трапяткі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які пастаянна варушыцца, дрыжыць; дрыгатлівы. Трапяткая асіна. □ Бяроза лісцем трапяткім Мне не ківае пад акном. Астрэйка. Самастойнае жыццё пачыналася на голым месцы, пад трапяткім дахам палаткі, пры святле зыркага кастра, у нялёгкай рабоце. Грахоўскі. Лёгкі ветрык пасеяў з поўдня, скалыхнуў трапяткое лісце, і зашумела яно ціхімі галасамі, зліваючыся са звонам хвалі. Шахавец. // Які гойдаецца, трапеча (пра хвалі, ваду і пад.). На трапяткой плыні ракі, да самага Аксенімага ганка, месяц высцілаў роўную малочную дарожку. Ракітны. // Мігатлівы, няроўны (пра полымя, святло). Падсвечнік стаяў на слупку ля печы, таму кволае трапяткое святло амаль што раўнамерна расплывалася па ўсёй хаце. Кулакоўскі. Агонь з печы кідаў на .. твар [маці] трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. / Пра зоркі. Месяц-маладзік яшчэ не ўзыходзіў, і цёмнае неба, усеянае безліччу трапяткіх зорак, здавалася бяздонна глыбокім. Сіўцоў. На спакойнай сіні нябёсаў загарэліся першыя трапяткія зоркі. Бяганская. // Які бесперапынна ўздрыгвае, рухаецца. [Мятлік] быў блізка ўжо зусім, .. [Стэфка] бачыла нават сінія крайчыкі яго трапяткіх крыльцаў. Савіцкі. // Які ўзмоцнена, часта пульсуе, б’ецца (пра сэрца); часты, напружаны (пра дыханне, пульс і пад.). Не ведаў Стась, што мама ішла ўслед за ім і з трапяткім сэрцам сачыла за кожным яго самастойным крокам. Гарбук. З трапяткім сэрцам .. [Барташэвіч] падышоў да генеральскай брамкі. Карпюк. // Перарывісты, няроўны, дрыжачы (пра голас, гук). — Саша! Саша! — крычаў над ім Юткевіч трапяткім устурбаваным і разам з тым радасным шэптам. — Мы выратаваны, Саша. Мікуліч.

2. Ахоплены моцным хваляваннем пад уздзеяннем якога‑н. пачуцця; усхваляваны. А я нёс .. [Мальвіну], лёгкую і трапяткую, жадаючы аднаго: каб гэта канава цягнулася да самай вёскі... Сачанка. А .. [Вера], гнуткая і трапяткая, уздрыгнула ўсім целам, рукамі абвіла .. шыю [Смірына]. Алешка. Пятро Гаўрылавіч строга нахмурыўся — і .. [Міхаліна] змоўкла, трапяткая, узбуджаная, спалоханая, што знікае апошняя надзея. Шамякін. // Які выражае хваляванне. Хацелася [Івану] растварыцца, знікнуць у трапяткіх абдымках [дзяўчыны], сплыць у вечнасць з патокам, увабраць з зямлі ўсю яе моц і самому стаць зямною магутнасцю — шчодрай, ціхай, пяшчотнай. Быкаў. Потым моцна сціснуў [Артур] пад сталом .. трапяткую гарачую руку [Іны]. Ваданосаў. // Поўны душэўнага хвалявання. Мірыцца з палонам дубовым не хочуць Палкі навальнічныя слоў. Патрэбны ім шчырыя сэрцы і вочы, Людзей трапяткая любоў. Панчанка. З пачуццём трапяткім, нібы ўслед за юнацтвам сваім, Крок у крок я за імі [камсамольцамі] ішоў, падпяваючы ім. Куляшоў. // перан. Прасякнуты шчырасцю, сардэчнасцю. Каб соль не страціла Ўласцівую ёй солкасць, А песня — гукаў трапяткіх і кволых, .. На свеце існуе Мастацтва. Дзяргай. [Захар Крымянец] хадзіў і думаў: «Дзе ж вы, людзі, пераступаўшыя праз гэты парог? Дзе ты, чалавеча, чыя рука вывела гэтыя трапяткія словы: «Памру, але не здамся ненавіснікам чалавечага роду!» Лынькоў.

3. Разм. Жвавы, бадзёры, рухавы. Анікея ў вёсцы ўсур’ёз не прымаў ніхто. Быў ён вераб’інага росту, трапяткі, непаседлівы. Навуменка. / Пра птушак, жывёл і пад. Купаюцца ў прасторах блакітнага неба, спяваючы радасную песню жыцця, трапяткія жаваранкі. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́ць, схаплю, схопіш, схопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, злавіць хуткім, рэзкім рухам рук, зубоў і пад. Воўк схапіў авечку. □ Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі. Колас. Боязна было зварухнуцца, думалася — гаспадар здагадаецца, што я там схаваўся, схопіць за каўнер і пачне лупцаваць. Бажко. [Вася] схапіў са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу і без шапкі кінуўся на двор. Пальчэўскі. // Захапіць, злавіць як здабычу. — Унадзіўся падлюка-каршун лятаць, — паскардзіўся .. [дзед] бабцы Вікці. — Сёння зноў маладога пеўніка схапіў. Даніленка. / Пра дзеянне ветру, вады. А потым схопіць [вецер] снег шурпаты і сцебане ў шыбы ім. Свірка.

