помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1721 на б. Рыначнай пл. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з паўпадвалам мяшанай канструкцыі: ніжні паверх мураваны, верхні — драўляны. Да плошчы дом павернуты тарцовым мураваным фасадам з фігурным шчытом, які закрывае больш вузкі паверх з 2-схільным дахам. Аконныя праёмы на гал. фасадзе размешчаны сіметрычна цэнтр. восі, падкрэсленай уваходам і балконам на 2-м паверсе. Фігурны шчыт гал. фасада вылучаны прафіляваным карнізам. Невял. праём у нішы ў завяршэнні шчыта апрацаваны дэкар. ліштвамі. Уваход на 2-і паверх з боку дваровага фасада. У 1990-я г. рэканструяваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРВЯ́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1903 у в. Гервяты (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.) з чырвонай цэглы (арх. А.Альшалоўскі). 3-нефавая 1-вежавая базіліка з трансептам у зах.ч., накрыта 2-схільным крыжовым дахам. З У да гал. нефа прыбудавана высокая 2-ярусная вежа-званіца, завершаная шпілем. Сярэдні павышаны неф з нізкімі стральчатымі вокнамі ўмацаваны контрфорсамі, паміж кожнай парай якіх размешчаны высокія спараныя стральчатыя вокны з дэкар. ружамі ў завяршэнні. Бакавыя фасады ўпрыгожаны аркатурна-зубчастым поясам, антаблемент мае фрыз са стылізаваным арнаментам у выглядзе 3-ступеньчатых зубцоў і карніз. Ідэнтычна вырашаныя алтарны фасад і тарцы трансепта маюць ярусную кампазіцыю. Гал. ўваход аформлены перспектыўным парталам, які завершаны вімпергам і ружай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХТА́Р (ад ням. Licht святло) у архітэктуры, 1) круглая або шматгранная ў сячэнні надбудова-барабан (з вял. аконнымі праёмамі) над дахам, купалам ці інш. пакрыццём.
2) Зашклёны выступ у сцяне будынка на вышыню 1, 2 і больш паверхаў; тое, што эркер.
3) Зашклёная частка дахавага пакрыцця, прызначаная для натур. верхняга асвятлення памяшканняў. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока і класіцызму.
Адыгрывалі ролю аднаго з гал. элементаў кампазіцыі ў завяршэннібельведэра, барабана, купала. Звычайна завяршаліся скульптурай, крыжам, шпілем ці інш.дэкар. формай. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца ў прамысл. і інш. збудаваннях (залах выставак, музеях, гандл. збудаваннях, будынках ВНУ) для асвятлення памяшканняў і натуральнай вентыляцыі.
А.М.Кулагін.
Ліхтар касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЦО́ВАЯ ПЛО́ШЧАў Санкт-Пецярбургу,
галоўная плошча горада, асн. звяно ў сістэме арх. ансамбляў яго цэнтра. Пачаткам фарміравання Д.п. стаў будынак Зімняга палаца (1754—62, арх. В.В.Растрэлі). У канцы 18 ст.паўд. бок плошчы рэканструяваны паводле праекта Ю.М.Фельтэна. Была намечана дугападобная форма плошчы, канчаткова замацаваная буд-вам грандыёзнага будынка Гал. штаба (1819—29, арх. К.І.Росі) з двайной праезнай аркай, у завяршэнні якой манум. калясніца. Зімні палац, арка Гал. штаба, Аляксандраўская калона надалі плошчы ўрачысты манум. характар. У 1837—43 з усх. боку Д.п. пастаўлены будынак Штаба гвардз. корпуса (арх. А.П.Брулоў). З 3 плошча раскрыта ў бок былой Адміралцейскай пл. і ўключаецца ў адзіны комплекс плошчаў цэнтра горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДАХІ́Н (італьян. baldacchino літар. шаўковая тканіна з Багдада),
багаты цырыманіяльны навес над тронам, парадным ложкам і інш. Запазычаны з усх. мастацтва 11 ст. У культавай архітэктуры — пераносны ці стацыянарны навес над алтаром, амбонам, спавядальняй, надмагіллем. Спачатку рабілі з тканіны, потым з дрэва, металу, каменю ў форме купала, вежачкі, эдыкулы, драпіровак на стоечных апорах ці кансольнай падвесцы. У завяршэнні меў скульптуру, султан (плюмаж), аздабляўся пазументам, махрамі, кутасамі і інш. У мастацтве готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму меў характэрную стылявую трактоўку (палац у Вілянаве, Польшча). На Беларусі высокімі маст. якасцямі вызначаліся балдахіны над амбонамі касцёлаў у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на, францысканскага ў Пінску, над алтаром капліцы (не збярогся) Каралеўскага палаца ў Гродне і інш.
