прыпая́цца, ‑яецца; зак.
Прымацавацца, прырабіцца да чаго‑н. паяннем. Драціна добра прыпаялася. □ Чаму не выскакваюць з танка? Немцаў паблізу няма. Можа, яшчэ ўдасца выратавацца. Хіба толькі ўсе яны [танкісты] смяртэльна паранены? Ці ад гарачыні прыпаяліся люкі? Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Вы́ручыць (БРС, Бяльк., Яруш.). Рус. вы́ручить, укр. ви́ручити. Ст.-рус. вытворнае з прыст. вы‑ ад згубленага ручити ’паручыцца’, якое ад рука (Сразнеўскі, 3, 200). Булахоўскі (Деэтимологизация, 187) лічыць, што зыходным быў вобраз ’падаць руку выратавання’. Значэнне ’выручыць грошы’ ўзнікла лексіка-семантычным спосабам на базе першага значэння і, як лічыць Булахоўскі (там жа), праз прамежкавае прадстаўленне ’выратавацца ад страты’ (Шанскі, 1, В, 231).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Тое, што і рынуцца. Мікіта рынуў да дзвярэй, расчыніў іх .. і, хапіўшы аберуч Бліцкага за плечы, таўхануў за парог. Навуменка. Зверху, з трубы, на Андрэя рынуў цэлы паток халоднай вады. Васілёнак.
2. каго-што і без дап. Пакінуць каго‑, што‑н. без догляду, без падтрымкі. [Галута:] — Я лепей здохну пад адрынай, Але кутка свайго не рыну, З свае не вылезу нары. Колас. А людзі кінулі ўсё, рынулі і паўцякалі, каб хаця самім выратавацца. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уратава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
Разм. Уберагчыся ад небяспекі, гібелі, знішчэння; выратавацца. [Бавылёк] яшчэ не ведаў, што яму рабіць, як уратавацца ад бяды. Якімовіч. Я не спадзяваўся ўратавацца ад пагоні і рыхтаваўся прыняць бой. Шамякін. Байцы ўцякалі, каб уратавацца, але, пакінуўшы акопы, траплялі яшчэ ў большую небяспеку. Марціновіч. // Унікнуць чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. Змітрок Бядуля ўратаваўся ад нападаў, перабраўшыся ў «Маладняк». Лужанін. Грыбоў яны назбіралі і нават ад таго першага, вялікага дажджу ўратаваліся шчасліва, схаваўшыся хто ў кабіне, а хто пад машынаю. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́несці, -несу, -несеш, -несе; -нес, -несла; -несі; -несены; зак.
1. каго-што. Несучы, выдаліць адкуль-н., аднесці за межы чаго-н.
В. мэблю з кватэры.
2. каго-што. Перамясціць куды-н., высунуць.
Плынь вынесла лодку на сярэдзіну ракі.
В. пытанне на сход (перан.). В. дробавы лік за дужкі.
3. перан., што. Атрымаць, набыць у выніку знаёмства з чым-н.
В. ўражанне.
4. перан., што. Прыняўшы рашэнне, аб’явіць (афіц.).
В. падзяку.
В. пастанову.
В. прысуд.
5. што. Вытрымаць, выцерпець.
Цяжка было в. гэта гора.
Не мог в. грубасці.
◊
Ледзь вынесці ногі (разм.) — з цяжкасцю пазбегнуць небяспекі, выратавацца.
|| незак. выно́сіць, -но́шу, -но́сіш, -но́сіць.
|| наз. вы́нас, -у, м. (да 1 і 2 знач.) і вынясе́нне, -я, н. (да 2 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
увалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. увалок, ‑лакла, ‑лакло; зак., каго-што.
Разм.
1. Уцягнуць, з цяжкасцю ўнесці ўнутр чаго‑н. Неяк пасля абеду, калі Іван узяўся збіраць брудныя кацялкі і міскі, каб аднесці іх на кухню, ля ўваходу ў палатку пачуліся галасы, тупат, і двое санітараў увалаклі насілкі з параненымі. Быкаў.
2. Украсці. Воўк авечку ўвалок. □ Пятрок ля варот цяпло ўвалок, сам не бяжыць, а стаячых не любіць. З нар.
