КРУХМА́ЛА-ПА́ТАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, якая вырабляе крухмалапрадукты — крухмал, патаку, глюкозу і інш. Яе прадукцыя шырока выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, а таксама ў тэкст., хім., фармацэўтычнай, папяровай і інш. галінах прам-сці, у ліцейнай вытв-сці. Асн. сыравіна: бульба, кукуруза, пшаніца, рыс, сорга і інш. Гал. прадукт — крухмал, з’яўляецца важнай часткай прадуктаў харчавання. Найб. развіта ў Германіі, ЗША, Польшчы, Канадзе, Расіі. На Беларусі К.-п.п. спецыялізуецца на вытв-сці сухога крухмалу і патакі, часткова вырабляе жэліруючы крухмал. Яе развіццё пачалося ў 1840-я г. на дробных прадпрыемствах. Зараз дзейнічае больш за 50 прадпрыемстваў (у сістэме Мінсельгасхарча 16 спецыялізаваных з-даў, 2 цэхі па вытв-сці бульбянога крухмалу і 2 прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай патакі). Найбольшыя з іх: крухмала-патачны з-д у в. Чырвоны Бераг (Жлобінскі р-н), крухмальныя з-ды ў г. Талачын, в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), в. Сноў (Нясвіжскі р-н). У 1997 атрымана 9,3 тыс. т сухога крухмалу і 3,8 тыс. т патакі, хоць існуючыя магутнасці дазваляюць атрымліваць у год 25 тыс. т сухога крухмалу і 22,5 тыс. крухмальнай патакі. Пры базіснай крухмалістасці бульбы (15%) яе расход на вытв-сць 1 т сухога крухмалу складае 6,4—6,6 т. У залежнасці ад якасці бульбы і тэхналогіі перапрацоўкі доля выдалення крухмалу вагаецца ад 75 да 85%.

Г.С.Смалякоў.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДМАГІ́ЛЛЕ,

твор скульптуры ці архітэктурнае збудаванне, якія прызначаюцца для ўвекавечвання памяці нябожчыка і ўстанаўліваюцца на яго магіле. Н. ствараюць у выглядзе бюстаў, статуй, рэльефаў, стэл, калон, абеліскаў і інш. Форма і характар Н. абумоўлены сац. і рэліг. патрабаваннямі, пануючым маст. стылем.

Вядомы з часоў неаліту ў выглядзе слупоў, менгіраў, у Стараж. Грэцыі — статуі, стэлы з выявай памерлага. З 11 ст. ў Зах. Еўропе асн. тыпам Н. была тумба (пустая каменная ці бронз. каробка). На сярэдневяковым Каўказе, у Румыніі, на Балканах пашыраны каменныя пліты з арнаментальнай разьбой. Кіт. Н. (верт. пліты) узводзіліся адна над адной і паступова пераўтвараліся ў мемар. сцены. У эпоху Адраджэння Н. выцеснены грабніцамі. У 17—18 ст. партрэтныя выявы часта спалучалі з сімваламі і алегарычнымі фігурамі; большую значнасць набылі надпісы 3 канца 18 — пач. 19 ст. Н. ўстанаўліваюцца на могілках. У Н. 2-й пал. 19—20 ст. рэліг.-дыдактычны пачатак паступова слабее, аздабленнем магілы часцей становіцца партрэт памерлага ці сімвалічна-мемар. эмблема.

