БАКА́ЧЫО, Бакача (Boccaccio) Джавані (1313, Парыж — 21.12.1375), італьянскі пісьменнік, гуманіст ранняга Адраджэння. Сябра Ф.Петраркі. Аўтар паэм на сюжэты ант. міфалогіі «Філастрата» (1338?, выд. 1499), «Тэсеіда» (1339—41, выд. 1475), рамана «Філакола» (пачаты ў 1338, выд. 1472), псіхал. аповесці «Ф’ямета» (1343, выд. 1472). Блізкасць да Дантэ выявілася ў пастаралі «Амета...» (1341—42, выд. 1478) і паэме «Любоўны прывід» (1342, выд. 1521). Паэма «Ф’езаланскія німфы» (1344—46, выд. 1477) навеяна «Метамарфозамі» Авідзія. Асн. твор — «Дэкамерон» (1350—53, выд. каля 1470) — 100 рэаліст. навел, прасякнутых гуманіст. ідэямі, духам вальнадумства і антыклерыкалізму, непрыняццем аскетычнай маралі, жыццярадасным гумарам, — шматколерная панарама нораваў італьян. грамадства. Супярэчнасці сац. развіцця Італіі выклікалі крызіс гуманіст. ідэалаў Бакачыо (алегарычная сатыра ў прозе «Карбача, ці Лабірынт любові», 1354—55 ці 1365; выд. 1487, рус.пер. «Крумкач», 1975). Аўтар біягр.кн. «Жыццё Дантэ Аліг’еры» (каля 1360, выд. 1477), каментарыяў да 17 песень «Боскай камедыі» Дантэ (1373—74), трактатаў на лац. мове. Сюжэт 2-й навелы 10-га дня «Дэкамерона» ляжыць у аснове казкі «Аб тым, як ксяндзы вылечыліся» са зб. А.Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў». Пераклад Б.Будным аднаго з эпізодаў «Дэкамерона» («Аповесць суцяшальная пра купца Барнабаша») Пётр Бластус Кміта ўключыў у 4-ю кн. «Апафегматаў». П’еса «Золата ў агні» Ф.У.Радзівіл, якая ставілася ў Нясвіжскім прыдворным тэатры, — драм. перапрацоўка навелы Бакачыо.
Тв.:
Рус.пер. — Малые произведения. Л., 1975;
Декамерон. Мн., 1985.
Літ.:
Хлодовский Р.И. Декамерон: Поэтика и стиль. М., 1982;
Бранка В. Боккаччо средневековый: Пер. с итал. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІВА́Р (Bonnivard, Bonivard) Франсуа дэ (лют. 1493, Савоя — канец 1570), швейцарскі паліт. дзеяч, гуманіст. З 1514 прыёр абацтва Сен-Віктор каля Жэневы. У 1528 удзельнічаў у барацьбе за незалежнасць Жэневы ад герцага савойскага Карла III, за што ў 1530 зняволены ў падзямелле Шыльёнскага замка (Банівар — прататып «Шыльёнскага вязня» Дж.Байрана). У 1536 вызвалены бернцамі, якія паўсталі. Пакінуў жэнеўскія хронікі (выд. Ў 1831).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТЫНСАРЫ́Н (Ібрай) (20.10.1841 — 17.7.1899),
казахскі педагог-асветнік, пісьменнік, этнограф. Яго намаганнямі адкрыты шэраг школ з каз. мовай навучання. Распрацаваў сістэму школьнай адукацыі; на аснове рус. графікі склаў праект каз. алфавіта, падручнікі роднай і рус. мовы для дзяцей («Пачатковы дапаможнік па навучанні кіргізаў рускай мове», 1871; «Кіргізская хрэстаматыя», 1879 і інш.). Арыгінальныя і перакладныя маст. творы Алтынсарына, змешчаныя ў падручніках, прасякнуты дэмакр. і гуманіст. ідэямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б’ЁНДА ((Biondo) Флавіо) (1392, г. Фарлі, Італія — 4.6.1463),
італьянскі гуманіст, гісторык. Упершыню вылучыў сярэднія вякі як асобны перыяд гісторыі. У сваёй гал. працы «Тры дэкады гісторыі ад падзення Рымскай імперыі» выклаў у храналагічным парадку гісторыю сярэдневяковай Еўропы (1412—1440). Адзін з першых імкнуўся выпрацаваць крытэрыі дакладнасці гіст. крыніц, увёў дэскрыптыўна-факталагічны падыход да гістарыяграфіі. Працы «Адноўлены Рым» (1444—46), «Апісанне Італіі па раёнах і правінцыях» (1453) заклалі асновы гіст. геаграфіі і гіст. тапаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́КШЫН (Сямён Аляксандравіч) (н. 8.3.1931, г. Гомель),
бел. філосаф і гісторык-медыявіст. Д-рфілас.н. (1987), канд.гіст.н. (1965). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). З 1960 у Ін-це філасофіі і права Нац.АН Беларусі. Даследуе гуманіст. рух і рэліг.-царк. жыццё Беларусі 14—17 ст., гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі эпохі Адраджэння і Рэфармацыі, праблемы культуры, філасофіі і гісторыі, нац. самасвядомасці бел. народа. Стварыў цэласную гісторыю станаўлення і развіцця рэнесансава-гуманіст. думкі Беларусі, вызначыў спецыфічныя рысы айч. Адраджэння і гуманізму. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), прац «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты, даведнік, каментарыі» (1989), «Скарына і яго эпоха» (1990), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974;