•••
(Ледзь) ногі ўвалачы — пазбегнуць небяспекі, выратавацца. [Напалеон] думаў: — Як з гэтай краіны Я ногі свае ўвалаку? Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паго́ня, ‑і, ж.
1. Праследаванне таго, хто ўцякае. Кінуцца ў пагоню. Наладзіць пагоню. □ Час ад часу ласіха будзе спыняцца, каб падпусціць чалавека бліжэй і заахвоціць яго да далейшай пагоні. В. Вольскі.
2. Адзін чалавек або група людзей, якія праследуюць каго‑н. Паслаць пагоню. Накіраваць пагоню ў іншы бок. □ [Саша] чуў, як нехта бяжыць па яго слядах, што гэты нехта зусім блізка — не выратавацца, не схавацца ад пагоні. Мікуліч.
3. перан.; за чым. Моцнае жаданне атрымаць што‑н., дабіцца чаго‑н., імкненне да чаго‑н. Пагоня за кнігай. Пагоня за славай. □ У віры жыцця, у пагоні за праўдай не адна іскарка залятала ў душу, ад якой пачынала рабіцца і цёпла і радасна. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсу́нуцца, ‑сунуся, ‑сунешся, ‑сунецца; зак.
1. Перамясціцца на нейкую адлегласць; пасунуцца. Світае... За кратамі, паміж веццем дзвюх бяроз, там, дзе быў месяц, які ўжо адсунуўся і паблек, палоссе перастала кланяцца, заціхла, чакаючы сонца. Брыль. // Размясціцца далей, аддаліцца. Бабуля адсунулася на самы край лаўкі, у цянёк пад ліпай, але і тут яе даставалі гарачыя прамені. Сіняўскі. // перан. Стаць менш значным, менш важным. Кожны думаў цяпер толькі аб тым, каб выратавацца і выжыць, а ўсё іншае адсунулася ўбок. Маўр.
2. Адчыніцца, адкрыцца, раскрыцца, адхінуцца. Шэрая тканіна адсунулася ад запечка, напялася, задрыжала, як на ветры, знікла. Пташнікаў. У гэты час загрукалі жалязякі, і дзверы адсунуліся. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рату́нак, ‑нку, м.
1. Тое, што і ратаванне. Рух гэты .. [Міхалковіча] падобен на тое, быццам ён кінуўся на свой ці на чый ратунак. Чорны.
2. Магчымасць, сродак выратавацца, пазбавіцца ад чаго‑н. (небяспечнага, непрыемнага). І няма такой злыбеды на свеце, на якую б не ўсміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак. Гарэцкі. Гэта быў слабы, але радасны крык чалавека, які пасля смяртэльнай небяспекі ўбачыў ратунак. Шамякін. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі.
3. Дапамога, абарона, выручка. Прасіць ратунку. □ З трахомаю, з праказаю Калекі ўсе ідуць. Ускраіны паказваюць Вялікую бяду. Пара ратунак даць ім, Пара іх выручаць! Панчанка.
•••
Ратунку няма гл. няма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́плысці, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; зак.
1. Плывучы, з’явіцца адкуль‑н., апынуцца дзе‑н. Човен выплыў з-за кустоў. Качкі выплылі на сярэдзіну ракі. // перан. Плаўна выйсці, паказацца. Выплыў месяц з-за хмар. □ Шырокая, прысадзістая, румяная Акуля паказалася ў пакоі, выплыўшы з кухні. Колас. Праз хвіліну з туману выплылі чыстыя домікі з гатычнымі дахамі. Шамякін.
2. Уплаў дабрацца да берага, выратавацца. Можа ехаў хто на чоўне, перакінуўся раптоўна, сам і выплыў, можа, неяк, а на дно пайшоў куфэрак? Дубоўка. Сашка выплыў і, нават не азірнуўшыся, як апантаны, пабег у вёску. Гамолка.
3. Усплысці на паверхню. Рыба выплыла з глыбіні. // перан. Узнікнуць, з’явіцца; выявіцца. Выплыла новае пытанне. □ Ярка выплыў у памяці вільготны асенні дзень. Дуброўскі.
4. Разм. Пусціць колас; пакрыцца каласамі, выкаласаваць. Выплыў ячмень буйным коласам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)