Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (Federal Republic of Nigeria), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Бенінам, на Пн з Нігерам, на ПнУ (па воз. Чад) з Чадам, на У з Камерунам. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 923,8 тыс.км². Нас. 113,8 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мовы хаўса і фульбе (на Пн), іоруба і ігба (на Пд). Сталіца — г.Абуджа; былая сталіца і гал.эканам. цэнтр — г.Лагас. Краіна падзяляецца на 30 штатаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. Н. — федэратыўная рэспубліка. Член брыт. Садружнасці. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет нац. абароны і бяспекі, які складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, правадыроў плямён, старшыні Часовага савета і некалькіх яго членаў. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць Часоваму савету (ураду), яго члены выбіраюць старшыню, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра.
Прырода. Большая ч. паверхні — пласкагор’е выш. 400—600 м. У цэнтры — плато Джос (да 1690 м). На У, каля мяжы з Камерунам, горы Мандара, Шэбшы (да 2040 м), частка плато Баменда. Уздоўж Гвінейскага зал. — прыморская алювіяльная нізіна (шыр. 40—100 км) з вял. дэльтай Нігера. Карысныя выкапні: нафта (агульныя запасы 7,2 млрд.т, 12-е месца ў свеце), прыродны газ (2,6 трлн. м³), каменны і буры вугаль, руды волава, жалеза, вальфраму, ніобію, танталу, тытану, урану, свінцу, цынку. Ёсць кухонная соль, фасфаты, шматлікія буд. матэрыялы. Клімат на Пн экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летам і сухой зімой; сярэдняя т-ра ў крас. — маі 25—32 °C, у снеж. — студз. 20—25 °C, ападкаў ад 500 да 1500 мм. На прыбярэжнай нізіне клімат экватарыяльны, вельмі вільготны; сярэднія месячныя т-ры ўвесь год ад 24 °C да 28 °C, ападкаў ад 2000 да 4000 мм. Гал.р. Нігер з найб. прытокам р. Бенуэ. На ПнУ частка воз. Чад. Пад лесам і хмызнякамі 12% тэр. На Пн паўпустыня і сухая саванна, у сярэдняй ч. — тыповая саванна з баабабамі, акацыямі і хмызнякамі, на Пд ад яе — галерэйныя і паркавыя лясы. На ўзбярэжжы вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. У лясах зберагліся малпы, насарогі, сланы, у рэках — гіпапатамы і кракадзілы, у саваннах — жырафы, антылопы, ільвы, гіены. Шмат птушак, змей, насякомых. Рэзерваты Боргу і Янкары.
Насельніцтва. Н. — шматнацыянальная краіна. Пражывае каля 260 плямён і народнасцей, 19 самых вялікіх налічваюць больш як па 1 млн.чал.Найб. народы (разам з блізкімі па мове): на ПдЗ іоруба (каля 26 млн.чал.) і ігба (каля 21 млн.чал.), на Пн фульбе (каля 23 млн.чал.), усе ўваходзяць у нігера-кардафанскую моўную сям’ю; на Пн хаўса (каля 30 млн.чал.), якія ўваходзяць у афразійскую моўную сям’ю. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (каля 30 тыс.чал.), амерыканцаў ЗША, арабаў. Сярод вернікаў 50% — мусульмане (пераважна на Пн), 40% — хрысціяне (пераважна на Пд), 10% — прыхільнікі мясцовых рэліг. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 123,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны (500 чал. на 1 км² і больш). Рэдка населена поўнач — месцамі 10—20 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 40%. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1998): Лагас — 10 287, Ібадан — каля 4000. У 26 гарадах ад 200 тыс. да 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці, гандлі, абслуговых галінах — 19%, у кіраванні — 15%.
Гісторыя. У неаліце на тэр. Н. жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да 5 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. У канцы 1-га тыс.н.э. на Пн узніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Зарыя, Габір, Кана, Кацына і інш.). З 11 ст. тут пашырыўся іслам. Караванны гандаль праз Сахару спрыяў развіццю дзяржаў хаўса, якія дасягнулі росквіту ў 16—18 ст. У пач. 19 ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца 1-га тыс.н.э. на ПдЗ Н. існавалі дзяржавы народа іоруба, найбольшай з якіх у 17—18 ст. была Ойо. У ніжнім цячэнні р. Нігер існавала дзяржава Бенін. Паўн.-ўсх. частка Н. ўваходзіла ў склад Канем-Борну. Народ ігба (іба) жыў вял. абшчынамі, якімі кіравалі саветы старэйшын. Першыя еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэр. Н. ў 1472. У 16—19 ст. прыбярэжныя гарады Н. сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 англічане захапілі г. Лагас. У 1885 яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 — пратэктараты Паўн. і Паўд. Н., якія 1.1.1914 аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Н. Брыт. ўлады ўсталявалі сістэму т.зв. «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афр. правадыроў. Н. ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясц. буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкалан. барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (1914—18, 1929 і інш.). У 1922 Г.Маколей стварыў першую афр.паліт. партыю — Нігерыйскую нац.-дэмакр. партыю. У 1944 створаны Нац. савет Н. і Камеруна (з 1962 Нац. савет нігерыйскіх грамадзян, НСНГ), старшынёй якога абраны Маколей, ген. сакратаром — Н.Азіківе. У выніку рэформы 1947 Н. падзелены на Паўн., Зах. і Усх. вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, іоруба і ігба. У 1951 створаны Паўн.нар. кангрэс (ПНК) на чале з А.Бела і Група дзеяння (ГД) на чале з А.Авалова.
1.10.1960 абвешчана незалежнасць Н. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК—ГД на чале з А.Т.Балева. Распад кааліцыі ў 1964 прывёў да міжнар. сутыкненняў. У студз. 1966 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. кіраўнік Дж.Т.У.Іронсі абвясціў у маі 1966 аб пераўтварэнні Н. ва унітарную дзяржаву. У ліп. 1966 Іронсі забіты. Новы ваен. ўрад Я.Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на Пн Н. ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 ваен. губернатар Усх.вобл. А.Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліп. 1967 пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтр. урадам, у якой загінула больш за 1 млн.чал. 15.1.1970 войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 Гавон скінуты ген. М.Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 ваен. кіраўнік А.Абасанджа перадаў уладу дэмакр. выбранаму прэзідэнту А.Ш.Шагары (скінуты ваеннымі 31.12.1983). У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 лідэра апазіцыі М.Абіёлы ваен. ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым ген. С.Абачы і Н. апынулася ў міжнар. ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрв. 1998) ваен. кіраўніцтва было вымушана правесці ў лют. 1999 дэмакр. выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Нар.дэмакр. партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. У Н. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар.дэмакр. партыя, Усенар. партыя, Дэмакр. альянс. Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Н. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992.
Гаспадарка. Н. — агр. краіна з развітой нафтаздабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — каля 1270 дол. за год. Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі 42%, сельскай гаспадаркі 33%, абслуговых галін 25%. Аснова прамысловасці — нафтаздабыўная галіна. Штогод здабываюць каля 75 млн.т нафты (дэльта Нігера, шэльф Гвінейскага зал.). Здабычу вядуць кампаніі са змешаным капіталам. Ёсць Нац. нафтавая кампанія. Здабываюцца прыродны газ (пераважна спадарожны), каменны вугаль, руды волава (каля 5% сусв. здабычы), ніобію, танталу, вальфраму, торыю, жалеза, золата; буд. матэрыялы. Выпрацоўка электраэнергіі 13,8 млрд.кВт∙гадз (1996); 61% даюць ЦЭС (у найб. гарадах на Пд), 39% — ГЭС (гал. — Каінджы і Джэба на Нігеры). З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты харч. і харчасмакавая, тэкстыльная. Пашырана вытв-сць алею (пальмавага, арахісавага, бавоўнавага), перапрацоўка какавы, вытв-сць цукру, піва, безалкагольных напіткаў, сокаў, мясных, фруктовых і агароднінных кансерваў, мяса-малочнай прадукцыі. З перапрацоўкай пальмавых ядраў і арахісу звязана мылаварная прам-сць (Ілобу, Аба). Перапрацоўка какавы (Лагас, Адо, Ілеша, Іфе), арэхаў кола (Абеокута). Дзейнічаюць 50 піваварных і 20 мукамольных з-даў. Цукр. з-ды выпускаюць каля 300 тыс.т цукру штогод. Есць прадпрыемствы тытунёвай прам-сці (Ілорын, Ашогба). Тэкст.прам-сць прадстаўлена камбінатам у г. Кана, ф-камі ў Лагасе, Адо, Аніча, Кадуне, вытв-сцю трыкатажу ў Аба і Энугу, швейных вырабаў у Лагасе і Кадуне, сінт. дываноў у г. Бенін-Сіці. Асн. цэнтры гарбарна-абутковай прам-сці — Лагас, Кадуна, Кана. Н. мае 4 нафтаперапр. з-ды (асн. цэнтры — Лагас і Порт-Харкарт). Працуюць нафтахім. з-ды ў Элес-Элеме, Вары, Кадуне (агульная магутнасць 11 млн.т), прадпрыемствы па вытв-сці звадкаванага газу, прапілену, сажы, этылену, вадкага кіслароду, вуглякіслага газу, лакаў і фарбаў, натур. каўчуку, вытв-сці аўтамаб. і веласіпедных шын. фармацэўтычнай прадукцыі, парфумерыі, суперфасфатных і азотных угнаенняў, сернай кіслаты. Чорная металургія прадстаўлена камбінатамі ў Аджаакуце (магутнасць 1,5 млн.т за год) і Алоджы (1 млн.т); сталепракатныя прадпрыемствы ў Джосе, Кацыне, Ашогба (агульная магутнасць 630 тыс.т). З прадпрыемстваў каляровай металургіі найб. волаваплавільны з-д (Джос). Машынабудаванне прадстаўлена аўтазборачнымі прадпрыемствамі (за год 100 тыс. легкавых і 20 тыс. грузавых аўтамашын), вытв-сцю прычэпаў, матацыклаў, веласіпедаў, трактароў. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці гандл. абсталявання, быт. тэхнікі, па буд-ве і рамонце суднаў (Лагас, Ібадан, Кадуна, Кана), больш за 400 прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы, у т. л. лесапільна-фанерны з-д у Сапеле, папяровая ф-ка ў г. Джэба (магутнасць 100 тыс.т паперы за год), ф-ка газетнай паперы ў Ока-Ібоку, цэлюлозна-папяровы камбінат у Онда, прадпрыемствы мэблевай прам-сці, буд. матэрыялаў і інш. Разнастайныя саматужныя рамёствы (кавальскае, разьбярства па метале, слановай косці, дрэве, вырабы з бронзы, серабра, вытв-сць тканін, посуду, мэблі, ганчарных вырабаў, апрацоўка скур і інш.). Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 30 млн.га, пад пашай каля 40 млн.га, арашаецца каля 1 млн.га. Захавалася абшчыннае землекарыстанне, на Пн — феад. перажыткі. Аснова земляробства на Пн і ў сярэдняй ч. краіны — вырошчванне на ўласныя патрэбы кукурузы, проса, сорга, рысу; збор збожжа каля 20—22 млн.т штогод, на ўзбярэжжы — пераважна батату, маніёку, бабовых. Гал. экспартныя культуры: алейная пальма (дэльта Нігера і суседнія раёны), какава і каўчуканосы (зах.ч. ўзбярэжжа), арахіс і бавоўна (Пн), меншае значэнне маюць какосавая пальма, дрэва кола, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 700 тыс.т пальмавага алею (50% сусв. вытв-сці), каля 200 тыс.т какавы-зярнят (10% сусв. вытв-сці), каля 100 тыс.т натуральнага каўчуку. Жывёлагадоўля развіта на Пн краіны, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 19,6, коз — 24,5, авечак — 14, свіней — 7,6, свойскай птушкі — 126. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1997) чыгунак 3557 км, аўтадарог 51 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 26 тыс.км, унутр. водных шляхоў 8575 км; нафтаправодаў 2042 км, прадуктаправодаў 3000 км, газаправодаў 500 км. Гал. парты: марскія Лагас, Порт-Харкарт, Калабар, рачны Аніча. У 1998 экспарт склаў 9.7 млрд.дол., імпарт — 9,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (95% кошту), какава, каўчук, ядры пальмавых арэхаў; у імпарце — машыны і абсталяванне, хімікаты, тавары шырокага попыту, збожжа і жывёла. Гал.гандл. партнёры: ЗША (35% экспарту, 14% імпарту), Францыя (6 і 8%), Іспанія (11% экспарту), Вялікабрытанія (11% імпарту), Германія (10% імпарту). Грашовая адзінка — наіра.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае дзярж. мерапрыемствы па забеспячэнні насельніцтва мед. паслугамі, але значную долю займае прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 53, жанчын 54 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 42 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 3%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1070 чал., урачамі — 1 на 4496. Дзіцячая смяротнасць — 69 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Літаратура Н. цесна звязана з вуснай нар. творчасцю. Развіваецца на мовах народаў іоруба, ігба, хаўса і інш., вядучае месца займае агульнанігерыйская л-ра на англ. мове. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам вызв. руху ўзнікла публіцыстыка. У 1920—40-я г. зарадзіліся грамадз. паэзія (Д.Асадэбай) і драматургія (Х.Агундэ). Этапам у развіцці прозы стала лубачная літаратура. У 1950-я г. вядомасць набылі аповесці А.Тутуолы, звязаныя з казачным эпасам народа іоруба і адметныя займальнасцю сюжэтаў і гратэскавасцю. Першы нігерыйскі раман — «Людзі горада» С.Эквензі. Для л-ры 1960-х г. характэрна інтэнсіўнае асваенне новых для афр. л-р жанраў, найперш рамана, і тэм (А.Нзекву, Э.Амадзі, Т.Алука, О.Эгбуна). Гал. тэндэнцыя развіцця прозы — станаўленне крытычнага рэалізму: трылогія «І прыйшло разбурэнне», «Спакою больш няма», «Страла бога» Ч.Ачэбе, раманы «Інтэрпрэтатары» і «Час і беззаконнасць» В.Шайінкі, аповесць «Голас» Г.Акары. Сац. тэматыку распрацоўвалі Эквензі і Дж.Муноні. Для пісьменнікаў 1970—80-х г. (К.Аматоса, О.Мезу) характэрна імкненне ўзбагаціць англ. мову элементамі афр. моў. Наватарскімі пошукамі адметныя раманы Акары, Шайінкі. У паэзіі і драматургіі вызначальным стала спалучэнне традыцый нар.-песеннай афр. творчасці і сусв. англамоўнай паэзіі (Дж.П.Кларк, К.Акігба). У пач. 1960-х г. створана Асацыяцыя афр. пісьменнікаў.
Архітэктура. У зоне трапічных лясоў на ПдЗ і ПдУ са старажытнасці будуюцца прамавугольныя ў плане жытлы з глінянымі ці плятнёвымі сценамі, разнымі аканіцамі і 2-схільным пакрыццём з саломы і пальмавага лісця. У народаў ігба і іоруба глінабітныя жылыя дамы і гасп. пабудовы з глухімі сценамі размяшчаюцца па перыметры прамавугольнага двара, абкружанага галерэямі. Драўляныя слупы галерэй, дзверы і панэлі фасада аздабляюцца разнымі выявамі сімвалічных фігур і жывёл або геам. арнаментам. У цэнтр. частцы Н. пераважаюць круглыя гліняныя пабудовы з канічным саламяным дахам. У 8—10 ст. узніклі гандл. гарады, абкружаныя глінабітнымі сценамі даўж. да 15 км са шматлікімі брамамі. Звілістыя вузкія вуліцы забудоўваліся 1—2-павярховымі дамамі з гліны ці сырцу з плоскім або купальным пакрыццём. Фасады ўпрыгожваліся рэльефным арнаментам, блізкім да арабескі (палац Гідан Румфа ў Кана; 15 ст.), або праразным узорам з афарбоўкай (імітацыя каменнай муроўкі, раслінныя матывы). З прыходам ісламу з’явіліся мячэці — прамавугольныя, на гліняных слупах, часам без мінарэта, з ціснёным арнаментам на фасадах. У канцы 19 ст. рэпатрыянты з Бразіліі ўнеслі ў архітэктуру гарадоў паўд. Н. элементы лац.-амер. барока: франтоны з завіткамі, балюстрады, узорыстыя жал. рашоткі, геральдычную скульптуру. У 1930-я г. пад уплывам еўрап. архітэктуры з’явіліся цэрквы пераважна ў стылі неаготыкі, 2—3-павярховыя дамы з жал. дахам і мансардамі. З 1960-х г. узводзяцца шматпавярховыя грамадскія будынкі з арміраванага бетону на стальным каркасе з выкарыстаннем сонцаахоўных рэбраў, казыркоў, рашотак, нац. элементаў (пераважна паводле праектаў англ. архітэктараў; будынкі Вярх. суда ў Кадуне, Нац. палац, Дом радыё, банк у Лагасе, Універсітэцкі гарадок у Ібадане і інш.). Працуюць нігерыйскія архітэктары, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе, а таксама на арх. ф-тах тэхнал. каледжа ў Лагасе, ун-таў у Нсуке і Зарыі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва (тэракотавая пластыка) на тэр. Н. адносяцца да культуры Нок (каля 900 да н.э. — 2 ст.н.э.). На мяжы н.э. выраблялі бронз. чалавечыя фігуры ў раёнах Джэбе і Тадзе. У 12—17 ст. росквіту дасягнула скульптура Беніна, Іфе, якой уласцівы тонкая мадэліроўка форм. Са стараж. часоў у многіх народаў Н. бытуе дробная драўляная пластыка (выявы людзей, жывёл). Паліхромныя чалавечыя фігуркі адметныя гратэскнасцю, падкрэсленай экспрэсіўнасцю, заснаванай на дыспрапорцыі форм. Пашыраны драўляныя рытуальныя маскі (цяпер выкарыстоўваюцца для карнавалаў). Развіццю прафес. мастацтва ў 1920—60-я г. садзейнічаў мастак еўрап.акад. кірунку А.Анаболу. Значную ролю ў фарміраванні новага мастацтва Н. адыгралі скульптары Ідах, Ф.Ідэхен, Ф.Ідубар, Д.Нвока, І.Ае, Б.Энвонву, якія прыўнеслі нац. традыцыі ў сучасную скульптуру. Сярод рэаліст. жывапісцаў Энвонву, элементы традыц. мастацтва ўласцівы творам У.Эгону, пошукі выяўл. і каларыстычных сродкаў — Ю.Грыло, Дж.Акола, А.Эконгу. Да манум. жывапісу звяртаюцца Р.Агундэле, Дж.Бураймах, Б.Анабракпае і інш., мазаікі — І.Адэемі, дызайну — А.Ласекан, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва — Нвока. Сярод нар. рамёстваў — выраб розных табурэтаў, бранзалетаў, арнаментаваных пасудзін з гарбуза — калебасаў, набіўных і вышытых тканін, ганчарных, шкляных і скураных пасудзін.
