моўная з’ява, якая выяўляецца пры гукавым і марфемным падабенстве слоў, што адрозніваюцца сваімі значэннямі (паронімаў). Напр., «чарнець» — «чарніць», «царыца» — «царэўна», «абагульніць» — «абагуліць»). Паронімы — пераважна аднакарэнныя словы, якія маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці: «адрасат» (той, каму адрасавана паштовае адпраўленне) — «адрасант» (той, хто пасылае паштовае адпраўленне). Паранімічныя адносіны найчасцей узнікаюць паміж назоўнікамі, прыметнікамі, радзей — дзеясловамі. Значэнні паронімаў не супадаюць. Кожны з паронімаў з’яўляецца функцыянальна самастойным, можа мець сінонімы і антонімы, ніколі не можа быць заменены ў тэксце інш. кампанентам паранімічнай пары без парушэння сэнсу выказвання. У шырокім значэнні паронімы — усе блізкія па гучанні словы незалежна ад іх значэння, марфал. будовы і інш. («амплуа» — «ампула», «камічны» — «касмічны»). П. трэба адрозніваць ад паранамазіі.
Літ.:
Шуба П.П. Міжмоўная беларуска-руская аманімія і паранімія // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
тып тлумачальнага слоўніка, які змяшчае аднакарэнныя словы, што маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці (паронімы; гл.Паранімія). Напр., «Слоўнік паронімаў сучаснай рускай мовы» Ю.А.Бельчыкава і М.С.Панюшавай (1994). Паранімічны рад звычайна складаецца з 2 слоў, часам у яго ўваходзяць і 3—4 словы («давераны—даверлівы—даверны», «дублет—дуплет—дублікат—дубальт»). У бел. лексікаграфіі першая спроба стварэння П.с. — слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанні слоў; (Слоўнік паронімаў беларускай мовы)» С.М.Грабчыкава (1977; уключае больш за 1600 слоў). На аснове гэтага слоўніка ім жа складзены «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994; уключае больш за 3300 слоў). Міжмоўнае ўзаемапранікненне ў галіне аманіміі, параніміі і полісеміі адлюстравана ў слоўніку «Міжмоўныя амонімы і паронімы» Грабчыкава (1980; 550 рус.-бел. аманімічных і паранімічных пар).
Літ.:
Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ако́рд
(іт. accordo = згода, сугучнасць)
1) спалучэнне некалькіх розных па вышыні музычных гукаў, якое ўспрымаецца як гукавое адзінства;
2) набор струн для смычковага або шчыпковага музычнага інструмента;
3) перан. дзеянне, якім што-н. завяршаецца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВІДЭАМАГНІТАФО́Н,
апарат для запісу на магн. стужку і далейшага ўзнаўлення аналагавых і лічбавых відэафанаграм. Адрозніваюць відэамагнітафоны бытавыя, прафесійныя і спец. прызначэння; стацыянарныя і пераносныя; з узнаўленнем каляровага і чорна-белага відарысаў. Прынцып дзеяння такі ж, як у звычайнага магнітафона: сігналы відарыса і гукавога суправаджэння ад тэлевізійнага прыёмніка або інш. крыніцы запісваюцца на магн. стужку. Пры ўзнаўленні гэтыя сігналы накіроўваюцца ў тэлевізійны прыёмнік. Відэамагнітафон выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, навук. даследаваннях, медыцыне і інш.
Шырокая паласа прапускання відэамагнітафона (да 7—8 МГц у стандартным тэлебачанні; да 30 МГц у тэлебачанні высокай выразнасці) у працэсе запісу дасягаецца адначасовым перамяшчэннем стужкі і вярчэннем блока з 1, 2 або 4 магн. галоўкамі, што забяспечвае скорасць магн. галоўкі адносна стужкі да 10 м/с і больш. Гукавое суправаджэнне і сігналы сінхранізацыі запісваюцца нерухомымі галоўкамі па краях стужкі.
А.П.Ткачэнка.
Кінематычная схема відэамагнітафона: 1 — касета; 2 — галоўкі запісу гукавых і сінхранізавальных сігналаў; 3 — галоўкі запісу відарыса; 4 — магнітная стужка; 5 — накіроўны ролік; 6 — рухавік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЬМО́,
графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.
Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт.Беларускі алфавіт, Графіка.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ.М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ако́рд
(іт. accordo = згода, сугучнасць)
1) спалучэнне некалькіх музычных гукаў рознай вышыні, якое ўспрымаецца як гукавое адзінства;
2) набор струн для смычковага або шчыпковага музычнага інструмента;
3) перан. дзеянне, якім што-н. завяршаецца (напр. заключны а.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
АКО́РД (ад італьян. сугучнасць),
спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні, якія ўспрымаюцца як гукавое адзінства. Асн. элемент гармоніі. Заканамернасць будовы акорда — тэрцавасць складу (гукі размешчаны або шляхам перастановак могуць быць размешчаны па тэрцыях; гл. таксама Абарачэнне). Ніжні гук акорда наз. асноўным тонам. Адрозніваюць 2 класы акорда: тэрцавыя (трохгуччы, септакорды, акорды з секстай, нон-акорды, ундэцым- і тэрцдэцымакорды) і нятэрцавыя монаакорды і поліакорды (акорды складанай структуры, частка якіх, узятая асобна, можа разглядацца як акорд). Выразнасць акорда абумоўлена яго функцыяй, звязанай са становішчам акорда ў ладзе, і фанізмам — характарам гучання, які залежыць ад інтэрвальнага складу, размяшчэння, рэгістра, муз. кантэксту. Найб. пашыраны акорд тэрцавай будовы, ускладненыя храматычнай зменай гукаў — альтэрацыяй; некат. пашырэнне атрымалі акорды квартавай будовы.
Перадформа акорда — двухгучча ў раннім шматгалоссі. Гістарычна першая канцэпцыя акорда — у поліфанічнай музыцы канца 12 ст. Тэрмін «акорд» узнік у 14 ст. У практыцы генерал-баса (17 — 1-я пал. 18 ст.) замацавалася аперыраванне акордамі-комплексамі, якія трактаваліся як кансанантныя і дысанантныя сугуччы. У 18—19 ст. катэгорыя акорда супрацьпастаўляецца сугуччу з неакордавымі гукамі. У 20 ст. рэзка ўзмацнілася санорная трактоўка акорда. (гл.Санорыка), фактар гучнасці.
Літ.:
Гуляницкая Н. Введение в современную гармонию. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПІСЬМО́,
слоўна-складовая сістэма пісьма, якая абслугоўвала старажытнаегіпецкую мову (каля 4-га тыс. да н.э. — 3—4 ст.н.э.). Мела 3 разнавіднасці: іерагліфіка, іератыка і дэмотыка (гл.Дэматычнае пісьмо). Пачатковы этап Е.п. — малюнкавая ідэаграфія (гл.Ідэаграфічнае пісьмо) якая развілася з піктаграфічнага пісьма.
Кожны малюнак абазначаў канкрэтны прадмет, з часам малюнкі сталі набываць пэўную сімволіку (напр., малюнак пчалы стаў абазначаць не толькі пчалу, а і занятак, стараннасць, працавітасць). Большасць іерогліфаў маглі мець гукавое значэнне: абазначалі спалучэнне 2 і больш зычных гукаў або асобны гук (усяго 24). Галосныя гукі ў іерагліфічным Е.п. не абазначаліся. Фанаграмы ў ім пераважалі над ідэаграмамі. Іерогліфаў, што найчасцей ужываліся, было каля 700. Выкарыстанне папірусу і трысняговай палачкі выклікала выпрацоўку курсіву — іератыкі, якая з’яўлялася спрашчэннем іерагліфікі. Абедзве разнавіднасці ўжываліся паралельна каля 3000 гадоў. Іератыкай пісаліся літ., навук. творы, дзелавыя паперы і інш. У 8 ст. да н.э. з іератыкі развіўся новы курсіў — дэмотыка, якая характарызуецца наяўнасцю большай колькасці лігатур і большай курсіўнасцю. Е.п. ўпершыню (1822) дэшыфраваў франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
М.А.Паўленка.
