АПЫ́РСКВАЛЬНІК,

машына для апырсквання раслін растворамі, суспензіямі ці эмульсіямі ядахімікатаў. Выкарыстоўваюць для барацьбы з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі, пры дэфаліяцыі і дэзінсекцыі памяшканняў. Бываюць самалётныя, трактарныя (прычапныя і навясныя) і ранцавыя; гідраўлічныя і вентылятарныя.

У гідраўлічных апырсквальніках рабочая вадкасць распыльваецца фарсункамі за кошт лішкавага ціску ў гідрасістэмах. У вентылятарных вадкасць распыльваецца, акрамя фарсунак, паветраным патокам ад вентылятара. На Беларусі асвойваецца вытв-сць гідраўлічных апырсквальнікаў (ОПШ-15М) з дадатковым абсталяваннем для прыгатавання раствораў пестыцыдаў непасрэдна ў апырсквальніках.

Л.​Я.​Сцяпук.

Навясны універсальны апырсквальнік ОН-400.
Прынцыповая схема апырсквальніка ОПШ-15М: Б1, Б2 — бакі асноўны і дадатковы; П — помпа; РЦ — рэгулятар ціску напорнай магістралі; МН — манометр; К1, К2 — калектары напорны і зліўны; Ф1, Ф2, Ф3 — фільтры; В1, В2, В3 — вентылі; УМ — узроўнямеры; КМ1, КМ2 — краны; Р — рухавік мяшалкі; Э1, Э2 — эжэктары; СЦ, СПР1, СПР2, СК1, СК2 — цэнтральная, прамежкавыя і крайнія секцыі штангі; РВ — распыляльнік; ВП — выканаўчае прыстасаванне; ДСдатчык скорасці; РМ — расходамер; БК — блок кіравання.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРА́ЛЬНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,

прыстасаванне, якое пераўтварае фіз. велічыню, што вымяраецца або рэгулюецца, у сігнал (звычайна электрычны) для далейшай перадачы, апрацоўкі ці рэгістрацыі. Адна з асн. частак сродкаў вымяральнай тэхнікі, сістэм аўтаматыкі і тэлемеханікі. Тэрмін «вымяральны пераўтваральнік» уведзены стандартам замест тэрміна «датчык».

Параметры, якія ўспрымаюцца вымяральным пераўтваральнікам, бываюць механічныя (намаганне, перамяшчэнне, скорасць, вібрацыя), гідраўлічныя і пнеўматычныя (ціск, расход), аптычныя (сіла святла), цеплавыя (т-ра), электрычныя (напружанне і ток), радыеактыўныя. Выходныя сігналы падзяляюцца на электрычныя і пнеўматычныя (часам гідраўлічныя), амплітудныя, часаімпульсныя, частотныя і фазавыя, аналагавыя (неперарыўныя) і лічбавыя (дыскрэтныя). Вымяральны пераўтваральнік складаецца з аднаго (напр., тэрмапара, тэнзометр) або з некалькіх элементарных пераўтваральнікаў, найважнейшы з якіх — адчувальны элемент. Пераўтваральнікі злучаюцца па каскаднай, дыферэнцыяльнай і кампенсацыйнай схемах. Найб. Пашыраны маштабныя і функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі. Маштабныя (напр., дзялільнікі частаты і напружання, трансфарматары вымяральныя) мяняюць маштаб велічыні, якая вымяраецца, без змены яе фіз. прыроды. Гэтыя вымяральныя пераўтваральнікі пашыраюць межы вымярэнняў сродкамі вымяральнай тэхнікі. Функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі (напр., тэрмарэзістары, фотаэлементы) пераўтвараюць велічыню той ці іншай фіз. прыроды ў функцыянальна звязаны з ёй сігнал (звычайна электрычны). Такімі вымяральнымі пераўтваральнікамі можна вымяраць разнастайныя неэл. велічыні. Асобны клас складаюць аперацыйныя вымяральныя пераўтваральнікі, якія выконваюць над велічынямі пэўныя матэм. аперацыі (інтэграванне, дыферэнцыраванне і інш.). Асн. характарыстыкі вымяральных пераўтваральнікаў: від функцыянальнай залежнасці паміж уваходнай і выходнай велічынямі, адчувальнасць і парог адчувальнасці, хібнасць.

У.​М.​Сацута.

Вымяральны пераўтваральнік: а — тэмпературы (1, 2 — тэрмаэлектроды); б — ціску (1 — мембрана, 2 — газ або вадкасць); в — акустычны (1 — мембрана, 2 — вугальны парашок); г — нахілу (1 — электроды, 2 — электраліт); д — вызначэння канцэнтрацыі кіслаты ў растворы (1 — электроды, 2 — электрамагніт, 3 — рычаг, 4 — клапан).
Схема палярызацыйнага валаконна-аптычнага вымяральнага пераўтваральніка ціску, акустычных ваганняў і лінейных паскарэнняў: 1 — крыніца аптычнага выпрамянення (AB); 2 — валаконныя светлаводы; 3 — палярызатар AB; 4 — аптычны адчувальны элемент (прызма); 5 — мембрана; 6 — аналізатар AB; 7 — прыёмнік AB.

т. 4, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)