СКІ́РМУНТ (Алена) (Гелена; 5.11.1827, в. Калоднае Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 1.2.1874),
бел. мастак. Маст. адукацыю атрымала ў Вільні ў В.Дмахоўскага (1844—45), удасканальвала майстэрства ў Берліне і Дрэздэне. У ранні перыяд творчасці пісала партрэты Канстанцыі, Тэклі Скірмунт (1845—48), Тэафілі, Зяноны Любанскіх (1850), якія вызначаюцца глыбінёй і трапнасцю характарыстык. У 1850-я г. звярнулася да рэліг. тэматыкі: «Марыя Чапская моліцца ў кляштары візітак у Вільні» (1851), алтарны абраз «Бязгрэшнае зачацце», праект алтара для касцёла ў в. Ахова каля Пінска. З мастаком-самавукам К.Радыкам рэстаўрыравала абразы і гафты на літургічных шатах у пінскім касцёле. У 1852—54 брала ўрокі скульптуры ў Вене і Рыме. Пазней працавала пераважна ў скульптуры. Выканала медалі Б.Залескага (1859), І.Лялевеля (1860), Ю.Крашэўскага (1861) і інш. У 1861 зрабіла рэльефы гербаў Рэчы Паспалітай, Кароны Польскай і ВКЛ. У 1863 арыштавана і выслана ў г. Тамбоў (Расія). У 1867 вызвалена, але пазбаўлена права жыхарства на радзіме, некат. час жыла ў Крыме. У 1860—70-я г. выканала жанравыя кампазіцыі «Шляхціц у сядзібе», «Муза Талія», цыкл рэльефаў з выявамі князёў ВКЛ, партрэты Януша Радзівіла, Торвальдсена і інш. Аўтар 22 пасярэбраных і пазалочаных шахматных фігурак, прысвечаных перамозе польскага войска над туркамі, сярод якіх выявы караля Яна Сабескага, гетмана Станіслава Ябланоўскага, шляхціцаў у поўным узбраенні, а таксама прадстаўнікоў турэцкага войска.
А.К.Лявонава.
т. 14, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Непакаля́ны (непокаля́ны) ’незабруджаны, незапэцканы’ (Арх. ТС). Да пакалі́ць ’забрудзіць, запэцкаць; вымазаць’. Меркаванне Булыкі (Лекс. запазыч., 134) пра запазычанне ст.-бел. непокаляный (непокаланный, непоколяный) ’незаплямлены; бязгрэшны’ (1598) са ст.-польск. niepokalany ’тс’ грунтуецца, відавочна, на прыналежнасці да царкоўнай тэрміналогіі (параўн. niepokalane zaczęcie ’бязгрэшнае зачацце’ Брукнер, 214), аднясенні да польск. kał ’бруд, гразь’ і акцэнталагічных асаблівасцях слова, што, аднак, нельга лічыць дастаткова доказным: зыходны дзеяслоў калі́ць (каля́ць) ’мазаць, пэцкаць’ (гл.), з якога выводзіцца значэнне старабеларускага слова, мае праславянскі характар, а шырокае ўжыванне дзеяслова пакалі́ць (пакаля́ць) у народнай мове, у тым ліку і ў архаічных палескіх гаворках, якія дэманструюць значную ўстойлівасць у адносінах да польскіх запазычанняў, не дае падстаў прыняць выказанае меркаванне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)