ДЖА́ЕВЕР ((Giaever) Айвар) (н. 5.4.1929, г. Берген, Нарвегія),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Нарвежскі тэхнал.ін-т (1952). З 1956 у ЗША. Працаваў у кампаніі «Джэнерал электрык», Кембрыджскім ун-це. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і паўправаднікоў, біяфізіцы. Сканструяваў звышправодны тунэльны дыёд (1960), выявіў нестацыянарны эфект Джозефсана. Нобелеўская прэмія 1973 (разам з Б.Джозефсанам і Л.Эсакі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭ́КТАРНЫ РАДЫЁПРЫЁМНІК,
найпрасцейшы радыёпрыёмнік, у якім прынятыя сігналы радыёстанцый не ўзмацняюцца, а толькі дэтэктыруюцца (гл.Дэтэктыраванне). Прыняты сігнал вылучаецца ў вагальным контуры Д.р., пераўтвараецца дэтэктарам у эл. ваганні гукавых частот, якія праслухоўваюцца ў тэлеф. навушніках. У Д.р. адсутнічае ўласная крыніца энергіі і ўсе працэсы ў ім адбываюцца за кошт энергіі прынятых сігналаў. Выкарыстоўваецца для прыёму перадач магутных радыёстанцый, а таксама ў навуч. мэтах.
Схема дэтэктарнага радыёпрыёмніка: A — антэна; LC — вагальны контур; D — дыёд; C — блакіровачны кандэнсатар; Т — галаўны тэлефон; З — зазямленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРА́МНІК ТО́КУ,
прыстасаванне для ператварэння пераменнага току (адна- або трохфазнага) у пастаянны ток. Складаецца з уласна выпрамніка (блока эл.вентыляў), трансфарматара (пры неабходнасці змяніць напружанне эл. сеткі да патрэбнай велічыні) і эл.фільтра (згладжвае пульсацыю выпрамленага напружання). Выпрамнікі току бываюць: электракантактныя, электравакуумныя (кенатронныя; гл.Кенатрон), газаразрадныя (гл.Газатрон, Ігнітрон, Тыратрон, Эксітрон) і паўправадніковыя (гл. ў арт.Паўправадніковыя прылады), адно- і двухпаўперыядныя, маставыя і з нулявым вывадам; адна-, трох- і мнагафазныя; рэгулёўныя і нерэгулёўныя.
Прасцейшыя аднапаўперыядныя аднафазныя выпрамнікі току маюць адзін вентыль, які прапускае пераменны ток толькі ў адным напрамку; выкарыстоўваюцца ў маламагутных (напр., бытавых) прыладах. Лепш згладжваюць пульсацыю напружання двухпаўперыядныя аднафазавыя выпрамнікі току, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў прыстасаваннях са спажыванай магутнасцю да некалькіх кілават (радыёапаратура, прылады аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш.), часам — для сілкавання магутных (да 1000 кВт) прыстасаванняў (напр., цягавых рухавікоў электравозаў). Двухпаўперыядныя трохфазавыя выпрамнікі току выкарыстоўваюцца ў магутных устаноўках прадпрыемстваў электраметалургіі, электрахіміі і інш. Мнагафазныя выпрамнікі току атрымліваюць павелічэннем ліку другасных абмотак трансфарматара і пэўным іх злучэннем, яны значна зніжаюць пульсацыю выходнага напружання.
У.М.Сацута.
Схемы нерэгулёўных выпрамнікоў току на паўправадніковых дыёдах: 1 — аднафазнага аднапаўперыяднага; 2 — трохфазнага маставога; Д — дыёд.Схемы рэгулёўных выпрамнікоў току: 1 — на тырыстарах; 2 — на транзістарах і паўправадніковых дыёдах; Т — тырыстар; Д — дыёд; Тр — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА ЭФЕ́КТ,
генерацыя высокачастотных ваганняў эл. току ў паўправадніковых прыладах з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай. Назіраецца ў паўправадніках, зона праводнасці якіх мае некалькі далін (гл.Зонная тэорыя): рухомасць электронаў у верхніх далінах значна меншая, чым у ніжняй. У моцных палях частка электронаў пераходзіць з ніжняй даліны ў верхнія і электраправоднасць змяншаецца. Ваганні току маюць выгляд серыі імпульсаў з частатой паўтарэння, адваротна прапарцыянальнай прыкладзенаму напружанню і даўжыні ўзору паўправадніка. Выяўлены амер. фізікам Дж.Ганам (1963) у крышталях арсеніду галію і фарсіду індыю. Выкарыстоўваецца ў схемах генератараў і ўзмацняльнікаў звышвысокай частаты (гл.Гана дыёд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬТАМПЕ́РНАЯ ХАРАКТАРЫ́СТЫКА (ВАХ),
залежнасць падзення напружання на элеменце эл. ланцуга ад сілы току, што працякае праз яго (або залежнасць сілы току праз элемент ланцуга ад прыкладзенага напружання). Калі супраціўленне элемента не залежыць ад току, то ВАХ — прамая лінія, якая праходзіць праз пачатак каардынат. ВАХ нелінейных элементаў (эл.-вакуумныя, газаразрадныя і цвердацелыя прылады) маюць нелінейныя ўчасткі і розную форму. Гл. таксама Адмоўнае супраціўленне.
