ВЫСО́КІ ДРУК,

спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца на паперу або інш. матэрыял друкавальнымі элементамі друкарскай формы, размешчанымі вышэй заглыбленых прабельных. Выкарыстоўваецца для друкавання кніг, газет, шматфарбавых рэпрадукцый і інш. Адрозніваецца выразнасцю і рэзкасцю выявы, каляровай насычанасцю яе элементаў.

Высокі друк — самы даўні спосаб друкавання, яго вытокі — у культуры Карэі, Кітая, Японіі (8 ст.). Першыя друкарскія формы рабілі з гладкіх дошак, у якіх выразалі паглыбленні (прабельныя элементы), а некранутыя месцы стваралі выяву. Такія формы часам выкарыстоўваюць і цяпер у мастацкай рэпрадукцыі (гл., напр., Гравюра). З развіццём кнігадрукавання формы сталі састаўныя (з асобных літар і знакаў). Сучасныя тэкставыя формы высокага друку набіраюць на фотанаборных (часам на літара- і радкаадліўных) наборных машынах, а ілюстрацыі друкуюць з клішэ. У працэсе друкавання на друкарскіх машынах фарба спец. валікам наносіцца на элементы формы, якія выступаюць, затым форма паслядоўна прыціскаецца да паперы і пакідае на ёй адбітак. Высокі друк саступае месца (як і глыбокі друк) больш прагрэсіўным тэхналогіям (афсетны друк, камп’ютэрныя сістэмы).

Літ.:

Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства: (Основы полиграфии). Ч. 2. Печатное и брошюровочно-переплетное производство. М., 1982.

Схема формы і адбітку высокага друку: а — форма з прабельнымі (1) і друкавальнымі (2) участкамі; б — форма з нанесенай фарбай (4) і прыціснутай паперай (3); в — папера з адбіткам фарбы.

т. 4, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

літагра́фскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да літаграфіі, прызначаны для яе. Літаграфскі спосаб друкавання. Літаграфскі станок. Літаграфскі камень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фотагравю́ра, ‑ы, ж.

Рэпрадукцыя карціны ці фотаздымка, атрыманая шляхам друкавання з металічнай або пластмасавай пласцінкі, апрацаванай фотахімічным спосабам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

...тыпія, ‑і, ж.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь іх з працэсамі друкавання, паліграфіі, напрыклад: фотатыпія.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Па́трыца, ст.-бел. патрица ’кляймо на дрэве’ (1586 г.) запазычана са ст.-польск. patryca ’тс’, якое з ням. Patrize ’патрыца, рэльефная, выпуклая форма для друкавання’ (Булыка, Лекс. запазыч., 93).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БІ ШЭН,

кітайскі вынаходца рухомага шрыфту (11 ст.). У 1041—48 праводзіў доследы друкавання з формы, у якой замацоўваліся шрыфтавыя элементы (іерогліфы), зробленыя з абпаленай гліны. Друкаванне тэксту адбывалася пасля нанясення на літары тушы.

т. 3, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

афсе́т, ‑у, М ‑сеце, м.

Спосаб друкавання, пры якім фарба перадаецца з друкарскай формы на гумавую паверхню, а з яе на паперу.

[Англ. offset.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блінтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Рабіць цісненне на кніжных вокладках з мэтай іх афармлення або падрыхтоўкі іх паверхні для друкавання фарбай ці фольгай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПІ́ШУЧАЯ МАШЫ́НКА, друкавальная машынка,

прылада для друкавання тэкставых, таблічных і лічбавых матэрыялаў паслядоўным нанясеннем на паперу адбіткаў літар, лічбаў і інш. знакаў.

Сканструявана К.​Шолсам (ЗША) у 1867. У Расіі арыгінальную мадэль П.м. прапанаваў М.​І.​Алісаў у 1870. Падзяляюцца на канцылярскія (стандартныя), спецыяльныя (для друкавання нот, рэльефных знакаў азбукі Брайля для сляпых, стэнаграфічныя і інш.). Бываюць з ручным і эл. прыводам. Друкаванне праводзіцца пры дапамозе клавіятуры з 42—46 клавішаў, якія маюць 2 друкарскія знакі (вялікая і малая літары) на кожным рычагу. Эл. П.м. выкарыстоўваюцца таксама для ўводу і вываду алфавітна-лічбавай інфармацыі ў ЭВМ (гл. Друкавальная прылада).

Пішучая машынка. Схема рычажнага друкавальнага механізма: 1 — клавішны рычаг; 2 — рычажная перадача; 3 — літарны рычаг; 4 — папераапорны валік; 5 — папера; 6 — фарбавальная стужка.

т. 12, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

надрукава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

1. Змясціць свае творы ў друку. Надрукавацца ў часопісе.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Атрымацца ў выніку друкавання. Малюнак добра надрукаваўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)