ДАЛІ́НЫ, рачныя даліны,

адмоўныя, лінейна выцягнутыя формы рэльефу з агульным нахілам ад вярхоўяў да нізоўяў, утвораныя ў выніку размыўнай (эразійнай) дзейнасці цякучай вады; многія маюць тэктанічнае паходжанне. Папярочны профіль рачных Д. у залежнасці ад стадыі развіцця геал. будовы мясцовасці і інш. фактараў можа мець V-, U-, скрыне-, карытападобную і інш. формы; пачатковая форма Д. — яры і лагчыны. Д. звычайна ўключаюць рэчышча, пойму, тэрасы, схілы, каля вусця часам фарміруюцца дэльты або конусы вынасу.

Асн. працэсы ў развіцці Д. — глыбінная і бакавая эрозія, акумуляцыя адкладаў. Профіль Д. амаль заўсёды асіметрычны, што абумоўлена геал. будовай, нахілам паверхні, Карыяліса сіламі, дзеяннем грунтавых вод і інш. У плане Д. маюць клінападобную, меандрычную, пацеркападобную, прамалінейную, каленчатую форму. У вярхоўі Д. звычайна замыкаюцца схіламі, утвараючы вадазборную варонку, ледавіковы цырк (у гарах) або застаюцца адкрытымі і пераходзяць у вярхоўе суседніх Д. У адносінах да распасцірання структур і горных хрыбтоў вылучаюць падоўжныя (сінклінальныя, антыклінальныя, монаклінальныя, скідавыя Д. і Д.-грабены), папярочныя і дыяганальныя. Калі Д. праразае горны хрыбет ці ўзвышша, на ўсю шырыню ўтвараецца скразная даліна, або Д. прарыву. Паводле марфалогіі адрозніваюць горныя Д. (глыбокія і нешырокія са стромкімі схіламі) і раўнінныя Д. (звычайна шырокія, з нязначнымі нахіламі, глыбінёй і стромкасцю схілаў). Памеры залежаць ад мінулай ці сучаснай дзейнасці цякучай вады. Найб. значныя Д. пашыраны ў раёнах з вял. колькасцю ападкаў.

На Беларусі Д. займаюць каля 10% тэр. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і с.-г. культуры, да іх прымеркаваны шматлікія меліярац. сістэмы.

Л.​У.​Мар’іна.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУГ,

прылада для асноўнай апрацоўкі глебы — ворыва. Бываюць: агульнага прызначэння — для ўзворвання глебы на глыб. 20—35 см з абаротам пласта (адвальныя П.) і без абароту (безадвальныя); спецыяльныя — для спец. апрацоўкі глебы ці звычайнай у асаблівых умовах (плантажныя, балотныя, балотна-хмызняковыя, ярусныя, садовыя, вінаградныя, лясныя, П. для пескавання тарфянікаў і інш.).

