ГЛІ́НСКІ (Давыд Львовіч) (1857, г. Гродна — пасля 1916),
ваенны ўрач, падарожнік. Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскую ваенна-мед. акадэмію (1882). Д-р медыцыны (1893). З 1889 урач Гродзенскага гусарскага палка. У 1892 разам з групай афіцэраў палка здзейсніў коннае падарожжа ў Індыю. З 1893 палкавы ўрач у Гродне. Чл.Гродзенскага таварыства ўрачоў. Сябраваў з А.Я.Багдановічам. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 у складзе рус.сан. атрада ўдзельнічаў у аказанні дапамогі Эфіопіі (Абісініі). З 1898 гал. ўрач ваен. шпіталя ў Гродне. З 1905 у Пецярбургу. Аўтар прац па медыцыне і ўспамінаў аб італа-эфіопскай вайне.
Тв.:
Харрар и его обитатели. Гродно, 1897;
Жизнь русского санитарного отряда в Харраре: (Из воспоминаний об Абиссинии). Гродно, 1899.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКІ́Н (Павел Пятровіч) (14.1.1769—22.11.1826),
расійскі архітэктар. Да 1788 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. У 1786 працаваў у Ч.Камерона. У 1803—05 Гродзенскі губернскі архітэктар. Аўтар праектаў мураванага моста цераз Нёман і ратушы (пабудавана ў 1807), фіксацыйных чарцяжоў стараж. пабудоў у Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАШКЕ́ВІЧЫ,
сям’я бел. мастакоў. Андрэй, жывапісец канца 18 ст. Жыў і працаваў у Гродне. З твораў вядомы копія партрэта кн. М.В.Рапніна (1796) з арыгінала Дз.Р.Лявіцкага і алегарычная кампазіцыя «Vanitas vanitatum» (1806). Клеменс (1804, г. Гродна? — 10.7.1849). Сын і вучань Андрэя. Верагодна, вучыўся ў Вільні ў Я.Рустэма. Некаторы час працаваў настаўнікам малявання ў школах Любліна. Потым пасяліўся ў Варшаве. У 1824 працаваў у Гродне, у 1827, верагодна, у Дунілавічах пад Вільняй у Янішэўскіх. У творчасці пераважае партрэтны жанр; вядомы партрэты І.І.Макавельскага (1824), Юзафа і Ізабелы Качкоўскіх (каля 1825), С.Янішэўскага (1827) і Б.Янішэўскай (1820-я г.), Я.Эпштэйна (1835).
Літ.:
Сядзібны партрэт Беларусі XVIII — першай паловы XIX ст. са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХУ́ТА (Анатоль Сяргеевіч) (н. 17.10.1947, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1971). З 1971 гал. архітэктар г. Ліда Гродзенскай вобл., з 1982 — Гродна. Асн. работы: комплекснае добраўпарадкаванне цэнтра Ліды (1973—82), генпланы гарадоў Ліда (1972, 1991), Смаргонь (1984), Навагрудак (1995), вёсак Квасоўка Гродзенскага, Бердаўка Лідскага, Тур’я Шчучынскага р-наў (1985—90); праекты рэгенерацыі гіст. цэнтра Гродна (1983, 1989), забудовы жылых гарадкоў Мін-ва абароны Беларусі Ліда, Слонім, Рось Ваўкавыскага р-на (усе 1990-я г.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998); жыллёвы комплекс па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1997), лядовы палац (1999) у Гродне (усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў інтэр’ераў абл.драм.т-ра, чыг. вакзала, кінатэатра «Кастрычнік», гасцініцы «Амега» ў Гродне (усе 1986—97).
Дзейнічаў у 1904—13 у Гродне. Выпускаў сячкарні і інш.с.-г. інвентар, экіпажныя восі. У 1908—10 меў рухавік магутнасцю 8 к.с., у 1913 — 35 к.с. У 1908 працавала 14 чал., у 1913 — 100 рабочых, выраблена прадукцыі на 120 тыс.руб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДАХІ́Н (італьян. baldacchino літар. шаўковая тканіна з Багдада),
багаты цырыманіяльны навес над тронам, парадным ложкам і інш. Запазычаны з усх. мастацтва 11 ст. У культавай архітэктуры — пераносны ці стацыянарны навес над алтаром, амбонам, спавядальняй, надмагіллем. Спачатку рабілі з тканіны, потым з дрэва, металу, каменю ў форме купала, вежачкі, эдыкулы, драпіровак на стоечных апорах ці кансольнай падвесцы. У завяршэнні меў скульптуру, султан (плюмаж), аздабляўся пазументам, махрамі, кутасамі і інш. У мастацтве готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму меў характэрную стылявую трактоўку (палац у Вілянаве, Польшча). На Беларусі высокімі маст. якасцямі вызначаліся балдахіны над амбонамі касцёлаў у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на, францысканскага ў Пінску, над алтаром капліцы (не збярогся) Каралеўскага палаца ў Гродне і інш.