Балдахін над алтаром капліцы Каралеўскага палаца ў Гродне. 2-я пал. 18 ст.Балдахін у каралеўскай спальні палаца ў Вілянаве (Польшча). Канец 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры эклектыкі ў Мінску. Пабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. на рагу вуліц Пецярбургскай і Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава і Міхайлаўскі зав.) як прыватны жылы дом (3-павярховы). З 1910 у ім знаходзілася прыватная жаночая гімназія Я.Рэймана (надбудаваны 4-ы паверх, зменена планіроўка). Цагляны трапецападобны ў плане 4-павярховы будынак з 2 уваходамі (першы вылучаны манум. парталам, другі просты на дваровым фасадзе). Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам і бакавымі зрэзанымі вугламі з трохвугольнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады (акрамя дваровага) насычаны дэкар. дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрыты белай тынкоўкай. Па перыметры будынка (паміж 3-м і 4-м паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАЎСКІ ПАЛА́Ц.
Існаваў з канца 18 ст. да 1940-х г. у в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1798 паводле праекта арх. Ван-Гроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з 3 рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтр. рызаліт на гал. фасадзе вылучаны дарычным порцікам з 2 парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — 3-граннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на гал. і паркавым фасадах вылучаны 4-калоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы з франтончыкамі ў завяршэнні і скульпт. ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палаца стаяў прамавугольны ў плане флігель з порцікамі на гал. фасадзе. Недалёка ад палаца размешчана Моладаўская капліца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКІЯ ЦЭ́РКВЫ,
помнікі архітэктуры 19 ст. ў Магілёве. Комплекс складаецца з 2 цагляных будынкаў. Першы ўзведзены ў 17 ст. як жылы дом, у 19 ст. перабудаваны пад царкву (у л-ры вядомы як Барысаглебская, на самай справе наз. Крыжаўзвіжанская). Першапачаткова — 1-павярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на 2 рознавялікія памяшканні. У 19 ст. палавіна ўсх. сцяны перароблена ў 3-гранную апсіду, да зах. сцяны прыбудавана 2-ярусная званіца з шатровым дахам і цыбулепадобнай галоўкай. На вільчыку ўзведзены гал. драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова надала будынку рысы псеўдарус. стылю. Другая царква пабудавана ў 1869. 6-стаўповы 3-нефавы крыжова-купальны храм. У арх.-стылявой трактоўцы спалучаны рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асн. аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства 17 ст. (5-купалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Закладзены ў 1617 (паводле інш. звестак у 1637 ці 1638). Рэканструяваны ў 1746—50 арх. І.К.Глаўбіцам (перайначаны форма даху, дэкор гал. фасада і інтэр’ера, завяршэнні 3-ярусных вежаў) і часткова ў 1887. Касцёл — мураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 2-вежавым фасадам і 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пд прылягае кляштар — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам (у інтэр’еры захавалася размалёўка 19 ст.). Кляштар скасаваны ў 1832. Сцены касцёла атынкаваны, аздоблены пілястрамі. У інтэр’еры багатае аздабленне лепкай і фрэскамі (сярэдзіна 18 ст.). Захавалася каля 20 кампазіцый, у т. л. партрэт фундатара, сюжэты на гіст. тэматыку, панарама камяніц тагачаснага Мсціслава. Каля касцёла цагляная брама ў выглядзе рознавял. паўцыркульных арак. Па баках брамы ўзвышаюцца невял. пінаклі.