Паводле віду цягі П. падзяляюцца на трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), канатныя (выкарыстоўваюцца ў цяпліцах, на горных схілах) і конныя; паводле тыпу рабочых органаў — на лямешныя (з суцэльнаадвальнымі, пласціністымі і выразнымі карпусамі) і дыскавыя. Асн. вузлы найб. пашыраных лямешных трактарных П. — рабочыя органы (карпусы, перадплужнікі, глебапаглыбляльнікі, дыскавыя і тронкавыя нажы), механізмы рэгулявання глыбіні ўзворвання, навясное, аўтасчэпнае або прычэпнае прыстасаванні. Карпусы маюць рабочую паверхню культурнага, паўвінтавога ці вінтавога тыпу; складаюцца з лемяша, адвала, палявой дошкі, стойкі. Перад кожным корпусам ставіцца перадплужнік, перад заднім — дыскавы нож. Перадплужнік зразае верхні слой глебавага пласта і скідвае яго на дно баразны; нож падразае бок пласта перад корпусам; глебапаглыбляльнік разрыхляе падворыўны слой (ніжэй лемяша) без вынасу яго на паверхню; лямеш падразае глебавы пласт, а адвал крышыць яго і пераварочвае ў суседнюю баразну; дыскавы нож каля задняга корпуса адразае пласт, пакідаючы неабрушаную сценку і чыстую баразну. Для апрацоўкі глебы на глыб. да 18 см выкарыстоўваюць П.-лушчыльнікі (гл. Лушчыльнік), на глыб. 40—80 см (плантаж глебы пад садовыя і лясныя насаджэнні, вінаграднікі) — плантажныя (звычайна аднакорпусныя). Для звальна-развальнага ворыва выкарыстоўваюць П. з праваабарачальнымі карпусамі, для гладкага ворыва (без грабянёў і барознаў) — абаротныя (маюць права- і леваабарачальныя карпусы на агульнай раме), клавішныя (абсталяваны секцыямі права- і леваабарачальных карпусоў, якія працуюць папераменна) і чаўночныя (секцыі права- і леваабарачальных карпусоў навешваюцца спераду і ззаду трактара; агрэгат працуе ўпоперак схілу чаўночным спосабам, секцыі ўключаюцца папераменна). Лямешныя П. агульнага прызначэння выпускаюцца з 1—9 карпусамі для агрэгатавання з колавымі і гусенічнымі трактарамі. Ярусныя П. маюць 3 ці 4 секцыі карпусоў у верхнім і ніжнім ярусе (або ў 3 ярусах); прызначаны для паслойнага ворыва глебы на глыб. да 45 см з перамяшчэннем глебавых слаёў (для карэннага паляпшэння падзолістых і саланцовых глеб; гл. Глебапаглыбленне). Дыскавыя П. замест карпусоў з лемяшамі маюць пастаўленыя пад вуглом сферычныя дыскі, выкарыстоўваюцца пераважна для першаснай апрацоўкі глебы з драўніннымі рэшткамі, пераўвільготненых цяжкіх камяністых глеб (гл. Дыскаванне). Для паляпшэння якасці апрацоўкі глебы выпускаюцца П. з ротарнымі адваламі (добра пераварочваюць і рыхляць пласт на павышаных скарасцях) і ратацыйныя.

П. — найб. стараж. глебаапрацоўчая прылада, вядома з 2-га тыс. да н.э. (Вавілонія, Стараж. Егіпет і інш.). Вырабляўся з дрэва, меў дышаль для запрагання жывёл. Рабочы орган — лямеш, замацоўваўся нахілена (саха) ці гарызантальна (уласна П.). У 1-м тыс. да н.э. з’явіліся П. з жалезным лемяшом; у Стараж. Рыме вынайдзены перадок на колах, які дазваляў рэгуляваць глыбіню ворыва; выкарыстаны нож, размешчаны перад лемяшом для разразання глебы, і дошкі-адвалы. З 17 ст. пачалося развіццё сучаснага тыпу П. Першыя метал. конныя П. з’явіліся ў канцы 18 ст. Заводская вытв-сць у Расіі пачалася ў 1802, П. з мех. цягай — пасля 1917, серыйных трактарных у СССР — у 1925 (у Адэсе).

На тэр. Беларусі для ворыва з часоў жал. веку выкарыстоўвалася драўлянае рала (з 8—9 ст. мела метал. наральнікі), з 10—11 ст. драўляная саха з метал. сашнікамі, з канца 19 ст. — метал. П. Сучасныя 2- і 3-карпусныя трактарныя, а таксама конныя П. выпускае з-д «Лідсельмаш».

В.​М.​Кандрацьеў.

Плугі — тыпы карпусоў; а — скарасны (1 — лямеш, 2 — адвал); б — паўвінтавы (1 — пятка, 2 — палявая дошка, 3 — пяро); в — безадвальны (1 — палявая дошка, 2 — пашыральнік); г — выразны (1—2 — ніжні і верхні лемяшы); д — ратацыйны (1 — ратацыйны рыхліцель, 2 — корпус, 3 — пад’ёмныя лапаткі); е — культурны (1 — глебапаглыбляльнік, 2 — стойка).
Плугі: а — конны 19 ст. (1 — рэгулятар глыбіні ворыва, 2 — нож, 3 — лямеш, 4 — адвал); б — трактарны прычапны (1 — вінтавы механізм палявога кола, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); в — навясны (1 — аўтасчэпка, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); г — дыскавы (1 — чысцік, 2 — дыск, 3 — перадплужнік); д — навясны абаротны (1, 2 — права- і леваабарачальныя карпусы, 3 — леваабарачальны перадплужнік, 4 — навеска); е — трох’ярусны (1—3 — задні, сярэдні і пярэдні карпусы, 4 — чаранковы нож); ж — лясны завода «Лідсельмаш» (1 — корпус, 2 — шчокі для падвескі, 3 — дыск); з — для пескавання тарфянікаў канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — перадплужнік, 2 — корпус).