2. Сілай затрымаць каго‑н., не даючы пайсці, уцячы. Хлапчыну схапілі, выкруцілі назад рукі і адабралі гуркі. Карпаў. Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. .. Павялі ў склеп. Лынькоў. // Разм. Арыштаваць. — Сяргея схапілі, — дрыжачы ад узбуджэння, паведаміў [Лобік] як навіну. Навуменка. [Кірыл Іванавіч] яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з падпальшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці. Казлоў.

3. перан. Разм. Атрымаць, здабыць. Курорт яму [Мацею] падай, кватэру без чаргі, І прэмію схапіць не траціць ён надзею... Корбан. [Мікіта Мінавіч:] — А за ашуканства старога чалавека ты [Вара] ў мяне яшчэ спагнанне схопіш. Кулакоўскі. Але не заўсёды Лукашу шанцавала схапіць што. Бывалі дні, што, акрамя шчаўя, нічога больш не пападалася пад рукі. Лобан. Усе дзяўчаты вешаліся па яго [Сымона]. От і схапіла Аўдоцця шчасце. Чарнышэвіч. // Атрымаць дрэнную адзнаку на ўроку, экзамене. Схапіць двойку. // Нахапаць, узяць адкуль‑н., пераняць. [Астапчык:] — Пачопка кажа, што Павалковіч вялікі майстар кампіляцыі. Спіша, схопіць адтуль-адсюль, скампілюе і выдае за сваё. Машара.

4. Разм. Набыць, атрымаць, падчапіць (якую‑н. хваробу). [Ліда:] — Загадай .. [мужу] змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх. Шамякін. — Яшчэ чаго не хапала! — фыркнула маці: — Схопіш якую-небудзь заразу і памрэш дачасна... Гарбук.

5. Разм. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго‑н. (пра прыступ хваробы, болю). Памятаю, у той дзень бацьку нездаровілася — схапіў жывот. Дамашэвіч. На хвіліну якую Юрка ўспамінае, як яго схапілі былі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай... Пташнікаў. / у безас. ужыв. Жывот схапіла. // Ахапіць раптоўна, адолець (пра пачуцці, стан і пад.). Дзядзьку схапіла злосць.

6. перан. Разм. Хутка ўспрыняць, зразумець, засвоіць. Схапіць думку субяседніка. □ Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў. Ты хочаш розумам схапіць, пра што зара з гарой гаворыць. Дубоўка. // Улавіць зрокам, слыхам. Часам Пятро схопіць вокам, непрыкметна ледзь павярнуўшы галаву, і кожны раз пазнае яе, Таццяну — у белым, вясельным убраны... Пестрак. Схопіць вачамі пачатак якога сказа, і ў думках самі сабой, як у той кінакарціне, адзін за адным мігцяць вабныя малюнкі. Шынклер.

7. перан. Разм. Прыкмеціўшы, раскрыць, адлюстраваць (звычайна ў творах мастацтва). На малюнку хлапчук даволі правільна схапіў прапорцыі. Асіпенка. Слова паэта імкнецца схапіць перажыванне ў момант яго працякання. Клышка.

8. Умела звязаць, абвязаць чым‑н. Схапіць валасы стужкай.

9. Спец. Змацаваць, злучыць. Схапіць бярвёны скрэпамі.

10. Спец. і разм. Застываючы, зацвердзяваючы, змацаваць, злучыць (пра якія‑н. рэчывы і пад.). Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. // безас. Зацвярдзець, застыць (пра якое‑н. рэчыва). Бетон хутка схапіла. // Разм. Замарозіць. Лёд схапіў раку. / у безас. ужыв. Лужыны схапіла лёгкім марозікам.

11. (звычайна з адмоўем «не»). Разм. Паспець зрабіць што‑н. [Ульяна:] — А я, думаю, перабяру, а то калі будзем сеяць, дык потым усё не схопіш. Гаўрылкін. Была нядзеля. Праўда — як на заказ, і ўся вёска вываліла за Марозаву лазу схапіць і скласці ў стагі сваё сухенькае, як порах, сена. Ракітны. // Хутка арганізаваць, зрабіць што‑н. Схапіць таксі і паехаць.

•••

Схапіць бізуна — атрымаць лупцоўку.

Схапіць за руку — злавіць на гарачым учынку, на месцы злачынства.

Схапіць у абдымкі — абняць.

Трасцу схапіць — не атрымаць нічога.

Як вока схопіць гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)