Балдахін над алтаром капліцы Каралеўскага палаца ў Гродне. 2-я пал. 18 ст.Балдахін у каралеўскай спальні палаца ў Вілянаве (Польшча). Канец 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЕ́ЦКІ (Баляслаў) (Міхаіл Юрый) Канутавіч (23.11.1824, Рым — 31.1.1913),
жывапісец, графік. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў бацькі К.Русецкага, Пецярбургскай АМ (1843—50). Пасля 1853 жыў у Парыжы і Італіі, з пач. 1860-х г. — у Вільні, Гродне, Беластоку, маёнтку Янавічы на Беласточчыне. Працаваў пераважна ў жанры партрэта, пісаў пейзажы, кампазіцыі на рэліг. тэмы. У пач. 20 ст. ўдзельнічаў у афармленні перыяд. выданняў на Беларусі. Сярод твораў: «Жаночы партрэт» (1850), «Партрэт сенатара Навасільцава з сынам», «Партрэт Карповіча» (абодва 1851), «Партрэт Паўлоўскага», аўтапартрэт (абодва 1852), «Партрэт генерала Бібікава» (1854), «Партрэт жанчыны ў белым», алегарычная кампазіцыя «Упадзенне ракі Віліі ў Нёман» (1853), алтарная карціна «Св. Казімір» (1857) для фарнага касцёла ў Гродне. Выканаў шэраг фрэскавых размалёвак у касцёлах Гродна і ў Турчанах (Беласточчына).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. Мн., 1974.
Засн. ў 1940 як філіял Цэнтр.гіст. архіва БССР, у 1960 ператвораны ў Цэнтр.дзярж.гіст. архіў БССР у Гродне, з 1993 — Бел.дзярж.гіст. архіў, з 1995 — Нац.гіст. архіў, з 1996 сучасная назва. Размяшчаецца ў будынку — помніку архітэктуры канца 18 ст. На 1.1.2000 у архіве больш за 1200 фондаў, 408 тыс. спраў. Захоўвае пераважна дакументы ўстаноў б. Гродзенскай губ. і Вілейскага, Дзісенскага, Лідскага, Ашмянскага пав. Віленскай губ.Рас. імперыі за 19 — пач. 20 ст.; у асобных фондах — дакументы 16—18 ст. Матэрыялы адлюстроўваюць грамадска-паліт. жыццё б. Гродзенскай губ., гісторыю нац.-вызв., рэв.-дэмакр. руху, маюць звесткі пра колькасць і склад насельніцтва, адм.-тэр. падзел, прававы стан саслоўяў, жыццё і дзейнасць вядомых прадстаўнікоў грамадска-паліт. руху, навукі, культуры (Т.Касцюшкі, П.Багрыма, Э.Ажэшкі і інш.), падзеі вайны 1812. Ёсць дакументы пра паўстанне 1863—64, дзейнасць К.Каліноўскага і яго паплечнікаў, сял. рэформу 1861, сталыпінскую агр. рэформу, дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў, устаноў эканомікі, гаспадаркі, нар. адукацыі, аховы здароўя. Захоўваюцца фонды органаў саслоўнага самакіравання, фінансава-падатковых устаноў, рэліг. канфесій, родавыя фонды Быхаўцаў і Слізняў. Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; уліку дакументаў, інфарм.-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій; выкарыстання і публікацыі дакументаў; лабараторыя забеспячэння захаванасці і мікрафільмавання дакументаў. Працуюць б-ка (каля 11 тыс. кніг і брашур, 5 тыс.перыяд. выданняў), чытальная зала.
К.П.Батракова.
Будынак Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТА́ПАЎ (Юрый Фёдаравіч) (н. 3.9.1930, г. Сяміпалацінск, Казахстан),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1954). Працаваў у Свярдлоўску, Маскве, Мінску, Гродне. З 1980 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». З 1990 кіраўнік творчай майстэрні. Асн. работы на Беларусі (усе ў сааўт.): забудова мікрараёнаў № 1, 2, вул. Леніна, 9-павярховы жылы дом, адм. будынак (усе 1960-я г.) у г. Салігорск; добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы (1974—85), 16-павярховая гасцініца па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1982) у Гродне; мост цераз Зах. Дзвіну (1973) і добраўпарадкаванне плошчы імя 1000-годдзя Віцебска (1985) у Віцебску; забудова цэнтра в. Расна Камянецкага р-на (1976—85); тыпавыя праекты жылых дамоў для індывід.буд-ва (1975) і дзіцячых дашкольных устаноў (1980—85); Мінскі лядовы палац спорту (1998). Сярод інш. работ водалячэбніца санаторыя «Беларусь» (1984) у г. Друскінінкай (Літва).
Тв.:
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Іаахім) (1853, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 16.3.1898),
бел. спявак, арганіст, кампазітар. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877—78. Працаваў арганістам у Гродне і Вільні. Пісаў месы, танцы, маршы, оперу «Паята» на сюжэт з літ.-бел. гісторыі (не скончана), музыку на словы А.Міцкевіча і У.Сыракомлі.