т. 12, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБЛЕМЫ ЦЕПЛА- І МАСААБМЕНУ

Даследаванні ў галіне цепла- і масаабмену на Беларусі пачаліся ў 1927 з арганізацыяй н.-д. лабараторыі, рэарганізаванай у 1929 у Бел. НДІ прам-сці. У ін-це вяліся даследаванні па камернай сушцы паперы, рацыянальным выкарыстанні кацельных і цеплавых установак, атрыманні вапны з рыхлага мелу. У даваенны перыяд цеплавыя і масаабменныя працэсы вывучаліся ў БПІ, Мінскім НДІ буд. матэрыялаў, Ін-це торфу; з 1952 — у Ін-це энергетыкі АН Беларусі. Уклад у развіццё навукі аб цепла- і масаабмене зрабіў А.​В.​Лыкаў, які з 1956 узначальваў Ін-т энергетыкі (з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену). У выніку яго дзейнасці створана матэм. тэорыя пераносу энергіі і рэчыва, сфармулявана сістэма ўраўненняў узаемазвязанага цепла- і масапераносу, вывучаны цепла- і масаабмен у фіз. сістэмах (капілярна-сітаватых целах, гетэрагенных асяроддзях) з улікам эфекту канчатковасці хуткасці распаўсюджвання субстанцыі, якая пераносіцца, пастаноўка і рашэнне звязаных задач цеплаабмену. Пад кіраўніцтвам П.​С.​Куца далей развіты тэорыя і тэхналогія высокаінтэнсіўных метадаў сушкі розных матэрыялаў.

Працэсы цепла- і масаабмену ў дысперсных сістэмах інтэнсіўна даследаваліся з канца 1950-х г. С.​С.​Забродскім і яго вучнямі — В.​А.​Барадуляй, М.​В.​Антанішыным. Для атрымання зададзеных уласцівасцей дысперснай сістэмы распрацаваны мадыфікацыі псеўдазвадкаванага слоя: кіпячы, фантануючы, пульсуючы, электратэрмічны. У Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі даследаваліся сістэмы ахаладжэння атамных і цеплавых электрастанцый, вывучаліся пытанні эфектыўнасці цеплаперадачы ў цеплаабменных апаратах пры наяўнасці хім. рэакцый у цепланосьбіце (А.​К.​Красін, А.​А.​Міхалевіч, В.​Б.​Несцярэнка, Л.​І.​Калыхан). У наш час асн. навук. даследаванні праводзяцца ў Ін-це цепла- і масаабмену імя Лыкава, Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» Нац. АН Беларусі, Бел. нац. тэхн. ун-це.