Літ.:
История Нигерии в новое и новейшее время. М., 1981;
Обасанджо О. Нигерия в огне: Гражданская война в Нигерии 1967—1970 гг.: Пер. с англ.М., 1984;
Чемоданова Е.Г. Нигерия и страны «третьего мира»: Новое в стратегии полит. сотрудничества. М., 1993. Вавилов В.Н. Проза Нигерии. М., 1973;
Современные литературы Африки. М., 1973.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).
Герб і сцяг Нігерыі.Да арт.Нігерыя. Астанцы на плато Джос. Саванна ў вільготны перыяд.Да арт.Нігерыя. Піраміды з мяхоў арахісу, прыгатаванага для экспарту.Да арт.Нігерыя. ГЭС Каінджы на р. Нігер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФГАНІСТА́Н, Ісламская дзяржава Афганістан,
краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс.км². Нас. 17,8 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).
Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.
Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °C у студз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУ у гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На У краіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.
Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і У краіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), у цэнтр.ч. краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн.чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн.чал. у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс.ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).
Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.І.Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст. у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст. У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст.феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч.паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.
У лют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.—кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. У ліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс.чал., у т. л. больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.
Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац. ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац. ісламскі рух, рух «Талібан».
Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца 2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн.га (каля 7% тэр. краіны), з іх 2,6 млн.га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн.га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пд у далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пн краіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн.т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пн краіны. Пасевы ячменю (0,35 млн.т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн.т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1 млн.шт., воўны 13 тыс.т, мяса 252 тыс.т, малака 610 тыс.т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс.т), прыродны газ (1 млрд.м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн.кВт∙гадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс.кВт), Махіпар (66 тыс.кВт), Сурабай (22 тыс.кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.
Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.
Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс.чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).
Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч.г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у т. л. 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн. навуч. установах навучалася 10,1 тыс.чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у т. л. школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); у ВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн.ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-т у Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г.нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац.інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.
Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ. традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс.л-ра развівалася гал.ч. у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг.л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каля с. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл.Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.Серадж). У выяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.Брэшна, Гаўсуддзін, Х.Ітымадзі), скульптараў (М.Хайдар, М.Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыі стараж.дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар.муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у т. л. пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш. народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.
Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес.т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.А.Раунак). Каб падтрымаць нац.т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.
Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.М.Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.
Герб і сцяг Афганістана.Да арт.Афганістан. Арашальныя землі ў горнай даліне Баміян у Гіндукушы.Да арт.Афганістан. Гандаль жывёлай каля сцен старажытнай крэпасці Газні.Да арт.Афганістан. Пласцінка з Баграма. Слановая косць. 1—5 ст.Да арт.Афганістан. Рэшткі сярэдневяковага горада ў даліне р. Баміян.Да арт.Афганістан. Вежа Масуда III у Газні. 11—12 ст.Да арт.Афганістан. Мінарэт каля сяла Джам. 1153—1202.Да арт.Афганістан. Мініяцюра «Султан адпачывае». Герат. 15 ст.Да арт.Афганістан. К.Бехзад. Партрэт Шэйбані-хана. Мініяцюра. Каля 1507.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКІСТА́Н, Ісламская Рэспубліка Пакістан (урду Джамхурыят Ісламі Пакістан, англ. Islamic Republic of Pakistan),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам і Кітаем, на У з Індыяй; на Пд абмываецца Аравійскім м.Пл. 803,9 тыс.км². Нас. 138,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Сталіца — г.Ісламабад, найб. гарады, гал.эканам. цэнтры — Карачы і Лахор. Падзяляецца на 4 правінцыі і Федэральную сталічную тэрыторыю. На Пн уключае частку Кашміра, спрэчную з Індыяй. Нац. святы — Дзень незалежнасці (14 жн.), Дзень Пакістана (23 сак.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 (з папраўкамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканад. сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту — Нац. асамблеі [237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нац. асамблеі] і сенату (87 членаў выбіраюцца заканад. сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нац. асамблеі.
Прырода. На Пн адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша выш. да 5—7 тыс.м (г. Тырычмір, 7690 м). На З — Сулейманавы горы, хрыбты Макрана, нагор’е Белуджыстана. На У ад горных раёнаў раўніна р. Інд — частка Інда-Гангскай раўніны. На граніцы з Індыяй пустыня Тар.
У гарах на Пн і З бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: прыродны газ, храміты, буры вугаль, нафта, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат сухі, трапічны на Пд, субтрапічны на Пн. Т-ра паветра на раўніне ад 10 да 20 °C у студз., ад 30 да 40 °C у ліп.—жніўні. Ападкаў 250—750 мм за год, у гарах да 1500 мм за год. Асн. рака Інд з найб. прытокам Сатледж. Расліннасць паўпустынная і пустынная: вярблюджая калючка, салянкі, палыны і інш.; на схілах гор — ядловец, астрагал, чый. Лясы на невял. плошчы ў гарах. Жывёльны свет разнастайны: персідская газель, дзікія казлы, бараны і аслы; шакалы, гіены і інш. Шмат птушак і насякомых. Нац. парк — Кіртхар і Лал-Суханра; шматлікія запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. П. — шматнацыянальная краіна. Найб. народы належаць да інд. групы індаеўрапейскай моўнай сям’і: панджабцы (каля 85 млн.чал., пераважна прав. Пенджаб), пуштуны (каля 22 млн.чал., раёны на ПнЗ), сіндхі (каля 17 млн.чал., паўд.ч. даліны Інда), белуджы (каля 4,5 млн.чал., Белуджыстан). Жывуць таксама брагуі, кхо, кахістанцы, выхадцы з Індыі і Ірана. Амаль усе вернікі мусульмане (сунітаў 77%, шыітаў 20%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 171,8 чал. на 1 км², найб. на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў — да 500 чал на 1 км², у гарах і пустынных раёнах — каля 10—20 чал. на 1 км²Гар. насельніцтва 35%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1999): Карачы — 9,7, Лахор — 5, Фейсалабад — 1,8. Больш за 1 млн. жыхароў у гарадах Хайдарабад, Равалпіндзі, Мултан, амаль па 1 млн. жыхароў у гарадах Пешавар і Гуджранвала. У сельскай гаспадарцы занята 47% працаздольных, у прам-сці — 17%, астатнія ў абслуговых галінах. Шмат пакістанцаў працуюць у нафтаздабыўных краінах Б. Усходу.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. У 4-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд узніклі ачагі земляробства, у 3—2-м тыс. да н.э. — высокаразвітая Інда даліны цывілізацыя. У 2-м тыс. да н.э. гэтую тэр. заваявалі плямёны індаарыяў; у 6—5 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 327—326 да н.э. заваявана войскамі Аляксандра Македонскага, а пасля яго смерці ўваходзіла ў Маур’яў дзяржаву. У 2—1 ст. да н.э. — ч.Грэка-Бактрыйскага царства, у 1—3 ст.н.э. — Кушанскай дзяржавы. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст.паўд. раёны П. ўвайшлі ў Амеядаў халіфат (1-я пал. 8 ст.). З гэтага часу пашырыўся іслам. У канцы 10—11 ст. даліна Інда ў складзе дзяржавы Газневідаў, у 1186—1206 — Гурыдаў, у 1206—1525 — Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст. — Магольскай імперыі. У сярэдзіне 18 ст. даліну Інда заваяваў афганскі шах Ахмад-шах Дурані [1747—73]. Пасля распаду яго дзяржавы ў Пенджабе ўзнікла некалькі сікхскіх княстваў, якія былі аб’яднаны ў адзіную дзяржаву махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839]. Тэр. Белуджыстана аб’яднаў пад сваёй уладай хан Калата — Насір-хан Белудж, у Сіндзе існавалі асобныя эміраты. У 1843 англічане заваявалі Сінд, у 1845—49 анексіравалі Пенджаб, да канца 19 ст. падпарадкавалі Белуджыстан і раёны ўсх.-пуштунскіх плямён. Да 1947 П. быў ч.Брыт. Індыі. У 1906 створана Мусульманская ліга (МЛ), якая выражала інтарэсы мусульм. меншасці Індыі. З канца 1930-х г. МЛ адстойвала патрабаванне падзелу Брыт. Індыі з мэтай стварэння асобнай дзяржавы інд. мусульман. Паводле Маўнтбетэна плана з Брыт. Індыі вылучана асобная дзяржава — П. з пераважна мусульм. насельніцтвам. Пры падзеле загінулі і сталі бежанцамі мільёны людзей.
15.8.1947 абвешчана незалежнасць П. ў складзе Брыт. Садружнасці, яго першы ген.-губернатар М.А.Джына, прэм’ер-міністр Ліякат Алі Хан. Да 1971 складаўся з Зах. і Усх. П., аддзеленых адзін ад аднаго тэр. Індыі. У маі 1956 прынята першая канстытуцыя П., якая абвясціла яго федэратыўнай рэспублікай. Няўстойлівасць грамадз. урадаў П. прывяла да ваен. перавароту 8.10.1958. Кіраўніком П. стаў ген. М.Аюб Хан, які кіраваў краінай амаль як неабмежаваны правіцель. Яго ўрад узяў курс на развіццё прам-сці і сельскай гаспадаркі, правёў агр. рэформу, у выніку якой абмежавана буйное феад. землеўладанне. Новая канстытуцыя, прынятая 1.3.1962, усталявала сістэму ўскосных выбараў у заканад. органы ўлады, легалізавала паліт. партыі. У 1965 Аюб Хан абраны прэзідэнтам. У сак. 1969 ён перадаў уладу ген. А.М.Ях’я Хану, пры якім у снеж. 1970 адбыліся першыя ў гісторыі П. ўсеаг. выбары. У выніку выбараў большасць месцаў у парламенце атрымала ўсх.-пакістанская Нар. ліга (НЛ); Пакістанская нар. партыя (ПНП), якая дамінавала ў Зах. П., заняла 2-е месца. Сітуацыя ва Усх. П., насельніцтва якога было незадаволена перавагай выхадцаў з Зах. П. ва ўрадзе краіны, абвастрылася. Адмова ваенных перадаць уладу НЛ прывяла да абвяшчэння ў сак. 1971 ва Усх. П. Нар. Рэспублікі Бангладэш. Пасля ўзбр. ўмяшання Індыі пакістанскія войскі ва Усх. П. ў снеж. 1971 капітулявалі. 20.12.1971 Ях’я Хан перадаў уладу лідэру ПНП З.А.Бхута, пад кіраўніцтвам якога ажыццёўлена праграма сац.-эканам. пераўтварэнняў: новая агр. рэформа, нацыяналізацыя вядучых галін прам-сці і банкаў. П. выйшаў з СЕАТО (1972) і Брыт. Садружнасці, прызнаў незалежнасць Бангладэш (1974) і пашырыў супрацоўніцтва з СССР; ідэалогіяй ПНП абвешчана канцэпцыя «ісламскага сацыялізму». У жн. 1973 прынята 3-я канстытуцыя П., якая абвясціла іслам дзярж. рэлігіяй, а краіну — Ісламскай Рэспублікай П. Б.ч. паўнамоцтваў прэзідэнта былі перададзены прэм’ер-міністру. На фоне абвастрэння ўнутрыпаліт. становішча 5.7.1977 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. рэжым на чале з ген. М.Зія-уль-Хакам (прэзідэнт П. з вер. 1977) змяніў унутр. і знешні курс П. Некаторыя нацыяналізаваныя прадпрыемствы вернуты б. уладальнікам, уведзена надзвычайнае становішча. У 1985 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, якія давалі прэзідэнту надзвычайныя паўнамоцтвы. У жн. 1988 Зія-уль-Хак загінуў у авіяц. катастрофе. На парламенцкіх выбарах перамагла ПНП на чале з Б.Бхута. Але прэзідэнт Г.Ісхак Хан абвінаваціў урад Бхута ў недзеяздольнасці і карупцыі і ў жн. 1990 распусціў парламент. На выбарах 1993 зноў перамагла ПНП. Новыя выбары ў лют. 1997 скончыліся перамогай Пакістанскай мусульм. лігі на чале з М.М.Н.Шарыфам, які ў 1990—93 быў прэм’ер-міністрам П. Даўні канфлікт П. і Індыі з-за Кашміра абвастрыўся. Пасля інд. выпрабаванняў ядз. зброі ў маі 1998 П. правёў уласныя ядз. выпрабаванні. Намаганні Шарыфа сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках абвастрылі яго адносіны з арміяй. 12.10.1999 ваенныя скінулі Наваз Шарыфа і распусцілі парламент. Новым кіраўніком П. стаў ген. П.Мушараф. П. — чл.ААН з 1947. Дыпламат. адносіны паміж П. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Пакістанская нар. партыя, Пакістанская мусульм. ліга.
Гаспадарка П. — аграрна-індустр. дзяржава з шматукладнай эканомікай. Валавы нац. прадукт — 270 млрд.дол., каля 2000 дол. на душу насельніцтва (1998). У прам-сці важную ролю адыгрывае дзярж. сектар. Эканоміка перажывае перыяд пераходу ад дзярж. рэгулявання да свабоднага рынку. Праводзяцца дэнацыяналізацыя і прыватызацыя дзярж. сектара. Расце роля прыватных манапал. аб’яднанняў. У сельскай гаспадарцы ствараецца 24% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 26%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 млн.га зямель, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 21,7 млн.га, пад пашай — каля 40 млн.га. Арашаецца 17,1 млн.га, што дазваляе збіраць 2—3 ураджаі за год. Зямля ў асн. належыць памешчыкам і буйным фермерам, сяляне — пераважна арандатары. Харч. культуры займаюць каля 80% пасяўной плошчы. Валавы збор (млн.т, 1997): пшаніцы — 16,7, рысу — 4,3, кукурузы — 1,3, цукр. трыснягу — 41,9. Вырошчваюць таксама бавоўнік (займае больш за 10% пасяўной пл.), прасяныя культуры (баджра, джавар), ячмень, алейныя (рапс, гарчыца), тытунь. Пшаніцу вырошчваюць пераважна ў Пенджабе на арашальных землях, рыс — у нізоўях Інда і на забалочаных тэр. Пенджаба, бавоўнік — у Сіндзе і міжрэччы Джэлама і Сатледжа, цукр. трыснёг — у раёне г. Пешавар, алейныя — у даліне р. Інд, прасяныя і ячмень — на неарашальных землях. Усюды сеюць зернебабовую культуру нут (асн. крыніца бялку ў рацыёне пакістанцаў). Садоўніцтва: фінікі ў далінах Белуджыстана, абрыкосы і плады тутавага дрэва ў горных раёнах, манга, цытрусавыя, фігавае дрэва на раўнінах. Вінаградарства. Агародніцтва. Жывёлагадоўля нізкапрадукцыйная, мае другараднае значэнне, выкарыстоўвае натуральныя пашы ў гарах, пустынях і паўпустынях, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У земляробчых раёнах гадуюць пераважна цяглавую буйн. раг. жывёлу і буйвалаў, часткова авечак, развіта птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйвалаў — 21,2, буйн. раг. жывёлы — 18, коз —48,6, авечак — 32,3, птушкі — 200. Меншае значэнне мае гадоўля коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Развіта рачное і марское рыбалоўства, лоў крэветак. У 1997 вылаўлена 575,1 тыс.т рыбы. Рыбаводства ў сажалках і на рысавых палях. Прамысловасць развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі, у апошнія гады павялічвае выпуск прадукцыі прыкладна на 10% за год. У горназдабыўной прам-сці вядзецца здабыча прыроднага газу (Белуджыстан, 15,8 млрд.т, 1997), храмітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў; невялікая здабыча нафты і бурага вугалю. Энергетыка заснавана пераважна на імпартнай нафце. Некалькі буйных ГЭС на горных і перадгорных рэках, найб. Тарбела на р. Інд (на ПнЗ ад Ісламабада); АЭС каля Карачы. Выпрацавана эл.-энергіі 57,6 млрд.кВтгадз (1997).
Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: тэкст., харч., хім., цэм., сталеплавільная, газавая, нафтаперапрацоўчая. Тэкст.прам-сцьнайб. развіта ў Карачы і гарадах Пенджаба, пераважае перапрацоўка бавоўны, вытв-сць пражы і тканін. Пешавар — цэнтр шаўкаткацтва. Прамысл. дыванаткацтва. Меншае значэнне мае выраб тканін шарсцяных і са штучнага валакна. Прадпрыемствы швейнай і трыкат. прам-сці ў Карачы, Хайдарабадзе, Фейсалабадзе, Лахоры, Акары. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці (Карачы, Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад). На базе лясных масіваў развіты дрэваапр. і мэблевая прам-сць (Карачы, Пешавар). Харч.прам-сць прадстаўлена вял. колькасцю мукамольных, рысаачышчальных, цукр., маслабойных і алейных, малочных і інш. прадпрыемстваў. Карачы — цэнтр рыбаперапрацоўкі. Горад Акара — цэнтр здабычы і апрацоўкі солі. Тытунёвыя і цыгарэтныя ф-кі ў Карачы, Хайдарабадзе, Джэламе. Развіваецца металаапрацоўка і машынабудаванне. Асн. цэнтры металаапрацоўкі — Карачы (металургічны з-д), Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад, машынабудавання — Карачы (судны, эл.-тэхн., зборка трактароў, мотаролераў), Равалпіндзі (вагонабудаванне), Хайдарабад (с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне), Мултан (с.-г. інвентар), Гуджранвала і Сіялкот (эл.-тэхн., мед. абсталяванне), Джэлам (паліграф. абсталяванне). Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, разнастайнай хім. прам-сці — г. Карачы. Цэнтры вытв-сці мінер. угнаенняў — Лахор і Мултан. Ёсць прадпрыемствы цэм., буд. матэрыялаў, шкляной, гумава-тэхн., папяровай, паліграф. і інш. галін прам-сці. Шырока развіты саматужныя промыслы і рамёствы. Найб. пашыраны хатняе ткацтва, пашыў нац. адзення, выраб дываноў, кашмірскіх шаляў, ювелірных упрыгожанняў, вышыўка па шоўку, апрацоўка паўкаштоўных камянёў, разьбярства па дрэве, серабру, медзі, бронзе, ганчарны промысел. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс.км): аўтадарог — 224,7 (у т. л. з цвёрдым пакрыццём 128,1 тыс.км, 60% пасаж. і грузавых перавозак), чыгунак — 8,8. У краіне 800 тыс. легкавых, 300 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. газаправодаў 4 тыс.км. Значная роля гужавога транспарту. Гал. марскі порт — Карачы. У краіне 116 аэрапортаў. Міжнар. аэрапорты ў Карачы, Ісламабадзе, Лахоры. У 1998 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт — 10,1 млрд.дол. Экспартуюцца бавоўна, рыс, рыба і рыбапрадукты, баваўняныя тканіны, дываны, скуры і скургалантарэя, адзенне. У імпарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прамысл. сыравіна і абсталяванне, трансп. сродкі, алей, жывёльны тлушч, чай, хімікаты, угнаенні. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Германія, Вялікабрытанія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Знешні доўг больш за 30 млрд.дол. Развіваецца турызм. У 1997 расходы замежных турыстаў перавысілі 111 млн.дол. Грашовая адзінка — пакістанская рупія.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (587 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (247 тыс.чал., у т. л. 185 тыс.чал. у нац. гвардыі, 3,5 тыс.чал. у пагран. войсках і 25 тыс. рэйнджэраў; 1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 520 тыс.чал., 2120 танкаў, 850 бронетранспарцёраў, больш за 3,5 тыс. гармат, у т. л. 2 тыс. зенітных, 725 мінамётаў і інш. У ВПС 45 тыс.чал., 429 баявых самалётаў, 134 верталёты, у т. л. 20 ударных, якія арганізацыйна ўваходзяць у склад сухап. войск. У ВМС 22 тыс.чал., у т. л. 1,2 тыс.чал. у марской пяхоце, 9 падводных лодак, 16 баявых караблёў, у т. л. 3 эсмінцы, 8 фрэгатаў, 5 тральшчыкаў; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Мед. дапамога малазабяспечанай ч. насельніцтва бясплатная ў дзярж. бальніцах, паслугі прыватных урачоў платныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,2, жанчын 60 гадоў (1999). Смяротнасць — 11 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1517 чал., урачамі — 1 на 1863 чал. Узровень нараджальнасці — 34 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,4%. Дзіцячая смяротнасць — 93 на 1 тыс.чал. (1999). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за ўзроўнем нараджальнасці (планавая стэрылізацыя).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1200 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты на урду — «Джанг» («Барацьба», з 1937), «Імроз» («Сёння», з 1948), «Машрык» («Усход», з 1963), на англ. — «The Pakistan Times» («Пакістанскі час», з 1947), «Muslim» («Мусульманін», з 1979), на англ. і гуджараці — «Dawn» («Світанне», з 1942), на англ. і урду мовах — «Nawa-i-Waqt» («Новы час», з 1940). Інфарм. агенцтвы — урадавае Асашыэйтэд Прэс оф Пакістан (АПП, з 1947), прыватныя — Пакістан Прэс Інтэрнэшанал (ППІ, з 1956), Юнайтэд Прэс оф Пакістан (ЮПП, з 1949), Індэпэндэнт Ньюс оф Пакістан (з 1991). Радыёвяшчанне з 1947. Тэлебачанне з 1964. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуюць урадавыя службы — Пакістанская радыёвяшчальная карпарацыя (з 1947 як Радыё Пакістана, з 1972 сучасная назва) і Пакістанская тэлевізійная карпарацыя (з 1967). Перадачы вядуцца на 24 мовах.
Літаратура. Развіваецца з 1947 на аснове нац. л-р урду, сіндхі, пенджабскай, пушту, гуджарацкай, белуджскай, бенгальскай (да 1971) і агульнай фальклорна-літ. і культ. спадчыны народаў Паўн. Індыі. У 1950—60-я г. зарадзілася пісьмовая л-ра на мовах і дыялектах малых этн. груп (драгуі і інш.). Асн. кірункі ў л-ры П. — рэалістычны і часткова рамантычны, з 1950-х г. пашырыліся разнастайныя мадэрнісцкія кірункі. Значнае месца занялі пераклады зах,еўрап., рус. класікі і сав. л-ры. Найб. паспяхова развіваецца л-ра урду: вядомыя паэты — Джош Маліхабадзі (рэв. рамантык), А.Ф.Фаіз, А.Н.Касмі (выступае і як празаік), Э.Даніш, Ш.Катыль, мадэрністы Міраджы, Н.М.Рашыд, празаікі-рэалісты С.Х.Манта, Гулам Абас, Мірза Адыб, Х.Інтызар, С.Шаўкат. Пашыраны дэтэктыўны і мусульм. раманы, развіваецца драма. Патрыят. ідэямі прасякнута творчасць пісьменнікаў сіндхі (паэзія Шэйха Аяза, проза Г.Х.Балуча, Дж.Абру), публікуецца багаты сіндхскі фальклор. Значных поспехаў дасягнула паэзія пушту (С.Р.Захейлі, С.Самандар, А.Х.Шынвары). Рэаліст. кірунак у прозе прадстаўлены творчасцю М.Абдулкарыма, К.Маманда, В.М.Туфана, рамант. — Махдзі. Для пенджабскай л-ры характэрны зварот да класічных традыцый і фалькл. спадчыны (Фаіз). Развіваецца пераважна паэзія (М.Ніязі, А.Рахі). Белуджская л-ра ў стадыі станаўлення. З патрыят. вершамі выступаюць Азад Джамалдзіні, Г.Насір, у жанры апавядання — Б.Рыкі, Г.М.Шахвані. Невял. група паэтаў піша на гуджараці, араб. і перс. мовах, на серайкі, брагуі і мультані, якія маюць вузкарэгіянальнае значэнне. У 1959 засн. «Гільдыя пісьменнікаў Пакістана».
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва маюць агульныя гіст. карані з маст. культурай Індыі, але вызначаюцца мясц. асаблівасцямі. На тэр. П. пры раскопках выяўлены рэшткі паселішчаў 4—3-га тыс. да н.э. з дамамі з каменю і цэглы-сырцу (Амры, Рана-Гхундаі), рэгулярна спланаванага гар. паселішча 3-га тыс. да н.э. (Кот-Дыджы), ганчарныя вырабы з размалёўкай, метал. ўпрыгожанні, гліняныя статуэткі жанчын і жывёл. У даліне р. Інд адкрыты руіны цэнтраў харапскай цывілізацыі — Махенджа-Дара і Харапа (каля сярэдзіны 3—2-га тыс. да н.э.). У 3 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. ў вобласці Гандхара склалася самабытнае мастацтва, якое дасягнула высокага развіцця ў перыяд Кушанскай дзяржавы (рэшткі каменных культавых збудаванняў, у т. л. 60 скальных ступ у Мінгоры, упрыгожаных скульпт. рэльефамі, ляпнінай, статуямі Буды, бадхісатваў і геніяў, размалёўкамі, чайцья, будыйскіх комплексаў Дхармараджыка і Джаўліян у Таксіле і інш.). З 8 ст. развівалася араб. культура (рэшткі горада-порта Банбхора з масіўнымі каменнымі ўмацаваннямі і мячэццю). З 11 ст. пашырылася буд-ва мячэцей, мінарэтаў, маўзалеяў, рэзідэнцый і абарончых збудаванняў у гарадах Лахор, Мултан, Пешавар і інш. Масавая жылая забудова — глінабітная або з цэглы-сырцу, з драўляным каркасам. Манум. будынкі ўзводзілі пераважна з абпаленай цэглы, у іх аздабленні выкарыстоўвалі панэлі, запоўненыя мазаічнымі ўзорамі і разьбой па дрэве. На культавую архітэктуру 13—15 ст. паўплывалі традыцыі крапаснога дойлідства (маўзалей Рукні-Алам у Мултане, 14 ст.). У 16—17 ст. гарады абносілі масіўнымі сценамі і абкружалі садамі, па-за сценамі ствараліся магутныя фарты з палацамі, урадавымі і культавымі будынкамі. Сярод найб. значных пабудоў мячэць Шах-Джахана, маўзалеі могілак на ўзгорку Маклі—Мірза Іса Хана ў Таце і інш. У выяўл. мастацтве найб. росквіту дасягнула мініяцюра магольскай школы. У сярэдзіне 19—20 ст. пад уплывам англ. каланізатараў цэнтры традыц. культуры заняпалі. Развіваліся новыя гарады, у якіх будавалі парты, вакзалы, муніцыпалітэты (Карачы і інш.). У стылістыцы пераважалі формы нац. архітэктуры 17 ст. (купалы, аркады, арнаментальная разьба па каменю або каляровых глазураваных плітках), англ. неакласіцызму і неаготыкі. Пасля ўтварэння П. (1947) інтэнсіўна развіваюцца новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай і забудовай малапавярховымі дамамі з унутр. дворыкамі (Ісламабад, Даўдхейль, Новы Кхаўр і інш.), будуюцца мячэці і маўзалеі ў традыц.арх. стылях з выкарыстаннем сучасных канструкцый. У выяўл. мастацтве захоўваюцца традыцыі магольскай школы мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (А.Бакш, А.Р.Чугтаі, Ф.Рахаміні і інш.), пашыраецца мастацтва зах.-еўрап. тыпу (З.Агха, Ш.Алі, Гулгі, А.Іслам і інш.). Са стараж. відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва развіваюцца апрацоўка металу, ганчарства, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па косці і дрэве.
Музыка П. на працягу многіх стагоддзяў была непарыўна звязана з муз. культурай паўн. часткі Індастана, т.зв. традыцыя хіндустані. Стараж. цывілізацыі, што існавалі на тэр. П., склалі падмурак самабытнай музыкі, якая ўвабрала ў сябе традыцыі муз. культур араб. свету і Індыі. З 8 ст. развіваюцца разнастайныя формы музіцыравання, звязаныя з мусульм. традыцыямі: рэліг. (рэчытацыя тэкстаў Карана і інш.) і свецкія, прадстаўленыя традыц. вакальна-інстр. музыкай і танц. фальклорам розных рэгіёнаў. Муз. інструментарый роднасны інструментам Паўн. Індыі, Непала і Бангладэш. Найб. пашыраны струнныя — сітар, сарод, сарангі, танпура, рабаб, духавыя — шэнаі (габой), бансоры (флейта), алгоза (падвойная флейта), ударныя — табла, пакхавадж і інш. Класічная музыка П. развівалася пераважна пры дварах мусульм. правіцеляў. У 16—17 ст. яна дасягнула высокага ўзроўню, шырока вядомымі сталі класічныя і паўкласічныя жанры дхрупад, кхаял, у 18—19 ст. — газал, тхумры, дадра, тапа і інш. Пасля 1947 развіццё муз. культуры П. набыло новыя, самаст. кірункі. Стваральнік сучаснай музыкі П. — спявак і выканаўца на сарангі Умрао Бунду Хан. Сярод сучасных музыкантаў П.: вакалісты Назакат Алі Хан і Саламат Алі Хан (браты), Фатэх Алі Хан, інструменталісты Абдул Вахід Хан (сарангі), Кабір Хан (сітар), Ала Дыта (табла) і інш. З 1971 развіццё муз. культуры П. каардынуе і накіроўвае Нац. савет па справах мастацтва.
Герб і сцяг Пакістана.У гарах на ПнПакістана.Сталіца Пакістанаг. Ісламабад.Да арт.Пакістан. На рынку рамесніцкіх вырабаў.Да арт.Пакістан. Хайберскі перавал, праз які праходзіць асноўная аўтадарога ў Афганістан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (афрыкаанс Republiek van Suid-Afrika, англ. Republic of South Africa),
ПАР, дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн з Намібіяй, Батсванай, Зімбабве, на ПнУ з Мазамбікам і Свазілендам. Унутры краіны знаходзіцца дзяржава Лесота (анклаў на тэр. ПАР). На З абмываецца Атлантычным ак., на Пд і У — Індыйскім ак.Пл. 1219,9 тыс.км². Нас. 43426,4 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — афрыкаанс, англійская, ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Сталіца — г.Прэторыя, рэзідэнцыя парламента — г.Кейптаўн. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень Свабоды (27 крас.).
Дзяржаўны лад. ПАР — рэспубліка. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца Нац. асамблеяй з яе членаў тэрмінам на 5 гадоў, з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Нац. савету правінцый (верхняя палата, 90 чал., выбіраюцца па 10 чал. ад кожнага правінцыяльнага заканад. органа) і Нац. асамблеі (ніжняя палата, 400 чал., выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў на аснове прапарцыянальнага і прадстаўніцтва).
Прырода. Большая ч. краіны знаходзіцца ў межах Паўд.-Афрыканскага пласкагор’я. У рэльефе пераважаюць плато і пласкагор’і на выш. 800—1500 м, абмежаваныя на У і ПдУ стромкімі схіламі Вял. Уступу (выш. да 3482 м). На ПнЗ частка пустыні Калахары. На Пд сярэдневышынныя Капскія горы. Уздоўж берагоў вузкая паласа нізін. Нетры надзвычай багатыя разнастайнымі карыснымі выкапнямі: залатыя (1-е месца ў свеце), уранавыя (2-е месца), жал., хромавыя, ванадыевыя, сурмяныя, плацінавыя, тытанавыя, цырконавыя, медныя, свінцовыя і інш. руды, алмазы, каменны вугаль, апатыты, азбест; радовішчы каменнай солі, рэдкіх і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат унутр. раёнаў трапічны кантынентальны, на ПдУ — субтрапічны мусонны, на ПдЗ — субтрапічны міжземнаморскі. Сярэднія т-ры зімовых месяцаў (чэрв.—жн.) на пласкагор’і 7—17 °C, летніх 18—24 °C; ападкаў 150—750 мм за год. На Пд сярэднія т-ры летніх месяцаў каля 21 °C, зімовых каля 13 °C; ападкаў 650—750 мм за год. Найб. ападкаў на ўсх. узбярэжжы і на ўсх. схілах Драконавых гор (1000—2000 мм за год), найменш — на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. (менш за 100 мм). Найб. рэкі Аранжавая, Лімпопа, Грэйт-Фіш. Пераважае саванная і стэпавая (на У), паўпустынная і пустынная (на 3) расліннасць. Пад лесам і хмызнякамі 7% тэрыторыі. Адзначаюцца фларыстычная і фауністычная своеасаблівасці (гл.Капская біягеаграфічная вобласць). Характэрныя жывёлы — сланы, насарогі, зебры, антылопы, гіены, віверы, жырафы, ільвы, леапарды. Шмат насякомых. Нац. паркі: Кругера, Калахары-Гемсбак і інш., каля 300 запаведнікаў і фауністычных рэзерватаў. Ахоўваемыя тэр. займаюць 60 тыс.км.
Насельніцтва. ПАР — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 75,2% насельніцтва. Пераважаюць народы групы банту — ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Жывуць таксама гатэнтоты і бушмены. Выхадцаў з Еўропы і іх нашчадкаў 13,6%. Гэта ў асноўным афрыканеры (каля 3,5 млн.чал., 1999) і англа-паўднёваафрыканцы (каля 2 млн.чал.), невял. групы англічан, яўрэяў, немцаў і інш. Больш за 3,5 млн. метысаў, больш за 1 млн. выхадцаў з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў хрысціян 68%, прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 28,5%, мусульман 2%, індуістаў 1,5%. Сярэднегадавы прырост 1,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 35,6 чал. на 1 км. Больш шчыльна населена ўсх.ч. краіны, асабліва горна-прамысл. раёны і ўзбярэжжа. Гар. насельніцтва 50%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., 1999): Кейптаўн — 2,4, Іаганесбург — 1,9, Прэторыя — 1,1. У прам-сці занята 29% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 30%, у абслуговых галінах і кіраванні — 41%. Працуюць значныя групы рабочых з суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельніцтва ПАР — плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пач. 17 ст.б.ч.тэр. ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш. Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—88 Паўд. Афрыку, — партуг. мараплавец Б.Дыяш. У 1652 прадстаўнік галандскай Ост-Індскай кампаніі Я.Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У 1680-я г. да галандскіх пасяленцаў далучылася група франц.гугенотаў, якія выратаваліся ад рэліг. праследаванняў на радзіме. У выніку ўзнікла новая этн. супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на блізкай да галандскай, але асобнай мове — афрыкаанс. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі ўзнікла супольнасць «метысаў» — т.зв. каляровых. Рух бураў ва ўнутр. раёны Афрыкі прывёў да сутыкнення з народам коса. У выніку т.зв. кафрскіх войнаў (1770—1860-я г.) землі коса далучаны да Капскай калоніі. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву з моцнай арміяй. У 1806 Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брыт. панаваннем прывяла ў 1836—37 да «Вял. трэка» — перасялення ч. бураў на чале з П.Рэтыфам на свабодныя землі. У снеж. 1838 буры на чале з А.Прэторыусам разбілі зулускае войска і стварылі ў 1839 на захопленых у зулусаў землях рэспубліку Наталь, якую Вялікабрытанія анексіравала ў 1843 (з 1856 калонія). Пазней створаны інш. бурскія рэспублікі: Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўд.-Афр. Рэспубліка (Трансвааль, 1852). У 1879 англічане канчаткова падпарадкавалі зулу і да 1880-х г. наблізіліся да бурскіх рэспублік. Спроба англічан захапіць іх скончылася паражэннем брыт. войск пры Маджубе (1881), што прымусіла Вялікабрытанію прызнаць незалежнасць АСД і Трансвааля. У 1880-я т. ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты. Паводле прынятага ў 1909 брыт. парламентам закона 31.5.1910 Капская калонія, Наталь і бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўд.-Афр. Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. Садружнасці. Першыя ўрады ПАС узначальвалі лідэры Паўд.-афр. партыі (ПАП) Л.Бота (1910—19) і Я.Х.Смэтс (1919—24). Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5% насельніцтва краіны ў 1910), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67% насельніцтва). У 1913 прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13% тэр. краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 да ўлады Нацыяналіст. партыі (НП), урад якой на чале з Дж.Герцагам (1924—33) прыняў у 1924—26 законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 ПАС атрымала пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 1933 створаны аб’яднаны ўрад НП і ПАП на чале з Герцагам і Смэтсам, а ў 1934 абедзве партыі злучыліся ў Аб’яднаную партыю. У 1935 найб. кансерватыўныя члены б. НП аднавілі «ачышчаную» НП на чале з Д.Ф.Маланам. У 2-ю сусв. вайну ўрад Смэтса (1939—48) накіраваў на фронт больш за 300 тыс.чал., якія змагаліся ў складзе брыт. войск супраць Германіі і Італіі. На выбарах у маі 1948 перамагла НП. Яе ўрады Малана (1948—54), І.Г.Стрэйдама (1954—58) і Х.Ф.Фервурда (1958—66) ажыццяўлялі дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спец. пасяленні (лакацыі), у 1957 ім канчаткова забаранілі займацца кваліфікаванай працай; у 1959 ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21.3.1960 паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве забаронена буйнейшая афр.паліт.арг-цыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідэры на чале з Н.Мандэлам арыштаваны.
