АКРАМЕГА́ЛІЯ

(ад акра... + мегала...),

хвароба, якая характарызуецца празмерным ростам рук, ступняў і асабліва касцей твару, што прыводзіць да развіцця масіўнай ніжняй сківіцы і цяжкіх надброўяў. Выклікаецца залішняй сакрэцыяй гармону росту (самататрапіну) пры ацыдафільнай пухліне гіпофіза. Лішкі самататрапіну выклікаюць таксама гіпафізарны дыябет, абумоўлены тармажэннем сакрэцыі інсуліну. Акрамегалія назіраецца ў маладым узросце, развіваецца паступова, доўгія гады. Суправаджаецца болем галавы, палавой слабасцю, спыненнем менструацый, парушэннем зроку. Лячэнне: рэнтгенаўскае апрамяненне, хірург. выдаленне пухліны.

т. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗАФІЛІ́Я

(ад грэч. basis аснова + ...філія),

уласцівасць клетачных і інш. мікраскапічных структур афарбоўвацца асн. фарбавальнікамі (азур, піранін і інш.) у растворах, якія маюць рэакцыю, блізкую да нейтральнай. Павышэнне базафіліі клеткі сведчыць пра інтэнсіўны бялковы сінтэз і вял. колькасць рыбануклеінавай кіслаты (РНК) у ёй. Уласціва растучым, рэгенерыравальным і пухлінным тканкам. Выкарыстоўваецца ў мікрабіял., цыта- і гісталагічным аналізе (напр., для адрознення клетак крыві, аналізу клетак пярэдняй долі гіпофіза, астраўковай тканкі падстраўнікавай залозы і інш.). Гл. таксама Ацыдафілія, Базафілы.

А.С.Леанцюк.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬГАДЫСМЕНАРЭ́Я

(ад грэч. algos боль + дысменарэя),

альгаменарэя, менструацыя з болямі ў нізе жывата, галавы, ірвотай, слабасцю, стратай прытомнасці, сэрцабіццем, паніжэннем або стратай працаздольнасці. Назіраецца ў 10—20% жанчын. Першасная альгадысменарэя абумоўлена эндакрыннымі парушэннямі, захворваннямі цэнтр. звёнаў рэгуляцыі менструальнага цыкла (гіпофіза, гіпаталамуса), паталогіяй палавой спеласці. Пры балючых менструацыях у жанчын часта назіраецца адставанне не толькі ў палавым, але і ў фіз. развіцці. Выяўляюцца гарманальныя і абменныя парушэнні, паталогія працэсаў простагландзінагенезу. Другасная альгадысменарэя развіваецца пасля перанесеных захворванняў палавых органаў і агульнасаматычных захворванняў.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМАНА́ЛЬНЫЯ ПРЭПАРА́ТЫ,

рэчывы, якія маюць у сабе гармоны або іх сінт. аналагі і ўжываюцца для гармонатэрапіі. Атрымліваюць іх з залоз унутр. сакрэцыі жывёл або сінтэтычна. Па хім. будове належаць да бялковых ці пептыдных рэчываў (прэпараты гармонаў гіпаталамуса, гіпофіза, парашчытападобнай і падстраўнікавай залоз), вытворных амінакіслот (прэпараты шчытападобнай залозы), стэроідных злучэнняў (прэпараты кары наднырачнікаў і палавых залоз).

