МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,

прылады, з дапамогай якіх здабываюцца акрэсленыя (або недакладна акрэсленыя) па вышыні і рытмічна арганізаваныя (або неарганізаваныя) гукі, паслядоўнасці гукаў, а таксама шумы. Абавязковыя элементы М.і. — вібратар, ці крыніца гуку (струна, мембрана, слуп паветра), і генератар, што пабуджае вібратар да вагання (смычок, сістэма малаточкаў і інш.). Многія М.і. маюць і ампліфікатар для ўзмацнення ваганняў (рэзанансавыя корпус, дошка) з мэтай атрымання гукаў большай сілы. Кожнаму М.і. ўласцівы пэўны гукавы дыяпазон, комплекс тэмбрава-рэгістравых, дынамічных, выразных і тэхніка-выканальніцкіх магчымасцей. Якасць гучання залежыць ад матэрыялаў, з якіх яны зроблены, і нададзенай ім формы, можа мяняцца пры дапамозе дадатковых прыстасаванняў (напр., сурдзіны) і розных прыёмаў гуказдабывання.

М.і. выконваюць разнастайныя грамадскія (ад прыкладной да ўласна эстэтычнай) і маст. функцыі (М.і. сольныя і ансамблевыя, меладычныя і рытмічныя і інш). Падзяляюцца на нар. і прафесійныя. Іх развіццё непасрэдна звязана з развіццём грамадства, яго культуры, муз. мастацтва, выканальніцтва і тэхнікі вырабу. Паводле прынятай у сучасным інструментазнаўстве класіфікацыі Э.М. фон Хорнбастэля — К.​Закса (прапанавана ў 1914), якая ўлічвае 2 вызначальныя прыметы — крыніцу гуку і спосаб яго здабывання, М.і. ўтвараюць 4 групы: ідыяфоны (самагучальныя), мембранафоны (мембранавыя), аэрафоны (духавыя) і хардафоны (струнныя); у 20 ст. і электрафоны (электрамузычныя інструменты). Крыніца гуку ў ідыяфонах — матэрыял, з якога зроблены інструмент або яго гучальная дэталь, у мембранафонах — нацягнутая перапонка (найчасцей са скуры жывёлы), у аэрафонах — заключаны ў трубцы слуп паветра, у хардафонах — нацягнутая струна. Залежна ад спосабу гуказдабывання ідыяфоны бываюць ударныя, саўдаральныя, патрэсвальныя, скрабковыя, шчыпковыя, аэрафоны — свабодныя, флейтавыя, язычковыя, амбушурныя; хардафоны — шчыпковыя, смычковыя, ударныя і фрыкцыйныя Улічваюць і канструкцыйныя асаблівасці (вядомы флейты адзіночныя падоўжныя — адкрытыя і закрытыя, парныя).

Нар. М.і. беларусаў вызначаюцца разнастайнасцю тыпаў і іх лакальных разнавіднасцей. Група ідыяфонаў уключае талеркі, лыжкі, вугольнік, трашчотку, калотку, брусочкі, звон, бразготкі, званок, шархуны, кляшчоткі, драбінку, шмыгала, рагульку; у мінулым былі яшчэ варган і біла (калатушка); група мембранафонаў — бубен, барабан і грэбень (мірлітон); група аэрафонаў: свабодныя аэрафоны — лісты дрэў і травы, карынка, берасцянка, пуга, дудка шчылінная, гармонік і яго разнавіднасці — баян і акардэон; флейтавыя — свісцёлка, акарына, дудка, салавейка, парныя дудкі (раней, верагодна, і шматствольныя); язычковыя — жалейка, кларнет, дуда, дудачка з падвойным язычком; амбушурныя — рог і труба; група хардафонаў: смыкавыя — скрыпка, басэтля, ліра колавая, шчыпковабрынкальныя — балалайка, мандаліна, гітара, раней і цытра; ударныя — цымбалы. Паводле спосабу вырабу бел. нар. М.і. падзяляюцца на спецыяльна вырабленыя і прыстасаваныя для гукаўтварэння прадметы навакольнай прыроды і побыту. Вырабляюць М.і. музыканты-выканаўцы і муз. майстры-прафесіяналы. У 2-й пал. 20 ст. ў нар. муз. побыце ўсё часцей выкарыстоўваюць інструменты фабрычнай вытв-сці (скрыпка, цымбалы, гармонік, баян, кларнет; гл. Музычных інструментаў вытворчасць). Спрадвеку нар. М.і. звязаны з традыц. каляндарна-земляробчымі і сямейнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам, рознымі святамі. У вясковай практыцы М.і. выкарыстоўваюць як сольныя і ансамблевыя (гл. Народныя інструментальныя ансамблі). Амаль усе прафес. М.і. паявіліся ў выніку ўдасканалення народных. Да прафесійных адносяцца інструменты сімф. (опернага), духавога і эстр. аркестраў, а таксама электра- і мех. інструменты, сінтэзатары, камп’ютэры і інш. Гл. таксама Аркестр, Інструментоўка, Партытура.