На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. Уяўлялі сабой каменныя або жал. пліты з тэкстам пра жыццё памерлага, выявамі герба, евангельскіх сцэн, іх клалі на магілу або ў храмах (надмагільная пліта епіскапа Цярлецкага, захоўваецца ў Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі). Паяўленне скульпт. Н. звязана з уплывам традыцый Адраджэння і дзейнасцю італьян. мастакоў. Захаваліся Н. 16 ст.: А.Гаштольда — рэльефная выява памерлага (1539—41, скульпт. З.Бернардзін), П.Гальшанскага (1550, скульпт. Падавана; абодва ў Віленскім кафедральным саборы), фрагмент мармуровага Н. з выявай спячага дзіцяці з замка ў г.п. Мір (Гродзенскі гісторыка-археал. музей), надмагільны рэльеф М.К.Радзівіла Сіроткі (пасля 1616) і Н. ў выглядзе бюста другога яго сына (1608, абодва ў Нясвіжскім касцёле езуітаў), шматфігурная кампазіцыя на пліце ў памяць пра тых, што загінулі пад Хоцімам (пасля 1643, Навагрудскі фарны касцёл), Мікалая і Барбары Вольскіх — укленчаныя адзін супраць аднаго перад крыжам (пасля 1623, Георгіеўскі касцёл у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.), Л.Сапегі і яго жонак (пасля 1633, касцёл Міхаіла ў Вільні), П.Сапегі і трох жонак (пасля 1635, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., цяпер у Музеі стараж.-бел. культуры). Рысы класіцызму выяўляюцца ў маст. вырашэнні надмагілля Б.Біспінка з мармуровай выявай жанчыны, якая сядзіць на саркафагу (1789, скульпт. І.Прукнер, Троіцкі касцёл, г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), К.Радзівіл (1825, Нясвіжскі касцёл езуітаў), графа М.П.Румянцава (1834, скульпт. В.Дэмут-Маліноўскі, Гомельскі краязнаўчы музей), брата А.Міцкевіча Аляксандра (пасля 1873, г. Кобрын Брэсцкай вобл.), А.Чахоўскага (пасля 1858, в. Лунна Мастоўскага р-на), С.Пац (19 ст., Троіцкі касцёл, г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.), А.Тызенгаўза з бронзавай выявай сядзячай жанчыны і партрэтным медальёнам (1887, скульпт. Т.Дукас, Гродзенскі касцёл езуітаў). У 2-й пал. 20 ст. створаны шэраг значных Н. дзярж. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў: Я.Коласа (1970, скульпт. У.Ананька, М.Якавенка, арх. М.Мызнікаў), Я.Купалы (1971, скульпт. А.Анікейчык і А.Заспіцкі), І.Жыновіча (1976, скульпт. З.Азгур), І.Мележа (1980, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў), П.М.Машэрава (1983, скульпт. Анікейчык, арх. Л.Левін, Ю.Градаў), Е.Лось (1985, скульпт. Заспіцкі), І.І.Грамовіча (скульпт. М.Рыжанкоў), А.А.Анікейчыка (абодва 1988, скульпт. А.Фінскі), Ю.А.Карачуна (скульпт. У.Лятун), В.Ц.Турава (абодва 1999, скульпт. Якавенка). У мемар. комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» створана агульнае Н. над некропалем герояў, што загінулі ў крэпасці (1967—71, арх. У.Кароль, Казакоў, В.Волчак, В.Занковіч, Г.Сысоеў і інш.). Н.-стэлы ўстаноўлены ахвярам фашызму каля в. Маціёва Талачынскага р-на (1967) і ў г. Докшыцы (1968), на брацкай магіле партызан, ахвяр фашызму і землякоў у в. Масевічы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. (1975), гомельскім апалчэнцам і Ц.С.Барадзіну (1975, скульпт. Г.Гарбанёў), на брацкай магіле чырвонагвардзейцаў у в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. (1983) і інш.

А.К.Лявонава.

Надмагілле Мікалая і Барбары Вольскіх у Георгіеўскім касцёле вёскі Крамяніца Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Надмагілле. Помнік на магіле Янкі Купалы. 1971. Скульптары А.Анікейчык і А.Заспіцкі.

т. 11, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

найбуйнейшы на Беларусі збор твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засн. і адкрыты ў 1939 у Мінску як Дзярж. карцінная галерэя, з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 сучасная назва. Захоўвае творы бел., рас. і зах.еўрап. мастацтва і мастацтва Усходу 14—20 ст. Агульная пл. 3513 м². Меў 10 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 1749 м². У фондах музея (2000) 22,6 тыс. экспанатаў. Навук. аддзелы: навук.-асв. работы, уліку і захавання, стараж.-бел. мастацтва, бел. мастацтва 20 ст., рус. мастацтва, замежнага мастацтва, рэстаўрацыі і хім.-біял. даследаванняў, архіў.

Напачатку размяшчаўся ў будынку Вышэйшай камуніст. с.-г. школы, б. Мінскай жаночай гімназіі. Калекцыя склалася з экспанатаў з фондаў абласных краязнаўчых і гіст. музеяў, а таксама з нацыяналізаваных у Зах. Беларусі маёнткаў. Агульная пл. складала 1500 м². З 1200 экспанатаў, якія былі на момант адкрыцця, у 15 залах экспанавалася 400 твораў бел., рус. і зах.-еўрап. мастацтва 17—20 ст. На пач. 1941 фонды складалі 2711 адзінак. У час Вял. Айч. вайны самыя каштоўныя экспанаты не паспелі эвакуіраваць, іх лёс невядомы. Галерэя адноўлена ў 1944, размяшчалася ў будынку Дома прафсаюзаў. У 1957 музей адкрыўся ў спец. ўзведзеным будынку. Колькасць экспанатаў склала 2886 адзінак.