У галіне свабодна-канвектыўнага цеплаабмену пад кіраўніцтвам А.​Р.​Мартыненкі праведзены комплекс работ па аэратэрмаоптыцы: выкананы даследаванні гідрадынамікі і цеплаабмену шырокага класа зрухавых цячэнняў вадкасцей і газаў пры розных межавых умовах у каналах складанай формы, струменях. Выяўлены заканамернасці экалагічнага ўздзеяння вежавых градзірань выпарнога тыпу, прызначаных для ахаладжэння вады, якая цыркулюе на ТЭЦ і АЭС. Практычныя вынікі ўкаранёны на Мінскай ТЭЦ-4. Пад кіраўніцтвам Л.​Л.​Васільева распрацаваны цеплавыя трубы і цеплаабменнікі на іх аснове, што дазволіла рашыць задачы інтэнсіўнага награвання, ахаладжэння і тэрмастабілізацыі вырабаў, якія працуюць у космасе, дзе ўзнікаюць вял. пераменныя цеплавыя нагрузкі. Выкананы даследаванні па макракінетыцы сітаватых электродаў — своеасаблівых хім. рэактараў у выглядзе двух- і трохфазных сістэм з электрахім. пераўтварэннямі, што дазволіла прапанаваць апісанне і распрацаваць аптымізаваныя варыянты канструкцыі электродаў (А.​В.​Лыкаў, Б.​М.​Смольскі, І.​Р.​Гурэвіч). Пад кіраўніцтвам Р.​І.​Салаухіна выкананы комплекс даследаванняў працэсаў пераносу ў нераўнаважных асяроддзях: вывучаны газадынамічныя працэсы і з’явы цепла- і масапераносу ў лазерна-актыўных асяроддзях. Выкананы даследаванні вагальнай рэлаксацыі малекулярных газаў у вельмі нераўнаважных умовах; створаны метады і апаратныя сродкі для выкарыстання нераўнаважнай плазмы, з’яў звышадыябатычнага гарэння ў сістэмах ачысткі паветра і вадкіх асяроддзяў ад арган. дамешкаў, для атрымання азону, даследаваны працэсы пераносу пры фільтрацыйным гарэнні і новыя тыпы гарэлачных прылад (С.​А.​Жданок). Выяўлены і апісаны заканамернасці палёў скарасцей і ўнутр. гравітацыйных хваль у вадкасцях з вял. значэннямі малекулярнага ліку Прандтля (Б.​А.​Калавандзін). Выкананы тэарэт. даследаванні ў галіне фізікі плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы, разлічаны оптыкафіз. параметры шматзараднай плазмы і характарыстыкі пераносу ў іанізаваных асяроддзях (М.​А.​Ельяшэвіч, Г.​С.​Раманаў, Ю.​А.​Станкевіч, К.​Л.​Сцяпанаў). Разгледжаны выпадкі ўздзеяння лазернай (паверхневай) і электроннай (аб’ёмнай з максімумам на глыбіні пад паверхняй) крыніц цяпла на кампазіцыйныя матэрыялы, што дазволіла ствараць новыя цеплаахоўныя матэрыялы (М.​У.​Паўлюкевіч, С.​І.​Шабуня). Створаны магутныя газадынамічныя ўстаноўкі (плазматроны, паскаральнік плазмы), на якіх выкананы даследаванні і выпрабаванні цеплаахоўных матэрыялаў для касм. і лятальных апаратаў, тэхнал. выкарыстанняў плазменных патокаў (С.​К.​Краўчанка, В.​У.​Торапаў, М.​С.​Траццяк). Распрацаваны метады разліку хуткасці вынасу масы цеплаахоўных матэрыялаў цеплавымі патокамі, якія ўзнікаюць пры ўваходзе касм. апаратаў у атмасферу. Пад кіраўніцтвам З.​П.​Шульмана выкананы комплекс даследаванняў па канвектыўным цепла- і масапераносе ў рэалагічна складаных сістэмах. Створаны тэхналогіі вытв-сці супертонкіх мінеральных валокнаў і прамога атрымання сталі з жалезарудных акатышаў, комплекснай перапрацоўкі металазмяшчальных адходаў і пазапячнога атрымання легіраваных сплаваў (А.​М.​Лакцюшын). Распрацаваны тэхналогіі перапрацоўкі парашкападобных і цвёрдых рэчываў для сінтэзу тугаплаўкіх злучэнняў у плазме дугавога разраду, перапрацоўкі фасфатнай сыравіны, таксічных і радыеактыўных адходаў (А.​Л.​Масэ), тэхналогіі нанясення зносаўстойлівых ахоўных пакрыццяў (Н.​М.​Дарожкін). Створаны асновы вылічальнай тэрмаграфіі. Развіты метады тэрмаметрыі складаных біял. сістэм і чалавека, што дазволіла прапанаваць новыя метады і апаратурныя сродкі для мед. дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі многіх хвароб (У.​Л.​Драгун, С.​А.​Філатаў). Выкананы даследаванні цеплафіз. уласцівасцей газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; створаны метады вымярэнняў цеплавых, акустычных і інш. параметраў, якія дазваляюць стварыць базы даных па цеплафіз. уласцівасцях рэчываў (А.​Г.​Шашкоў, В.​І.​Крыловіч, С.​А.​Танаева).

У Бел. нац. тэхн. ун-це пад кіраўніцтвам А.-В.​І.​Вейніка і У.​І.​Цімашпольскага створана навук. школа цеплафізікаў па вывучэнні працэсаў цепла- і масаабмену ў металургіі. Распрацаваны асновы цеплавой тэорыі ліцця, прапанаваны метады разліку працэсаў зацвердзявання, нагрэву і тэрмічнай апрацоўкі металу.

Літ.:

Лыков А.В. Теплообмен: Справочник. М., 1973;

International Encylopedia of Heat and Mass Transfer. New York, 1996.

А.​Р.​Мартыненка, У.​І.​Цімашпольскі.