31.5.1961 абвешчана Паўд.-Афр. Рэспубліка, краіна выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 Ген. Асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканам. санкцый і разрыву дыпламат. адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б.І.Форстэра (1966—78) афр. рэзерваты аб’яднаны паводле этн. прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын», гл.Бантустаны), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў. У чэрв. 1976 расстрэл паліцыяй дэманстрацыі афр. школьнікаў прывёў да паўстання ў лакацыі Соўэта. Пашыралася партыз. барацьба ваен. крыла АНК — «Умконтаве сізве» («Кап’ё нацыі»). Пад націскам выступленняў афрыканцаў і сусв. супольнасці ўрад П.Боты (1978—84) вымушаны быў абвясціць некаторыя рэформы, якія, аднак, не закраналі асноў апартэіду. Новая канстытуцыя 1983 пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта (з 1984 — Бота), каляровыя і азіяты атрымалі права голасу, але карэнныя афрыканцы па-ранейшаму былі пазбаўлены ўсіх грамадз. правоў. Новы прэзідэнт ПАР Ф.В. дэ Клерк (1989—94) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 вызвалены Мандэла, легалізаваны АНК і інш.афр. партыі. У 1991 апартэід скасаваны. У выніку перагавораў паміж кіраўніцтвам НП, АНК, зулускай Партыі свабоды Інката і інш. арг-цыямі ў 1993 створаны Пераходны выканаўчы савет, які арганізаваў у крас. 1994 першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідэр Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—99) намеціў асн. кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Гэты курс прадоўжыў пераемнік Мандэлы на пасадзе кіраўніка АНК і краіны Т.Мбекі (з чэрв. 1999). ПАР — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі афр. адзінства (з 1994). Дыпламат. адносіны паміж ПАР і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1993. Дзейнічаюць паліт. партыі: Афр.нац. кангрэс. Нацыяналіст. партыя, Партыя свабоды Інката, Панафр. кангрэс і інш.
Гаспадарка. ПАР — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем развіцця, найб. развітая ў эканам. адносінах дзяржава Афрыкі. Складаючы 5% тэр. і 9% насельніцтва кантынента, яна выпускае каля 40% прамысл. і каля 30% с.-г. прадукцыі Афрыкі, па эканам. узроўні займае 25-е месца ў свеце. Валавы ўнутр. прадукт складае 290,6 млрд.дол. — па 6,8 тыс.дол. у год на душу насельніцтва (1998). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі складае 39%, сельскай гаспадаркі — 5%, абслуговых галін — 56%. Важныя пазіцыі ў эканоміцы належаць мясц. і замежнаму капіталу.
Значнае месца займаюць дзярж. прадпрыемствы (асабліва ў чорнай металургіі, электраэнергетыцы, цяжкім машынабудаванні, хім. прам-сці). У прамысловасцінайб. развіта горназдабыўная галіна, засяроджаная гал. чынам у паўн. і цэнтр. раёнах. ПАР займае адно з вядучых месцаў у свеце па здабычы золата (каля 700 т штогод, больш за 50% здабычы ў свеце), плаціны (каля 100 т, больш за 60% здабычы ў свеце), алмазаў (пераважна ювелірныя, штогод больш за 10 млн. каратаў), храмітаў (больш за 3 млн.т), марганцавай руды (больш за 3 млн.т), ванадыю, сурмы, азбесту, уранавых канцэнтратаў. Здабываецца жал. руда (каля 15 млн.т штогод), медзь, волава, нікель, тытан, свінец і цынк, рэдкія і рэдказямельныя металы. Значная здабыча горнахім. сыравіны (флюарыту, фасфатаў, барыту, пірыту і каменнай солі), буд. матэрыялаў, прыроднага каменю і інш. Аснова паліўна-энергет. рэсурсаў — каменны вугаль (каля 170 млн.т штогод). У 1996 атрымана 186,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на ЦЭС, 6,3% на АЭС, 0,7% на ГЭС. Развіта чорная (Прэторыя, Фандэрбейлпарк, Ферыніхінг, Ньюкасл) і каляровая (Спрынгс, Джэрмістан, Прэторыя, Акіп) металургія. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне і металаапрацоўка: вытв-сць горнага, эл. і чыг. абсталявання, рэек, пад’ёмных кранаў, катлоў, с.-г. машын, рухавікоў, буд-ва і рамонт суднаў, зборка аўтамабіляў і інш.; асн. іх цэнтры — гарады Іаганесбург, Кейптаўн, Джэрмістан, Спрынгс, Ферыніхінг. Хім.прам-сць цесна звязана з горназдабыўной. Найб. значэнне маюць нафтаперапрацоўка (Кейптаўн, Дурбан), вытв-сць выбуховых рэчываў, штучных угнаенняў, сернай кіслаты, лакаў і фарбаў (раёны Іаганесбурга, Кейптаўна, Дурбана). Развіты харч. (мукамольная, мясная, вытв-сць цукру, агароднінных, фруктовых, рыбных кансерваў), тэкст. і швейная, радыётэхн. і радыёэлектронная, дрэваапр., гарбарна-абутковая, тытунёвая, шкляная, цэм., буд. матэрыялаў, папяровая, паліграф.прам-сць. Спецыфічная галіна — агранка алмазаў (Кейптаўн і Іаганесбург). Лясная прам-сць. Сельская гаспадарка — асн. крыніца існавання для большасці карэннага насельніцтва. Ёсць буйныя таварныя гаспадаркі белых фермераў (сярэдні памер 1 тыс.га) і нізкапрадукц. дробныя гаспадаркі афрыканцаў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,4 млн.га, арашаецца 1,3 млн.га; большая ч. краіны (каля 81,7 млн.га, пераважна на 3), выкарыстоўваецца пад пашу. Найб. значэнне мае жывёлагадоўля — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы, воўнавых авечак, пуховых ангорскіх коз. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 13,8, авечак — 30, коз — 7, свіней — 1,6. Каля гарадоў буйныя птушкагадоўчыя комплексы (59 млн. курэй, 1997). У раслінаводстве найб. развіта збожжавая гаспадарка. Асн. культуры (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г.): кукуруза — каля 7 млн.т, пшаніца — 2 млн.т, цукр. трыснёг — 2,2 млн.т цукру-сырцу. Сеюць таксама сорга, жыта, авёс, бабовыя. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, яблыкі) і вінаградарства найб. развіты ў раёне Кейптаўна, цытрусавыя і бананы — на Пн. У паўн. раёнах на арашальных землях значныя пасевы бавоўны і тытуню. Кветкаводства, пчалярства. Марское рыбалоўства (509,4 тыс.т рыбы, 1997), асн. база рыбалоўнага флоту — г. Іст-Лондан. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс.км, 1995): чыгунак — 21,4, аўтадарог — 331,3, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 137,5, магістральных трубаправодаў (для перапампоўвання нафты, нафтапрадуктаў, газу) — 3. У краіне 4,4 млн. легкавых і 1,6 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Дзейнічае 749 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Кейптаўна і Іаганесбурга. Знешнегандл. сувязі пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Кейптаўн, Дурбан, Іст-Лондан, Порт-Элізабет, значная роля мазамбікскага порта Мапуту. У 1998 экспарт склаў 28,7 млрд.дол., імпарт — 27,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць золата (20%), інш. металы і алмазы (разам з брыльянтамі, 20—25%), каменны вугаль, харч. прадукты, хімікаты, шэрсць, віны, кансервы, горнае абсталяванне; у імпарце — машыны, трансп. сродкі, хімікаты, нафта, нафтапрадукты, тэкстыль, навук. абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Італія. ПАР — краіна развітога турызму. У 1997 замежны турызм прынёс даход у 2,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — рэнд.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 80 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя і інш.), усяго 138 тыс.чал. (1998). Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 54,3 тыс.чал., 224 танкі, больш за 3 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, каля 500 гармат, 600 зенітных установак і інш. У ВПС 11,4 тыс.чал., 114 баявых самалётаў, 14 баявых верталётаў. У ВМС 8 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 6 тральшчыкаў, 9 катэраў, у т. л. 6 ракетных.
Ахова здароўя. Медыцына пераважна платная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 52,7, жанчын 56,9 года (1999). Смяротнасць — 12,8 на 1 тыс.чал., забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 239 чал., урачамі — 1 на 1529 чал. Узровень нараджальнасці — 25,9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,3%. Дзіцячая смяротнасць — 52 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё. тэлебачанне. У 1999 у ПАР больш за 900 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на мове афрыкаанс — «Die Burger» («Грамадзянін», з 1915), «Rapport» («Рапарт», з 1970), на англ. мове — «The Star» («Зорка», з 1887), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1906), «The Citizen» («Грамадзянін», з 1976), «Sowetan» («Жыхар Соўэта», з 1981). Нац.акц.інфарм. агенцтва — Паўд.-Афрыканская асацыяцыя прэсы (САПА, з 1938). Паўд.-Афрыканская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя (САБК, з 1936) трансліруе б.ч. тэлевізійных і некаторыя радыёпраграмы; паралельна працуюць 2 камерцыйныя тэлерадыёкампаніі: М-НЕТ і Боп ТВ. Перадачы вядуцца на 20 мовах. Тэлебачанне з 1976.
Літаратура народаў ПАР развіваецца пераважна на мовах афрыкаанс і англ., а таксама на мовах групы банту (зулу, коса, сута, чуана). Фальклор прадстаўлены гераічным эпасам, гіст. легендамі, стараж. бушменскімі і гатэнтоцкімі казкамі пра жывёл, чарадзейнымі зулускімі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Першыя пісьмовыя творы адносяцца да сярэдзіны 19 ст., калі з’явілася пісьменнасць на афр. мовах на аснове лац. алфавіта. Заснавальнік л-ры на мове сута — Т.Мофала, аўтар гіст. рамана «Чака» (1925). У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся антыкалан. публіцыстыка, апавяданні і раманы А.Шрэйнер, рэв.-рамант. вершы Я.Селірса, Б.У.Вілаказі, раманы Дж.Дубе, Р.Злома. Трылогія «Ампі» I. ван Бругена (1924—42) — узор крытычнага рэалізму ў л-ры на мове афрыкаанс. Вядомасць набыла паэзія т.зв. трыццатнікаў (Н. ван Вейк Лаўв, М.Крыхе). Узмацненне расісцкай палітыкі пасля 2-й сусв. вайны выклікала моцную хвалю л-ры пратэсту, якая развівалася пераважна ў рэчышчы крытычнага рэалізму (творы А.Пейтана, Н.Гордымер, Дж.Коўпа, Дж.Гордана, Э.Мпахлеле, П.Г.Абрахамса). Антырасісцкая тэма вядучая і ў л-ры 1960—70-х г. (А.Ла Гума). Вастрыня сац. праблематыкі застаецца характэрнай для твораў сучаснай л-ры ПАР (раман «Непажаданыя элементы» К.Барнарда і З.Стэндэра, проза Д.Брутуса, вершы І.Іонкер). На бел. мове выдадзены раман Абрахамса «Вянок для Удома» (1959, пер. С.Дорскі), аповесці і апавяданні Абрахамса і Ла Гумы ў зб. «Закон вольных пашаў» (1987).
Архітэктура. Са старажытнасці на тэр. ПАР пашыраны 2 тыпы нар. жытла: паўсферычныя круглыя ў плане хаціны са звязаных рамянямі жэрдак, прымацаваных да цэнтр. слупа, накрытыя травой ці шкурамі жывёл (у народаў герэра і гатэнтотаў) і круглыя або квадратныя ў плане пабудовы, накрытыя саломай, каркас якіх складаецца з укапаных па перыметры слупоў, а прамежкі паміж імі запоўнены глінай ці гноем (у народаў авамба). Асн. тып сельскага паселішча карэнных народаў — крааль. Развіццё архітэктуры еўрап. тыпу пачалося з сярэдзіны 17 ст. (форт на мысе Добрай Надзеі). Асн.буд-ва вялося ў г. Кейптаўн у духу галандскай архітэктуры 17—18 ст. (пяцівугольны ў плане каменны замак, 1662—72, арх. П.Дамбаер). У канцы 18 ст. дойлід Л.М.Цібо і скульпт. А.Анрэйт прыўнеслі ў архітэктуру элементы франц. рэнесансу (ордэр у апрацоўцы фасадаў, пышны скульпт. дэкор франтонаў). У 19 ст. інтэнсіўна развіваліся гарады (Дурбан, Прэторыя і інш.), у іх забудове да пач. 20 ст. панаваў эклектызм. У Кейптаўне пераважала неаготыка, у Іаганесбургу — неакласіцызм (арх. Х.Бейкер), у Прэторыі захоўваліся традыцыі «капскай архітэктуры». У 1920-я г. паявіліся пабудовы ў духу функцыяналізму (арх. Р.Мартынсен, У.Г.Макінташ). З сярэдзіны 20 ст. пад уплывам архітэктараў Еўропы, ЗША і Лац. Амерыкі ствараюцца добраўпарадкаваныя раёны (будынкі адм. цэнтраў, гандл. фірм, кантор, банкаў, асабнякоў).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. ПАР развівалася мастацтва плямён бушменаў і банту. Высокай тэхнікай выканання вызначаюцца шматлікія наскальныя пятрогліфы і размалёўкі (выявы жывёл, сцэны палявання, бітваў і інш.), якія датуюцца ад 7-га тыс. да н.э. да апошніх ст. да н.э. Узнікненне прафес. мастацтва звязана з культурай еўрап. перасяленцаў. У 18—19 ст. працавалі скульпт. Анрэйт, жывапісцы Д.У.Ангас, Т.У.Баулер, П.Венінг, Я.Х.Пірнеф, Ч.Пірс; у 20 ст. — жывапісцы І.Масіке, Э.Нгкоба, Ю.Нод, А.Нібе, Ж.Секота, скульпт. Дж.Кубхека, С.Кумала, С.К.Седыбане, графікі А.Дламіні, П.Кларк, Дж.Мітчэл, разьбяр па дрэве Дж.Кекана і інш. Развіваюцца традыц.маст. рамёствы: кераміка, апрацоўка металаў, выраб разьбянага начыння, апрацоўка шкур, пляценне і інш.
Музыка. Муз. культура ПАР убірае ў сябе музыку карэнных жыхароў, белага насельніцтва і выхадцаў з краін Азіі — пераважна індыйцаў. Найб.стараж. пласт — музыка бушменаў і гатэнтотаў (магічныя абрады, бытаванне муз. інструмента гора — лук). Пераважае вак. музыка; спевы звычайна шматгалосыя. Тыповыя троххордавыя, тэтрахордавыя, пентатанічныя ладавыя ўтварэнні. У муз. традыцыях народаў банту вылучаюцца традыцыі сота (танец, імітацыя працоўных рухаў у суправаджэнні спеваў і спевы без рухаў), венда са складанай сістэмай муз. жанраў (дзіцячыя і юнацкія спевы-танцы, песенна-танцавальныя жанры складанай метрарытмічнай структуры), шона (хары, інструментальныя ансамблі, характэрны дыятанічныя лады, разнастайная рытміка песень). Муз. інструменты пераважна ўдарныя (найб. ксілафоны). У аснове муз. традыцый белага насельніцтва вак. жанры (сельскія песні, балады і інш.). Вял. значэнне меў узаемаўплыў еўрап. і афр. музыкі, на харавыя спевы паўплывала хрысц. музыка, на вакальную манеру і характар акампанементу — лац.амер. вак.-танцавальныя жанры. У традыц. ансамблі ўключаюцца еўрап.муз. інструменты. Развіццю муз. жыцця ў гарадах у 1-й пал. 20 ст. спрыяла дзейнасць англ. музыканта У.Г.Бела, кампазітараў і дырыжораў А.Коўтса, Э.Чызолма. Пад уплывам зах.-еўрап. музыкі мадэрнізаваліся традыц. песенныя жанры. У 1930—50-я г. ўзніклі стылі квела, мбубе, джайв (кампазітары Р.Калуза, Э.Сангонгі і інш.). На гар.муз. культуру зулу паўплывалі паўн.-амер. джаз і блюз, музыка «кантры», спевы ў стылі «госпел» (спевакі Дж.Нгобені, Сьюзі). У 1940—50-я г. пачала фарміравацца кампазітарская школа (Г.Фаган, Б.Герстман, П.Рэйнір, А, ван Вейк). Развіццю муз. тэатра садзейнічалі Тэатр. кампанія банту (засн. ў 1953, Кейптаўн), Школа музыкі і драмы пры Саюзе артыстаў Паўд. Афрыкі (Іаганесбург), Нац.тэатр.арг-цыя (Прэторыя). Пастаўлены джазавая опера «Кінг-Конг» Т.Матчыкізы (1959), муз. спектаклі А.Трэйсі, Дж.Тэйлара, Б.Лешоая, Г.Скосана. Сярод спевакоў Дж.Магатоі, Н.Мдледле, П.Фанга, М.Макеба, Б.Самхлахла, Т.Кумала, сярод выканаўцаў джазавай музыкі піяніст Д.Брэнд. Развіваюцца формы т.зв. культываванай музыкі белага насельніцтва. Оперныя тэатры і трупы ў г. Кейптаўне (з 1893), Іаганесбургу, Прэторыі, сімфанічныя аркестры ў Іаганесбургу, Кейптаўне, Дурбане і інш. Дзейнічаюць Паўд.-Афр. кансерваторыя (з 1905, Кейптаўн), муз. ф-ты ва ун-тах у г. Кейптаўн, Прэторыя, Натал, Порт-Элізабет, Іаганесбург. Т-ваафр. музыкі ў Іаганесбургу.
Літ.:
Вяткина Р.Р. Создание Южно-Африканского Союза (1902—1910). М., 1976;
Егоров В.В., Тищенко Т.Ф. История Юга Африки (60—70-е гг.). М., 1982;
Вышинский М.П. Юг Африки: апартеид, геноцид, агрессия. М., 1988;
Асоян Б.Р. Сквозь 300 лет — от Кейпа до Трансвааля: Штрихи к портрету Южной Африки. М., 1991;
Современные литературы Африки: Вост. и Юж. Африка. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЯ (на мове хіндзі Бхарат),
Рэспубліка Індыя (Republic of India), дзяржава ў Паўд. Азіі на п-ве Індастан і прылеглых тэрыторыях. Па плошчы 7-я, па колькасці насельніцтва 2-я краіна ў свеце. Мяжуе на ПнЗ з Пакістанам, на Пн з Кітаем, Непалам і Бутанам, на У з М’янмай і Бангладэш. На ПдЗ абмываецца Аравійскім м., на ПдУ — Бенгальскім залівам; на Пд Манарскі зал. і Полкскі прал. аддзяляюць І. ад Шры-Ланкі. Падзяляецца на 25 штатаў і 7 саюзных тэрыторый. Пл. 3287,6 км². Нас. 944,6 млн.чал. (1996). Сталіца — г.Дэлі (афіцыйна — яго ч. Нью-Дэлі). Афіц. мовы — хіндзі і англійская (часова), афіцыйна выкарыстоўваюць таксама 17 рэгіянальных моў асобных штатаў і мёртвую мову санскрыт. Нац. святы — Дзень незалежнасці (15 жн.) і Дзень рэспублікі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. І. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1950 (са шматлікімі дапаўненнямі). Уваходзіць у Садружнасць. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбіраюць члены парламента і заканад. сходаў штатаў тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны Кангрэс: ніжняя палата — Нар. палата (не больш за 547 дэпутатаў, з якіх 545 выбіраюцца насельніцтвам, 2 назначаюцца прэзідэнтам ад англа-інд. абшчыны), верхняя палата — Савет штатаў (не больш за 150 дэпутатаў, 12 з іх назначаюцца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца шляхам ускосных выбараў). Агульны тэрмін паўнамоцтваў ніжняй палаты 5, верхняй — 6 гадоў. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Заканад. і выканаўчая ўлада ў штатах належыць заканад. сходам штатаў сумесна з губернатарамі, якіх назначае прэзідэнт, у саюзных тэрыторыях — лейтэнант-губернатарам, гал. камісарам і адміністратарам (таксама назначае прэзідэнт) і заканад. сходам і ўрадам. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца органам канстытуцыйнага нагляду, вышэйшыя суды штатаў і шэраг судоў ніжэйшых інстанцый у акругах.
