НАРАЧА́НСКА-ДЗІ́СЕНСКІЯ ДЫВАНЫ́,

бел. маляваныя дываны. Былі пашыраны ад Нарачы на Пд да Дзісны на Пн (Мядзельскі, Вілейскі р-ны Мінскай вобл., Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Глыбоцкі, Міёрскі, Докшыцкі р-ны Віцебскай вобл.). Вядомы з пач. 20 ст. Найб. пашыраны ў 1930—50-я г. Выконваліся на сшытым з двух палотнішчаў кавалку льнянога палатна памерам 1,5 × 2 м, афарбаванага ў чорны колер. З аднаго палотнішча (1,5 × 1 м) называліся паўдыванамі, з палавіны палотнішча (0,75 × 1 м) — макаткамі (своеасаблівыя насценныя дывановыя сурвэткі). Размалёўвалі дываны пераважна алейнымі ці клеявымі фарбамі. Для нанясення асн. дэталей малюнка звычайна карысталіся трафарэтам, прапрацоўку дробных дэталей, нанясенне святлаценяў рабілі ад рукі. Кампазіцыя дываноў — у цэнтры букет кветак у вазе, кошыку ці перавіты стужкай, па краях гірлянда з кветак і лісця. Часта ў кампазіцыю ўключаліся выявы птушак і ініцыялы аўтараў ці заказчыкаў. Для паўдываноў і макатак характэрны кампазіцыі з парай выкананых у наіўна-рэаліст. манеры львоў, аленяў, галубоў, скіраваных галовамі да цэнтра. У Докшыцкім р-не, дзе выкарыстоўвалі пераважна клеявыя фарбы, дываны адметныя дэкаратыўнасцю, умоўнасцю выяў, лакальнымі колерамі. Дываны інш. раёнаў, выкананыя алейнымі фарбамі, адлюстроўваюць імкненне да большай рэалістычнасці выявы. Лепшыя майстры: А.​Багаткевіч, Л.​Ючковіч (Докшыцкі р-н), Г.​Курыловіч (Шаркаўшчынскі р-н), М.​Папок (Мядзельскі р-н), У.​Бабіч, Ф.​Сухавіла (Глыбоцкі р-н), М.​Марозька (Міёрскі р-н) і інш. Выйшлі з ужытку.

Літ.:

Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Нарачанска-дзісенскія дываны. Г.​Курыловіч. Дыван. 1984. Г.п. Шаркаўшчына Віцебскай вобл.