т. 18, кн. 2, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ХІ АКІЯ́Н, Вялікі акіян,

найбуйнейшы басейн Сусв. акіяна. Абмежаваны мацерыкамі Еўразія і Аўстралія на 3, Паўн. і Паўд. Амерыка на У, Антарктыда на Пд. Пл. з морамі 178,62 млн. км², аб’ём вады 710,36 млн. км³ (53% аб’ёму вады Сусв. акіяна). Сярэдняя глыб. 3980 м, найб. — 10 920 (Марыянскі жолаб).

Берагавая лінія складаная, пераважаюць фіёрдавы і абразійны тыпы берагоў. У трапічных шыротах на З берагі ў асн. каралавыя, месцамі з бар’ернымі рыфамі. Берагі Антарктыды ўтвораны пераважна шэльфавымі ледавікамі. Да бас. Ц.а. належаць моры: паўзамкнёныя — Берынгава, Ахоцкае, Японскае і Унутр. Японскае, Усх.-Кітайскае, Жоўтае і Паўд.-Кітайскае, а таксама міжастраўныя, аб’яднаныя назвай Аўстрала-Азіяцкае міжземнае мора; ускраінныя — Каралавае і Тасманава, каля берагоў Антарктыцы — Амундсена, Белінсгаўзена і Роса; буйныя зал. Аляска, Каліфарнійскі, Панамскі (гл. адпаведныя артыкулы).

Астравы. Паводле колькасці астравоў (каля 10 тыс., пл. каля 3,6 млн. км²) Ц.а. займае 1-е месца сярод акіянаў. Мацерыковыя астравы размешчаны пераважна на зах. ускраіне Ц.а. — Сахалін, Японскія, Тайвань, усе буйныя а-вы Малайскага архіпелага, а-вы Новай Зеландыі і інш.; на ўсх. — большасць астравоў каля Паўн. і Паўд. Амерыкі. Вулканічныя астравы трапляюцца на ўсёй акваторыі акіяна — б.ч. Алеуцкіх, Курыльскіх, Рукю, Гавайскіх, Самоа, Маркізскіх, Тубуаі, Галапагас, Хуан-Фернандэс, Чатэм і інш. Біягенныя (каралавыя) астравы размешчаны пераважна ў экватарыяльна-трапічных шыротах — Маршалавы, Гілберта, Тувалу, Такелау, Кука, Лайн, Фенікс, Туамоту і інш.; узнятыя рыфы — Мінаміторы (Маркус), Уэйк, Науру, Хаўленд і інш.; атолы — Тонграва, Джонстан, Капінгамарангі і інш.

Будова дна. Вылучаюцца: падводныя ўскраіны мацерыкоў (10,2%; пашыраны ва ўскраінных морах Заходняга сектара, вобласці Малайскага архіпелага, каля паўн. і ўсх. ўзбярэжжаў Аўстраліі), мацерыковы схіл (3%), вобласці пераходных зон (13,3%), ложа акіяна (65,5%), сярэдзінныя акіянічныя хрыбты (11% ад пл. акіяна). Рэльеф дна Ц.а. характарызуецца найб. (параўнальна з інш. акіянамі) расчлянёнасцю і слабым развіццём шэльфа (1,7% ад пл. акіяна). На ПнЗ, З і ПнУ шэльф уяўляе сабой абразійна-акумулятыўную раўніну, ускладненую рачнымі далінамі і рэліктавымі формамі ледавіковага рэльефу. На З шыр. шэльфа да 800 км, глыб. вонкавага краю 150—500 м. Мацерыковы схіл вузкі і стромы (10—30°). Каля берагоў Аўстраліі мноства каралавых пабудоў, на вонкавым краі акаймаваны Вялікім бар’ерным рыфам. На У шэльф вузкі (некалькі дзесяткаў кіламетраў), абмежаваны ўступам на глыб. 1000—1500 м (Каліфарнійскі бардэрленд). Мацерыковы схіл круты, парэзаны шматлікімі каньёнамі, конусы вынасу якіх утвараюць нахіленую раўніну мацерыковага падножжа. Вылучаецца глыба кары кантынент. тыпу палеазойскага ўзросту — Кэмпбел (Новазеландскае плато). Мацерыковая ўскраіна Антарктыды вызначаецца пашырэннем ледавіковых і айсбергавых адкладаў. Мацерыковы схіл (глыб. 500 м) шырокі, парэзаны каньёнамі. Па паўн. і зах. перыферыі Ц.а. ў пераходнай зоне ад п-ва Аляска да а-воў Новая Зеландыя цягнецца сістэма катлавін ускраінных мораў (глыб. 3000—7000 м), астраўных дуг і спалучаных з імі акіянічных жалабоў (якім адпавядаюць макс. глыбіні Ц.а.) — Алеуцкі (7855 м), Курыла-Камчацкі (9783 м), Ідзу-Огасавара (Ідзу-Банінскі; 9810 м), Марыянскі (10 920 м), Філіпінскі (10 265 м) і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).