Тыповая вольтамперная характарыстыка паўправадніковага дыёда з p—n-пераходам: U — напружанне на дыёдзе; I — ток праз дыёд; U* і I* — найбольшае дазволенае адваротнае напружанне і адпаведны адваротны ток; Uст — напружанне стабілізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНАТРО́Н [ад грэч. kenos пусты + (элек)трон],
электравакуумны дыёд для выпрамлення пераменнага току пераважна прамысл. частаты. Вынайдзены ў 1905 англ. вучоным Дж.А.Флемінгам.
К. мае аксідны або карбідаваны катод (прамога ці ўскоснага напальвання) і чэрнены ці маціраваны рабрысты анод. Высакавольтныя К. (напружанне на анодзе да 100 кВ, сіла току да 500 мА) выкарыстоўваюцца ў выпрамніках радыёпрыёмнай і вымяральнай апаратуры, рэнтгенаўскіх устаноўках і інш.; нізкавольтныя (напружанне да 2 кВ, сіла току да некалькіх ампер) выцеснены выпрамнымі паўправадніковымі дыёдамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА ЭЛЕКТРО́ННАЯ,
электравакуумная прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на кіраванні электронным патокам у вакууме з дапамогай эл. поля. Прызначана для генерацыі, узмацнення, дэтэкціравання і інш. пераўтварэнняў эл.-магн. ваганняў. Выкарыстоўваецца ў прыёмна-перадавальнай радыёапаратуры, прыладах аўтаматыкі і тэлемеханікі, эксперым. фізікі, вымяральнай тэхнікі і інш.
Усе электроды змяшчаюцца ў вакуумаваны балон і ў залежнасці ад іх колькасці Л.э. падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды і інш. У адным балоне могуць манціравацца розныя камбінацыі адзінарных лямпаў (напр., падвойныя дыёды, дыёд-трыёды, трыёд-пентоды). Бываюць з прамым ці ўскосным падаграваннем катода; паводле канструкцыі адрозніваюць шкляныя лямпы з цокалем і без яго (пальчыкавыя), металічныя, металашкляныя і металакерамічныя; буйнагабарытныя, мініяцюрныя, звышмініяцюрныя, маячковыя, алоўкавыя; паводле выхадной магутнасці — прыёмна-ўзмацняльныя (да 10 Вт) і генератарныя (да некалькіх МВт); для ўзмацнення і генерацыі ваганняў у ЗВЧ-дыяпазоне выкарыстоўваюцца лямпы звышвысокачастотныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭ́КТАР (ад лац. detector адкрывальнік) у радыётэхніцы, прылада для дэтэктыравання высокачастотных эл. ваганняў. Адрозніваюць амплітудныя, частотныя і фазавыя Д. Выкарыстоўваюцца ў вяшчальных, сувязных і тэлевізійных радыёпрыёмніках, вымяральных прыладах і інш. для вылучэння мадулюючых частот, якія нясуць інфармацыю.
Амплітудны Д. мае актыўны элемент (лямпавы або паўправадніковы дыёд) і фільтр ніжніх частот. Нізкачастотнае напружанне, што вылучаецца на выхадзе фільтра, адпавядае закону мадуляцыі. Амплітуднае дэтэктыраванне магчыма таксама ажыццявіць лінейным змяненнем (у часе) праводнасці электроннай прылады ў такі з нясучай частатой ваганняў (сінхронны Д.). У частотных і фазавых Д. частотна- і фазава-мадуляваныя ваганні спачатку пераўтвараюцца ў амплітудна-мадуляваныя, якія потым дэтэктыруюцца амплітудным дэтэктарам. Гл.таксама Дыскрымінатар.
А.П.Ткачэнка.
Схемы дэтэктара: а — паралельнага амплітуднага; б — балансавага фазавага; LKCK — вагальны контур; R, C — нагрузка дэтэктара; D, D1, D2 — дыёды; RфCф — фільтр ніжніх частот; Uувх, Uвых — уваходнае і выхадное напружанне; Tp — трансфарматар; E — крыніца апорных ваганняў.