1) доўгае крытае памяшканне, у якім вонкавую падоўжную сцяну замяняе каланада, часам з аркадай ці балюстрадай; доўгі балкон. У еўрап. архітэктуры галерэя шырока выкарыстоўвалася ў палацавых і грамадскіх будынках стыляў рэнесансу, барока, класіцызму (замак на Вавелі ў Кракаве). На Беларусі вядомы з 16 ст. ў ратушах, палацах, замках (г.п. Мір Карэліцкага р-на), гандл. радах і інш. 2) Доўгае памяшканне з суцэльным радам вял. вокнаў на адным з падоўжных бакоў будынка (Люстраная галерэя Каралеўскага палаца ў Версалі). На Беларусі былі ў 16—17 ст. у манастырах, кляштарах (Гродзенскія лямусы), школьных будынках; сустракаюцца ў сучаснай архітэктуры (т.зв. дамы галерэйнага тыпу).
3) Верхні ярус глядзельнай залы тэатра (галёрка, раёк).
4) Назва шэрагу маст. музеяў (нац. галерэя, карцінная галерэя).
5) У пераносным сэнсе — шэраг, чарада (галерэя вобразаў, тыпаў).
Галерэя Мірскага замка. Карэліцкі раён Гродзенскай вобл.Галерэя каралеўскага замка на Вавелі ў Кракаве.Люстраная галерэя Каралеўскага палаца ў Версалі. Арх. Ж.Ардуэн-Мансар. 1678—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЖЫ́НСКІ (Рыгор Іванавіч) (1838—1910?),
бел. этнограф і фалькларыст. Скончыў Нежынскі ліцэй. З 1861 настаўнік гімназій у Свянцянах, Мазыры, Гродне, інспектар нар. вучылішчаў Гродзенскай, з 1869 Мінскай губ. З 1875 дырэктар нар. вучылішчаў Варонежскай губ. Друкаваўся ў газ. «Минские губернские ведомости» («Пра духоўныя простанародныя песні Паўночна-Заходняга краю», 1868; «Мінск губернскі», 1877), «Гродненские губернские ведомости» («Пра зборнік заходнярускіх прыказак і прымавак», 1866; «Нататка пра гісторыю народнай паэзіі» і «Пра этнаграфічныя звесткі, што датычацца Заходняй Расіі», абодва 1867) і інш., аўтар артыкулаў «Сцэны з беларускага быту», «Батлейка» (абодва 1873). Пісаў для «Вестника Западной России» («Гродзенскія пісьмы: [Беларускія паданні і песні пра святога Юр’я]», «Сяло Казанскае, былое Куродзічы, Рэчыцкага павета Мінскай губерні», абодва 1865—66). З 1883 выдаваў у Харкаве час. «Благовест», дзе ў 1885—86 апублікаваў «Успаміны пра Паўночна-Заходні край (1861—1874 г.)». Склаў рукапісныя зб-кі «Песні, казкі і прыказкі Паўночна-Заходняга краю» (больш за 500 твораў) з Гродзенскай, Мінскай і Віленскай губ.; (не збярогся), «Простанародныя беларускія песні, запісаныя ў Мінскай губерні» (16 тэкстаў з нотамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА ГРО́ДЗЕНСКАЙ ЭКАНО́МІІ»
(«Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями»),
комплекс гаспадарча-ўліковай і інш. дакументацыі Гродзенскай эканоміі сярэдзіны 16 — сярэдзіны 18 ст., выдадзены ў 1881—82 Віленскай археаграфічнай камісіяй у 2 ч. Дакументы ўзяты з актавых кніг Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў, на польск. мове (1 дакумент на бел. мове). У ч. 1 змешчаны «Рэестр памеры валок, гарадоў і Гродзенскай воласці...» (1558), дзе зафіксавана рэвізія валочнай памеры ў эканоміі, праведзенай на падставе «Уставы на валокі» 1557. У ч. 2 змешчана інвентарнае апісанне гродзенскіх замкаў і велікакняжацкага двара Гарадніцы (сярэдзіна 17 ст.), «Рэестр валочнай памеры горада і мястэчак, воласці і ўсіх двароў, якія належаць да Гродзенскага замка» (1550—60-я г.), «Генеральная ўстава Гродзенскай эканоміі» (1680), «рэвізія» дакументаў г. Гродна, гар. пляцаў і прыбыткаў (1675?), «рэвізія» лясніцтваў эканоміі (1764), вытрымкі з «рэвізіі» эканоміі з пералікам каралеўскіх прывілеяў мястэчкам 16—17 ст. і інш. Выданне забяспечана прадмовай С.В.Шаўковіча, дзе апісаны гродзенскія замкі і сам горад, ахарактарызаваны катэгорыі насельніцтва эканоміі і іх павіннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТу Заходняй Беларусі,