Сістэма сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў — адзіная структура, даўж. больш за 7000 км. Падзяляецца на Паўднёва-Ціхаакіянскае падняцце (хрыбет), шыр. 750 км і Усходне-Ціхаакіянскае падняцце, шыр. да 2000 км. Характарызуецца скляпеннепадобнай будовай, значнай шырынёй, вял. колькасцю трансформных разломаў, зямной карой рыфтагеннага тыпу. Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты тэктанічна актыўныя. Скорасць рассоўвання хрыбтоў у асн. перавышае 5 см за год, зрэдку 16—18 см. На адлегласці каля 2 км ад гал. хрыбта дно разбіта сістэмай скідаў і грабенаў. На аддаленні 10—12 км тэктанічная актыўнасць амаль адсутнічае.

Ложа акіяна сістэмай падняццяў падзелена на шэраг катлавін: Паўн.-Заходнюю (6965 м), Паўн.-Усходнюю (6850 м), Філіпінскую (7759 м), Зах.-Марыянскую (7534 м), Усх.-Марыянскую (6150 м), Зах.-Каралінскую (5798 м), Усх.-Каралінскую (7208 м), Белінсгаўзена (5120 м), Паўднёвую (6600 м), Чылійскую (5021 м) і інш. Падняцці полігенетычныя: акіянічныя валы, глыбавыя горы, вулканічныя хрыбты, ускраінныя валы і хрыбты, асобныя горы (гаіёты) і інш. Для асобных катлавін характэрны шыротныя разломы (даўж. 4000—5000 м). Ц.а. — найб. стараж. з акіянаў, развіваецца з пратэразою, у мезазоі быў суперакіянам, пасля чаго ў выніку дрэйфу літасферных пліт пастаянна скарачаецца. Катлавінам і падняццем ложа Ц.а. адпавядае кара акіянічнага тыпу, дзе «базальтавы» слой сярэдняй магутнасцю да 7000 м; асадкавы слой складзены з ніжняга, больш шчыльнага асадкавага або вулканагеннага слоя (магутнасць ад соцень да тысяч метраў, у некат. раёнах адсутнічае) і верхняга, больш рыхлага (1000—2000 м).

Донныя адклады тэрыгеннага паходжання (абломкавыя і гліністыя) займаюць 10% плошчы Ц.а., пераважна на падводнай ускраіне мацерыкоў; тэрыгенна-айсбергавыя ўтвараюць паласу шыр. да 1000 м каля берагоў Антарктыды. У пелагіялі акіяна на Пд ад экватара да 60° паўд. ш. пашыраны карбанатныя фарамініферавыя адклады (каля 38% пл. акіяна). Птэраподавыя адклады ў Каралавым м. У экватарыяльна-трапічным поясе на шэльфе і мацерыковым схіле — каралавыя ўтварэнні (1% плошчы). Вылучаюцца 3 паясы біягенных (крамяністых) асадкаў (10% плошчы): паўн. і паўд. (субантарктычны) дыятомавых ілоў і экватарыяльны радыялярыевых ілоў. Ракушачныя намнажэнні пашыраны на ўсіх шэльфах, акрамя антарктычнага. У раёнах сучаснага і антрапагенавага вулканізму сярод асадкавых адкладаў значная прымесь вулканагенных. На глыбінях больш за 4500—5000 м у малапрадукцыйных зонах вял. пл. дна (35%) укрыты чырв. глыбакаводнымі глінамі. Асадкі сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў і іх схілаў абагачаны аксідамі і гідраксідамі жалеза і марганцу, што выносяцца ў прыдонныя воды высокатэмпературнымі руданоснымі растворамі.

