Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ МАРАПЛА́ВЕЦ (Dom Henrique o Navegador; 4.3.1394, г. Порту, Партугалія — 13.11.1460),
партугальскі прынц, арганізатар марскіх экспедыцый (адсюль мянушка, дадзеная ў 19 ст.). Сын караля Жуана I. У 1415 вызначыўся пры заваяванні партугальцамі г. Сеута (Марока), стаў яго правіцелем. З 1419 губернатар г. Сагрыш (Паўд. Партугалія), дзе заснаваў абсерваторыю і мараходную школу; адначасова магістр Ордэна Хрыста (1418—60). З 1418 на сродкі ордэна паслаў з Сагрыша даследчыя экспедыцыі, якія адкрылі Азорскія а-вы (1432—35), рэкі Сенегал і Гамбія, а-вы Біжагош (1437—57), Зялёнага Мыса (1456) і інш.Генрых Мараплавец садзейнічаў таксама развіццю партуг. караблебудавання (асабліва каравел) і картаграфіі, ператварэнню Партугаліі ў буйную марскую дзяржаву, што паклала пачатак каланізацыі партугальцамі Афрыкі.
Літ.:
Бизли Ч.Р. Генрих Мореплаватель: Пер. с англ.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ ЛАТВІ́ЙСКІ (Heinrich von Lettland; каля 1187—1259),
нямецкі сярэдневяковы храніст. З 1205 жыў у Рызе. З 1208 святар лат. прыхода (у Папендорфе). Прымаў удзел у паходах крыжакоў супраць лівонскіх плямён і Полацкага княства. Усхваляў дзейнасць хрысц. місіянераў і экспансію рыцараў у Прыбалтыцы. Аўтар «Хронікі Лівоніі» (1224—27, на лац. мове), якая з’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння барацьбы Полацка, Ноўгарада, Пскова, прыбалт. народаў супраць ням. агрэсіі ў канцы 12 — 1-й чвэрці 13 ст. Твор вылучаецца дэталёвым апісаннем фактаў, дакладнасцю імён, геагр. назваў, храналогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ ЛЕЎ (Heinrich der Löwe, каля 1129 — 6.8.1195),
герцаг Саксоніі [1142—80] і Баварыі [1156—80]. З княжацкага роду Вельфаў. Разам з Альбрэхтам Мядзведзем узначальваў крыжовы паход супраць славян 1147. У выніку наступных паходаў (з 1160) на заваяваных ім землях бодрычаў заснаваў у ніжнім цячэнні Эльбы Мекленбургскае герцагства (1170), захапіў Памеранію (паміж вусцямі Одэра і Віслы); стаў найб. магутным ням. князем. У 1176 з-за адмовы ўдзельнічаць у ваен. паходзе ў Паўн. Італію пасварыўся з герм. імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам. Апошні ў 1180 дамогся імператарскага суда над Генрыхам Львом, які быў пазбаўлены ўладанняў (акрамя гарадоў Браўншвайг і Люнебург) і ў 1181 выгнаны з імперыі ў Англію, адкуль вярнуўся толькі ў 1194.