РАЧНА́Я СЕ́ТКА,

сукупнасць усіх рэк, што знаходзяцца ў межах якой-н. тэрыторыі; частка гідраграфічнай сеткі. Характар і структура Р.с. вызначаюцца складаным узаемадзеяннем фіз.-геагр. умоў, ад якіх залежыць велічыня і інтэнсіўнасць паступлення вады, супраціўленне глеб і грунтоў размыву. Ступень развіцця Р.с. характарызуецца каэфіцыентам яе гушчыні (суадносіны сумы даўжынь усіх рэк басейна да яго плошчы).

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

псіхрафі́ты

(ад гр. psychros = халодны + -фіты)

расліны халодных і вільготных грунтоў, напр. кедравы сланец, некаторыя водарасці і лішайнікі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАРСКІ́Я КА́РТЫ.

Адлюстроўваюць рэльеф марскога дна і адзнакі глыбінь, склад грунтоў, берагавую лінію, рэльеф і прыкметныя прадметы на беразе, марскія шляхі, навігацыйныя небяспечнасці (водмелі, рыфы, скалы, буруны і інш.), навігацыйнае абсталяванне (маякі, створныя знакі і інш.), звесткі пра магнітнае схіленне, элементы гідралогіі (цячэнні, прылівы, граніцы льдоў і інш.). Прызначаны для забеспячэння суднаходства, вывучэння і выкарыстання рэсурсаў Сусветнага акіяна.

т. 10, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНЫ ЛЁД,

лёд у тоўшчы мёрзлых горных парод і грунтоў у абласцях пашырэння шматгадовамёрзлых парод. Вылучаюць першасны П.л., які ўтвараецца ў працэсе прамярзання рыхлых адкладаў (лёд-цэмент) і другасны, які крышталізуецца з вады і вадзяной пары ў шчылінах (жыльны лёд), у порах і пустотах (пячорны лёд) або ўтвараецца на зямной паверхні і перакрываецца асадкавымі пародамі (пахаваны лёд).

т. 11, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГЛЕ́ЙВАННЕ,

1) адкладанне ў вадасховішчах, азёрах, арашальных каналах і інш. водных аб’ектах з застойнай ці павольна цякучай вадой завіслых і цягненых наносаў (глею, пяску, гравію, гліны, рэшткаў раслін). На скорасць З. ўплываюць прыродныя асаблівасці вадазбору (нахілы рэльефу, характар грунтоў, разаранасць, расліннае покрыва). Інтэнсіўнае З. прыводзіць да ліквідацыі вадасховішчаў.

2) Адкладанне ў пойме паводкавых наносаў ракі або яроў.

3) Метад меліярацыі пясчаных зямель.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЗЛО́ТНЫ РЭЛЬЕ́Ф, крыягенны рэльеф, крыягенная морфаскульптура,

сукупнасць форм рэльефу, паходжанне і развіццё якіх звязана з працэсамі прамярзання і адтайвання грунтоў. Характэрны пераважна для палярных абласцей, дзе пашыраны шматгадовамёрзлыя грунты, трапляецца таксама ў высакагор’ях. Уключае бугры пучэння, курумы, саліфлюкцыйныя тэрасы, паліганальныя ўтварэнні і інш. На тэр. Беларусі М.р. развіваўся ў часы зледзяненняў (захаваліся яго сляды, напр., тэрмакарставыя азёры і сподкі, бугры пучэння).

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛЫ́ВІНА,

ссоўванне (аплыванне) уніз па схіле слоя глебы або рыхлых парод ад пераўвільгатнення. Паходжаннем аплывіны блізкія да апоўзняў, толькі меншых памераў (шыр. да некалькіх метраў, глыб. да 1 м). Фарміруюцца ва ўмовах празмернага ўвільгатнення пры насычэнні глебаў і грунтоў талымі, дажджавымі або грунтавымі водамі да гразепадобнага стану. Трапляюцца ў раёнах шматгадовай мерзлаты, на незадзернаваных насыпах. У Беларусі пашыраны на лёсападобных пародах схілаў Мінскага, Навагрудскага і Аршанскага ўзвышшаў.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аграфі́зіка

(ад агра- + фізіка)

навука пра фізічныя ўласцівасці грунтоў, фізічныя метады даследавання знешніх умоў жыцця раслін і фізічныя працэсы іх жыццядзейнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

саліфлю́кцыя

(ад лац. solum = глеба + fluctio = выцяканне)

спаўзанне ўвільготненых гліністых і пылаватых грунтаў грунтоў па схілах у працэсе іх прамярзання і адтавання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛАДЫ́ГІН (Барыс Іванавіч) (29.1.1896, г. Сквіра Кіеўскай вобл. — 30.10.1981),

беларускі вучоны ў галіне дарожнага буд-ва. Чл.-кар. АН Беларусі (1959), д-р тэхн. н. (1957), праф. (1958). Скончыў Ін-т інжынераў шляхоў зносін (1921, Петраград). З 1958 у БПІ. Навук. працы ў галіне буд-ва і ўдасканалення дарожных пакрыццяў, класіфікацыі грунтоў, выкарыстання мясц. каменных матэрыялаў.

Тв.:

Строительство автомобильных дорог. Мн., 1965 (у сааўт.);

Прочность и долговечность асфальтобетона. Мн., 1972 (у сааўт.).

Б.​І.​Ладыгін.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)