масавы дэмакр.-вызв., антыфаш. народны рух. Развіўся на глебе барацьбы супраць наступлення сіл рэакцыі ў Польшчы і пагрозы вайны ў 2-й пал. 1930-х г. Ініцыятарам руху выступіла КПЗБ, якая зыходзіла з распрацаванай КПП у вер. 1935 платформы дзеянняў, у аснове якой былі праграмныя ўстаноўкі VII Кангрэса Камінтэрна (1935). У канцы 1935—36 паміж партыямі і арг-цыямі рознай паліт. арыентацыі (КПЗБ, Бунд, Паалей Цыён, Стронніцтво людовэ) створаны адзінафрантавыя к-ты і камісіі ў Беластоку, Вільні, Гродне, Баранавічах, Брэсце, Лідзе, Бельску і інш. У 1936 дасягнута дамоўленасць паміж прадстаўнікамі КПЗБ і Бел. хрысціянскай дэмакратыі пра сумесную барацьбу за школу на роднай мове. На працягу 1936—37 адбыўся шэраг выступленняў працоўных Зах. Беларусі (гл.Баранавіцкі адзінафрантавы мітынг працоўных 1936, Гродзенскія адзінафрантавыя выступленні працоўных 1936 і інш.) у абарону дэмакр. і сац. заваёў, супраць нац. прыгнёту, пачаўся масавы збор дэкларацый за адкрыццё школ на роднай мове. На развіццё антыфашысцкага народнага фронту адмоўна паўплывалі ўзмоцненыя рэпрэсіі польскіх улад і паліт. рэпрэсіі ў СССР, непаслядоўнасць і ваганні розных паліт. сіл. Роспуск у жн. 1938 КПП і КПЗБ практычна спыніў працэс складвання антыфашысцкага народнага фронту ў Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1920 па ініцыятыве археолага і краязнаўца Ю.Ядкоўскага, адкрыты ў 1922. Зберагаў калекцыі дакументаў 15—17 ст., творы выяўл. мастацтва 17—19 ст., вырабы гродзенскіх каралеўскіх мануфактур 18 ст. У Вял.Айч. вайну частка калекцыі загінула. З 1945 размяшчаецца ў Гродзенскім Старым замку і палацы Стафана Баторыя. Пл. экспазіцыі 2380 м², больш за 129 тыс. экспанатаў асн. фонду (1994), у т. л. фонд старадрукаў і рэдкай кнігі (20 тыс.экз.). Аддзелы: гісторыі Гродзеншчыны, прыроды краю, мастацкі. Сярод матэрыялаў археал. знаходкі з раскопак Замкавай Гары ў Гродне, Краснасельскага археалагічнага комплексу, гарадзішчаў 11—13 ст., узоры бел. скорапісу на пергаменце, вырабы гродзенскіх рамеснікаў 17—18 ст., гродзенскія падвойныя дываны. Экспануюцца прадметы, звязаныя з падзеямі паўстання 1863—64 на чале з К.Каліноўскім, рэв. і нац.-вызв. рухам у Зах. Беларусі, паказаны партыз. рух, дзейнасць падп.патрыят. арг-цый у Вял.Айч. вайну. У аддзеле прыроды экспанаты з расліннага і жывёльнага свету, карысныя выкапні краю. Мастацкі аддзел праводзіць выстаўкі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Музей выдае зб. «Краязнаўчыя запіскі» (з 1990). Філіялы: Дом-музей М.Багдановіча, Дом рамёстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК,
помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны ў 1634—42 у Гродне па фундацыі К. і А.Весялоўскіх. Уключаў Благавешчанскі касцёл, жылы корпус, гасп. пабудовы (збярогся толькі лямус, гл. ў арт.Гродзенскія лямусы), мураваную агароджу з брамамі (захавалася часткова), сад, агарод, званіцу-капэлу (стаяла асобна, на другім баку вуліцы; знішчана ў 1960-я г.). Касцёл — аднанефавы 2-вежавы храм з паўцыркульнай апсідай. Гал. фасад мае стройную сіметрычную кампазіцыю з 3-часткавым дзяленнем па вертыкалі на цэнтр. плоскасць і 2 вуглавыя вежы. Ніжні ярус члянёны плоскімі пілястрамі з карынфскімі капітэлямі, прарэзаны дзвярным і аконным праёмамі. Над пілястрамі праходзіць антаблемент, фрыз якога аформлены манум.-дэкар. жывапісам у тэхніцы сграфіта. Гал. фасад завершаны аднолькавымі па вышыні атыкам, трохвугольным франтонам і 2-яруснымі дэкар. вежачкамі. Інтэр’ер вырашаны як адзіны аб’ём, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Жылы корпус — прамавугольны ў плане 2-павярховы аб’ём з вял.унутр. дваром. На паўн. фасадзе захаваўся партал, аздоблены маст. тынкоўкай. Па перыметры будынка з боку двара праходзіць светлавы калідор з келлямі. Агароджа з брамай уяўляе сабой глухую цагляную атынкаваную сцяну, па вуглах якой былі невял. 6-гранныя вежы (захаваўся 1-ы ярус адной з іх). Агароджа мела 4 брамы (захаваліся 3 найб.манум. перад касцёлам). Зберагліся таксама брамы для пешага люду і праезная брама гасп. двара.
С.Г.Багласаў, Т.Р.Маліноўская.
Гродзенскі кляштар брыгітак. Галоўны фасад касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНО́ЧЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ І ГІМНА́ЗІІ,
пачатковыя і сярэднія навуч. ўстановы ў Рас. імперыі. Адны з іх падпарадкоўваліся Ведамству ўстаноў імператрыцы Марыі (Марыінскія), другія — Мін-ву нар. асветы; епархіяльныя вучылішчы былі пад наглядам Сінода. Марыінскія вучылішчы былі 2 тыпаў: сярэднія (з 7-гадовым тэрмінам навучання, засн. ў 1858, у 1862 перайменаваны ў гімназіі) і з 4-гадовым тэрмінам навучання (з 1880-х г.). З канца 1880-х г. у Беларусі існавалі Мінскі і Віцебскі дзіцячыя прытулкі, Лепельскае 4-класнае вучылішча. У 1911 гімназіі былі ў Гродне, Віцебску, Мінску. Вучылішчы Мінва нар. асветы засн. ў 1858, падзяляліся на вучылішчы з 6-гадовым курсам навучання (1-ы разрад) і 3-гадовым (2-і разрад); у 1870 яны пераўтвораны ў гімназіі і прагімназіі. З 1876 такія вучылішчы працавалі ў Брэсце, Пружанах, Слоніме, Мсціславе, Нясвіжы, Ашмянах, Жыровічах, Віцебску, Мінску, Парычах (для дачок духавенства), Гарадоцкае руска-латышскае вучылішча, а таксама 10 жан.нар. вучылішчаў і жан. змены пры 36 прыходскіх і 7 нар. вучылішчах. Навучанне ва ўсіх жан. вучылішчах і школах Беларусі вялося на рус. мове. У 1913 працавалі 33 яўр.жан.навуч. ўстановы. Пасля 1912 засн. Гарадоцкае і Брэсцкае вышэйшыя жан.пач. вучылішчы, 16 вышэйшых пач. вучылішчаў супольнага навучання (Чачэрскае, Прапойскае, Жлобінскае і інш.). Да 1913 адкрыты жан.дзярж. гімназіі ў Гомелі, Мінску, Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку, Слоніме, Слуцку і інш. Навучанне платнае. У канцы 1870-х г. у Беларусі было 21 прыватнае жан. вучылішча. Прыватныя гімназіі пачалі адкрывацца з 1872. Выпускніцам гімназій з 1881 прысвойвалася званне настаўніцы пач. школы. Гл. таксама Віцебская Марыінская жаночая гімназія, Брэсцкія гімназіі, Гомельскія гімназіі, Гродзенскія гімназіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУФАКТУ́РА (позналац. manufactura ад лац. manus рука + factura выраб),