Гарманальныя прэпараты гіпаталамуса і гіпофіза — кортыкатрапін, які стымулюе дзейнасць кары наднырачнікаў, самататрапін — рост арганізма, тыратрапін — сакрэцыю гармонаў шчытападобнай залозы, саматастацін прыгнечвае выпрацоўку гармону росту, лактын павялічвае выдзяленне малака малочнымі залозамі пасля родаў, ганадатрапін стымулюе функцыю палавых залоз, аксітацын, пітуітрын — мускулатуру маткі, вазапрэсін — гладкую мускулатуру. Гарманальныя прэпараты шчытападобнай і парашчытападобнай залозы (тырэаідзін, тыратаксін, паратырэаідзін) назначаюць пры недастатковай функцыі гэтых залоз; кальцытацын рэгулюе абмен кальцыю. Гарманальныя прэпараты падстраўнікавай залозы — інсулін ужываюць пры цукр. дыябеце. Гарманальныя прэпараты кары наднырачнікаў — глюкакартыкоіды (гідракартызон, прэднізалон, дэксаметазон) рэгулююць функцыі наднырачнікаў, маюць процізапаленчыя і проціалергічныя ўласцівасці, мінералакартыкоіды назначаюць пры Адысонавай хваробе. Гарманальныя прэпараты жаночых палавых залоз — эстрагены (эстрадыёл, сінестрол) ужываюць пры аменарэі, у клімактэрыяльны перыяд, гестагены (прагестэрон, прагнін) выкарыстоўваюць для прафілактыкі выкідышаў, пры парушэнні менструацыі. Гарманальныя прэпараты мужчынскіх палавых залоз (тэстастэрон) ужываюць пры функцыян. недастатковасці гэтых залоз. Гл. таксама Гармоны.

А.С.Захарэўскі.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАГЕ́НЫ

[ад грэч. anër (andros) мужчына + ген(ы)],

мужчынскія палавыя гармоны пазваночных. Складаюцца з вытворных халестэрыну — тэстастэрону і андрастэрону. Па хім. будове — стэроіды.

У мужчынскім арганізме ўтвараюцца семяннікамі і коркавым слоем наднырачнікаў, у жаночым — коркавым слоем наднырачнікаў і часткова яечнікамі. Забяспечваюць развіццё мужчынскіх палавых органаў, другасных палавых адзнак, мышачнай сістэмы, ствараюць станоўчы баланс бялкоў. Утварэнне андрагенаў залежыць ад ганадатропнай функцыі гіпофіза, якая кантралюецца ц. н. с. Выкарыстоўваюць у медыцыне пры парушэннях палавой функцыі, у клімактэрычны перыяд, таксама ў жывёлагадоўлі. Андрагены знойдзены ў ганадах многіх беспазваночных і ў насенні некаторых раслін.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВУЛЯ́ЦЫЯ

(ад лац. ovum яйцо),

фізіялагічны працэс выхаду спелых яйцаклетак (аацытаў) у млекакормячых з яечніка ў брушную поласць цела. Пры авуляцыі разрываюцца фалікулы (граафавыя пузыркі), яйцаклеткі засмоктваюцца ў яйцавод, дзе праходзяць апошнюю стадыю выспявання і могуць апладніцца. Авуляцыя адбываецца пад уплывам гармонаў пярэдняй долі гіпофіза. У жанчын авуляцыя часцей адбываецца паміж 7-м і 14-м днямі пасля пачатку менструацыі. У жывёл супадае з цечкай. Для авуляцыі ў жывёл патрэбны пэўныя ўмовы асяроддзя (даўж. светлавога дня, павышэнне т-ры паветра і вады і г.д.). Спыняецца з надыходам цяжарнасці.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТАЦЫ́ЙНЫ СІНДРО́М,

стрэс, сукупнасць рэакцый жывога арганізма на дзеянне надзвычайных раздражняльнікаў (стрэсараў). Адрозніваюць 3 стадыі: трывогі (мабілізацыя ахоўных сіл арганізма), рэзістэнтнасці або супраціўлення (прыстасаванне да цяжкай сітуацыі), знясілення (пры моцным і доўгім уздзеянні стрэсараў можа скончыцца смерцю). У развіцці адаптацыйнага сіндрому гал. роля належыць пярэдняй долі гіпофіза і кары наднырачнікаў. Змены ў арганізме на стадыі рэзістэнтнасці небяспечныя (напр., павелічэнне артэрыяльнага ціску ў чалавека) і могуць прывесці да інсульту або інфаркту. Канцэпцыя адаптацыйнага сіндрому прапанавана канадскім патолагам Г.Селье (1936).