Прырода. Паводле характару паверхні І. падзяляецца на 3 часткі: пласкагор’е Дэкан на Пд, горы Гімалаі і Каракарум на Пн, Інда-Гангская раўніна паміж імі. Пласкагор’е Дэкан займае амаль увесь п-аў Індастан. Складзена з метамарфічных і вывергнутых парод, вапнякоў і пясчанікаў. На У абмежавана невысокімі гарамі Усх. Гатамі (да 1680 м), на З — Зах. Гатамі (да 2633 м). На Пд паўвострава горы Кардамонавы і Анаймалай (да 2695 м). Паміж Гатамі і морам вузкімі палоскамі (да 20—30 км) цягнуцца прыбярэжныя хвалістыя нізіны. Гімалаі і Каракарум — складаныя сістэмы гор і хрыбтоў мезазойскага і альпійскага ўзросту, парушаныя разломамі. Гімалаі ўздымаюцца на Пн трыма вял. ступенямі: горы Сівалік (800—1200 м), М. Гімалаі (2500—3000 м) і Вял. Гімалаі (5500—6000 м). Найвышэйшая ў межах І. вяршыня Гімалаяў — г. Канчэнджанга (8585 м), у Каракаруме — г. Чагары (8611 м). У гарах значныя ледавікі. Снегавая мяжа на выш. 5100—5300 м. Ледавікі спускаюцца да выш. 4000—3000 м. Інда-Гангская алювіяльная раўніна размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, слаба нахілена да нізоўяў рэк Інд (на З) і Ганг (на У). Запоўнена марскімі адкладамі і рачнымі наносамі. Карысныя выкапні ў асноўным на ПнУ краіны (жал., марганцавыя, уранавыя і торыевыя руды, храміты, слюда, вугаль, нафта). У цэнтр. І. — руды каляровых металаў і вугаль, на Пд — баксіты, манацытавыя пяскі, золата, буры вугаль, на З — нафта і прыродны гаручы газ. Запасы каменнага вугалю ацэньваюцца ў 121,4 млрд.т, жал. руды — у 22,4 млрд.т. Клімат субтрапічны (на Пн) і трапічны (на Пд), мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C (каля падножжа Гімалаяў) да 27 °C (на Пд), мая — на б.ч. краіны 28—30 °C, у цэнтры Дэкана да 35 °C. Макс. колькасць ападкаў на У краіны (каля 2000—3000 мм, у Чэрапунджы сярэдняя за шмат гадоў каля 12000 мм). На астатняй тэрыторыі выпадае ў сярэднім 1000—1500 мм ападкаў за год. Засушлівыя раёны на ПнЗ Інда-Гангскай раўніны і ў цэнтры Дэкана (100—300 мм). Сезоны адрозніваюць па атм. ападках: зімовы (снеж.—люты) сухі, халаднаваты; веснавы (сак.—май) найб. гарачы, засушлівы; летні (чэрв.—ліст.) вельмі вільготны (каля 90% ападкаў за год) і менш гарачы. У гарах клімат горны субтрапічны і высакагорны. Рачная сетка на б.ч. тэрыторыі густая. Найб. рэкі: Ганг, Брахмапутра, Інд, Нармада, Гадавары, Крышна. Выкарыстоўваюцца для арашэння, буд-ваГЭС і суднаходства. На б.ч. ўнутраных пласкагор’яў пераважаюць розныя тыпы чырваназёмных і чарназёмападобных (рэгуры) глеб. Рэгуры фарміруюцца на вулканічных пародах, вызначаюцца ўрадлівасцю. На Інда-Гангскай раўніне і на прыморскіх нізінах — урадлівыя алювіяльныя глебы. У Гімалаях — вышынная пояснасць горных глеб. Расліннасць багатая і разнастайная, амаль усюды змененая чалавекам, у некат. раёнах прыродная расліннасць знішчана. У засушлівых раёнах Дэкана і на З Інда-Гангскай раўніны — саванная расліннасць з рэдкімі лясамі і калючымі хмызнякамі. На наветраных схілах Зах. Гатаў, ва ўсх.ч. Гімалаяў — вечназялёныя трапічныя лясы (сал, чорнае і чырвонае дрэвы і інш.) з мноствам эпіфітаў і ліян. На падветраных схілах Зах. Гатаў, на ПнУ Індастана і на У Інда-Гангскай раўніны — мусонныя (лістападныя) лясы. У Гімалаях добра выражана вертыкальная пояснасць расліннага покрыва ад трапічных лясоў да альпійскіх лугоў. Лясы займаюць 24% тэр. краіны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, тыгры, гіены, леапарды, шакалы, дзікія сланы, дзікія быкі гаур і бантэнг, кракадзілы, чарапахі, змеі, яшчаркі. Шмат птушак і насякомых. Каля 100 ахоўных тэрыторый, у т. л.нац. паркі Казіранга, Гірскі Лес, Манас, шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. І. — шматнацыянальная краіна, больш за 500 народнасцей і плямён. Пераважаюць нацыі і народнасці індаеўрапейскай (72%) і дравідыйскай (25%) моўных груп. Да індаеўрапейскай групы адносяцца (млн, чал., 1992): хіндустанцы — 244, біхарцы — 92,5, бенгальцы — 80, маратхі — 66,5, гуджаратцы — 46, орыя — 32,2, раджастанцы — 19,9, сікхі — 16,5, асамцы — 14,6, пенджабцы — 9; усе жывуць на Пн краіны. На Пд — народы дравідыйскай групы (млн.чал., 1992): тэлугу — 74,5, тамілы — 61, канара — 35, малаялі —35 і інш. Народы мунда (санталы, мунда, хо і інш.) жывуць у гарах Цэнтр. І. На мовах тыбета-бірманскай групы гавораць горныя плямёны і народнасці на Пн і ПнУ. Сярод вернікаў пераважаюць індуісты (83%) і мусульмане (11%). Ёсць хрысціяне (3%), сікхі (2%), будысты, джайны, парсы і інш. Сярэдняя шчыльн. 287 чал. на 1 км², на Інда-Гангскай раўніне і марскіх узбярэжжах — да 1000 чал., у гарах і засушлівых раёнах на З — менш за 50 чал. З 1977 ажыццяўляецца праграма планавання сям’і, аднак сярэднегадавы прырост складае 1,8% і насельніцтва павялічваецца штогод больш як на 15 млн.чал. У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1996): Бамбей — 15138, Калькута — 11923, Дэлі — 9948, Мадрас — 6002, Хайдарабад — 5477, Бангалор — 4799, яшчэ ў 11 гарадах больш за 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 65%, у прам-сці і абслуговых галінах — 35% насельніцтва.
Гісторыя. У І. сфарміравалася адна з найб.стараж. цывілізацый свету. Паводле археал. даследаванняў у 3-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд існавала развітая культура, створаная, верагодна, дравідыйскімі народамі. Каля 15 ст да н.э. ў І. прыйшлі плямёны арыйцаў, якія займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, былі знаёмы з рамёствамі. Яны паступова занялі тэрыторыі ў далінах рэк Інд і Ганг, часткова знішчылі, часткова ўвабралі ў сябе пэўныя элементы мясц. культур і навязалі мясц. народам уласную культуру і рэлігію (гл.Брахманізм). Правадыры мясц. плямён пачалі ствараць невял. самаст. дзяржавы (бхаратаў і інш.), што стала прычынай войнаў (напр., бітва 10 цароў у канцы 2-та тыс. да н.э., якая скончылася перамогай цара бхаратаў). З 6 ст. да н.э. сярод шматлікіх індаарыйскіх дзяржаў найб. значэнне набылі Магадха і Кашала. Імкненне арыйцаў адасобіцца ад мясц. насельніцтва прывяло да ўзнікнення варнаў (саслоўяў), унутры якіх вылучыліся замкнёныя групы — касты. Сац. няроўнасць, падзел на варны паспрыялі ўзнікненню каля 6 ст. да н.э. новых рэліг.-этычных кірункаў — будызму і джайнізму. У 327 да н.э. ў даліну Інда ўварваліся войскі Аляксандра Македонскага, але ў 325 да н.э. вымушаны былі адступіць. Пры дынастыі Маур’яў Магадха валодала амаль усёй тэр. І. і ч. сучаснага Афганістана. Росквіт дзяржавы прыпадае на часы Ашокі, які ў 3 ст. да н.э. значна ўзмацніў пазіцыі будызму і ўстанавіў шырокія гандл. сувязі з інш. краінамі. Унутр. супярэчнасці і ўварванне ў І. бактрыйскіх грэкаў (гл.Грэка-Бактрыйскае царства) прывялі да распаду дзяржавы Маур’яў. З 1—2 ст.н.э. большасць паўн. І. пад уладай Кушанскай дзяржавы. Пасля яе распаду ў пач. 4 ст. ўлада ў паўн. І. перайшла да дынастыі Гуптаў (гл.Гуптаў дзяржава), якая падпарадкавала сабе і паўд. землі. Гэты час лічыцца залатым векам у гісторыі І., бо высокага ўзроўню дасягнулі навука, л-ра, мастацтва. У канцы 5 ст. дзяржава гуптаў распалася пад націскам гунаў. Кароткачасовае аб’яднанне паўн. І. адбылося ў 1-й пал. 7 ст. пры ўладару Харшы. З гэтага часу пануючай рэлігіяй стаў індуізм. У перыяд панавання ўладароў з раджпуцкіх родаў (гл.Раджпуты) пачаліся шматлікія набегі мусульман (з 712), якія ў канцы 10 ст. стварылі ў Газні дзяржаву пад уладай дынастыі Газневідаў Уладар дзяржавы Махмуд (11 ст.) ажыццявіў шэраг грабежніцкіх паходаў у І. і захапіў Пенджаб. Улада мусульман у І. ўмацавалася ў выніку заваяванняў у канцы 12 ст. Мухамеда Гуры (гл.Гурыды). На захопленых тэрыторыях у 1206 узнікла дзяржава са сталіцай у Дэлі (гл.Дэлійскі султанат). З яе ўтварэннем у І. ўзмацніўся і пашырыўся іслам. У 1398 султанат захапілі войскі Цімура, яго нашчадкі (дынастыя Саідаў) правілі да 1451, пазней уладарыла мусульм. дынастыя Лодзі. На Пд існавалі незалежныя інд. дзяржавы, найб, моцнымі з якіх былі Бахманідскі султанат і Віджаянагар.
Адкрыццё ў 1498 партуг. мараплаўцам Васка да Гамай марскога шляху ў І. прывяло да з’яўлення тут еўрапейцаў. На зах. узбярэжжы І. пачалі ўзнікаць факторыі, у 1510 партугальцы захапілі в-аў Гоа. У 1526 у паўн. І. ўварваўся ўладар Кабула З.М.Бабур, нашчадак Цімура і заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў. Пры яго пераемніках дзяржава Вял. Маголаў ператварылася ў адну з наймацнейшых і найвялікшых у гісторыі І. Вяршыні сваёй магутнасці яна дасягнула пры Акбары (1556—1605), які аб’яднаў амаль усю І. (акрамя паўд.ч.). Партугальцаў, што кантралявалі амаль увесь гандаль з І., з сярэдзіны 16 ст. пачалі выцясняць англічане (у 1600 засн.брыт.Ост-Індская кампанія, якая мела шырокія паліт. паўнамоцтвы) і французы (у 1664 засн.франц. Ост-Індская кампанія). На працягу 17 ст.англ. і франц. фарты і факторыі ператварыліся ў вял. гарады. Еўрап. каланізацыя, узмацненне сепаратызму ў асобных правінцыях, сутычкі паміж феадаламі прывялі да аслаблення краіны. Эканам. заняпад, галеча насельніцтва (пераважна сельскага), унутр. барацьба, справакаваная рэліг. нецярпімасцю правіцеля Аўрангзеба [1658—1707], выклікалі супраціўленне сялян, а таксама феадалаў і свяшчэннікаў (паўстанне ў Пенджабе, арганізаванае сектай сікхаў). Са смерцю Аўрангзеба настаў паліт. і эканам. заняпад І.
Унутр. разлажэнне дзяржавы Вял. Маголаў суправаджалася пашырэннем еўрап. каланізацыі. Абвастрэнне ў 1-й пал. 18 ст. саперніцтва паміж еўрап. дзяржавамі (асабліва Англіяй і Францыяй) прывяло да сямігадовай вайны 1756—63, якая закончылася перамогай англічан, Правадніком англ. палітыкі ў І. стала Ост-Індская кампанія. У 1757 захоплены Бенгалія і Біхар, у ходзе англа-майсурскіх войнаў (1767—99) да ўладанняў кампаніі далучана значная ч.паўд. І., княствы Майсур, Хайдарабад і інш. ператвораны ў англ. васалаў. Сітуацыю ў краіне пагоршыў голад 1769, у выніку якога вымерла каля 1/3 насельніцтва. У 1772 губернатарам Бенгаліі стаў У. Гастынгс (з 1773 ген.-губернатар). Ён рэарганізаваў падатковую сістэму, прызначыў кіраўнікамі буйных акруг англічан, увёў грамадз. і крымін. суды. Цэнтрам англ.калан. улад у І. стала Калькута. Парламенцкі акт 1784 падпарадкаваў І. непасрэдна брыт. ўраду. У выніку англа-маратхскіх войнаў (1775—1818) ліквідавана дзяржава пешв, ч. княстваў трапіла ў васальную залежнасць. Да сярэдзіны 19 ст. англічане шляхам анексій падпарадкавалі 2/3тэр. І. Яны правялі суд. рэформу (на некат. пасады былі прызначаны індусы), рэарганізавалі на еўрап. ўзор пошту, тэлеграф, правялі першую чыгунку, стварылі дэпартамент асветы, які павінен быў арганізоўваць школы для індусаў, англ. мову абвясцілі афіцыйнай. Адначасова англічане заахвочвалі сепаратысцкія тэндэнцыі ў інд. грамадстве, мясц. і племянны нацыяналізм, правакавалі спрэчкі паміж індуістамі і мусульманамі. Паступова І. ператварылася ў сыравінную базу і рынак збыту для англ. тавараў. Інтэнсіўная эксплуатацыя зямель, вял. падаткі і знішчэнне традыц. сувязей паміж рамяством і сельскай гаспадаркай разаралі інд. сялянства. Гэта стала адной з прычын Індыйскага народнага паўстання 1857—59. Пасля задушэння паўстання англ. ўладанні ў І. падпарадкаваны непасрэдна брыт. кароне. 1.1.1877 у Дэлі каралева Вікторыя ўрачыста абвешчана імператрыцай І.; ад яе імя правіў віцэ-кароль.
Прыток англ. капіталу на рубяжы 19—20 ст. паскорыў прамысл. развіццё І., паспрыяў росту нац. буржуазіі. У 1885 створана партыя ліберальна-памешчыцкіх колаў і інтэлігенцыі Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК). Хутка ў ёй аформілася радыкальная плынь на чале з Б.Тылакам, якая пасля падзелу Бенгаліі паводле рэліг. прыкмет (1905) узначаліла нац-вызв. рух. Брыт. ўлады вымушаны былі правесці шэраг рэформ і адмяніць закон аб падзеле Бенгаліі (1911). З мэтай расколу вызв. руху яны ініцыіравалі стварэнне Мусульманскай лігі (1906). У 1-ю сусв. вайну Вялікабрытанія актыўна эксплуатавала матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы І. Збядненне насельніцтва, голад і эпідэміі выклікалі ў 1918—22 уздым вызв. руху, які ўзначаліла інд. буржуазія. ІНК узяў на ўзбраенне ідэі і метады М.К.Гандзі (масавыя ненасільныя дзеянні, непадпарадкаванне англ. уладам). Прыняцце законаў, скіраваных супраць удзельнікаў вызв. руху і на замацаванне калан. становішча І., выклікалі масавы пратэст і прывялі да кровапраліцця (расстрэл мітынгу ў Амрытсары ў крас. 1919). Па закліку Гандзі ІНК пачаў у 1920 кампанію грамадз. непадпарадкавання, якая была падмацавана забастоўкамі рабочых і паўстаннямі сялян. Уплыў ІНК узрос, ён ператварыўся ў масавую партыю, а гандзізм стаў яго афіц. ідэалогіяй. У 1927 у ІНК склалася левае крыло на чале з Дж.Нэру і С.Ч.Босам, пад націскам якога Кангрэс высунуў у 1929 лозунг поўнай незалежнасці для І. Радыкальныя настроі ў вызв. руху знайшлі ўвасабленне ў стварэнні Камуніст. партыі І. (КПІ, з 1925), шэрагу рабоча-сял. партый (1926—27), успышцы тэрарызму ў канцы 1920-х г.
Сусв. эканам. крызіс 1929—33 рэзка абвастрыў супярэчнасці паміж інд. грамадствам і брыт. каланіялізмам. ІНК правёў некалькі кампаній грамадз. непадпарадкавання, у княствах Кашмір і Алвар адбыліся сял. паўстанні. Брыт. ўлады рэпрэсіямі і ўступкамі спрабавалі стабілізаваць сітуацыю (гл.«Круглага стала» канферэнцыі). У 1935 прыняты новы закон (канстытуцыя) аб кіраванні І., які пашырыў прадстаўніцтва маёмных слаёў у выбарных органах, але захаваў калан. ўладу. У 2-й пал. 1930-х г. краіну ахапілі забастоўкі рабочых і сял. выступленні супраць феад. дэспатыі князеў.