Літ.:

Закс К. Современные оркестровые музыкальные инструменты: Пер. с нем. М., 1932;

Чулаки М.И. Инструменты симфонического оркесгра. 4 изд. М., 1983;

Вертков К., Благодатов Г., Язовицкая Э. Атлас музыкальных инструментов народов СССР. 2 изд. М., 1975;

Назіна І.Д. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997;

Sachs K. The History of musical Instruments. New York, 1940.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

глядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Накіроўваць позірк куды‑н., звычайна, каб убачыць, разгледзець каго‑, што‑н. Глядзець угору. Глядзець на дзяцей. Глядзець на мора. □ Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. Сеўшы ў кутку на канапе, [Алесь] паныла глядзеў, як Ганна Сцяпанаўна збірае Ніну ў дарогу. Шыцік. // Пра магчымасць, здольнасць (вачэй) бачыць, заўважаць каго‑, што‑н. Са сну вочы не глядзяць. // Быць накіраваным на каго‑, што‑н. (пра вочы). Вялікія светлыя вочы Марылькі глядзяць задуменна. Брыль. // Назіраць за кім‑, чым‑н. пры дапамозе аптычных прылад. Глядзець у мікраскоп. Глядзець у бінокль. // перан. Звяртацца ў думках да каго‑, чаго‑н. — Гэта ўжо іншага характару чалавек — завельмі далёка наперад глядзіць. Пянкрат. Чалавек прывык глядзець уперад, і чаканне добрага змяншае пакуты перажытага, яны застаюцца толькі цяжкім успамінам. Ставер. // перан.; на каго-што. Звяртаць увагу, лічыцца з кім‑, чым‑н. Глядзець на абставіны. □ Дзяўчынка такі згатавала абед, а Каця глядзець на яго не хоча. Гамолка. // перан.; на каго-што. Браць прыклад з каго‑н., пераймаць чые‑н. учынкі, паводзіны. Глядзі, як людзі робяць. // перан.; на каго-што. Мець свой погляд на каго‑, што‑н., адносіцца якім‑н. чынам да каго‑, чаго‑н. — Тата, я хачу паступіць у семінарыю, — сказаў аднойчы Зміцер. — Як ты на гэта глядзіш? С. Александровіч.

2. каго-што, каго-чаго, за кім-чым і са злучн. «каб». Разм. Даглядаць каго‑, што‑н., наглядаць за кім‑, чым‑н. Глядзець дзяцей. Глядзець, каб быў парадак. □ А на рэчцы на Арэсе Тэмп узяты шпаркі: Камунары, камунаркі Глядзяць гаспадаркі. Купала. Маці глядзела Сержа, старалася не патураць усім яго капрызам. Чорны. // Удзяляць многа ўвагі каму‑, чаму‑н., шанаваць каго‑, што‑н. Дужа глядзела сябе [Лукер’я]. Едзе на поле, палоць там ці жаць, — на ёй кофта вышываная, а на галаве хусцінка макаўкай... Ракітны.

3. каго-што. Разм. Аглядаць, разглядаць. Глядзець новую школу. □ Часта выходзіў «Салавей» з Зось[чы]най хаты на двор. Рупіла глядзець-сачыць, ці хто за ім не гоніцца. Бядуля. // Рабіць агляд, абследаванне каго‑, чаго‑н. Доктар глядзеў хворага. □ Ні Валодзька, ні дзед Дзяніс яшчэ не ведалі пра бяду: абодва былі ў полі, глядзелі пчаліныя калоды перад зімою. Мележ. // Быць гледачом. Любяць у Грынях кіно — будуць па колькі разоў глядзець. Пташнікаў. [Марынка] паведамляла пра навіны ў Мінску, пра сваю вучобу, пра спектаклі, якія глядзела, пра кнігі, якія чытала. Хадкевіч.

4. на каго-што, куды. Быць накіраваным у які‑н. бок. Досыць высокі, сухі.. [бераг] глядзеў на поўдзень і непасрэдна награваўся праменнямі сонца. Маўр. Па дарогах з-за кожнага дрэва і куста на .. [белапалякаў] глядзелі дулы партызанскіх вінтовак і рэвальвераў. Якімовіч.

5. Віднецца, паказвацца адкуль‑н. — Ну, проша ў хату! проша, кумка! — Глядзіць бутэлька з яе клумка. Колас. Маці над сынам схілілася нізка, Гора глядзіць з яе кожнае рыскі. Панчанка.