Франциск Скорина. М., 1981;
Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБЛЕ́ ((Rabelais) Франсуа) (каля 1494, каля г. Шынон, Францыя — 9.4.1553),
французскі пісьменнік-гуманіст эпохі Адраджэння. Д-р медыцыны (з 1537). Вывучаў права ў Пуацье, медыцыну ў Парыжы і Манпелье, працаваў урачом у Ліёне. Літ. дзейнасць пачаў у 1532. Сусв. вядомасць яму прынёс фантаст. раман-эпапея «Гарганцюа і Пантагруэль» (кн. 1—4, 1532—52; кн. 5, выд. 1564, аўтарства недакладнае) — маст. энцыклапедыя франц. культуры эпохі Адраджэння: яе рэліг. і паліт. жыцця, філас., пед. і навук. думкі, духоўнага імкнення і сац. побыту. У творы высмеяў рэліг. фанатызм, цемрашальства і паразітызм духавенства, тупасць, сквапнасць і жорсткасць чыноўнікаў, манарх. дэспатызм і захопніцкія войны. Прапагандаваў гуманіст. выхаванне чалавека, у якім павінна гарманічна спалучацца фіз. і духоўнае развіццё. Раман адметны багаццем нар. мовы, спалучэннем рэаліст. і фантаст., высокага і груба камічнага, гратэскнага. Творчасць Р. адыграла вял. ролю ў развіцці франц. і сусв.сатыр. л-ры. На бел. мову яго раман пераклалі В.Бурносаў і Р.Канавалаў.
Тв.:
Бел.пер. — Гарганцюа і Пантагруэль. Мн., 1940;
Рус.пер. — Гаргантюа и Пантагрюэль. М., 1981.
Літ.:
Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЗЕ ((Duse) Элеанора) (3.10.1858, г. Віджэвана, Італія — 21.4.1924),
італьянская актрыса. З акцёрскай сям’і. Выступала ў італьян. вандроўных трупах, у 1887 арганізавала ўласную. Шмат гастраліравала па краінах Еўропы і Амерыкі. Актрыса трагічнага плана. Лепшыя ролі: Тэрэза Ракэн («Тэрэза Ракэн» Э.Заля), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.Дзюма-сына), Сантуца («Сельскі гонар» Дж.Вергі), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра), Нора («Нора» Г.Ібсена), Мірандаліна («Карчмарка» К.Гальдоні), Ганна («Мёртвы горад» Г.Д’Анунцыо). Дэмакр. і гуманіст. мастацтва Д. вызначалася праўдзівасцю, філігранным майстэрствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ РУСІ́Н З КРО́СНА (1470 ?, г. Кросна, Польшча — 1517),
паэт-лацініст. Гуманіст. Вучыўся ў Кракаўскім і Грэйфсвальдскім (Памеранія) ун-тах. У 1499 атрымаў ступень бакалаўра, у 1506 магістра вольных мастацтваў. У 1506—16 праф. Кракаўскага ун-та. Аўтар зборніка паэт. твораў (1509). Выдаў творы стараж.-рым. пісьменнікаў Персія Флака (1508), Сенекі (1513) са сваімі вершаванымі і празаічнымі прадмовамі. Сярод яго вучняў паэт Я.Вісліцкі, якому ён прысвяціў хвалебную элегію.
Літ.:
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЦЛАЎ З ШАМО́ТУЛ (Wacław z Szamotuł),
Шаматульчык, Шаматульскі (Szamotulczyk, Szamotulski; 1533 ці 1534, г. Шаматулы, Польшча — 1567 ці 1568), польскі кампазітар, паэт. Прадстаўнік польскага муз. Адраджэння, майстар поліфанічнага стылю а капэла. З 1555 на Беларусі, працаваў у кн. Радзівіла Чорнага. Аўтар літургічных твораў, у т. л. імшы, матэтаў, шматгалосых рэфармац. песень пераважна на лац. і польск. тэксты. Найб. вылучаюцца матэты, адметныя гуманіст. зместам, шырокім выкарыстаннем імітацыйнай тэхнікі, сувяззю з нац.нар. песеннасцю. Многія яго творы змешчаны ў пратэстанцкім канцыянале «Песні хвал боскіх», выд. у Брэсце Я.Зарэмбам (1558).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧА́К НААПЕ́Т (?—1592?),
армянскі паэт. Верагодна, жыў у в. Хараконіс каля г. Ван (цяпер Турцыя). Пачынальнік свецкай тэматыкі ў арм. паэзіі. Дасканала валодаў найб.стараж. формай верша — айрэнам. Пісаў вершы любоўныя, філасофска-павучальныя (айрэны роздумаў) і вандроўніцкія (айрэны блуканняў), у якіх апяваў радасць кахання і жыцця, прыгажосць жанчыны, імкнуўся асэнсаваць пакутніцкі лёс арм. народа, сцвярджаў гуманіст. ідэалы. Лірыка К. глыбока народная, рытмамеладычная. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Я.Семяжон.