У вер. 1939 І. была ўцягнута ў 2-ю сусв. вайну. Інд. буржуазія выкарыстала антываен. рух для націску на ўлады Вялікабрытаніі і запатрабавала надання І. незалежнасці. Мусульм. ліга выступіла за стварэнне асобнай мусульм. дзяржавы Пакістан У сак. 1942 брыт. ўрад прапанаваў падзяліць пасля вайны І. на 2 дамініёны, але без стварэння нац. ўрада. У адказ ІНК пачаў новую кампанію грамадз. непадпарадкавання, але калан. ўлады арыштавалі яго лідэраў (жн. 1942). У краіне ўспыхнуў антыбрыт. рух пад лозунгам «Прэч з Індыі!». Вясной 1944 лідэры ІНК вызвалены, у 1945 падпісана пагадненне з Мусульм. лігай аб прынцыпах фарміравання часовага нац. ўрада. Брыт. ўрад быў вымушаны пайсці на ўступкі. У жн 1946 сфарміраваны часовы ўрад на чале з Нэру, а 15.8.1947 І. падзелена на 2 дамініёны — Інд. саюз і Пакістан (гл.Маўнтбетэна план). Падзел І. на рэліг. аснове выклікаў узбр. сутыкненні мусульман і індусаў (у час аднаго з іх забіты Гандзі), стварыў праблему бежанцаў, прывёў да тэр. спрэчак. У 1947—49 адбыўся ваен. канфлікт з Пакістанам з-за Кашміра.
26.1.1950 паводле новай канстытуцыі І. стала рэспублікай, абвешчаны дэмакр. свабоды, адменены розныя віды дыскрымінацыі і прымусовай працы. На першых усеагульных выбарах у пач. 1950-х г. перамог ІНК. У эканоміцы быў узяты курс на стварэнне магутнага дзярж. сектара, заахвочванне нац. і абмежаванне замежнага прыватнага капіталу, планаванне. З дапамогай замежных дзяржаў пабудаваны буйныя металург. прадпрыемствы, створаны новыя галіны прам-сці, закладзены асновы энергетыкі. У сельскай гаспадарцы ішло паступовае абмежаванне памешчыцкага землеўладання, пачалі стварацца кааператывы. У 1950-я г. штаты рэарганізаваны на нац. або лінгвістычнай аснове, а княствы ліквідаваны; асновай знешняй палітыкі абвешчаны пазітыўны нейтралітэт на базе пяці прынцыпаў мірнага суіснавання. І. стала адным з арганізатараў і лідэраў Руху недалучэння, актыўна падтрымлівала антыкалан. барацьбу інш. народаў. У 1950—60-я г. яна дамаглася вяртання шэрагу сваіх тэрыторый ад Францыі і Партугаліі.
На рубяжы 1950—60-х г. актывізаваліся правыя бурж. і рэліг.-абшчынныя партыі, адбыліся сутыкненні мусульман і індусаў у Пенджабе, Асаме, Мадх’я-Прадэш. Абвастрэнне інда-кіт. канфлікту прывяло да ўвядзення ў кастр. 1962 надзвычайнага становішча, рэпрэсій супраць КПІ (раскалолася ў 1964). Пасля смерці Нэру (1964) у краіне абвастрылася паліт. барацьба. Унутры ІНК аформіліся 2 групоўкі, якія павялі барацьбу за ўладу ў партыі і краіне. Перамаглі левацэнтрысты на чале з І.Гандзі, што ў 1966 узначаліла ўрад. Пачалася рэалізацыя «праграмы 10 пунктаў» (умацаванне дзярж. сектара, сац.-эка нам. меры ў інтарэсах шырокіх слаёў насельніцтва), прыняты шэраг важных законаў (аб дзярж. кантролі, ліквідацыі прывілеяў б. князёў і інш.). Вайна з Пакістанам (1971) і сусв.эканам. крызіс 1973—75 прывялі да зніжэння тэмпаў росту прамысл. і с.-г. вытв-сці, абвастрэння сац. супярэчнасцей. Масавыя стачкі і забастоўкі 1972—74 суправаджаліся ўзмацненнем рэліг.-абшчынных і сепаратысцкіх выступленняў у штатах Андхра-Прадэш, Гуджарат, Біхар, тэрарызмам. У ліп. 1975 уведзена надзвычайнае становішча, арыштаваны лідэры апазіцыі. Адначасова ўрад абвясціў праграму шырокіх сац.-эканам. мерапрыемстваў. Абмежаванне грамадз. свабод, празмернае ўзмацненне выканаўчай улады, рэпрэсіі супраць левых партый і інш. выклікалі чарговы раскол ІНК і паражэнне яго на выбарах 1977 ад блока Джаната парты.
Але супярэчлівая эканам. палітыка, рост сац. напружанасці, раскол блока прывялі да адстаўкі ўрада і ўпэўненай перамогі ІНК на датэрміновых выбарах. Гал. задачамі новага ўрада Гандзі былі: пашырэнне эканам. і сац. інфраструктуры, ліквідацыя галечы і забеспячэнне занятасці, у паліт. жыцці — умацаванне ўплыву ІНК, барацьба супраць сепаратызму і экстрэмізму. Сепаратысцкія выступленні ў Асаме і Пенджабе падаўлены з дапамогай арміі (у т. л. штурм «Залатога храма» ў Амрытсары). У адказ сікхскія сепаратысты 31.10.1984 забілі І.Гандзі. Яе сын Р.Гандзі ўзначаліў урад і ІНК. Яго ўрад прыняў жорсткія захады супраць тэрарызму, узяў курс на мадэрнізацыю дзяржсектара эканомікі, прыцягненне замежнага капіталу і найноўшых тэхналогій, распрацаваў маштабныя сац. праграмы. Аднак пагаршэнне эканам. паказчыкаў у 1987—88, паліт. крызіс у кіраўніцтве ІНК прывялі да зніжэння яго папулярнасці. У 1988 пяць апазіц. партый стварылі Нац. фронт, які склаў моцную канкурэнцыю ІНК на выбарах 1989. Кааліцыйны ўрад, сфарміраваны на чале з лідэрам Нац. фронту В.П.Сінгхам, у ліст. 1990 пайшоў у адстаўку. У сак. 1991 у адстаўку падаў наступны кааліцыйны ўрад Ч.Шэкхара. У час перадвыбарнай кампаніі, прызначанай на май 1991, тэрарысты забілі Р.Гандзі. Новым старшынёй ІНК выбраны Н.П.В.Раа, які перамог на выбарах і ўзначаліў ўрад. Прэзідэнтам у 1992 абраны Шанкар Даял Шарма. Павольнае і супярэчлівае ажыццяўленне новай эканам. палітыкі, незадаволенасць часткі мясц. буржуазіі засіллем замежнага капіталу, крывавыя сутычкі на рэліг. глебе, рэзкае абвастрэнне адносін І. з суседнімі мусульм. краінамі прывялі да адстаўкі ўрада і прыходу да ўлады ў 1996 урада левацэнтрысцкай кааліцыі пад кіраўніцтвам І.К.Гуджрала. ІНК напачатку падтрымаў гэты ўрад, што дазволіла яму заставацца на чале ўлады да канца 1997. Спыненне падтрымкі ІНК прывяло да адстаўкі ўрада Гуджрала і правядзення у лют. 1998 парламенцкіх выбараў. І. чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інд.нац. кангрэс — самая ўплывовая паліт. партыя ў краіне, Бхаратыя джаната парты, Джаната дал, Камуніст. партыя І., Камуніст. партыя І. (марксісцкая). Асн.прафс. аб’яднанні: Інд.нац. кангрэс прафсаюзаў, Усеінд. кангрэс прафсаюзаў, Саюз інд. рабочых, Цэнтр інд. прафсаюзаў, Кангрэс аб’яднаных прафсаюзаў, Саюз рабочых І.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна, мае значныя поспехі ў сац.-эканам. развіцці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) дасягнуў 1,41 трыльёна дол. (1996), на аднаго чалавека прыпадае каля 1500 долараў. Эканам. адсталасць у асобных сферах эканомікі суседнічае з найноўшымі дасягненнямі сусв. навукі і тэхнікі. Дзярж. сектар адыгрывае важную ролю ў развіцці эканомікі, забяспечвае вытв-сць 39% прадукцыі. У сельскай гаспадарцы (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) ствараецца 30,3%, а ў прам-сці (разам з буд-вам) — 28,2% ВУП. Сельская гаспадарка выкарыстоўвае 55% тэрыторыі — каля 181 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 145 млн.га. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. 35 млн.га засяваюцца двойчы за год. Узровень механізацыі і хімізацыі нізкі, у якасці цяглавай сілы шырока выкарыстоўваюць жывёлу. Ураджаі на значных плошчах залежаць ад колькасці і тэрмінаў выпадзення ападкаў. Арашаецца каля палавіны земляробчых плошчаў. Сельская гаспадарка мае раслінаводчы кірунак. «Зялёная рэвалюцыя» 1960—70-х г. (зямельная рэформа, механізацыя, шырокае выкарыстанне мінер. угнаенняў і пестыцыдаў) была накіравана на ліквідацыю пагрозы голаду. Амаль паўсюдна вылучаюцца 2 с.-г. сезоны: харыф (летні) і рабі (зімовы). Культуры харыф маюць патрэбу ў працяглым гарачым надвор’і і вял. колькасці вільгаці. Вялікія адрозненні ў прыродных умовах выклікаюць тэр. дыферэнцыяцыю с.-г. вытв-сці. Усюды пераважаюць харч. збожжавыя культуры, збор 182 млн.т (1993/94). Рысу збіраюць 79 млн.т (гал. культура У і Пд краіны). Пшаніцу (57,7 млн.т) вырошчваюць на раўнінах штатаў Пенджаб і Хар’яна, у бас.р. Ганг, арашальных раёнах штата Раджастхан. Збор кукурузы 9,4 млн.т. Прасяныя вырошчваюць як непаліўныя культуры. Сярод іх: джавар (блізкі да сорга) — 11,7 млн.т, баджра — 5 млн.т, рагі — 2,9 млн.т. Важнае месца ў пераважна вегетарыянскім харчаванні насельніцтва займаюць бабовыя: грэм — 5,1 млн.т, тур — 2,7 млн.т і інш. Павялічваецца вытв-сцьтэхн. культур (збор млн.т, 1993/94): цукр. трыснягу — 250, бавоўны — 2,1, арахісу — 5,3, сланечніку — 1,4, тытуню — 0,58, чаю — 0,7. Цукр. трыснёг вырошчваюць пераважна ва ўсх.ч. басейна р. Ганг і на Пд краіны, бавоўнік — на ПнЗ, джут — у вільготных раёнах на У, арахіс — на плато Дэкан і ў штаце Гуджарат, сланечнік, рапс і гарчыцу — на Пн, кунжут і тытунь — усюды, чай — у перадгор’ях Гімалаяў у штаце Асам. Менш значныя зборы кавы і натуральнага каўчуку. І. — традыцыйны і буйнейшы пастаўшчык на сусв. рынак спецый і вострых прыпраў (чорны і чырвоны перац, кардамон, імбір, гваздзіка і інш.). Разнастайнае гасп. значэнне мае какосавая пальма, пасадкі (каля 1 млн.га) размешчаны па ўзбярэжжах на Пд (найб. у штаце Керала). Вырошчваюць фрукты і агародніну; найб. апельсіны, бананы, манга, папайю, гуаву. Жывёлагадоўля развіта параўнальна слаба. Па рэліг. матывах многія індыйцы не забіваюць жывёлу і не ядуць мяса. Таварная жывёлагадоўля не мае шырокага развіцця. Сял. гаспадаркі трымаюць валоў, у вільготных і гарачых раёнах — буйвалаў. Ад буйваліц і кароў атрымліваюць малако і маладняк. Пагалоўе жывёлы слаба забяспечана кармамі, пад лугамі і пашай каля 10% тэрыторыі, пад фуражнымі культурамі каля 5% пасяўных плошчаў. Карова дае каля 400—500 л малака за год. Пагалоўе (1996, млн. гал): буйн. раг. жывёлы —196 (1-е месца ў свеце), буйвалаў — 80,1, коз — 120, авечак — 45,4, свіней — 11,9, птушкі — каля 150. Шаўкаводства. Рыбалоўства ў рэках і морах. Улоў рыбы 4,3 млн.т (1993).
І. дасягнула значных поспехаў у развіцці прамысловасці, асабліва такіх галін, як чорная металургія, машынабудаванне, тэкст., нафтаперапр., фармацэўтычная, вытв-сць угнаенняў і інш. У выніку супрацоўніцтва з вядучымі індустр. краінамі пабудаваны шматлікія прадпрыемствы, узніклі новыя цэнтры апрацоўчай прам-сці. У глыбінных раёнах развіваецца горназдабыўная прам-сць. Развіццё прам-сці грунтуецца на багатых запасах жал. і марганцавых руд, баксітаў, каменнага вугалю, урану, меднай руды і інш.Найб. здабываецца (1993/94, млн.т): вугалю — 245 (штаты Біхар, Зах. Бенгалія), жал. руды — 56,4 (штаты Біхар, Арыса), марганцавай руды — 1,8 (цэнтр.ч. краіны), баксітаў — 5 (пераважна штаты Арыса і Мадх’я-Прадэш), меднай руды — 5,2 (штаты Біхар, Раджастхан). Вытв-сць электраэнергіі 398,3 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважаюць ЦЭС на вугалі і ГЭС; ёсць АЭС. Здабыча нафты 32 млн.т (1994) у штатах Асам і Гуджарат. Перапрацоўка нафты больш за 100 млн.т за год, найб. з-ды ў Бамбеі, Мадрасе, Вішакхапатнаме, каля Дэлі і Калькуты. У 1994 выплаўлена 18,2 млн.т сталі. Сучасныя металургічныя камбінаты ў Дургапуры, Рауркеле, Бакары, Дург-Бхілаінагары. Алюмінію выплаўляюць 466 тыс.т (1993), буйнейшыя з-ды ў Корбе, Ратнагіры. Развіваецца каляровая металургія. Буйныя станкабуд. прадпрыемствы ў Бангалоры, Ранчы, Мадрасе, Бамбеі. Развіта цяжкае (у гарадах Ранчы, Дургапур, Вішакхапатнам) і агульнае (штаты Махараштра, Гуджарат, Тамілнад) машынабудаванне. Судна- і аўтамабілебудаванне (у Бамбеі, Мадрасе, Калькуце, Джамшэдпуры). Вытв-сць (1993/94, млн.шт.): аўтобусаў і джыпаў — 0,24, матацыклаў — 1,76, веласіпедаў — 7,7. Развіта с.-г. машынабудаванне. Цэнтры самалётабудавання Бангалор і Канпур. Вытв-сць абсталявання для тэкст., цукр., цэм., хім. прам-сці (Бхопал, Хайдарабад), эл.-тэхн. прам-сць (Бамбей, Мадрас, Дэлі, Калькута, Раніпур). Вытв-сць радыёпрыёмнікаў 264 тыс.шт. (1993/94). Развіта ваен.прам-сць. Сінт. смолы і пластмасы, сінт. валокны (679 тыс.т, 1994) выпускаюць прадпрыемствы ў Бамбеі і Дургапуры. Угнаенні (9,9 млн.т, 1992/93) вырабляюць у Сіндры, Нангале, Бамбеі. І. займае 3-е месца ў свеце па вытв-сці тканін (штогод каля 13—14 млрд.м) і з’яўляецца адным з вядучых экспарцёраў тэкстылю. Буйнейшыя цэнтры па вытв-сці баваўняных тканін у Бамбеі, Ахмадабадзе, Мадрасе, джутавая вытв-сць у раёне Калькуты, прадпрыемствы шарсцяной прам-сці ў Канпуры, Амрытсары, Срынагары, Ахмадабадзе і інш., гарбарна-абутковай у Канпуры, Агры, Мадрасе. Шмат разнастайных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Выпуск цукру 15,8 млн.т (1994/95), асн. заводы ў штатах Утар-Прадэш і Махараштра, вытв-сць алею з арахісу і баваўнянага семя на пласкагор’і Дэкан і ў штаце Гуджарат. Развіваюцца тытунёвая, папяровая і шкляная прам-сць. Усюды развіта разнастайная саматужная вытв-сцьмаст. вырабаў і сувеніраў з каляровых металаў, дрэва, слановай косці. Вял. значэнне мае здабыча і апрацоўка каштоўных камянёў. Рамёствы і паўсаматужная вясковая прам-сць даюць парчу, ювелірныя вырабы, кераміку, мэблю, высакаякасны шоўк (муслін). У баваўнаводчых раёнах пашыраны саматужнае прадзенне і ткацтва. Найб. развітыя эканам. раёны: Паўночна-Усходні (цэнтр Калькута) і Заходні(цэнтр Бамбей). Асн. від транспарту чыгуначны. Даўж. чыгунак 62462 км, у т. л. 11793 км электрыфікавана (1996). Гал. чыгункі Амрытсар—Дэлі—Калькута, Дэлі—Бамбей, Дэлі—Мадрас, Калькута—Бамбей. Аўтамаб. дарог 2037 тыс.км, у т. л. 981,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём (1996). Даўж.ўнутр. водных шляхоў 16 180 км. Развіваецца авіяц. транспарт. У краіне 288 аэрапортаў і аэрадромаў. З міжнар. аэрапортаў найб. значэнне маюць аэрапорты Дэлі, Калькуты, Бамбея. Марскі транспарт абслугоўвае пераважна міжнар. сувязі. Гал. парты: Бамбей, Калькута, Мадрас, Вішакхапатнам, Кочын. Танаж гандл. флоту 6,8 млн. брута рэгістравых т (1996). Даўж. трубаправодаў 7,4 тыс.км, у т. л. нафтаправодаў 3 тыс.км, прадуктаправодаў 2,7 тыс.км, газаправодаў 1,7 тыс.км (1996). І. наведвае штогод каля 2 млн. турыстаў.
Экспарт краіны 29,96 млрд.дол., імпарт 33,5 млрд.дол. (1995). Асн. экспартныя тавары: прадукцыя машынабудавання і металаапрацоўкі, тканіны, каштоўныя камяні і ювелірныя вырабы, адзенне, скуры і вырабы з яе, жал. руда, чай, камп’ютэрныя праграмы. Імпартныя тавары: нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, угнаенні і сыравіна для іх вытв-сці, каляровыя металы, хім. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Германія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія. Беларусь у 1996 экспартавала ў І. тавараў на 6,6 млн.дол., імпартавала на 14,6 млн.дол. (у 1995 адпаведна 4 і 11,8 млн.дол.). І. атрымлівае дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Адной з крыніц паступлення валюты з’яўляюцца пераводы ад грамадзян, якія працуюць за мяжой (штогод 0,8—1 млрд.дол.). Знешні доўг 97,9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — інд. рупія.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, непасрэднае кіраўніцтва войскамі ажыццяўляюць міністр абароны (цывільная асоба) і к-т начальнікаў штабоў. У 1997 налічвалі 1,2 млн.чал., рэзерв — каля 0,7 млн.чал. У сухап. войсках 1,1 млн.чал., 11 армейскіх карпусоў, 36 агульнавайск. дывізій, 16 асобных брыгад і інш. злучэнні, часці, каля 3,2 тыс. танкаў, 1,5 тыс. баявых машын пяхоты, 3,9 тыс.артыл. гармат, 2,5 тыс. мінамётаў, 1,7 тыс. зенітных сродкаў і інш. У ВПС 40 авіяц. крылаў, у складзе якіх 45 эскадрылляў баявой авіяцыі (каля 800 самалётаў), 43 эскадрыллі дапаможнай авіяцыі (каля 600 самалётаў і верталётаў), 5 крылаў зенітных кіроўных ракет. У ВМС 3 ваен.-марскія камандаванні, авіяцыя флоту і падраздзяленні берагавой артылерыі, каля 80 баявых караблёў, у т. л. 2 авіяносцы, 18 дызельных падводных лодак, 16 ракетных і 20 супрацьлодачных караблёў, каля 40 баявых катэраў. Ваен.-марскія базы Бамбей, Кочын і інш. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Пераўзбраенне і рэфармаванне ўзбр. сіл вядзецца ў рамках праграмы «Армія —2000».