6. перан. Разм. Мець нейкі выгляд; выглядаць. Глядзяць сіратою лугі, Пажоўклі, аселі стагі, Да долу прыпалі. Колас.

7. са злучн. «каб». Разм. Імкнуцца, намагацца зрабіць што‑н. Багаты — рагаты: усё глядзіць, каб каго збіць. Прыказка.

8. заг. глядзі́(це)! у знач. выкл. Выражае: а) папярэджанне, перасцярогу або пагрозу. Прыносіць бабуля Івану заказ на чаравікі і задатак: — Толькі глядзі, каб не падвёў мяне! Якімовіч; б) здзіўленне, спалох. — Глядзіце, што нарабіла ваша Дудачка! — [Маці] паказала новы бацькаў касцюм. У ім усе гузікі вавёрка паадгрызала. Даніленка; в) ужываецца як знак спасылкі ў тэксце. Глядзі наступную старонку.

9. заг. глядзі́, 2 ас. адз. цяп. глядзі́ш у знач. пабочн. Разм. Між тым, тым часам. Час ідзе, глядзіш, і замуж дачку аддаваць пара... Васілевіч. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў дасталі [бацька з Міколкам]. Лынькоў.

10. 1 ас. цяп. гляджу́ (глядзі́м) у знач. пабочн. Разм. Як выяўляецца. Глядзім, ён ужо тут.

•••

Воўкам глядзець (пазіраць) — таіць злосць на каго‑н.

Глядзець арлом — выглядаць бадзёра, жыццярадасна.

Глядзець ваўкалакам — тое, што і воўкам глядзець.

Глядзець ва ўсе вочы — уважліва, пільна глядзець.

Глядзець вачамі каго або чыімі — адносіцца да каго‑, чаго‑н. з чужых пазіцый.

Глядзець другімі (іншымі) вачамі на каго-што — інакш адносіцца да каго‑, чаго‑н., ацэньваць з іншага пункту погляду.

Глядзець з рук каго або чыіх — не мець самастойнасці, быць у матэрыяльнай залежнасці ад каго‑н.

Глядзець на паповы сані — быць пры смерці.

Глядзець на рэчы як — ацэньваць, адносіцца да чаго‑н. пэўным чынам.

Глядзець нядобрым (крывым, косым) вокам — злаваць на каго‑, што‑н.

Глядзець (пазіраць) зверам — злаваць, варожа адносіцца да каго‑н.

Глядзець (пазіраць) коса (скоса) на каго — злаваць, нядобразычліва адносіцца да каго‑, чаго‑н.

Глядзець (пазіраць) у кусты — старацца ўвільнуць ад якой‑н. справы, адказнасці і пад.

Глядзець (пазіраць) у лес — не ўпадабаўшы месца работы, жыцця, старацца пакінуць яго.

Глядзець праз ружовыя акуляры на каго-што — не заўважаць недахопаў у кім‑, чым‑н., ідэалізаваць каго‑, што‑н.

Глядзець прама ў вочы — не баяцца, не саромецца чаго‑н.

Глядзець праўдзе ў вочы — цвяроза ўсё ацэньваць, трымацца праўды.

Глядзець са сваёй званіцы на каго-што — аднабакова, па-свойму ацэньваць што‑н.

Глядзець праз пальцы на каго-што — несур’ёзна, абыякава ставіцца да каго‑, чаго‑н., наўмысля не надаваць сур’ёзнай увагі каму‑, чаму‑н.

Глядзець смерці ў вочы — быць у вялікай небяспецы, блізка да смерці.

Глядзець у зубы каму — цацкацца, цырымоніцца з кім‑н.

Глядзець у корань — унікаць у сутнасць якой‑н. справы.

Глядзець у магілу (у зямлю) — пра старога або хворага чалавека, блізкага да смерці.

Глядзець у рот — зайздросна глядзець на таго, хто есць.

Глядзець у чарку — часта выпіваць.

Глядзець як вока — старацца аберагаць каго‑, што‑н.

Зверху ўніз глядзець (пазіраць) на каго — адносіцца, ставіцца да каго‑н. з пагардай.

І ў той бок не глядзець — поўнасцю ігнараваць, не прызнаваць каго‑, чаго‑н.

Куды вочы глядзяць гл. вока.

На свет глядзець не хочацца — пра дрэнны настрой, цяжкае прадчуванне.

Не глядзець ні вока ні бока — рабіць што‑н. не асцерагаючыся.

Не ў той бок глядзець (пазіраць) — рабіць не тое, што трэба.

Няма на што глядзець — хто‑, што‑н. выглядае нікчэмна, выклікае пачуццё расчаравання, здзіўлення.

Як у ваду глядзеў — быццам загадзя ведаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)