Да арт.Егіпецкае пісьмо. Узор іератычнага пісьма (зверху); той жа тэкст у іерагліфічнай перадачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАЗА́ПІС,
запіс гукавых ваганняў на гуканосьбіце для наступнага ўзнаўлення. Гуказапісвальны элемент (разец, светлавы прамень, магн. поле ці інш.) пакідае след гукавога вагання (гукавую дарожку, ці фанаграму) на рухомым гуканосьбіце. У залежнасці ад колькасці каналаў запісу—узнаўлення адрозніваюць гуказапіс мона- (1 канал), стэрэа- (2 каналы), квадра- (4 каналы) і поліфанічны (больш за 4 каналы). Найб. пашыраны мех., фатагр. (аптычныя) і магн. метады гуказапісу, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці грампласцінак, гукавым кіно, пры стварэнні радыё- і тэлевізійных праграм і інш.
Для мех. гуказапісу выкарыстоўваюць эл.-акустычны (найб. пашыраны) ці акустычны спосаб. Пры акустычным спосабе гукавыя ваганні непасрэдна ўздзейнічаюць на гуказапісвальны элемент (напр., іголку фанографа), які стварае гукавую канаўку, пры эл.-акустычным — гукавыя ваганні пераўтвараюцца мікрафонам у эл. і пасля ўзмацнення ўздзейнічаюць на запісвальны элемент. Пры фатагр. гуказапісе гукавыя ваганні пераўтвараюцца ў светлавыя і фіксуюцца на святлоадчувальнай плёнцы (гл.Гукавое кіно), кампакт-дыску і інш., пры магн. гуказапісе зменьваецца намагнічанасць дарожкі запісу на магнітных дроце, стужцы, дыску і інш.Гл. таксама Дыктафон, Магнітафон, Магнітарадыёла, Магнітола.
У муз. мастацтве гуказапіс адкрыў новыя магчымасці і зрабіў вял. ўплыў на ўсе сферы музыкі 20 ст. Ён ператварыў музыку ў прадмет масавай вытворчасці, вылучыў гукарэжысуру як новую разнавіднасць муз. творчай працы і прывёў да істотных змен у кампазіцыі, выканальніцтве (гл.Электронная музыка) і ўспрыманні музыкі.
Літ.:
Синклер Я. Введение в цифровую звукотехнику: Пер. с англ.М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (руны) мелі завостраныя абрысы. Р.п. карысталіся з пач.н.э. скандынаўскія, англасаксонскія, герм. і некат. інш. плямёны. Руны высякалі ці выразалі на камені, метале, косці, дрэве і інш. Захаваліся і рукапісныя руны на пергаменце. Рунічныя надпісы знойдзены ў Скандынавіі (3 ст.), Германіі, Англіі (6—7 ст.), Францыі, Грэцыі, Румыніі і інш. краінах. Усяго вядома каля 4 тыс. рунічных помнікаў, самы вядомы — Дацкі кодэкс законаў 13—14 ст.Р.п. адносіцца да вакалізавана-гукавога тыпу: гукавое значэнне кожнай літары супадала з пачатковым гукам яе назвы. Літары пісаліся пераважна злева направа. Алфавіт стараж. рунаў складаўся з 24 знакаў (т.зв. старшыя руны, або футарк). З 11 ст. ў скандынаўскіх краінах пачалі ўжываць алфавіт з 16 літар (малодшыя руны), у якім адным знакам абазначаліся глухія і звонкія гукі, галосныя з умляўтам і без яго. З 11 ст. ў Даніі, пазней у Нарвегіі на базе малодшых рунаў фарміравалася пункціраванае Р.п.; да 16 літар дадаваліся кропкі і рыскі, што дазваляла больш дакладна абазначаць блізкія, але розныя гукі. З пашырэннем хрысціянства ў Еўропе язычніцкае Р.п. паступова выцеснена лацінскім пісьмом, але ў Скандынавіі яно праіснавала да 14 ст., цалкам знікла ў 20 ст. Існуе шмат гіпотэз генет. сувязі Р.п. з фінікійскім пісьмом, з алфавітамі грэч., лац. і паўн.-італійскім, а таксама з сістэмамі знакаў уласнасці, лічэння, магіі і інш.