Ахова здароўя. Пытанні аховы здароўя належаць да кампетэнцыі дзяржавы. Існуе развітая сетка мед. цэнтраў, асн. задача якіх — прадухіленне распаўсюджвання эпідэмій праказы, малярыі, туберкулёзу. У сферы дзейнасці дзяржавы ўваходзіць і кантроль за ўзроўнем нараджальнасці. Распрацаваны 2 праграмы планавання натуральнага прыросту (1952, 1986) з мэтай зменшыць яго да 1,2%. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,5, жанчын 60,8 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1357 чал., урачамі — 1 на 2173 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 69 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. уніфікавана, аднак у некат. штатах ёсць адрозненні. Уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў (дашк. выхаванне развіта слаба і ў асноўным прыватнае), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. У большасці штатаў дзейнічае школьная сістэма: 5-гадовая пач. школа (для дзяцей з 6 да 11 гадоў, у некат. штатах з 5 гадоў), 3-гадовая няпоўная сярэдняя (6—8-ы кл.; завяршае абавязковае навучанне), 2-гадовая вышэйшая сярэдняя школа (9—10-ы кл.). Навучанне ў дзярж.пач. школах вядзецца на родных мовах вучняў (бясплатнае), у прыватных — пераважна на англ. мове і платнае. У ліку асн. прадметаў — хіндзі (дзярж. мова). У дзярж. няпоўных сярэдніх школах (за выключэннем некалькіх штатаў) навучанне таксама бясплатнае і на роднай мове, хіндзі і англ. мовы выкладаюцца як прадметы. У поўнай сярэдняй школе навучанне платнае. Прадметы ў ёй падзяляюцца на абавязковыя (агульнаадук.) і на выбар (спецыяльныя), аб’яднаныя ў цыклы (гуманіт., прыродазнаўчых навук, тэхн., сельскай гаспадаркі, камерцыйны, мастацтва, хатняй гаспадаркі); выкладаюцца і прыкладныя дысцыпліны: ткацтва, гарбарная і ганчарная справа, рукадзелле і інш. Выпускнікі поўнай сярэдняй школы маюць права паступаць у галіновыя ВНУ. Для паступлення ва ун-т неабходна прайсці падрыхтоўчы курс або скончыць вышэйшую сярэднюю школу. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя малодшыя тэхн. і 2-гадовыя індустр. вучылішчы і школы (на базе няпоўнай сярэдняй школы), сярэднія тэхн.навуч. ўстановы, курсы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці і сельскай гаспадаркі. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты (у склад некат. уваходзяць каледжы) і ін-ты. Навучанне 5—6 гадоў, платнае. У 1996/97 навуч.г. ў І. 169 ун-таў і 32 ін-ты. Буйнейшыя ВНУ: Калькуцкі, Бамбейскі, Мадраскі (усе з 1857), Дэлійскі (з 1922) ун-ты; Кхарагпурскі, Бамбейскі, Мадраскі, Канпурскі тэхн. ін-ты. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1902) у Калькуце, Публічная (з 1951) у Дэлі, Цэнтр. публічная (з 1896) у Мадрасе, Б-ка ўсходняй л-ры (з 1924) у Патне. Буйнейшыя музеі: Нац. музей І. (з 1949), Нац. галерэя сучаснага мастацтва ( 1954), Мемар. музей і б-ка Дж.Нэру, Мемар. музей М.Гандзі — усе ў Дэлі; Інд. музей (з 1814) у Калькуце, Дзярж. музей (з 1851) і Нац.маст. галерэя (з 1951) у Мадрасе. Навук. даследаванні праводзяцца ў ВНУ і спец.навук. цэнтрах, прамысл. даследчых лабараторыях; у галіне прыродазнаўчых навук у асноўным сканцэнтраваны ва ун-тах, а таксама ў асобных навук. цэнтрах. Буйнейшыя з іх — Ін-т фундаментальных даследаванняў у Бамбеі, Атамны даследчы цэнтр і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць больш за 35 тыс.перыяд. выданняў на 93 мовах, пераважна на англійскай. Большасць выданняў прыватныя або належаць буйнейшым выдавецкім кампаніям «Таймс оф Індыя», «Індыян экспрэс», «Хіндустан таймс», «Ананда базара патрыка». Сярод штодзённых газет найб. тыраж маюць «Indian Express» («Індыйскі экспрэс», з 1932, на англ. мове), «Наў бхарат таймс» («Час новай Індыі, з 1947, на мове хіндзі), «The Hindu» («Індус», з 1878, на англ. мове). Інфармацыйныя агенцтвы друку: Прэс Траст оф Індыя (з 1947), Юнайтэд Ньюс оф Індыя (з 1960), Хіндустан Самачар (з 1948), Індыя Прэс Эйджэнсі (з 1957). Радыё дзейнічае з 1927, з 1930 кантралюецца дзяржавай; адно з буйнейшых у свеце: 102 вяшчальныя цэнтры, 42 рэгіянальныя радыёстанцыі штодзённа трансліруюць 273 інфарм. бюлетэні на 24 мовах і 36 дыялектах. Тэлебачанне з 1957 (эксперым. праграмы ў Дэлі), агульнанац. з 1965, з 1981 — каляровае. Кантралюецца і фінансуецца ўрадам, мае 280 гадз вяшчання штотыднёва. Дзейнічаюць 18 тэлевізійных і 9 рэлейных станцый.
Літаратура. Найб. старажытным помнікам інд. л-ры з’яўляюцца Веды (канец 2-га — 1-я пал. 1-га тыс. да н.э.) — рэліг. гімны на санскрыце. Каля 6—5 ст. да н.э. ў вуснай творчасці на нар. мовах (пракрытах) пачало складвацца ядро вял. эпічных паэм «Махабхарата» і «Рамаяна», якія ў першых стагоддзях, н.э. прынялі канчатковы выгляд на санскрыце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. на мовах палі і пракрытах створана будыйская л-ра, у т. л. джатакі, дзе рэліг. дыдактыка спалучаецца з фалькл. сюжэтамі. У 4—3 ст. да н. э. запісана кніга нар. казак на санскрыце «Панчатантра». Яна была вельмі пашырана на Усходзе і ў сярэдневяковай Еўропе. На рубяжы новай эры намеціўся пераход да індывід. творчасці, складваліся самаст.літ. віды і формы: пракрыцкая лірыка Халы (4 ст.), санскрыцкія драмы Ашвагхашы (2 ст.), Бхасы (4 ст.), тамільская ліра-эпічная паэзія, а пазней творчасць Калідасы (5 ст.) і Дандзіна (6—7 ст.) на санскрыце. Вяршыня стараж.-тамільскай л-ры — кніга афарызмаў «Тырукурал» Тырувалувара (4—5 ст.). Каля 7 ст. побач з санскрыцкай і тамільскай узніклі л-ры на мовах канада, тэлугу, асамскай, бенгальскай, гуджарацкай, арыйскай, пенджабскай, хіндзі, урду і інш. Стварэнне дзяржаў з пануючымі мусульм. вярхамі і пашырэнне ісламу выклікалі ўзнікненне інд. персамоўнай л-ры (Амір Хасроў Дэхлеві, 13 ст.; М.А.Бедыль, 17 ст. і інш.; гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Іран). Нар. антыфеад. рух пад рэліг. лозунгам бхакці (літар. адданасць) спрыяў развіццю л-ры 15—17 ст., накіраванай супраць класавага і каставага прыгнёту. У паэзіі бхакці побач з дэмакр. (Кабір, пенджабскі паэт Нанак, 16 ст.; маратхскі паэт Тукарам, 17 ст.; паэты хіндзі Сурдас і Дадудаял, 16 ст.) адзначаецца і кансерватыўная (паэт хіндзі Тулсідас, 17 ст.) тэндэнцыя. Адзін з вял. помнікаў паэзіі бхакці — «Адыгрантх» («Пачынальная кніга», пач. 17 ст.) — анталогія рэфарматарскай паэзіі народаў Паўн. І. Яна ўключае творы буйнейшых паэтаў-бхактаў, у т. л. заснавальніка рэліг.-рэфарматарскага руху сікхізм (пазней стаў рэлігіяй) Нанака. Заваяванне І. Вялікабрытаніяй у 18 ст. прывяло да заняпаду інд. л-ры і ўзмацнення эпігонства. У 19 ст. ў шэрагу л-р паяўляюцца асветніцкія тэндэнцыі. Каля вытокаў асветніцкага руху «Маладая Бенгалія» стаялі першы англамоўны паэт Г.Л.В.Дэрозіо і пачынальнік бенгальскай прозы А.Рай. Інд.нар. паўстанне 1857—59, рост нац. самасвядомасці інд. народаў і аб’яднанне іх у барацьбе супраць брыт. каланіялізму паскорылі развіццё інд. л-ры. Сац. тэматыка заняла гал. месца ў творах бенгальца М.Дота (камедыя «І гэта называецца цывілізацыя?»), Д.Мітра (сатыр. камедыі, драма «Люстэрка індыга») і Б.Чатападхая (гіст. і сац.-быт. раманы), драматурга і публіцыста хіндзі Бхаратэнду Харышчандра, раманіста урду Р.Саршара («Аповесць пра Азада»), маратхскага пісьменніка В.Чыплункара, драматурга Г.Б.Дэвала, паэта К.К.Д.Кешаўсута, заснавальніка гуджарацкай прозы Нармадшанкара і інш. У 1920-я г.цэнтр. тэмай інд. л-ры стала барацьба за нац. незалежнасць (творчасць М.Гупты, М.Чатурведзі, Ш.Чатападхая, Б.Бандападхая, Гурбахша Сінгха і інш.). У 1936 па ініцыятыве Прэмчанда, М.Р.Ананда і С.Саджада Захіра створана Асацыяцыя прагрэс. пісьменнікаў І. Вял. ўплыў на л-ру зрабіў гандзізм. Вышэйшая ступень развіцця крытычнага рэалізму — творчасць Р.Тагора і Прэмчанда. Вядомасць набылі лірыка паэта урду Э.Х.А.Вафы, раманы бенгальскага пісьменніка Г.Халдара, проза і публіцыстыка пісьменніка хіндзі Яшпала. Абнаўляліся паэт. формы, інтэнсіўна развівалася проза. З’явіліся фрэйдысцкі раман І.Джошы «Ладжа», містычная паэзія паэтэсы Махадэві Вармы (абодва хіндзі). Заваяванне І. дзярж. незалежнасці вывела наперад сац. тэматыку, садзейнічала ўмацаванню адзінства шматнац. л-р краіны. Узмацнілася цяга да адлюстравання людзей працы, барацьбітоў за сац. справядлівасць (празаік канада Ніранджана, малаялец Такажы Шывашанкара Пілай і інш.). Экзістэнцыялісцкая філасофія адлюстравалася ў творчасці пісьменніка хіндзі Аг’еі і раманіста тэлугу Б.Крышнарао. Вылучаецца творчасць паэтаў хіндзі Д.Бхараці, маратхскіх паэтаў Б.С.Мардхекара і Ш.М.Муктыбодха. Побач з л-рамі на нац. мовах развіваецца інд.л-ра на англ. мове (паэты Дэрозіо, К.Гхош, Т.Дат, у 19 — пач. 20 ст. — А.Гхош, С.Найду, Чатападхай, празаікі Ананд, Р.К.Нараян, Чатападхай і інш.). На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб.інд.нар. казак «Чароўная чаша» (1957), зб. апавяданняў інд. пісьменнікаў «Дрэва вады» (1959), «Выбранае» К.Чандра (1957), раманы «Садоўнік» (1927) і «Крушэнне» (1958), «Выбранае» (1976) Тагора друкаваліся таксама паасобныя творы Тагора, Прэмчанда, Чатападхая, Ананда і інш.
Архітэктура. Найб.стараж. ўзоры архітэктуры І. — абарончыя, гасп. і жылыя пабудовы г. Махенджа-Дара і Харапа (3—2-е тыс. да н. э.). У 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца ўстойлівыя формы і тыпы нар. дойлідства, правілы забудовы і геам. планіроўкі вёсак і гарадоў. У дзяржаве Маур’яў (4—2 ст. да н.э.) ствараліся багатыя жылыя дамы і палацы, будыйскія культавыя збудаванні: мемар. стаўпы («стамбха» ў Сарнатху), манум. паўсферычныя пабудовы (ступа ў Санчы), пячорныя храмы (чайцья) у Кондане, Аджанце і Карлі, манастыры. Пазней узніклі новыя арх. вырашэнні (вежападобны храм Махабодхі ў в. Будх-Гая, храм у Санчы, 5 ст.). З 6—7 ст. храмы стараж. тыпаў (скальны храм у Элоры, 8 ст.) саступаюць месца на Пн вежападобным круглаватым будынкам (у Бхубанешвары, Кхаджураха, 10—12 ст.), на Пд — храмам у выглядзе ўсечаных пірамід (у Махабаліпураме, 7 ст.), з канцэнтрычнымі агароджамі і надбрамнымі вежамі (у Танджавуры, пач. 11 ст.). Раскошай вызначаюцца джайнскія храмы 11—12 ст. (храм Вімала на гары Абу) з белага мармуру, інкруставаныя ўнутры каштоўнымі камянямі. З 13 ст. ў Дэлійскім султанаце архітэктура набыла геам. дакладнасць, пашырыліся стральчатыя аркі, плоскасная паліхромная арнаментацыя, будаваліся мячэці, купальныя пахавальні, мінарэты (Кутб-Мінар у Дэлі, каля 1200). Яна дасягнула росквіту ў дзяржаве Вял. Маголаў у 16—17 ст.: умацаванні і мармуровыя палацы Агры і Дэлі, мячэці, маўзалей Тадж-Махал. На Пд па-ранейшаму будавалі аздобленыя скульптурай храмы (у Мадураі, 17 ст.), у Раджастхане ствараліся палацы-крэпасці, «вежы перамогі». Будавалі гарады з мураванымі дамамі. Англ. каланізатары пачалі ўкараняць эклектычныя формы архітэктуры. Гарады (Бамбей, Калькута, Дэлі) забудоўваліся дамамі еўрап. тыпу, узнікалі рэзкія кантрасты раёнаў стараж. архітэктуры, багатых еўрапеізаваных кварталаў і трушчобнага жылля беднаты. Хутка раслі партовыя гарады (Калькута, Мадрас, Бамбей), дзе ўжо з 17 ст. англічане ўзводзілі фарты, докі і хрысц. цэрквы. У 18 — сярэдзіне 19 ст.адм., дзелавыя будынкі і прыватныя рэзідэнцыі будавалі ў формах англ. класіцызму і неаготыкі. Прыклад горадабудаўніцтва калан. перыяду — Нью-Дэлі (забудоўваўся ў 1912—30-я г.). На мяжы 19—20 ст. з развіццём нац.-вызв. руху і абуджэннем цікавасці да нац. культуры пашырылася стылізацыя пад традыц. формы інд. дойлідства (ун-т у Хайдарабадзе, 1918). Пасля заваявання незалежнасці ў І. разгарнулася грандыёзнае па маштабах буд-ва, звязанае з індустрыялізацыяй краіны. У 1950—60 пры дапамозе замежных спецыялістаў узводзілі гідраэнергет. комплексы (Бхакра-Нангал і інш.), металургічныя камбінаты (у Бхілаі) і інш. Вакол буйных прадпрыемстваў будавалі пасёлкі і гарады (Чандыгарх, 1951—56, група замежных і інд. архітэктараў пад кіраўніцтвам Ш.Э.Ле Карбюзье). Жылыя і грамадскія будынкі ў буйных гарадах узводзяць у формах сучасных зах.-еўрап. стыляў (пераважна функцыяналізму): банк у Калькуце (1969, арх. А.Гупта), а таксама ў спалучэнні традыц. і сучасных тэхн. прыёмаў і аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў (Ін-т індалогіі ў Ахмадабадзе, 1960—63, арх. Б.Дошы).