прадпрыемства, заснаванае на падзеле працы і ручной рамеснай тэхніцы; стадыя развіцця прам-сці, якая гістарычна папярэднічала буйной машыннай індустрыі. Узнікненне М. падрыхтавана развіццём рамесніцтва, таварнай вытв-сці, унутр. і знешняга гандлю, маёмасным расслаеннем сялян і рамеснікаў, паскорана першапачатковым накапленнем капіталу, вял.геагр. адкрыццямі, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы. Развілася з простай кааперацыі, фарміравалася пераважна двума шляхамі — аб’яднаннем у адной майстэрні рабочых розных спецыяльнасцей, калі гатовы прадукт атрымлівалі мех. злучэннем самаст. частковых прадуктаў (гетэрагенная М.), ці аб’яднаннем у адной майстэрні рамеснікаў адной спецыяльнасці з наступным раздзяленнем аднародных работ на больш дэталёвыя аперацыі, замацаваныя за асобнымі рабочымі (арганічная М.). З сярэдзіны 16 ст. М. ў Зах. Еўропе стала пануючай формай капіталіст. вытв-сці, у Расіі пашырылася ў 18 ст. У Беларусі першае прадпрыемства мануфактурнага тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, пабудаваная ў пач. 1720-х г. Дзейнічала Урэцкая шкляная мануфактура, прадпрыемствы, на якіх выраблялі сукно і інш. тавары. У 2-й пал. 18 ст. сярод М. на Беларусі вылучаліся Гродзенскія каралеўскія мануфактуры (21 М.), заснаваныя па ініцыятыве гродзенскага старосты А.Тызенгаўза, якія выраблялі палатно, шоўк, сукно, дываны, габелены, паясы, металаапрацоўчую і інш. прадукцыю. Многія М. існавалі ў буйных феад. маёнтках. Новы этап у развіцці М. на Беларусі пачаўся пасля далучэння яе да Расіі; павялічылася іх колькасць, удасканальвалася тэхніка вытв-сці, больш шырока пачалі ўжывацца капіталіст. формы працы, з’явіліся новыя галіны прам-сці. У 1811 былі 33 М., на якіх працавала 1529 рабочых; у 1825 адпаведна 40 і 2880; у 1859—66 і 5740. Некат. М. былі вял. прадпрыемствамі, напр., на суконнай М. ў Хомску працавала больш як 500, на металургічнай у Налібаках — 600, на металургічнай і металаапрацоўчай у Старынцы — каля 900 рабочых. У канцы 1820-х г. М. Беларусі давалі больш за 10% тонкага сукна, 8% парусінавага палатна, больш за 50% аптэкарскага посуду ад агульнарас. вытв-сці. З развіццём М. падрыхтоўваўся прамысловы пераварот, М. выцясняліся фабрыкамі. Але многія прадпрыемствы мануфактурнага тыпу на Беларусі захаваліся і дзейнічалі на працягу 2-й пал. 19 і пач. 20 ст.
Літ.:
Романовский Н.Т. Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссии (вторая половина XVIII — первая половина XIX в.). Мн., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВА́Н,
мастацкі тэкстыльны выраб, звычайна з шматколерным узорам, прызначаны пераважна для ўпрыгожвання і ўцяплення жылля. Бываюць ворсавыя і бязворсавыя (кілімы, паласы, шпалеры, габелены), маляваныя на тканіне, радзей паперы або цыраце. Вырабляюцца ручным спосабам, з сярэдзіны 19 ст. і машынным з воўны, шоўку, ільну, бавоўны, штучных валокнаў. Маст. асаблівасці вызначаюцца фактурай тканіны, характарам матэрыялу і фарбавальнікаў, фарматам, суадносінамі бардзюра і цэнтра поля Д., характарам і кампазіцыяй арнаменту, колеравым строем.
