КАЛАЎРО́Т,

1) самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лёну, пянькі і воўны ў хатніх умовах. Прыйшоў на змену верацяну. Вынайдзены каля 1530 Юргенсам у Германіі. На Беларусі К. з’явіліся ў 16 ст. на мануфактурных прадпрыемствах. У сял. побыце выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст. Вядомы 2 тыпы К. — стаяк (больш характэрны для зах. раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах).

2) Найпрасцейшае грузападымальнае прыстасаванне — вярчальны барабан (вал) з ручкай, на які намотваецца канат (ланцуг, вяроўка) з грузам на свабодным канцы. Бываюць дыферэнцыяльныя К. са ступеньчатым барабанам. Намаганне, якое прыкладаецца да ручкі пры вярчэнні К., у столькі разоў меншае за сілу цяжару грузу, у колькі разоў плячо ручкі большае за радыус барабана.

3) Прыстасаванне для вярчэння ўручную свердлаў, адвёртак і інш. інструментаў пры свідраванні адтулін, закручванні шруб, гаек і інш. Бывае К. з трашчоткай, якая можа ўключацца на правае і левае вярчэнне; выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўны абарот ручкі немагчымы.

Калаўрот: а — грузападымальнае прыстасаванне (1 — барабан радыусам г, 2 — рукаятка з плячом R, Q — сіла цяжару грузу, P — намаганне); б — прыстасаванне для вярчэння (1 — націскная галоўка, 2 — каленчаты стрыжань, 3 — ручка, 4 — кольца-пераключальнік, 5 — храпавы механізм, 6 — патрон).

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

га́йка, ‑і, ДМ гайцы; Р мн. гаек; ж.

Металічная дэталь розных форм з адтулінай, што мае вінтавую разьбу для накручвання на што‑н. Нарэзаць гайку. Падцягнуць ключом гайкі.

•••

Аслабіць гайкі гл. аслабіць.

Аслаблі гайкі у каго — пра таго, хто страціў волю, здольнасць дзейнічаць.

Падкруціць (закруціць) гайку (гайкі) гл. падкруціць.

Слабіць гайка чыя або у каго — пра чыё‑н. бяссілле, няздольнасць зрабіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пасадзіць (у 2, 4 і 8 знач.).

2. звычайна мн. (паса́дкі, ‑дак). Тое, што пасаджана; пасаджаныя расліны, дрэвы. Пасадкі маладога сасонніку скончыліся, і наперадзе заросшая верасам паляна з рэдкімі бярозкамі. Навуменка. Я прыпынілася ля веснічак станцыйнай агароджы, азірнулася: вагоны ўжо схаваліся за ялінамі пасадкі. Савіцкі.

3. Упусканне пасажыраў у вагон, на самалёт, карабель і пад., каб яны маглі заняць месца на час паездкі. Пасадка ішла хутка. Праз дзве-тры хвіліны чарга дайшла да пасажыра ў цёмна-сінім гарнітуры. Пальчэўскі. Падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй, гатовыя к пасадцы. Ермаловіч. Пачалася пасадка, Блізнюк заняў сваё месца, пазіраў праз акно на людзей, што прыйшлі праводзіць сваіх блізкіх, бачыў Ліду, усміхаўся ёй. Дамашэвіч.

4. Прызямленне (самалёта і пад.). Пасадка першага самалёта ў такі час мела для партызан велізарнае значэнне. Шамякін. // Апусканне міжпланетнага касмічнага карабля або лятальнага апарата на паверхню якога‑н. нябеснага цела. Вымушаная пасадка.

5. Манера конніка трымацца ў сядле. Чырвонаармеец паглядзеў на конніка, ацаніў яго пасадку, усміхнуўся сам сабе. Мікуліч.

6. Палажэнне цела ў час сядзення. // Размяшчэнне, пастаноўка адпаведным чынам (пра вушы, вочы, галаву).

7. Спец. Характар злучэння дэталей. Нерухомая пасадка гаек.

8. Спец. Размеркаванне (пчол, рыб і пад.) у спецыяльным памяшканні. Пасадка пчол у вулей.

•••

Квадратна-гнездавая пасадка — спосаб пасадкі прапашных культур, пры якім насенне размяшчаюць на аднолькавай адлегласці адно ад аднаго ў падоўжным і папярочным напрамках.

Мяккая пасадка — пасадка касмічнага лятальнага апарата, пры якой хуткасць апарата к моманту сутыкнення з паверхняй планеты або іншага нябеснага цела мінімальная (у ідэальным выпадку — нуль) і якая забяспечвае цэласць канструкцыі і сістэм апарата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)