МАРО́ЗАЎ (Ігар Вячаслававіч) (н. 18.5. 1954, Мінск),
бел. архітэктар, педагог. Сын В.М.Марозава. Д-р культуралогіі (1998). Скончыў БПІ (1976). Працаваў у ін-це «Белдзіпрадор», з 1987 выкладае ў БПА. Працуе ў галіне манум. мастацтва: помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў г.Заслаўе Мінскага р-на (1993, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998), М.Танку ў в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1997). Аўтар прац у галіне тэорыі і філасофіі дойлідства: «Планета дарог» (1992), «Таямнічым шляхам Гермеса» (1994). Прэміі міжнар.арх. конкурсаў у Францыі (1984), Балгарыі (1985), Югаславіі (1987).
Тв.:
Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з В.М.Марозавым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства Полацкай зямлі. Цэнтр — г. Ізяслаў (цяпер г.Заслаўе). У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца як княства пад 1127 у час княжання Брачыслава. У канцы 1150-х г. княства — аб’ект барацьбы за валоданне ім мінскіх князёў і нашчадкаў Брачыслава, якіх падтрымліваў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч. З 1160 у складзе Мінскай зямлі, з канца 13 ст. ў складзе ВКЛ: з 1345 належала Яўнуту, потым яго нашчадкам — князям Заслаўскім. У выніку падзелу паміж нашчадкамі і продажу часткі яго тэрыторыі княства значна паменшала. У гіст. л-ры ёсць меркаванне пра існаванне ў 12 ст. Ізяслаўска-Лагожскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, рас. імперыі і БССР у 15—20 ст. Утвораны на тэр.Мінскага княства пасля яго ўключэння ў ВКЛ і пераходу пад кантроль вял. князя. Да 1565 уваходзіў у Віленскае ваяв. як гіст. адзінка. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключаны ў Мінскае ваяводства, яго тэрыторыя пашырана за кошт б. Заслаўскага і Лагожскага княстваў (паветаў), часткі Барысаўскай, Любашанскай, Свіслацкай валасцей на правым беразе р. Бярэзіна. Устаноўлена сістэма службовых асоб: кашталян, падкаморы, харунжы і інш., а таксама гродскі і земскі суды. У павет уваходзілі гарады Мінск і Барысаў, каля 45 мястэчак, з іх буйнейшыя — Беразіно-Любашанскае, Гайна, Заслаўе, Ракаў, Смалявічы. Пасля далучэння да Расіі ў 1793 павет скасаваны, у 1795 адноўлены ў меншых памерах і ўключаны ў Мінскае намесніцтва. З 12.12.1796 у Мінскай губерні, да М.п. далучаны часткі скасаваных Вілейскага і Нясвіжскага пав. Яго тэрыторыя складала каля 4,5 тыс. кв. вёрст (каля 5 тыс.км²), статус мястэчак захавалі Астрашыцкі Гарадок (Гарадок Тышкевіцкі), Бяларуч, Дубровы, Заслаўе, Івянец, Камень, Койданава, Мікалаеўшчына, Пяршай, Ракаў, Рубяжэвічы, Саламярэцкі Гарадок (Гарадок-Хмарынскі), Самахвалавічы, Свержань, Слабодка, Стоўбцы. У сярэдзіне 19 ст. ў павеце 808 сёл і вёсак, 246 засценкаў і інш. дробных паселішчаў. Насельніцтва ў 1816 было каля 92 тыс.чал., у 1857 каля 121 тыс.чал. У 1861 тэр. М.п. падзелена на воласці, пасля пераразмеркавання ў 1864—66 іх было 19, у 1898 у М.п. стала 16 валасцей. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.ч. павета (Засульская, Івянецкая, Пяршайская, Ракаўская, частка Рубяжэвіцкай і Стаўбцоўскай вол.) адышла да Польшчы. Павет скасаваны 17.7.1924, асн. яго частка ўключана ў Мінскую акругу, частка Магільнянскай вол. — у Слуцкую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНАЎ (Анатоль Аляксандравіч) (11.12.1934, Мінск — 19.3.1995),
бел. архітэктар, гісторык архітэктуры, педагог. Засл.арх. Беларусі (1991). Канд. архітэктуры (1967). Праф. (1991). Сын А.П.Воінава. Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у «Белдзяржпраекце», з 1963 выкладаў у БПІ (з 1985 дэкан арх. ф-та Бел.політэхн. акадэміі). Асн. работы: карпусы ін-таў фізікі (1963) і матэматыкі (1964) АН Беларусі, вылічальны цэнтр ЦСУ Беларусі (1965), жылыя дамы ў Мінску, Светлагорску (1963—65), рэстаран «Заслаўе» каля Мінска (1975, у сааўт.) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1980 за кн. «Гісторыя архітэктуры Беларусі (савецкі перыяд)» (1975).
