СА́ВІНА (дзявочае Падрамянцова) Марыя Гаўрылаўна

(11.4.1854, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 21.9.1915),

расійская актрыса. Як праф. актрыса дэбютавала ў 1869 у Мінску (Полінька — «Даходнае месца» А.​Астроўскага). З 1870 працавала ў Харкаве, Ноўгарадзе, з 1872 — у трупе акцёра П.​Мядзведзева ў Казані, Саратаве, Арле. Выступала ў вадэвілях, аперэтах, лёгкіх камедыях. З 1874 у Александрынскім т-ры (С.-Пецярбург). Была лепшай выканаўцай ролі Мар’і Антонаўны за ўсю сцэн. гісторыю «Рэвізора» М.​Гогаля. Яе ігра адметная маст. завершанасцю, лаканізмам і выразнасцю дэталей. Сярод роляў: Паліксена, Вара, Надзя, Вера Піліпаўна («Праўда — добра, а шчасце лепш», «Дзікунка», «Выхаванка», «Сэрца не камень» Астроўскага), Акуліна («Улада цемры» Л.​Талстога), Верачка, Наталля Пятроўна («Месяц у вёсцы» І.​Тургенева). Гастролі С. у Берліне (1899) садзейнічалі папулярызацыі рус. акцёрскага мастацтва за мяжой. Адзін з арганізатараў і старшыня Рус. тэатр. т-ва. Заснавальніца прытулку для састарэлых артыстаў (1896, цяпер Дом ветэранаў сцэны імя С. у С.-Пецярбургу).

Тв.:

Горести и скитания. Л.;

М., 1961.

Літ.:

Шнейдерман И.И. М.​Г.​Савина. М.; Л. 1956.

т. 14, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАВА́ЦКАЯ Алена Пятроўна (псеўд. Рада-Бай; 30.8.1831, г. Днепрапятроўск, Украіна — 8.5.1891),

пісьменніца, заснавальніца тэасофіі. Шмат вандравала па краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі. У 1873 прыняла грамадзянства ЗША. У 1875 стварыла ў Нью-Йорку тэасофскае т-ва, праграма якога ўключала арганізацыю агульначалавечага брацтва без адрознення нацыянальнасці і рэлігіі, вывучэнне таямнічых невытлумачальных з’яў прыроды і развіццё звышадчувальнасці ў чалавеку. Выдавала газ. «The theosophist» («Тэасафіст», Індыя), час. «La revue théosophique» («Тэасафічны агляд») і «Lotus bleu» («Блакітны лотас»), абодва ў Парыжы, «Lucifer» («Люцыфер», Лондан). У цэнтры вучэння Блавацкай ляжыць ідэя пра існаванне эзатэрычных ведаў, якія складаюць адзіную патаемную сутнасць усіх язычніцкіх культаў, сусв. рэлігій і найб. глыбокіх філас. сістэм. Гэтыя веды, на яе думку, маюць універсальна-касм. характар, усебакова раскрываюць духоўную сутнасць і прызначэнне чалавека, тлумачаць логіку і змест існавання чалавечай цывілізацыі. Яны зашыфраваны ў міфалагічных сімвалах і сюжэтах, ант. містэрыях, акультных тэкстах. Блавацкая — аўтар манаграфій «Сакрэтная дактрына», (1888), «Ключ да тэасофіі» (1889) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Тайная доктрина: Синтез науки, религии и философии. Т. 1—2, [кн. 1—4]. Мн., 1993—94;

Теософский словарь. М., 1994.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛФ (Woolf) Вірджынія (25.1.1882, Лондан — 28.3.1941),

англійская пісьменніца; адна з найб. значных тэарэтыкаў і практыкаў мадэрнізму. Заснавальніца «псіхалагічнай школы». У раманах «Падарожжа» (1915), «Ноч і дзень» (1919), «Пакой Джэйкаба» (1922), «Місіс Дэлаўэй» (1925), «Да маяка» (1927), «Арланда» (1928), «Хвалі» (1931), «Гады́» (1937), «Паміж актамі» (1941) і інш., зб-ках апавяданняў «Сады К’ю», «Знак на сцяне» (абодва 1919), «Панядзелак ці аўторак» (1921), аповесцях — універсалізм светабачання, хісткасць часавых межаў, адсутнасць традыц. сюжэтаў і характараў, асацыятыўнасць, складаная сімволіка, усведамленне жыцця праз плынь суб’ектыўных успрыманняў і імгненных уражанняў, арыентацыя на псіхааналіз З.​Фрэйда, інтуітывізм А.​Бергсона, творчасць М.​Пруса і Дж.​Джойса. Аўтар шэрагу эсэ (у т. л. «Сучасная мастацкая літаратура», 1919; «Містэр Бенет і місіс Браўн», 1924).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1989.

Літ.:

Жантиева Д.Г. Английский Роман XX в., 1918—1939. М., 1965;

Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;

Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984;

Михальская Н.П. Пути развития английского романа 1920—1930 годов: Утрата и поиски героя. М., 1966.

Е.​А.​Лявонава.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́НЕЦ МАДЭ́РН.

Склаўся на мяжы 19—20 ст. у ЗША і Германіі як адзін з кірункаў сучаснай харэаграфіі. Тэрмін «Т.м.» выцесніў назвы «вольны танец», «дунканізм», «танец басаножак», «рытмапластычны танец», «экспрэсіянісцкі», «новы маст. танец» і інш. Заснавальніца Т.м. — амер. танцоўшчыца А.Дункан (імітацыя ант. форм танца, «танец басаножак», адмаўленне ад традыц. балетнага касцюма, зварот да сімф. і камернай музыкі). Асн. прынцыпы Т.м.: увасабленне новых тэм і сюжэтаў, пошук арыгінальных выразных танц.-пластычных сродкаў, высокая ступень імправізацыі, сінтэз розных стыляў, акцэнт на індывід. вынаходлівасць харэографа. Для яго развіцця характэрны імкненне да эксперыментавання, стварэння новых стылявых канцэпцый як процістаянне традыц. балетным формам. Фарміраванне Т.м. звязана з тэарэт. працамі Ф.Дэльсарта, Р. фон Лабана, практыкамі М.​Вігман, М.​Грэхем, Э.Жакам-Далькрозам, К.​Іосам, Р.​Сен-Дэні і інш. Т.м. паступова сінтэзаваўся з класічным танцам, што найб., ярка выявілася ў творчасці балетмайстраў К.​Галяйзоўскага, С.​Ліфара, В.​Ніжынскага, М.​Фокіна, Л.​Якабсона, пазней — у творчасці Дж.​Баланчына, М.​Бежара, Ю.​Грыгаровіча, Р.​Пці. У розных краінах свету сфарміраваліся і развіваюцца розныя школы і плыні. Значную ролю ў папулярызацыі і станаўленні Т.м. на Беларусі адыгрывае штогодні Міжнар. фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (з 1992). На бел. балетнай сцэне элементы Т.м. відавочны ў паст. А.​Дадышкіліяні, В.​Елізар’ева, Р.​Паклітару і інш.

С.​В.​Гуткоўская.

т. 15, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

founder

I [ˈfaʊndər]

n.

заснава́льнік -а m., заснава́льніца f.

II [ˈfaʊndər]

n.

плаві́льшчык -а m., ліце́йшчык -а m.

III [ˈfaʊndər]

1.

v.i.

1) патана́ць, тану́ць, ісьці́ на дно

2) закульга́ць (пра каня́)

2.

v.t.

затапля́ць, пуска́ць на дно

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ГАЛЬША́НСКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛ Трайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял. кн. Вітаўта. Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)