У музеі сабрана унікальная калекцыя бел. мастацтва: стараж. іканапіс і разьба па дрэве, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапіс 19 ст., у т. л. творы В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Гараўскага, С.Жукоўскага, І.Хруцкага; пасляваеннае і мастацтва 2-й пал. 20 ст. прадстаўлена творамі З.Азгура, А.Анікейчыка, І.Ахрэмчыка, А.Бембеля, Г.Вашчанкі, Н.Воранава, А.Глебава, В.Грамыкі, М.Данцыга, Я.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Кішчанкі, А.Малішэўскага, Г.Мурамцава, У.Мурахвера, Г.Паплаўскага, А.Паслядовіч, І.Рэя, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва і інш.; рус. мастацтва 18—20 ст. — творамі К.Айвазоўскага, У.Баравікоўскага, К.Брулова, С.Канёнкава, К.Каровіна, Дз.Лявіцкага, В.Паленава, Ф.Рокатава, І.Рэпіна, В.Сярова, В.Трапініна, М.Урубеля, П.Фядотава, Ф.Шубіна, І.Шышкіна і інш. Калекцыя зах.-еўрап. мастацтва 15 — пач. 20 ст. склалася ў 1960—70-я г. з твораў мастакоў Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі, Даніі, Італіі, Польшчы, Францыі, Швецыі, якія адлюстроўваюць асаблівасці развіцця мастацтва ў гэтых краінах у розныя часы. Калекцыя музея папаўнялася па ўсіх раздзелах фондаў, асабліва творамі дэкар.-прыкладнога мастацтва Беларусі (шкло, габелен, нар. мастацтва), Расіі, Зах. Еўропы. Склалася і калекцыя ўсх. мастацтва: кераміка, ткацтва, лакі, метал, традыц. жывапіс, разьба па камені і косці 15—20 ст. Індыі, Ірана, Кітая, Сярэдняй Азіі, Японіі. Збор сучаснага бел. мастацтва папоўніўся творамі В.Альшэўскага, А.Задорына, Н.Залознай, С.Катковай, У.Кожуха, В.Крывашэевай, З.Літвінавай, А.Марачкіна, М.Селешчука, К.Селіханава, У.Тоўсціка, Л.Хобатава, І.Цішына, В. і Ф.Янушкевічаў і інш. Музей праводзіць н.-д., збіральніцкую і папулярызатарскую работу, наладжвае выстаўкі твораў айч. і замежных майстроў, ажыццяўляе навук. і творчую сувязь з замежнымі музеямі, арганізоўвае выставачны абмен, праводзіць лекцыі, экскурсіі, заняткі клубаў мастацтвазнаўцаў і аматараў мастацтва, дапамагае ствараць карцінныя галерэі, маст. аддзелы ў інш. гарадах рэспублікі. Выдае каталогі, альбомы, паштоўкі. Мае бібліятэку. У розныя часы музей узначальвалі М.Міхалап (у 1939—41), А.Аладава (з 1944), Ю.Карачун (у 1977—97), У.Пракапцоў (з 1998). Філіялы: Гурынская карцінная галерэя Мазырскага р-на (з 1978), Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на (з 1979), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (з 1982), архітэктурны комплекс 16—18 ст. у в. Гальшаны Ашмянскага р-на (з 1989), палацава-паркавы комплекс 16—20 ст. у г.п. Мір Карэліцкага р-на (з 1992), «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» (гл. Мінскі музей Ваньковічаў), Мемарыяльны музей Азгура З.І. (абодва з 2000), Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс (з 1986, у стане рэстаўрацыі) — усе ў Мінску.

Будынак музея пабудаваны ў 1957 (арх. М.Бакланаў). 2-павярховы, прамавугольны ў плане, завершаны зашклёным ліхтаром. Гал. фасад вырашаны на аснове класічнай ордэрнай сістэмы. Цэнтр. ўваход утварае неглыбокая лоджыя з каланадай, якую па баках фланкіруюць глухія аб’ёмы з глыбокімі дэкар. нішамі, дзе размешчаны скульпт. кампазіцыі «Скульптура» і «Жывапіс» (скульптары С.Адашкевіч, П.Белавусаў, Л. і М.Роберманы). Франтон увянчаны скульптурай жанчыны з вянком, якая сімвалізуе росквіт выяўл. мастацтва Беларусі (скульптар А.Бембель). Пры ўваходзе — парадны вестыбюль, адкрыты на 2 паверхі, з 3-маршавай лесвіцай і абходнай галерэяй на 2-м паверсе. Сувязь выставачных залаў на 2-м паверсе анфіладная. На 1-м і ў цокальным паверхах размешчаны службовыя і дапаможныя памяшканні. Іл. гл. таксама да арт. Музеі мастацкія.

Літ.:

Государственный художественный музей БССР: [Альбом]. М., 1958;

Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1979;

Государственный художественный музей БССР: Собр. живописи XV—XX вв.: [Альбом]. М., 1989;

Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1990;

Сообщения Государственного художественного музея БССР. Вып. 1. Мн., 1994;

Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вып. 2. Мн., 1997.

А.А.Воінаў (архітэктура), І.М.Паньшына.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Вестыбюль музея.
Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСТЭ́ЧКА,

населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.

Планіровачную структуру вызначалі асн. гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п. Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн. дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс. чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.

Літ.:

Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;

Т. 2);

Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.

А.І.Лакотка.

Да арт. Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.
Да арт. Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.

т. 11, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)