Найб. раннія Д. выяўлены пры раскопках Пазырыкскіх курганоў Горнага Алтая і датуюцца 5—4 ст. да н.э. Захаваліся звесткі пра Д. ў Асірыі, Вавілоне, Егіпце. З Д. Усходу найб. вядомы іранскія, перс., туркм.. азерб. і інш. У Зах. Еўропе вядомы з 11 ст. (Д. з Баё, Францыя, і інш.). З 16 ст. асаблівае месца займаюць шпалеры (флам., франц., нямецкія), у 17—18 ст. вылучаюцца ворсавыя Д. мануфактуры Саванеры (засн. ў 1624 у Парыжы). У 19 ст. з развіццём фарб. вытворчасці маст. ўзровень рэзка падае і пачынае адраджацца толькі з сярэдзіны 20 ст.
На Беларусі дыванаткацтва мае даўнія традыцыі, нац. характар узораў, кампазіцыі колераў, тэхнікі. Побач з дэкар. посцілкамі ткалі нар. Д., якімі ўпрыгожвалі жылыя памяшканні і інтэр’еры храмаў. Нар. бязворсавыя Д. ткалі ў тэхніцы кіліма, закладання, 2-асноўнай, тыпу габелена (напр., Гродзенскія падвойныя Д.). У розных раёнах мелі сваю традыц. расфарбоўку і арнамент. Ткалі Д. з геам. і раслін. арнаментам, антрапа- і зааморфнымі выявамі. У гарадах і мястэчках ткалі на заказ т. зв. дворскія бязворсавыя Д., блізкія па кампазіцыі да нар., або пераймалі зах.-еўрап. стылі і матывы дэкору. У 18—1-й пал. 19 ст. вылучаюцца вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, магнацкіх мануфактур у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Слоніме і інш., якія вызначаліся высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. З 19 ст. вядомасць набылі маляваныя Д., ствараліся на аснове багатых традыцый узорыстых тканых Д. і посцілак (творы А.Кіш, Я.Драздовіча і інш.). Маст. вобраз такіх Д. аналагічны творам наіўна-рэаліст. кірунку. Сучасныя нар. майстры вырабляюць і бязворсавыя Д. Ворсавыя Д. машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста». Гал. кірунак — стварэнне Д. з бел. арнаментам, што адпавядаюць сучаснаму інтэр’еру па стылявым і колеравым вырашэнні. Бел. Д. экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Германіі, Італіі, Польшчы, Інданезіі, дзе адзначаны дыпломамі. Вырабы акц.т-ва «Дываны Брэста» ўзнагароджаны брыльянтавай зоркай у Мексіцы (1994) і «Залатой аркай» у Іспаніі (1995).
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;
Maríkowski T. Dawnie tkaniny i hafty w Polsce w XVI—XVIII w. Wrocław, 1954;
Моран А. де. История декоративно-прикладного искусства: От древнейших времен до наших дней: [Пер. с фр.]. М., 1982.
Азербайджанскі дыван «куба». 19 ст.Туркменскі дыван «бешыр». 1900.Персідскі дыван «фараган». 19 ст.Да арт.Дыван. У.Гусеў. Дыван «Арнаментальны». 1979. Брэсцкі дывановы камбінат.Дыван маляваны. А.Кіш. Рай. 1930—40-я г.Да арт.Дыван. Л.Цыбульская. Жакардавы дыван. 1984.Турэцкі дыван «кула». 17 ст.Дыван маляваны з Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1950-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна народнай гаспадаркі, якая вырабляе дэкар.маст. вырабы індустр. метадамі для жылых і грамадскіх інтэр’ераў (асвятляльная апаратура і інш.), для быт. патрэб (адзенне, цацкі, сувеніры, маст. метал, шкло, кераміка, фарфор, фаянс і інш.). Вытв-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Шырокае выкарыстанне машын адрознівае М.в.в. ад прадпрыемстваў нар.маст. промыслаў, дзе пераважае ручная праца.
