ГАРАДО́К,

археал. помнікі (гарадзішча і селішча) каля в. Гарадок Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. На гарадзішчы ранняга жал. веку і сярэднявечча 2 культурныя пласты: на ніжнім знойдзена штрыхаваная кераміка і праслойка пажарышча; на верхнім — кераміка 16—17 ст. і фрагменты паліхромнай і аднаколернай зялёнай кафлі, арнаментаванай раслінным ці геам. малюнкам, узорам з гербам «Ружа», сцэнамі палявання, казачнымі сюжэтамі, выявамі чалавека, амура, цмока і інш. На селішчы знойдзены фрагменты посуду эпохі Кіеўскай Русі, кераміка 14—17 ст.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́Ц,

гарадзішча 8 — пач. 10 ст. роменскай культуры каля г.п. Пакацілаўка пад г. Харкаў (Украіна), на правым беразе р. Уды. У 11—13 ст. стараж. ўсх.-слав. горад на памежжы Кіеўскай Русі. Пад 1185 упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе. Археал. даследаваннямі выяўлена, што ў 12 ст. Д. меў умацаваны дзядзінец, пасад з жытламі рамеснікаў. Сярод знаходак вырабы з жалеза, шкляныя бранзалеты, шыферныя прасліцы, кальчугі, рэчы матэрыяльнай культуры полаўцаў. Пасля мангола-татарскіх набегаў у 13 ст. Д. заняпаў.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРЫ́НАВА,

вёска на Беларусі, у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобласці. За 13 км ад Талачына. 108 ж., 53 двары (1995). Узнікла на мяжы 15—16 ст. на тэр. Друцкага княства. У розны час належала Друцкім, Багрынаўскім, Адзінцэвічам, Сангушкам. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Багрынава ўвайшло ў Аршанскі пав. У пач. 20 ст. ў Багрынаве 192 ж., 25 двароў. Побач з вёскай група археал. помнікаў: гарадзішча, замчышча, курганны могільнік крывічоў (11 ст.).

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЖО́ТНЕ (Mežotnes pilskalns),

гарадзішча 9—13 ст. на беразе р. Ліелупе ў Баўскім р-не Латвіі. Побач размешчаны адначасовыя пасад і могільнік. М. ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах 12—13 ст. як эканам. і адм. цэнтр земгалаў. У 1219—20 тут адбываліся баі з крыжаносцамі. На гарадзішчы і пасадзе ў час археал. раскопак выяўлены рэшткі зрубных жытлаў з глінабітнымі печамі, мукамольняў, гасп. пабудоў, ювелірных майстэрань і інш. Знойдзены зброя, с.-г. і хатнія прылады працы, рамесніцкія інструменты, скарб упрыгожанняў і інш.

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХМА́ГІРЫ,

шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст. н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЫ́ЙСК, Турьск,

старажытны горад. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1253. У запісе пад 1276 названа месцазнаходжанне горада: «Тоурийскь на реце Немне». Захавалася гарадзішча Т. каля в. Турэйск Шчучынскага р-на. У выніку археал. даследаванняў устаноўлена, што Т. заснаваны ў канцы 11 — пач. 12 ст. як крэпасць на славяна-літоўскім памежжы. Выяўлены рэшткі наземных жытлаў, печаў-домніц для вырабу жалеза, знойдзены прылады працы для апрацоўкі зямлі, палявання і рыбалоўства, рэчы ўзбраення воіна, гасп. інвентар, упрыгожанні і інш. Відавочна, у 12—13 ст. Т. уваходзіў у Гарадзенскае княства.

т. 16, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІСІ́МКАВІЧЫ,

комплекс археал. помнікаў каля в. Нісімкавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — гарадзішча, селішчы, курганны і бескурганны могільнікі. Гарадзішча заснавана насельніцтвам мілаградскай культуры, пазней асвоена носьбітамі зарубінецкай культуры. Пры раскопках выяўлены рэшткі пабудовы, 4 агнішчы, фрагменты ляпной керамікі, гліняныя прасліцы і грузікі, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. На пяці селішчах 5—7 і 9—11 ст. выяўлены рэшткі пабудоў калочынскай культуры, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, жал. нажы, цвікі, цуглі, бронзавыя і сярэбраныя ўпрыгожанні, гліняныя прасліцы і тыглі, рэшткі металургічнай вытв-сці і інш. У курганным могільніку 10—12 ст. 43 насыпы (дыям. 5—12 м, выш. 0,7—2 м), пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпе ў дубовых калодах. Знойдзены ганчарны посуд, бронзавыя сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, бранзалеты, лунніцы, фібулы, бурштынавыя, сердалікавыя, шкляныя пацеркі і інш. Належаў радзімічам. Бескурганны могільнік датуецца першымі ст. н.э. (пахавальны абрад — трупаспаленне) і 12—13 ст. (трупапалажэнне). Знойдзены крамянёвыя вырабы, ляпная кераміка, бронзавыя скроневыя кольцы, шыферныя прасліцы і інш.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСА,

старажытны горад шумераў на Пн Месапатаміі (цяпер гарадзішча Сенкерэ ў Іраку), атаясамліваецца з біблейскім г. Эласар. У канцы 3-га тыс. да н.э. заваявана Эламам. У 1932 да н.э. цэнтр царства, заснаванага амарэйскай дынастыяй. Найб. росквіту дасягнула ў 19—18 ст. да н.э. У 1762 да н.э. далучана царом Хамурапі да Вавілоніі. У 1739 да н.э. тут адбылося паўстанне, пасля якога Л. моцна разбураны вавіланянамі. Мела вял. значэнне ў новававілонскі перыяд (626—538 да н.э.), да якога адносяцца апошнія пісьмовыя звесткі пра Л. У выніку археал. раскопак (з 1854) выяўлены руіны горада, помнікі матэрыяльнай культуры, дакумент. матэрыял.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́Н,

старажытны горад, які ўпершыню згадваецца пад 1138 у Статуце Смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, потым пад 1173 у Іпацьеўскім летапісе як месца нараджэння ў кн. Рамана Расціславіча сына, у гонар якога ў Л. быў пабудаваны храм св. Міхаіла, у грамаце «Аб пагароддзі і пачэсці» пад 1211—18 згадваецца ў ліку гарадоў, што плацілі даніну смаленскаму епіскапу. Месцазнаходжанне горада дакладна не вызначана. Адзіным месцам магчымай лакалізацыі летапіснага Л., дзе тапанімічныя і археал. звесткі супадаюць з пісьмовым сведчаннем Іпацьеўскага летапісу, з’яўляецца гарадзішча каля в. Лучын ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1915 у г. Мсціслаў Магілёўскай губ. пры духоўным вучылішчы. У 1923 меў 1157 экспанатаў; аддзелы: археал., нумізматычны, этнагр., царк. старажытнасцей, 100-годдзя вучылішча. Сярод экспанатаў косці маманта з кар’ера мясц. цагельні, каменныя сякеры і кераміка з гарадзішча, манеты ВКЛ, Рус. дзяржавы 17—18 ст., старадрукі і рукапісныя царк. кнігі, узоры нар. адзення, с.-г. прылады працы, вырабы з лазы, лыка, дрэва. У 1924 створаны аддзелы: прыродна-гіст., мастацка-прамысловы, бібліяграфічны. Пры музеі дзейнічалі гурткі краязнаўцаў і аховы гіст. помнікаў, быў выпрацаваны статут музея. Экспанаты загінулі ў час Вял. Айч. вайны.

М.​А.​Ткачоў.

т. 10, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)