Тв.:
Дом правительства Белорусской ССР. Мн., 1975 (разам з С.Ф.Самбуком);
И.Г Лангбард. Мн., 1976;
Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Марыі,
помнік архітэктуры стылю барока. Пабудаваны ў 1774 у цэнтры г.Заслаўе (Мінскі р-н) на месцы драўлянага храма. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўцыркульнай апсідай і 2 бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад, аздоблены пілястрамі і круглымі блендамі, завяршаўся франтонам. У 1868 касцёл перабудаваны пад царкву Раства Багародзіцы. Быў разбураны франтон, у цэнтры гал. фасада пабудавана чацверыковая вежа-званіца, над гал. аб’ёмам узведзены вял. купал на светлавым барабане. Сцены на 2 узроўнях прарэзаны вял. аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Да гал. ўвахода вядзе мураваная лесвіца з тэрасай. Інтэр’ер зальны, сцены ўпрыгожаны пілястрамі карынфскага ордэра. Дэкар. афармленне інтэр’ера не захавалася. З 1989 касцёл на рэстаўрацыі.
Заслаўскі фарны касцёл. Здымак пач. 20 ст.Заслаўскі фарны касцёл. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎКО́ (Баўтрук) Зарына Уладзіміраўна
(6.9.1956, Мінск — 25.2.1997),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). Працавала ў галіне маст. керамікі. Сярод твораў: дэкар. пластыка для Палаца культуры ў г. Барысаў (1981), афармленне вестыбюля загса Цэнтр. р-на Мінска (1985—87), Дома творчасці Саюза тэатр. дзеячаў Беларусі ў в. Астрашыцкі Гарадок (1986—88), рэстарана «Заслаўе» (1995; абодва ў Мінскім р-не); дэкар. набор (1977); кампазіцыі «Змярканне» (1985), «Зімовы дзень» (1986), «Блакітны дзень» (1987), «Паводка» (1990), «Зебры» (1993), «Дом» (1995); серыя дэкар. чайнікаў (1994), вазы «Пейзаж» (1988), «Адвечнае» (1993), «Падарожжа ў Кітай» (1995). Творы вылучаюцца пластычнасцю, актыўным узаемадзеяннем колеру з аб’ёмам, кампазіцыйнай завершанасцю, багатым выкарыстаннем тэхн. прыёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГО́РН,
асноўная яйцаноская парода курэй. Выведзена ў Італіі ў 19 ст. скрыжаваннем італьян. белых курэй з міноркамі, іспанскімі, байцовымі і інш. пародамі, у 1852 завезена ў ЗША, дзе палепшана. Назва ад італьян.г. Ліворна (англ. Leghorn). Разнавіднасці Л. адрозніваюцца складам цела, формаю грэбеня.
Сярэдняя маса пеўняў 2,5—2,7, курэй 1,8—2 кг. Апярэнне шчыльнае, белае. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, хвост прыўзняты, доўгі, з моцна развітымі коскамі. Грэбень лістападобны, звіслы набок. Нясуцца з 4,5—5 мес. Яйцаноскасць да 300 і больш яец за год. Маса яйца да 62 г. Не наседжваюць На Беларусі выведзены высокапрадуктыўны 3-лінейны крос Беларусь-9. Племянная работа вядзецца на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі (г.Заслаўе, Мінскі р-н) і на племптушказаводзе «Івянецкі» (Валожынскі р-н).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ШКУР (Іван Іванавіч) (21.12.1921, в. Вострава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 12.10.1980),
бел. мастак тэатра, жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1939). У 1944—57, 1970—80 мастак Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, у 1957—70 у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (з 1962 гал. мастак). Аформіў спектаклі «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1953), «Русалка» А.Даргамыжскага (1955), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1956), «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела, «За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля, «Не верце цішыні» І.Шамякіна (абодва 1958), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1964), «Чырвоная шапачка» Я.Шварца (1967), «Мядовы месяц» К.Губарэвіча (1970) і інш. Сярод жывапісных работ «Бярозы» (1960), «Крыжоўка» (1971), «Заслаўе», «Курган Славы» (абедзве 1972), «Рака Вяча» (1973), «Зімовыя далі» (1974) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІЯ, Жаслаўскія, Яўнуцьевічы,
княжацкі род у ВКЛ. Паходзілі ад вял.кн.ВКЛЯўнута, які ў 1345 быў скінуты братамі Альгердам і Кейстутам і атрымаў ад іх г.Заслаўе (адсюль прозвішча). Найб. вядомыя:
Іван Юр’евіч (? — 1499?), праўнук Яўнута, намеснік мінскі ў 1468—73, віцебскі (каля 1484). Меў вотчыны на Смаленшчыне. Міхаіл Іванавіч (каля 1460—1529), сын Івана Юр’евіча, намеснік віцебскі ў 1492—95. У 1499 атрымаў у вотчыну частку Мсціслаўскага княства, тытулаваўся князем Мсціслаўскім. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ і меў статус удзельнага князя. У 1526 падараваў Мсціслаўскае княства вял. князю ВКЛ. Ад яго сына Фёдара (каля 1500—40) пайшоў род князёў Мсціслаўскіх у Расіі. Багдан Іванавіч (каля 1465—1530), намеснік мінскі з 1499. Фёдар Іванавіч (каля 1470—1539?), намеснік віцебскі ў 1492, бранскі ў 1494—99, аршанскі і аболецкі з 1501. Адзіны з братоў валодаў Заслаўем.