ГЛЕ́БАВЫ АНА́ЛІЗ,

даследаванне складу і ўласцівасцей глебавых гарызонтаў, іх колькасных характарыстык і хім. саставу. Пры глебавым аналізе вызначаюць грануламетрычны і агрэгатны састаў, структуру глебы, гумус (перагной), колькасць хім. элементаў і іх назапашванне (валавы аналіз), састаў і колькасць водарастваральных рэчываў глебы і яе рэакцыю, паглынальную здольнасць, забяспечанасць злучэннямі азоту, фосфару, калію і інш. рэчывамі, даступнымі для жыўлення раслін, даследуюць склад элементаў глебы, дынаміку размеркавання ў ёй пажыўных рэчываў і дынаміку глебавых працэсаў. На аснове глебавага аналізу складаюць глебавыя карты і картаграмы.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія ўтвараюцца ва ўмовах працяглага або пастаяннага пераўвільгатнення пад вільгацелюбівай расліннасцю ў розных геагр. зонах. Пашыраны на Беларусі, у Расіі, Канадзе, ЗША, Бразіліі, Аргенціне, Інданезіі і інш. краінах. Фарміруюцца пераважна ў выніку забалочвання сушы. Характэрна агляенне, часта трапляюцца тарфяныя гарызонты. Гал. асаблівасць глебаўтваральнага працэсу — намнажэнне торфу. Ніжняя мяжа глебавага профілю прыблізна супадае з глыбінёй, да якой летам апускаюцца глебавыя воды (ад 30 да 50—80 см і больш). Паводле профілю падзяляюцца на тарфяна-балотныя глебы, глеявата-балотныя і лугава-балотныя (усе ёсць на Беларусі).

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМЕНАГАСТРА́ЛЬНЫЯ (Hymenogastrales),

парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гастэраміцэтаў. Вядома 210 відаў. Растуць усюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. пашыраны рызапагон (каранёвец) жаўтаваты (Rhizopogon luteolus), малавядомы ядомы грыб. Гіменагастральныя ў асноўным глебавыя сапратрофы, многія мікарызаўтваральнікі, ёсць паразіты.

Пладовыя целы падземныя або выступаюць на паверхні, часцей сядзячыя або на ножцы, клубне-, яйца- ці шарападобныя. Глеба мясістая, потым храсткавата-студзяністая, без капіліцыю, са шматлікімі камерамі рознай формы (агаляецца даволі рана). Першасная абалонка (перыдый) аднаслойная, другасная — двух-, шматслойная. Базідыі з 1—8 спорамі нераўнамерна размешчаны па сценках камер або сабраны ў пучкі.

т. 5, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВА-ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі на рэгіёны, якія адрозніваюцца складам глеб і характарам глебавага покрыва. Неабходна для вырашэння пытанняў спецыялізацыі і канцэнтрацыі с.-г. вытв-сці, распрацоўкі занальных сістэм аховы і рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў, павышэння іх прадукцыйнасці. На Беларусі вылучаны 3 глебавыя правінцыі, якія падзяляюцца на 7 глебава-кліматычных акруг, у складзе якіх 20 аграглебавых раёнаў. Назвы правінцый і акруг адпавядаюць іх геагр. становішчу, назвы раёнаў — назвам раённых цэнтраў краіны і пераважных глеб.

Літ.:

Смеян Н.И., Соловей И.Н. Почвенно-географическое районирование территории Белорусской ССР // Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974.

т. 5, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НЕЗІС ГЛЕ́БЫ,

паходжанне і развіццё глебы з мацярынскай горнай пароды пад уздзеяннем прыродных умоў (фактараў глебаўтварэння). Пры ўзаемадзеянні з глебай гэтыя ўмовы вызначаюць яе цеплавы, водна-паветраны, біял. і пажыўны рэжымы, а таксама абмен мінер. рэчываў паміж глебай, раслінамі і грунтавымі водамі. Працэсы, што адбываюцца ў глебе, адлюстроўваюцца ў яе профілі, расчляняючы яго на генетычныя глебавыя гарызонты з адметнымі марфал. асаблівасцямі, фіз., фізіка-хім., хім. і біял. ўласцівасцямі. У глебе могуць быць выяўлены і рэліктавыя прыкметы, што сведчыць аб інш. працэсах глебаўтварэння, якія адбываліся ў мінулым, пры інш. комплексе прыродных умоў.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДРО́СТ,

маладое пакаленне дрэвавых раслін пад полагам лесу або на высечках, здольнае сфарміраваць дрэвастой. Утвараецца шляхам прыроднага аднаўлення відаў мацярынскага дрэвастою (насеннага або парасткавага паходжання) і ў выніку налёту насення інш. відаў дрэў (змена парод). Ствараецца таксама пасадкай. У лясных фітацэнозах часта ўтварае самастойны ярус. На развіццё П. ўплываюць асветленасць, тэмпературныя і глебавыя ўмовы і інш. Адрозніваюць П. па вышыні, таўшчыні, энергіі росту. Жыццяздольнасць, вышыня і ўзрост П. з’яўляюцца крытэрыем пры ацэнцы прыроднага аднаўлення лесу. На Беларусі да П. гасп.-каштоўных парод адносіцца маладое пакаленне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ ФІЛЬТРА́ЦЫІ,

зямельныя ўчасткі для натуральнай біялагічнай ачысткі сцёкавых вод шляхам прасочвання праз глебавыя гарызонты. Ствараюць у складзе ачышчальных збудаванняў на лёгкіх (пясчаных, супясчаных і сугліністых) грунтах з добрымі фільтрацыйнымі якасцямі. Складаюцца з участкаў з амаль гарыз. паверхняй (пл. 0,5—2 га). Сцёкавыя воды, папярэдне ачышчаныя ад мех. дамешкаў, тлушчу, яйцаў гельмінтаў і інш., па каналах падаюцца на П.ф. (слой вады 20—30 см). Вада прасочваецца праз глебу і па дрэнах і калектары скідваецца ў раку. П.ф. будуюцца каля нас. пунктаў з цэнтралізаванай каналізацыяй.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́САЛАЎ (Леанід Іванавіч) (13.4.1875, г. Енісейск Краснаярскага краю, Расія — 13.1.1954),

расійскі вучоны ў галіне глебазнаўства і геаграфіі. Акад. АН СССР (1935, чл.-кар. 1931). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1898). У 1908—14 кіраваў глебавымі даследаваннямі ў экспедыцыях у Сярэднюю Азію, Сібір. У 1915—18 кіраваў Данской глебавай экспедыцыяй. З 1926 у Глебавым ін-це АН СССР (у 1937—48 дырэктар). Навук. працы па генезісе, геаграфіі, картаграфіі і класіфікацыі грунтоў. Распрацаваў вучэнне пра глебавыя правінцыі, прапанаваў прынцып глебава-геагр. раянавання, правёў падлік глебавых рэсурсаў свету і асобных краін. Дзярж. прэмія СССР 1942.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сецэрне́нты

(н.-лац. secernentea)

падклас нематодаў; чэрві з органамі асязання дотыку толькі ў галаўной капсуле; пераважна паразіты раслін, жывёл і чалавека, ёсць глебавыя і прэснаводныя формы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

стэнафо́тны

(ад стэна- гр. phos, -otos = святло)

прыстасаваны да пэўнага святла;

с-ыя жывёлы — арганізмы, якія патрабуюць вузка абмежаваных, пэўных светлавых умоў (напр. начныя і глебавыя жывёлы).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)