М.в.в. узнікла ў 16—17 ст. з развіццём мануфактурнай вытв-сці. У Еўропе асаблівую ўвагу надавалі вырабу маст. тканін, шкла (венецыянскае шкло) і керамікі. У 18 — пач. 19 ст, з’явіліся: кераміка Дж.Уэджвуда, майсенскі фарфор, сеўрскі фарфор, фарфор імператарскага фарфоравага з-да ў Пецярбургу, Дулёўскі фарфоравы завод, гжэльская кераміка, каменярэзныя вырабы (Пецяргофская гранільная ф-ка, Дзямідаўскія каменярэзныя з-ды на Урале), мастацкае ліццё (г. Каслі) і інш.
На Беларусі вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва вядомы з 9—13 ст. У 15—16 ст. склаліся цэнтры маст. апрацоўкі металу, ганчарства, вытв-сці кафлі, шкла мастацкага і інш. У 16—17 ст. майстры маст. рамёстваў з гарадоў Віцебск, Гродна, Магілёў, Орша, Полацк, Нясвіж, Слуцк і інш. працавалі ў Маскве і інш. гарадах Маскоўскай дзяржавы. З 17 ст. пашырылася ткацтва мастацкае. Мануфактурная маст.вытв-сць пачала развівацца ў 18 ст.Найб. вядомыя мануфактуры: Радзівілаў у Слуцку (выраб слуцкіх паясоў) і Карэлічах (выраб карэліцкіх шпалераў), Агінскіх у Слоніме (шпалеры), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры А.Тызенгаўза. На мануфактурах Урэчча і Налібакаў выраблялі маст. шкло, у Копысі — кафлю, у Целяханах — маёліку і фаянс (гл.Копыская кафля, Свержанская фаянсавая мануфактура, Урэцка-налібоцкае шкло, Целяханская фаянсавая мануфактура). У 1919 у Віцебску і Магілёве арганізаваны керамічныя майстэрні, у Слуцку — ткацка-вышывальныя, у Гомелі — дрэваапрацоўчыя. У 1938 нар. ўмельцы аб’яднаны ў Бел. мастацкі прамысл. саюз. У 1965 маст. промыслы ператвораны ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці рэспублікі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастацпромыслы» (асацыяцыя нар.маст. промыслаў), з 1991 Асацыяцыя «Бел. народныя маст. промыслы», з 1993 Бел.дзярж. канцэрн нар.маст. промыслаў. Ў 1994 канцэрн у падпарадкаванні Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У склад канцэрна ўвайшлі 19 прадпрыемстваў маст. вырабаў: Брэсцкая фабрыка сувеніраў (выйшла ў 1998), Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава», Жлобінская фабрыка інкрустацыі, Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», Слуцкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», Аршанская ф-камаст. вырабаў «Рамонак», Светлагорская ф-камаст. інкрустацыі, ф-кі маст. вырабаў у гарадах Баранавічы, Бешанковічы, Барысаў, Бабруйск, Гомель, Магілёў, Мазыр, Пінск, Слонім, Хойнікі; Цэнтр. лабараторыя нар. рамёстваў «Скарбніца», Дзярж. доследна-эксперым. прадпрыемства «Траецкае»; 16 даччыных гандл. прадпрыемстваў. Дзейнічаюць самастойныя ф-кі або ў сістэме інш. галін прам-сці: адкрытыя акц. т-вы «Мастра» ў Мінску, «Белмастацкераміка» ў г.п. Радашковічы і Івянецкі з-дмаст. керамікі (у складзе канцэрна «Белмясцпрам»), Маладзечанская ф-камаст. вырабаў (у складзе Бел. фонду культуры) і інш., а таксама шырокая сетка малых прадпрыемстваў.
Л.А.Паўловіч.
Да арт.Мастацкіх вырабаў вытворчасць. 1. Ф.Шостак. Дэкаратыўная пасудзіна «Зубр». Івянецкі завод мастацкай керамікі. 2. «Ільнаводка». Лён. Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў. З. І.Буйвіч. Пляцёнкі для садавіны. Лаза. Баранавіцкая фабрыка мастацкіх вырабаў. 4. А.Шпакаў. Кухонны набор. Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў.