан-Лука стварыў камедыі «Вясковая трылогія», «Самадуры», «Сеньёр Тадэра, буркун», «К’ёджынскія перапалкі» і інш. З 1762 у Парыжы кіраваў т-рам італьян. камедыі. Там напісаў некалькі твораў на франц. мове («Трылогія Зелінды і Ліндора» і інш.), «Мемуары Карла Гальдоні...» (т. 1—2, 1784—87). Аўтар 267 п’ес: 155 камедый у прозе і ў вершах, 18 трагедый і трагікамедый, 94 лібрэта сур’ёзных і камічных опер. На Беларусі творы Гальдоні ставіліся з 19 ст. Яны ўвайшлі і ў рэпертуар сучасных бел. т-раў: «Забаўны выпадак» (т-р імя Я.Коласа, 1942), «Ілгун» (т-р Я.Купалы, 1955), «Гаспадыня атэля» (Рускі драм. т-р, 1951), «Венецыянскія блізняты» (тамсама, 1960), «Слуга двух гаспадароў» (т-р імя Я.Коласа, 1969).

Тв.:

Tutte le opere. V. 1—14. Milano, 1935—56;

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—2. Л.; М., 1959.

Літ.:

Реизов Б. Карло Гольдони, 1707—1793. Л.; М., 1957;

Карло Гольдони: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

С.В.Логіш.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНІ́НЫ, Апенінскія горы (Appennino),

горная сістэма на Апенінскім п-ве ў Італіі. Працягласць каля 1200 км з ПнЗ на ПдУ ад Альпаў да Месінскага праліва. Сярэдневышынныя горы (пераважныя выш. 1200—1800 м), складаюцца з асобных, б.ч. паралельных хрыбтоў і ўзгорыстых перадгор’яў. Выш. да 2914 м (г. Корна). Адзіны невял. ледавік у масіве Гран-Саса-д’Італія. Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляюцца на Паўн. Апеніны (Лігурыйскія і Таскана-Эміліянскія), Цэнтр. Апеніны (Умбра-Маркскія і Абруцкія) і Паўд. Апеніны (Неапалітанскія і Луканскія). Пераважаюць параўнальна спадзістыя схілы, сталовыя горы, купалападобныя гранітна-гнейсавыя масівы. У Цэнтр. Апенінах хрыбты скалістыя, са стромкімі схіламі, старажытналедавіковымі і карставымі формамі рэльефу. На У гал. ланцугі Апенінаў суправаджаюцца шырокай паласой узгорыстых перадгор’яў, за якой уздоўж берагоў Адрыятычнага м. ўзвышаюцца вапняковыя плато п-воў Гаргана і Саленціна. Зах. схіл Апенінаў больш стромкі, скідавы; на З ад Цэнтр. Апенінаў шырокая перадгорная паласа з асобнымі невысокімі хрыбтамі, вулканічнымі масівамі (у т. л. Везувій, Флегрэйскія палі), туфавымі плато. Апеніны ўтварыліся ў выніку альпійскага арагенезу. Тэктанічныя працэсы працягваюцца, аб чым сведчаць землетрасенні і вулканічная дзейнасць. Карысныя выкапні: буд. і вырабны камень, ртуць, буры вугаль і лігніт, бітумінозныя сланцы, баксіты, прыродны газ, нафта, тэрмальныя воды. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, на ўсх. схілах і ў катлавінах з рысамі кантынентальнага. Ападкаў на зах. схілах 1000—2000 мм за год (у Лігурыйскіх Апенінах да 3000 мм), на ўсх. схілах і ў замкнутых катлавінах 600—800 мм. Сярэдняя т-ра студз. каля падножжа гор на Пн 0 °C, на Пд да 11 °C. Сярэдняя т-ра ліп. на Пн 24 °C, на Пд да 28 °C. У гарах вышэй за 2000 м 180—190 сут за год ляжыць снег. Рэкі мнагаводныя восенню і зімой, найб. Тыбр, Арна. Да выш. 300—500 м на Пн і 600—800 м на Пд на схілах гор палі, сады, вінаграднікі, аліўкавыя насаджэнні, месцамі гаі каменнага і коркавага дубу, алепскай хвоі, пініі, вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); глебы пераважна карычневыя. Да выш. 900 м на Пн і 1000—1200 м на Пд — мяшаныя лясы з дубу, хвоі, каштану і інш., хмызнякі, пусткі; глебы горныя буразёмы і перагнойна-карбанатныя. Вышэй за 900 м на Пн, 1000—1200 м на Пд — букавыя і хвойныя (піхта, хвоя) лясы на горных буразёмах і горных падзолістых глебах. На найб. высокіх хрыбтах (вышэй за 2000—2500 м) участкі субальпійскіх і альпійскіх лугоў. Жывёльны свет збяднелы ў сувязі з дзейнасцю чалавека. Трапляюцца воўк, буры мядзведзь, сарна, лань, дзікабраз, шмат паўзуноў і птушак (беркут і інш.). Земляробства ў горных далінах і катлавінах, каля падножжа гор. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння і выпрацоўкі электраэнергіі. Турызм.

А.М.Баско.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)