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі маст. культуры захаваліся з 3—2-га тыс. да н.э. (скульптура і кераміка з Махенджа-Дара і Харапы). Росквіту мастацтва І. дасягнула з утварэннем дзяржавы Маур’яў (4—2 ст. да н.э), спалучыўшы ўплыў культур краін Міжземнамор’я і Персіі: капітэль калоны Ашокі з г. Сарнатх («Ільвіная капітэль», каля 243 да н.э.) — нац. эмблема сучаснай І., статуя багіні ўрадлівасці («якшыні») з Дыдарганджа (верагодна, 2 ст. да н.э.) і інш. Ідэяй невычэрпнасці і разнастайнасці свету прасякнуты шматфігурныя рэльефы на сюжэты паданняў пра Буду на агароджы і брамах-«торана» ступа ў Бхархуце (2 ст. да н.э.) і браме ступа № 1 у Санчы (1 ст. да н.э.). У маст. культуры дзяржавы Гуптаў (4—5 ст.) з’явіліся строгія ідэалізаваныя вобразы (статуі Буды з Сарнатха і з Гандхары), наскальныя рэльефы (Удаягіры), пышная скульптура і размалёўкі пячорных храмаў Аджанты. У сярэдневякоўі атрымаў развіццё мініяцюрны жывапіс. Гуджарацкія мініяцюры (пераважна ілюстрацыі да рэліг. кніг) вызначаюцца плоскасным адлюстраваннем чалавечых фігур, лакальнымі фарбамі. У 16 ст. склалася школа магольскай мініяцюры (ілюстрацыі да гіст. трактатаў, партрэтны і анімалістычны жанры). З сярэдзіны 16 ст. развівалася раджпуцкая школа, пазней — школа Пахары, для якіх характэрны гучны каларыт, вытанчаны лінейны рытм, лірычная пранікнёнасць У перыяд англ. каланізацыі стараж. традыцыі выяўл. мастацтва заняпалі. У 1850-я г.брыт. адміністрацыя стварыла некалькі маст. школ у розных гарадах І. з навучаннем на еўрап. ўзор, што адыграла важную ролю ў фарміраванні новага прафес. мастацтва. Буйнейшы прафес. жывапісец Р.Варма ў духу зах.-еўрап. акадэмізму пісаў карціны на тэмы жыцця народа. На мяжы 19—20 ст. група мастакоў на чале з А.Тагорам і мастацтвазнаўцам Э.Б.Хавелам стварыла аб’яднанне «Бенгальскае Адраджэнне» з эстэт. праграмай незалежнасці ад еўрап. акадэмізму і звароту да нац. каранёў. Асн. тэматыка мастакоў гэтай плыні (Н.Бос, С.Гупт, С.Укіл) — сцэны вясковага жыцця і эпізоды з міфаў. Нягледзячы на майстэрства і лірычную тонкасць твораў, з прычыны аддаленасці ад рэалій жыцця яны не пазбеглі стылізатарства і рамантызацыі і хутка вычарпалі свае магчымасці. Аднак «Бенгальскае Адраджэнне» адыграла значную культ.-гіст. ролю, абудзіла цікавасць да нац. спадчыны. У 20 ст. асяродкам новага кірунку ў мастацтве стаў ун-т Вішвабхараты, засн. Р.Тагорам. У 1930—40-я г. мастакі А.Шэр-Гіл (спалучэнне традыцый жывапісу Аджанты і постімпрэсіянізму) і Дж.Рой (традыцыі бенгальскага лубка) заснавалі новую рэаліст. школу мастацтва (жывапісец А.Бос, скульпт. В.П.Кармаркар). У мастацтве незалежнай І. склалася шмат плыней: традыцыі «Бенгальскага Адраджэння» працягваў Б.Укіл, рэаліст. мастацтва — скульпт. і жывапісец С.Кхастгір, графік Х.Дас, традыцыі інд. і еўрап. мастацтва 20 ст. спалучалі жывапісцы і графікі К.К.Хебар, Ш.Чаўда, С.Мукерджы, скульпт. Ч.Кар, П.Д.Гупта і інш. На мяжы 1950—60-х г. узмацніліся мадэрнісцкія кірункі (М.Ф.Хусейн, Чаўда, С.Гуджрал). У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца старадаўнія віды саматужнай вытв-сці: ткацтва, разьба па дрэве, косці, камені і мармуры (Агра), апрацоўка металу (Джайпур, Бідар), прыгатаванне лакаў і размалёўка імі (штат Махараштра), ганчарства (Джайпур, Бамбей), пляценне, вышыўка (Кашмір).
Музыка. Раннія этапы фарміравання музыкі І. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. склалася традыцыя т. зв. ведыйскіх песнапенняў — своеасаблівае напеўнае рэчытаванне свяшчэнных тэкстаў Ведаў (найб. значныя Рыгведа — веда гімнаў і Самаведа — веда мелодый). На мяжы н.э. ў муз. культуры І. сфарміраваўся шэраг «высокіх» муз., муз.-танц. (бхарат нацья), муз.-тэатр. (санскрыцкая драма) жанраў; пачалося развіццё муз. навукі: трактаты «Гіталанкара» (каля 1 ст.н.э.), «Нацьяшастра» Бхараты (2—4 ст.н.э.), «Брыхадэшы» Матангі (5—7 ст.), «Сангітаратнакара» Шарнгадэвы (13 ст.), «Сварамелакаланідхі» Рамамацьі (16 ст.). Асновы фундаментальных канцэпцый інд. класічнай музыкі — рага (ладамеладычнае разгортванне) і тала (метрарытмічная арганізацыя). Характэрная рыса класічнай маст. культуры І. — сангіт, сінтэз муз., вак. і харэаграфічнага мастацтва, на аснове якога сфарміраваліся формы інд.муз.т-ра — джатра, якшагана, тамаша і інш. Узорамі муз.т-ра з’яўляюцца і класічныя стылі інд. танца — бхарат нацья, катхакалі, катхак, маніпуры. У 13—14 ст. сістэма інд. музыкі падзялілася на 2 вял. рэгіянальныя традыцыі: паўн. (хіндустані, зазнала розныя ўплывы) і паўд. (карнатак, захавала нац. стыль). У 15—16 ст. у межах хіндустані сфарміравалася прыдворная вак. форма дхрупад (Міян Тансен і Свамі Харыдас), у 18 ст. дасягнуў росквіту рамантычна-віртуозны кхаял — вак., потым і інстр. жанр, які актывізаваў развіццё гар.муз. культуры і фарміраванне лакальных выканальніцкіх школ — гхаранаў. У карнацкай вак. музыцы дзейнічала традыцыя крыці, прадстаўленая буйнейшымі інд. музыкантамі 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Ш.Шастры, Цьягараджы і М.Дыкшытара. Муз. спадчына Р.Тагора стала самаст.маст. кірункам — т. зв. Рабіндрасангіт (песні Рабіндраната). Важным стымулам кампазітарскай творчасці стала кінамузыка з відавочнымі тэндэнцыямі да аб’яднання прынцыпаў стылістыкі нац. і зах.-еўрап. школ (А.Бісвас, Х.Кумар, С.Чаўдхуры, Р.Барман, С.Бхаскар і інш.). Сярод выканаўцаў 20 ст. дырыжор З.Мета, інструменталісты Р.Шанкар (сітар), Б.Хан (шэхнаі), Х.Чаўрасья (флейта), Ш Шарма (сантур), З.Хусейн (табла), спевакі браты Д. і К.Гандхарва, Г.Алі Хан, Б.Чатурведзі, спявачкі П.Султана, Субулакшмі, Ш.Гурці. Працуюць: Муз. акадэмія ў Мадрасе (з 1928), Цэнтр мастацтва Кералы (з 1930), Муз.ін-т Гандхарва Махавідзьялая (з 1939), Акадэмія музыкі, танца і драмы ў Дэлі, Нац. цэнтр выканальніцкіх мастацтваў у Бамбеі, муз. школы, каледжы, муз. ф-ты пры ун-тах; выдаюцца муз. часопісы.
Тэатр. Інд.т-р узнік у старажытнасці з 2 відовішчных форм: культавай містэрыі ведыйскай эпохі, звязанай з прадстаўленнямі ў гонар бога-грамавержца Індры, і імправізаванага смехавага прадстаўлення, якое таксама ўзнікла на глебе культавых свят. Пазней гэтыя формы зліліся. Найб. раннія ўпамінанні пра «ната» (дапаможнікі па акцёрскім мастацтве) змешчаны ў граматыцы Паніні (4 ст. да н.э.). Узнікненню класічнага інд.т-ра (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) папярэднічаў нар. традыцыйны т-р, які меў шмат форм, вядомых і ў сучаснай І.: на Пн — муз.-танц. драма ліла (ліла—ігра), заснаваная на сюжэтах стараж.-інд. легенд, міфаў і эпічных твораў «Махабхарата» і «Рамаяна»; на Пд — танц. драма катхакалі (катха — апавяданне, калі — муз. інтэрпрэтацыя), якая ў 18 ст. ператварылася ў высокаразвітую тэатр. форму са сваёй драматургіяй, якшагана аб’яднала танец, дыялог, дэкламацыю і спевы; у Зах. Бенгаліі і Арысе — джатра і інш. Да інд.нар. камедыі належаць прадстаўленні быт. сцэнак кашмірскімі скамарохамі — бхандамі. Для інд.тэатр. традыцыі характэрны кансерватызм і сінтэтычнасць. Сістэма выяўл. сродкаў уключае паэт. слова, вак. і інстр. музыку, танец, пантаміму, драм. мастацтва. Формы нар.т-ра паўплывалі на класічны інд.т-р, які фарміраваўся на працягу 5—1 ст. да н.э. Першы санскрыцкі трактат аб т-ры — «Нацьяшастра» Бхараты («Навука пра тэатр»; 2—4 ст.н.э.) змяшчае звесткі пра паходжанне т-ра, драмы, музыкі, танца, пра арганізацыю сцэнічнай прасторы, маст.-выяўл. сродкі і інш. Распрацавана канцэпцыя раса (вучэнне аб эмоцыі), паводле якой кожнай расе адпавядаў пэўны сюжэт і персанажы. Дэтальна распрацавана мова жэстаў мудра, якая мае больш за 500 сімвалаў і праз чаргаванне, камбінацыі і паставы рук выражае розныя прадметы, дзеянні, эмоцыі, абстрактныя паняцці. У інд. класічнай драме 2 асн. жанры: натака — высокая драма на міфалагічны сюжэт і пракарна, звязаная з нар. смехавым прадстаўленнем. На санскрыце гавораць «высокія» мужчынскія персанажы, на пракрыце — жаночыя і «нізкія» мужчынскія персанажы. Росквіту інд. класічная драма дасягнула ў перыяд імперыі Гуптаў (4—5 ст.; драматургі Бхаса, Шудрака і Калідаса). Акцёраў запрашалі на прыдворныя святы, у палацах будавалі тэатр. залы, ствараліся і ўласныя трупы, часта жаночыя, гарэмныя.
У сярэдневяковай драме працягваліся стараж. традыцыі, аднак жанравыя каноны трансфармаваліся. Папулярным стаў жанр націка — «лёгкая» натака, пабудаваная на захапляльнай інтрызе. У сярэдзіне 19 ст. ўзмацнілася ўздзеянне на інд.т-реўрап. культуры. Адзін са значных тэатр. дзеячаў І. новага часу Р.Тагор, імкнучыся аб’яднаць усх. і зах.тэатр. традыцыі, адкрыў эксперым.тэатр. школу (1891; пазней — ун-т Вішвабхараты). У 1872 бенгальскі драматург Г.Гхош заснаваў Нац. т-р. З 2-й пал. 19 ст. пачала актыўна развівацца драматургія на новаінд. мовах: бенгальскай (Тагор, Д.Мітра, Р.Таркаротна і інш.), хіндзі (Б.Харышчандра, Дж.Прасад, Р.Варма і інш.). Тэатр. жыццё І. актывавалася ў 1940-я г., калі ўзніклі прафес. і аматарскія калектывы. Важнае значэнне мела адкрыццё Акадэміі музыкі, танца і драмы (1953), пры якой з 1959 пачала працаваць першая дзярж.тэатр. школа. Тэатр. жыццё 1970-х г. вызначалася імкненнем да сінтэзу традыц.нац.т-ра з формамі і метадамі зах.-еўрап. т-раў. Папулярны т-р лялек. У сучаснай І. працуюць буйныя прафес. т-ры ў Дэлі, Калькуце, Бамбеі, Мадрасе, Катацы, Бенарэсу і інш., якія звяртаюцца да твораў інд. класічнай і сучаснай драматургіі, сусв. класікі. Спектаклі ставяцца на мовах народаў І. (бенгалі, хіндзі, орыя, гуджараці, канада і інш.).
Кіно. Пачаткам кінавытворчасці ў І. была творчасць мастака-літографа Д.Г.Пхалке [фільм «Раджа Харышчандра» (1913) паводле стараж. міфа пра высакароднага цара], які ўвасобіў на экране прынцыпы традыц.інд.тэатр. драмы (джатры). Ён зняў каля 100 фільмаў на сюжэты міфаў (у т. л. з эпасу «Махабхарата» і «Рамаяна»), якія ўзнімалі нац. годнасць ва ўмовах жорсткай брытанскай цэнзуры. Паслядоўнікі Пхалке — рэж. Б.Пейнтэр і Дж.Ф.Мадан праклалі 2 шляхі інд. кіно: першы імкнуўся да гіст. дакладнасці, другі — да відовішчнасці ў камерцыйных мэтах. Буйнейшымі цэнтрамі кінавытворчасці былі і застаюцца гарады Бамбей, Калькута, Мадрас. Найб. значныя фільмы 1920-х г.: «Светач Азіі» Х.Раі і Ф.Остэна, «Толькі зараз з Англіі» Д.Н.Гангападхая; 1930-х г.: «Прыгажосць свету» А.Ірані (першы гукавы фільм, а таксама фільмы на гіст.-міфалагічныя і сац. тэмы рэж. Д.Бошу, Н.Бошу, П.Ч.Баруа, В.Шантарама, Мехбуба, С.Мадзі. У 1930-я г. склаліся сістэма «зорак» і традыцыя ўключаць у сюжэтнае дзеянне муз.-танц. нумары. Абвяшчэнне ў 1950 Рэспублікі І. дало моцны імпульс для развіцця інд. кіно. Былі экранізаваны творы і сцэнарыі пісьменнікаў М.Р.Ананда, К.Чандра, Прэмчанда, Яшпала і інш. Кіно рэалістычнага кірунку прадстаўлялі рэж. Х.А.Абас [ «Дзеці зямлі», 1946, «Спадарожнік» (у сав. пракаце «Ганга») і «Муна», 1952, «Тысяча начэй на ложку з камення» і «Чужаземец» (у сав. пракаце «Хаджэнне за тры моры»), 1956], Б.Рой [«Два бігхі зямлі», 1953, «Суджата» (у сав. пракаце «Недатыкальная»), 1959, «Нявестка Бірадж» (у сав. пракаце «Бірадж Баху»), 1960, і інш.]. Сусветна вядомыя кінематаграфісты І. 1950—80-х г.: прадстаўнік т.зв. калькуцкай школы, рэж., сцэнарыст, кампазітар С.Рэй («Песня дарогі», «Музычны пакой», «Праціўнік», «Шахматысты», «Алмазнае каралеўства» і інш.); рэж. М.Сен («Дзень вяселля», «Пасляслоўе», «Чужое дзіця», «Гутарка», «Калькута-71», «Радавы», «Хор» (у сав. пракаце «30 000!»)]; рэж. Ш.Бенегал [«Канец ночы», «Абуджэнне», «Роля» (у сав. пракаце «Цяжкая роля»), «Вар’яцтва», «Стагоддзе Калі, або Машынная эра», «Сардары Бегам» і інш.]; акцёр, рэж., прадзюсер Р.Капур (з дынастыі Капураў), які ў 1947 засн. уласную студыю ў Бамбеі, рабіў стаўку на масавыя жанры, у якіх праводзіў гуманіст. ідэі («Бадзяга», «Пан—420», «Чысцільшчык абутку», «Сангам», «Маё імя — клоун», «Бобі», «Любоўная немач» і інш.). Рэжысёры 1980—90-х г.: А.Гапалакрышнан, К.Мехта, А.К.Каўль, М.Ратхам, С.Камал, Г.Ніхлані, К.Ладжмі. Сусв. вядомасць атрымала рэж.-жанчына М.Наір («Салям, Бамбей!», «Місісіпі Масала», «Сям’я Перэз», «Камасутра»). Кіназоркі 1980—90-х г.: Х.Маліні, Ш.Азмі, З.Аман, Рэкха, Шрыдэві, М.Дыксіт, Дж.Чаўла, С.Патыл, Нілам, Р.Агніхотры, А.Бачан, М.Чакраборці, Гавінда, А.Капур. Д.Шорф, Ч.Пандэй. У І. на дзярж. і прыватных кінастудыях здымаецца рэкордная колькасць маст. фільмаў у свеце (у 1990—970 фільмаў) на 15—16 мовах (пераважна на хіндзі). Дзярж.арг-цыя «Філмс дывіжэн» стварае дакумент., анімацыйныя, вучэбныя фільмы.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979;
Альбедиль М.Ф. Протоиндийская цивилизация: Очерки культуры. М., 1994;
Шарма Р.Ш. Древнеиндийское общество: Пер. с англ.М., 1987;
Медведев Е.М. Очерки истории Индии до XIII в.: [Сб. ст.]. М., 1990;
Ашрафян К.З. Средневековый город Индии XIII — середины XVIII в.: (Пробл. эконом. и социальн. истории). М., 1983;
Ванина Е.Ю. Идеи и общество в Индии XVI—XVIII вв. М., 1993;
Политическое развитие и общественная мысль Индии в новое и новейшее время: [Сб. ст]. М., 1976;
Празаускас А.А. Этнос, политика и государство в современной Индии. М., 1990;
Краткая история литератур Индии. Л., 1974;
Калинникова Е.Я. Англоязычная литература Индии. М., 1974;
Проблемы индийского романа. М., 1974;
Художественные направления в индийской литературе XX в.: [Сб. ст.], 1977;
Челышев Е.П. Современная индийская литература. М., 1981;
Шептунова И.И. Живопись Бенгальского возрождения. М., 1978;
Потабенко С.И. Изобразительное искусство Индии в новое и новейшее время (конец XVIII — сер. XX в.). М., 1981;
Дева Б.Чайтанья. Индийская музыка: Пер. с англ.М., 1980;
Менон Рагхава Р. Звуки индийской музыки: Путь к раге: Пер. с англ.М., 1982;
Музыкальная эстетика стран Востока. М., 1967. С. 35—139;
Виноградов В.С. Индийская рага. М., 1976;
Котовская М.П. Синтез искусств: Зрелищные искусства Индии. М., 1982;
Кино Индии. М., 1988.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя Індыі ў 20 ст.), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета, навук. ўстановы), Я.Ф.Шунейка (выяўл. мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка), А.М.Міхеева (тэатр), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Індыі.Да арт.Індыя. Узбярэжжа Аравійскага мора ў штаце Гоа.Да арт.Індыя. Вёска ў перадгор’ях Гімалаяў.Да арт.Індыя. Рысавыя палі на Інда-Гангскай раўніне.Да арт.Індыя. Металургічны камбінат у г. Дург-Бхілаінагар.Да арт.Індыя. Ландшафт на пласкагор’і Дэкан.Да арт.Індыя. Памятны знак на месцы крэмацыі М.Гандзі.Да арт.Індыя. Алеевыціскальшчыкі. Гравюра 18 ст.Да арт.Індыя. Фрагмент фасада храма Кандар’я Махадэо ў в. Кхаджураха. Каля 1000.Да арт.Індыя. У цэнтры Бамбея.Да арт.Індыя. Джайнскі храм Вімала на гары Абу ў Раджастхане. 11 ст.Да арт.Індыя. А.Тагор. Развітанне з сынам. 20 ст.Да арт.Індыя. «Ільвіная капітэль» калоны Ашокі з г. Сарнатх. Каля 243 да н.э.Да арт.Індыя. Буда. Размалёўка ў комплексе Аджанта. 6 ст.Да арг.Індыя. Птушкі. Магольская мініяцюра. 17 ст.Да арт.Індыя. Ілюстрацыя да «Бабурнамэ». 16 ст.Да арт.Індыя. Галава Буды з Гандхары. 5 ст.Да арт.Індыя. Радха і Крышна. Школа Пахары. 18 ст.Да арт.Індыя. Індыйскія танцы ў класічных стылях (злева направа): маніпуры, бхарат нацья, катхак.Да арг.Індыя. Выканаўцы на сітары і табла.