Карысныя выкапні: нафта і газ на шэльфе (ЗША, Перу, Расія, Кітай, Эквадор, Інданезія); вял. палі жалеза-марганцавых канкрэцый (пл. 16 млн. км²) у адкрытым акіяне, на схілах вулканічных астравоў і падводных гарах; россыпныя радовішчы касітэрыту (Інданезія), рутылу, торыю, цыркону (Аўстралія, Інданезія), золата і плаціны (узбярэжжа Аляскі, Каліфорніі, Чылі), тытана-магнетытавай руды (Японія, Інданезія, Расія, ЗША); радовішчы фасфарытаў (на шэльфах Каліфорніі і а-воў Новая Зеландыя); каменны вугаль на шэльфе Японіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі і Паўд. Амерыкі. У межах сярэдзінна-акіянічных рыфтаў буйныя радовішчы сульфідных руд (цынк, медзь, свінец, рэдкія металы). На многіх мелкаводных участках шэльфа эксплуатуюцца радовішчы неметал. карысных выкапняў.

Клімат. Большая частка Ц.а. размешчана ў субэкватарыяльным, трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматычных паясах, меншая ў экватарыяльным і субарктычным. У паўн.-зах. частцы акіяна мусонная цыркуляцыя атмасферы. Ва ўмераных шыротах зах. вятры, у трапічных і субтрапічных на Пн і Пд адпаведна паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. пасаты. На З трапічнай зоны з чэрв. па ліст. тайфуны (27—50 за год). Цыркуляцыя атмасферы над Ц.а. вызначаецца 4 асн. абласцямі атм. ціску: Алеуцкім мінімумам, Паўн.-Ціхаакіянскім, Паўд.-Ціхаакіянскім і Антарктычным максімумамі.

Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні абумоўлены атм. цыркуляцыяй. На Пн ад 40° паўн. ш. субпалярны цыкланічны кругаварот, што складаецца з Аляскінскага, Алеуцкага, Камчацкага, Курыльскага і Паўн.-Ціхаакіянскага цячэнняў. На Пд ад гэтай сістэмы — субтрапічны антыцыкланальны кругаварот, утвораны Паўн. Пасатным, Курасіо, Паўн.Ціхаакіянскім і Каліфарнійскім цячэннямі. У нізкіх шыротах Паўн. Пасатнае, Міжпасатнае (Экватарыяльнае) супрацьцячэнне і Паўд. Пасатнае ўтвараюць 2 вузкія трапічныя цыкланальныя кругавароты. У Паўд. паўшар’і таксама назіраецца субтрапічны антыцыкланальны кругаварот, што складаецца з Паўд. Пасатнага, Усх.-Аўстралійскага, Зах. Вятроў і Перуанскага цячэння. Цячэнне Зах. Вятроў сумесна з Антарктычным цячэннем усх. кірунку ўтварае паўд. субпалярны цыкланічны кругаварот. У паверхневых водах з 3 на У супрацьцячэнне Кромвела звязана з буйнамаштабным глыбінным пераносам вады. У паўд.-зах. частцы акіяна існуе цёплае цячэнне Эль-Ніньё, якое перыядычна мяняе свой напрамак і т-ру; назва мяняецца на Ла-Нінья. У Ц.а. самыя высокія (да 34 м) ветравыя хвалі. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні 19,1 °C. Найб. салёнасць 35,5‰ і 36,5‰ адзначана адпаведна ў паўн. і паўд. субтрапічных шыротах. Каля экватара памяншаецца да 34,5%. і менш, у паўн. умераных шыротах зніжаецца да 30—31%., у паўд. высокіх шыротах — да 33,5‰. Шчыльн. вады на паверхні раўнамерна павялічваецца ад экватара (1021 кг/м³) да высокіх шырот (1027 кг/м³).

Прылівы ў адкрытай ч. акіяна на Пн і ПдУ няправільныя паўсутачныя (да 12 м у зал. Кука; 2,6 м каля берагоў Чылі). У паўд. ч. акіяна — правільныя паўсутачныя (7,2 м каля берагоў Аўстраліі), у экватарыяльнай вобласці — сутачныя і няправільныя сутачныя (2,5 м каля Новай Гвінеі, 1 м каля Саламонавых а-воў). Макс. прыліў 13,2 м (Пенжынская губа Ахоцкага м.). Лёдаўтварэнне адбываецца ў паўн.-зах. морах (Берынгава, Ахоцкае, Японскае, Жоўтае), на Пн зал. Аляска і каля берагоў Антарктыды. Зімой і вясной лёд выносіцца Курыльскім цячэннем у паўн.-зах. частку Ц.а. Ад берагоў Антарктыды льды і айсбергі выносяцца ў лют. да 61—64° паўд. ш., у жн. да 70° паўд. ш., у канцы лета да 40—48° паўд. ш. У выніку землетрасенняў або падводных вывяржэнняў вулканаў узнікаюць цунамі (ПнУ акіяна).

