падмаро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак.
1. што. Замарозіць злёгку або дадаткова; не ўберагчы ад марозу. Падмарозіць мяса. □ [Старшыня:] — З раёна паведамілі, што з заўтрашняга дня пачынаюцца замаразкі. Каб не падмарозіць нам бульбу. Шашкоў.
2. безас. Аб наступленні холаду, марозу. Праз дзень-два зноў падмарозіла і выпаў снег. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АЗІЯ́ЦКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Сібірскі антыцыклон,
вобласць высокага атм. ціску ў Сібіры, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Праяўляецца пераважна зімой (у студз. ціск да 1070 мб). Азіяцкі антыцыклон — вынік моцнага ахаладжэння мацерыка, з чым звязана працяглая халодная (месцамі ніжэй за -50 °C) маласнежная зіма ва ўнутрымацерыковых раёнах. На надвор’е Беларусі ўплывае зах. адгалінаванне азіяцкага антыцыклону: устанаўліваецца малавоблачнае сонечнае надвор’е з т-рамі паветра ўдзень каля -10...-20 °C у зімовыя месяцы, вясной і восенню ноччу магчымыя замаразкі.
т. 1, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНАЕ ПАВЕ́ТРА,
паветраныя масы, якія фарміруюцца над Арктыкай. Характарызуюцца нізкімі т-рамі (да -55 ... -60 °C), малой колькасцю вільгаці і значнай празрыстасцю. Пранікае далёка на Пд (да Сярэдняй Азіі, Міжземнамор’я і паўд. раёнаў ЗША) і прыносіць рэзкія пахаладанні ў любую пару года. Адрозніваюць марское арктычнае паветра, што ў Еўропу прыходзіць праз незамярзаючыя Нарвежскае і ч. Баранцава м., і кантынентальнае, якое праходзіць над Карскім і ўсх. ч. Баранцавага мора. Арктычнае паветра ў атмасферы над Беларуссю бывае ў сярэднім 40—70 сут за год, з ім звязаны веснавыя і асеннія замаразкі.
т. 1, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЕ́НІЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
агароднінныя расліны, якія выкарыстоўваюцца ў ежу зялёнымі (свежымі або кансерваванымі). Да З.к. адносяць цыбулю (на зялёнае пер’е), салату, шпінат, кроп, рэвень, шчаўе, пятрушку і сельдэрэй (на зелень), базілік духмяны, карыяндр (на зелень), капусту пекінскую і інш. З.к. маюць вял. колькасць вітамінаў і мінер. солей, добрыя на смак; прыдатныя на лячэбнае харчаванне.
Скараспелыя культуры, патрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, пераносяць замаразкі да -5 °C. Высяваюцца ў адкрытым і ахаваным грунце некалькі разоў за год. Вырошчваюць у чыстай або ўшчыльненай (на памідорах, капусце) культурах, як папярэднік позніх культур.
т. 7, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ра́нішні, ‑яя, ‑яе.
Які мае адносіны да раніцы. Ранішні час. // Які бывае раніцай, уранні. Ранішняя зара. Ранішнія замаразкі. □ Дагаралі вугельчыкі, павеяла ранішнім халадком. Шчарбатаў. Збіваючы ранішнюю расу, ногі пакідалі на зялёным мурагу выразныя сляды. Краўчанка. // Які адбываецца, выходзіць, робіцца і пад. раніцай, уранні. Ранішняя зарадка. Ранішні поезд. Ранішні сон. □ На пляцоўцы пачыналася ранішняе жыццё, шумлівае, гаманлівае. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
і́ней, ‑ю, м.
Від атмасферных ападкаў: ледзяныя крышталікі, якія ўтвараюцца ў выніку ахаладжэння вадзяной пары ў ясныя і ціхія ночы і асядаюць тонкім слоем на глебе, дрэвах і інш.; параўн. шэрань. Днём яшчэ цёпла, а ночы — золкія.., і ранкамі на бульбоўніку, на траве белыя махры інею. Мележ. Пад раніцу ўжо браліся замаразкі, трава і лісце кустоў пакрываліся шараватым інеем. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БРУ́ЧКА (Brassica napus rapifera),
двухгадовая караняплодная расліна роду капуста сям. капуставых. Пашырана ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі культывуюць кармавую і сталовую бручку.
У 1-ы год развіваецца разетка лісця і мясісты караняплод, на 2-і — кветаноснае сцябло і насенне. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках, плод — шматнасенны стручок. Караняплоды круглыя, авальныя, жоўтыя ці жоўта-белыя. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 120—130 сут. Вільгацелюбівая, холадаўстойлівая расліна (пераносіць замаразкі да -6...-8 °C). Добра расце на сугліністых і асушаных тарфяна-балотных глебах. Караняплоды маюць 10—16% сухіх рэчываў, 5—10% цукроў, карацін, аскарбінавую к-ту, мінер. рэчывы. Пашыраны сарты: Краснасельская (сталовы), Вышагародская палепшаная, Куузіку (кармавыя).
т. 3, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вы́сушыць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак.
1. што. Зрабіць сухім; прасушыць. Высушыць бялізну. □ Веснавое сонца высушыла глеісты пясок, і ўздоўж дарогі сцяной стаіць густы пыл. Хведаровіч. Была другая палова кастрычніка, і ранішнія замаразкі высушылі гарадскія вуліцы. Шахавец.
2. што. Асушыць. Узяў усемагутны час усё-такі сваё: загаіў рану ў сэрцы, высушыў слёзы. Васілевіч.
3. перан.; каго. Зрабіць худым; ссушыць. Гады не высушылі і не сагнулі .. дзябёлую постаць [Шаблюка]. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАДЗЯНІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).
М.Ф.Піліпенка.
т. 3, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАСЕНЬ (назва ад расліны верас, якая цвіце ў гэтым месяцы),
бел. назва 9-га месяца каляндарнага года (30 дзён), пачатак восені на Беларусі. У Стараж. Рыме, у Расіі да канца 15 ст. — 7-ы месяц, у Расіі ў 16—17 ст. — 1-ы месяц года (гл. Каляндар). 22 або 23 верасня Сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзенства. 15 верасня працягласць дня ў Мінску 12 гадз 45 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 39,2°. Сярэднямесячная сума сонечнай радыяцыі за месяц 312 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (135 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра 10,5—13,5 °C, у канцы верасня на ПнУ бываюць першыя замаразкі ў паветры (на глебе на 1—2 тыдні раней). Прыкладна 3 разы за 10 гадоў замаразкі ў верасні адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Адносная вільготнасць паветра 78—84%, ападкаў 40—65 мм, у асобныя гады больш за 100 мм (180 мм, Жыткавічы, 1906, Слонім, 1952) або менш за 10 мм (2 мм, Брэст, 1902). У сярэднім з ападкамі бывае 12—15 дзён. У верасні капаюць бульбу, заканчваюць уборку збожжавых, аруць поле на зябліва, сцелюць лён, збіраюць садавіну і агародніну. З сярэдзіны верасня звычайна пачынаецца лістапад, у большасці раслін выспяваюць насенне і плады, ападаюць арэхі ляшчыны, жалуды дуба, арэшкі ліпы, насенне елкі звычайнай, крылатыя плодзікі клёна, граба і інш. У лясах і парках выспявае рабіна, каліна, абляпіха, на балотах — журавіны. Амаль кожны год назіраецца вяртанне цяпла — бабіна лета. Адлятаюць у вырай пералётныя птушкі, аселыя птушкі перабіраюцца бліжэй да жылля. Заканчваецца гон у капытных жывёл, ліняюць пушныя звяры, збіраюцца ў глыбокіх месцах рыбы. Зрэдку можа ўтварыцца няўстойлівае снегавое покрыва.
т. 4, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)