фа́са

(польск. fasa, ад ням. Fass = бочка)

драўляная дзежка з клёпак, якая служыць для захоўвання розных прадуктаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адзе́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Памянш. да адзежа. Каб не ежка ды не адзежка, было б грошай поўна дзежка. Прыказка.

2. Адзінкавы прадмет адзення; тое, што і адзежына.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЗЯЖА́, дзежка, хлебніца,

бандарны выраб, пасудзіна для заквашвання цеста ў беларусаў і некаторых інш. слав. народаў. Мела форму звужанай угору шырокай бочачкі (вышыня раўнялася дыяметру вусця, аб’ём 20—30 л), накрыўку (вечка) з абечкам. Дз. малых памераў (блінніца) служыла для заквашвання цеста на бліны. Рабілі Дз. звычайна з дубовых клёпак. Функцыянальнае выкарыстанне Дз. звязана з культам хлеба, яна выконвала важную ролю ў абрадзе вяселля і інш. У сельскай мясцовасці бытавала да сярэдзіны 20 ст.

В.С.Цітоў.

Дзяжа.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ку́бел

(польск. kubel, ад с.-в.-ням. kübel)

вялікая драўляная дзежка з накрыўкай ці векам для захоўвання прадуктаў і рэчаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

блінцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

Абл. Невялікая дзежка, у якой рашчыняюць блінцы. Падвесіць [Таццяна] да бэлькі лямпу, паставіць дзежачку-блінцоўку (цяпер блінцоўка гуляе — няма сям’і, няма каму і блінцы пячы на снеданне) — і чым не канцылярыя?.. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́бел, ‑бла; мн. кублы, ‑оў; м.

Дзежка з вушкамі і векам, звычайна для захоўвання прадуктаў і рэчаў. [Андрэй] адчыніў кубел, выняў кавалак сала. Чарнышэвіч. Мукі.. пшанічнай — і ў мяхах, і ў кублах, і ў скрынях поўна насыпана. Ракітны. За век напакаваліся, аж выпіраюць кублы палатна. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Надзе́жнік ’кавалак палатна, якім пакрывалі дзяжу’ (Сл. ПЗБ, Жд. 1, Сцяшк., Бяльск.; талач., Шатал., Мат. Гом., круп., Нар. сл.), надіжнык ’тс’ (драг., З нар. сл.), надзежніца ’тс’ (Мат. Гом.). У выніку семантычнага згортвання надзежны абрус або накідка на дзяжу > надзежнік, надзежніца, да дзяжа, дзежка, адносна словаўтварэння параўн. набожнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зледзяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які пакрыўся лёдам, ператварыўся ў лёд. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі. Дуброўскі. Зледзянелая, выслізганая палазамі дарога была перамецена толькі ў некалькіх месцах. М. Стральцоў.

2. Халодны, як лёд; адубелы. Зледзянелыя рукі. □ Слёзы цяклі па твары, мяшаліся са снегам, здаваліся гарачымі на зледзянелых ад холаду шчоках. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Начоўкі ’ночвы’ (Грыг., Гарэц., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Янк. 1, Растарг.), рэдка начоўка ’тс’ (маладз., П. С., Сл. ПЗБ), укр. ночо́вки ’тс’, рус. ночёвки, ночёвка ’тс’, польск. niecki ’тс’, чэш. necky ’тс’, дыял. necůvky ’карыта’, в.-луж. mjecki ’тс’, н.-луж. mjacki ’цэбар; дзежка’, палаб. nacťai ’карыта’, славен. nečkȇдзежка’, дыял. nàčkə ’тс’, балг. дыял. нъ́щки ’тс’. Памянш. да прасл. *nьktjy, род. скл. *nьkеjьve, або *nьktva (гл. ночвы), параўн. Брукнер, 360; Шустар-Шэўц, 12, 917; Махэк₂, 393; Бязлай, 2, 218. Меркаванні пра балтыйскае паходжанне бел. начоўка, нечоўкаліт. nakočià, niekočià ’карыта’ або пад яго ўплывам, гл. Грынавяцкене і інш., Lietuv. kalbot. klausimai, 16, 1975, 183) недастаткова абгрунтаваныя (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 146) у першую чаргу па лінгвагеаграфічных прычынах — формы на ‑а вядомы на рускай тэрыторыі далёка за межамі балтыйскіх уплываў (як у паўднёварускіх, так і ў паўночнарускіх гаворках, гл. СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́длуб ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва, выдзеўбанага ўнутры’ (Гарб.), калдуб ’бочка з калоды для мёду’ (іўеў., З нар. сл.), калдубаначка ’маленькая дзежка з клёпак’ (глыб., З нар. сл.). Апошнія — метатэза з кадлуб, кадлубаначка. Усе адзначаныя словы з’яўляюцца па фармальных адзнаках паланізмамі, што пацвярджаецца яшчэ і семантычным крытэрыем, паколькі значэнне ’тулава’, характэрнае для польскай мовы, не зафіксавана ў бел., гл. аб усх.-слав. форме і значэннях пад кадоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)