Схема асноўных рэакцый і вынікаў адаптацыйнага сіндрому.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАДАТРАПІ́НЫ,

ганадатропныя гармоны, гармоны, якія рэгулююць эндакрынную функцыю палавых залоз (ганад) пазваночных. Вырабляюцца пярэдняй доляй гіпофіза (гіпафізарныя ганадатрапіны) і плацэнтай (харыянічны ганадатрапін). Да гіпафізарных ганадатрапінаў належаць фалікуластымулюючыя гармоны (фолітрапін, пралан А, тылакентрын), лютэінізуючыя гармоны (пралан Б, метакентрын) і лютэатропныя гармоны (пралактын, лютрапін, маматрапін, мамаген), што стымулююць у самак выспяванне яйцаклетак, авуляцыю, утварэнне жоўтага цела (у млекакормячых) і сакрэцыю эстрагенаў, у самцоў узмацняюць сперматагенез, рост інтэрстыцыяльных клетак і сакрэцыю тэстастэрону. Харыянічныя ганадатрапіны, якія атрымліваюць з мачы цяжарных жанчын і сывараткі крыві жарэбных кабыл, выкарыстоўваюць у гінекалогіі, пры атлусценні.

А.М.Ведзянееў.

т. 5, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНА́ДЫ

(ад грэч. gonaō нараджаю),

палавыя залозы, органы палавой сістэмы жывёл і чалавека, якія ўтвараюць палавыя клеткі і палавыя гармоны. У гермафрадытных арганізмаў мужчынскія (семяннікі) і жаночыя (яечнікі) ганады знаходзяцца ў адной асобіне, а ў гермафрадытных бруханогіх малюскаў ганады функцыянуюць спачатку як мужчынскія, а потым як жаночыя. У эмбрыягенезе пазваночных ганады закладваюцца ў выглядзе эпітэліяльнага ганаднага валіка з удзелам мезенхімы і канальцаў першаснай ныркі (мезанефрасу). У валік са сценкі жаўточнага мяшка мігрыруюць першасныя палавыя клеткі. Пасля агульнай стадыі першаснага іх размнажэння адбываецца палавая дыферэнцыяцыя (у жаночую або мужчынскую). Працэсы фарміравання і функцыі ганадаў рэгулююцца нерв. сістэмай, гармонамі ганадаў, а таксама ганадатропнымі гармонамі гіпофіза і эпіфіза.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАГАНАДЫ́ЗМ

(ад гіпа... + ганады),

гіпагеніталізм, паталагічны стан чалавека, які абумоўлены зніжанай сакрэцыяй палавых гармонаў і характарызуецца слабым развіццём палавых органаў і другасных палавых прыкмет. Бывае першасны (пры паталогіі палавых органаў) і другасны (у выніку пашкоджання інш. эндакрынных залоз — гіпофіза, гіпаталамуса, шчытападобнай залозы, наднырачнікаў і інш.).

Адрозніваюць розныя клінічныя формы гіпаганадызму: эмбрыянальная — праяўляецца адсутнасцю яечак, крыптархізмам або сіндромам Клайнфелтэра (калі развіваецца ў раннім эмбрыянальным перыядзе, да 20 тыдняў, прыводзіць да гермафрадытызму); дапубертатная форма суправаджаецца фарміраваннем еўнухападобных прапорцый цела і недастатковасцю або адсутнасцю другасных палавых прыкмет; постпубертатная (у дарослым узросце) характарызуецца знікненнем другасных палавых прыкмет і парушэннем палавых функцый. Гіпаганадызм можа ўзнікаць у выніку запаленчых працэсаў у яечках, таксама з прычыны гарманальнай недастатковасці.

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)