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ве́тла ’лаза’ (мазыр., Мат. Гом.), рус. літар. ветла́ ’вярба, Salix pendula’, калін. ’пустазелле ў аўсе’, разан. ветла́к ’белая вярба’, смал., маск. ветли́на ’вярба’, урал. ве́тли́на ’бульбоўнік, націна буракоў, гароху’, укр. ветла́, вутла́, ветли́на́ ’вярба, Salix viminalis’; ’жоўтая вярба, Salix vitellina’, ветли́нка ’Gorgonia viminalis’, польск. wietla, wietło ’галіна’ (Варш. сл.). Усходнеслав. утварэнне ад вет‑ (< vět‑ < viti ’віць’) і суф. ‑ьл‑а, магчыма, пад балцкім уплывам; параўн. літ. vytẽlė ’лаза, дубец’, vytìs ’тс’, výtulas ’звязка’, vỹturti ’звіваць, абверчваць’, лат. vîtuõls ’вярба’, vītne ’гірлянда; вусікі гароху’ і інш. Гл. Траўтман, 347; Мюленбах-Эндзелін, 4, 648; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 79; КЭСРЯ, 57. Махэк₂ (687) дае прасл. форму ў выглядзе vьtъla < і.-е. *vitulā і прыводзіць тапанімічныя назвы з чэшскай і польскай моўных тэрыторый, якія не адносяцца да ве́тла. Сюды ж ветліца. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 80. Як і Гараеў, 46, ён дае vьt‑l‑a < vi‑ti. Рудніцкі (1, 373) мяркуе, што ўкр. ветли́на магло ўзнікнуць як вынік адаптацыі навуковага лац. тэрміна (Salix) vitellina.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляцёнка 1, пляця́нка, плецю́нка, плэтю́нка, плыті́нка ’што-небудзь сплеценае ўздоўж з 2–3 і больш пасмаў, кавалкаў’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’плеценая вяроўка’ (Касп.), ’лазіва бортніка’ (карм., рэч., ЛА, 1), ’плецены пояс’ (навагр., З нар. сл.; валож., ЛА, 4), ’тасёмка’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’карункі’ (добр., Мат. Гом.), ’мярэжка’ (пін., Шатал.); ’плеценая кашолка’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’каробка, сплеценая з сітняку’ (драг., З нар. сл.), ’палукашак’ (віл., Сл. ПЗБ; віл., ЛА, 4), ’аснова кроснаў, сплеценая ў касу’ (пін., карэліц., Шатал.; трак., ашм., вільн., стаўб., бяроз., Сл. ПЗБ), ’прылада для звівання нітак у клубок’ (брагін., Мат. Гом.), ’сплеценая з саломы дарожка на падлогу’ (дзятл., Сцяшк. МГ), ’будынак з плеценымі сценамі’ (ТС), ’падоўжаная вітая белая булка’ (ТСБМ), ’сеткавая частка сіта’ (свісл., Шатал.), ’уцяпленне дзвярэй’ (драг., Нар. словатв.), ’сплецены вянок цыбулі’ (астрав., Сцяшк. МГ; Ян.; ТС, Бяльк., Мат. Гом.; брасл., ганц., бяроз., Сл. ПЗБ; усх.-брэсц., усх.-віц., маг., усх.-гом., ЛА, 2), ’нізка грыбоў’ (кругл., ЛА, 1), ’вялікая бутэлька, аплеценая лазой’ (Мат. Маг.; Сл. Брэс.; ТС), ’вязаная хустка’ (воран., Сцяшк. Сл.), а таксама: пляце́нка ’сплеценая аснова (для красён)’ (пух., Сл. ПЗБ), плеце́нка ’ручнік з датыкальных адрэзаных і сплеценых канцоў’ (івац., З нар. сл.), плэ́тянка ’плеценая ёмістасць’ (драг., З нар. сл.), пле́цінка, пліця́нка ’аплеценая бутля’, ’акуратна сплецены кошык’ (Юрч. СНЛ), пляця́нка ’пуня з лазы’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. плеті́нка ’вязаная рукавіца’, ’род вышыўкі’, плетя́нка ’агароджаны крыніца’, ’сплеценая з саломы стужка, з якой сшывалі капялюш’; рус. плете́нка ’сплеценая рэч — шнурок, пояс, гірлянда з зелені, кветак, пляцёнка цыбулі; круг з саломы; палавічок для выцірання ног’, ’карункі’, плетёнка ’заплечны кошык для бялізны’; польск. plecionka, plecionka ’што-небудзь сплеценае’, ’тасьма, плецены шнур’, ’гірлянда, нізка, вянок; “каса” з саломы для аббівання дзвярэй’, ’кошык’, ’пляшка, аплеценая лазой’, ’саламяны вулей’, чэш. pletenka ’хала’. Прасл. *pletьnъka < *pletьnъ(jь), адпрыметнікавае ўтварэнне. Да пле́сці (гл.).

Пляцёнка 2 ’пляткарка’ (пух., Сл. ПЗБ), ’весялуха, пахатніца’ (пух., ЛА, 3). Да пле́сці (гл.).

Пляцёнка 3 ’бярозка палявая, Сопvulvulus arvense L.’ (брагін., ельск., Мат. Гом.). Да пле́сці (гл.). Названа паводле таго, што расліна ўецца, нібы “пляцецца” па дарозе. Параўн. іншыя назвы, звязаныя з віць: укр. повійка, чэш. svlak, slatec, але і opletnik ’тс’ (ад oplétati ’абпляпаць’) (Махэк, Jména, 184), параўн. лац. con‑volv‑ulus, дзе ‑volv‑ < *‑vel‑ ’віцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)