Флора і фауна багатая і разнастайная. Фауна Ц.а. ўключае каля 100 тыс. відаў, фітапланктон каля 380 відаў. У зоне шэльфа прадстаўлены бурыя, фукусавыя, ламінарыевыя водарасці, малюскі, чэрві, ракападобныя, ігласкурыя і інш. арганізмы. У мелкаводнай трапічнай зоне шмат каралаў (400 відаў), утвараюць каралавыя рыфы. Фауна рыб уключае не менш як 2000 відаў у трапічных шыротах і да 800 відаў ва ўмераных. У паўн. умераных і паўд. высокіх шыротах шматлікія млекакормячыя: кашалот, некалькі відаў кітоў-паласацікаў, марскія коцікі, лахтак, морж і сівуч (на Пн), а таксама крабы, крэветкі, вустрыцы, галаваногія малюскі і інш. Шмат экдэмікаў.

Гаспадарчае выкарыстанне. На Ц.а. прыпадае 50% сусв. здабычы рыбы (мінтай, селядзец, ціхаакіянскія ласосі, трасковыя, марскія акуні, тунцы, скумбрыя, сайра і інш.) і інш. морапрадуктаў. У паўн.-зах. частцы Ц.а. сканцэнтраваны гал. запасы ласосевых ласасёвых* рыб. Сярод нярыбных аб’ектаў пераважаюць кальмары, крэветкі, мідыі, марскія грабеньчыкі і інш. Ц.а. дае каля 90% сусв. здабычы водарасцей. Прадукцыя марыкультуры Ц.а. дасягае 74 яе сусв. велічыні.

У многіх рэгіёнах Ц.а. вядзецца здабыча карысных выкапняў (пераважна ў межах шэльфа). Эксплуатуецца 70% разведаных (больш за 120) радовішчаў нафты і газу. Гал. раёны нафтагазаздабычы: паўд. ч. Каліфарнійскага шэльфа, зал. Кука (Аляска), зал. Гуаякіль (Эквадор), шэльф Японіі, зал. Бохайвань (КНР), прал. Баса, Малайскі архіпелаг, Паўн. в-аў Новай Зеландыі, Бруней, Тайланд, Малайзія, Інданезія, Перу. Здабыча каменнага вугалю вядзецца каля берагоў Японіі.

Ц.а. займае 2-е месца ў свеце па аб’ёме марскіх перавозак. Найб. важныя трансп. шляхі звязваюць парты ЗША і Канады з партамі Японіі, ЗША і Аўстраліі. Вял. значэнне мае Панамскі канал. Пераважаюць экспартна-імпартныя перавозкі: сыравінныя грузы (нафта і нафтапрадукты, каменны вугаль, руды чорных і каляровых металаў, драўніна), збожжа, рыба, прамысл. тавары. Асн. маршруты авіяліній праз Гавайскія а-вы ў Японію, Філіпіны, Сідней, Лос-Анджэлес. Па дне акіяна пракладзены тэлеграфныя кабелі. На берагах размяшчаюцца спецыялізаваныя і універсальныя парты, найб. буйныя з іх (па аб’ёме грузаабароту): Уладзівасток, Находка, Петрапаўлаўск-Камчацкі (Расія); Вансан (КНДР); Пусан (Паўд. Карэя); Цяньцзінь, Шанхай, Гуанчжоў, Сянган (КНР); Іакагама, Кавасакі, Тыба, Кобе, Осака, Токіо (Японія); Хайфон, Хашымін (СРВ); Сінгапур (Сінгапур); Сідней, Мельбурн (Аўстралія); Уэлінгтан (Новая Зеландыя); Ванкувер (Канада); Лос-Анджэлес, Сан-Францыска, Окленд, Сіэтл, Портленд (ЗША); Кальяо (Перу); Уаска (Чылі); Сурабая, Палембанг (Інданезія) і інш.

Літ.:

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991;

Тихий океан. М., 1982;

Залогин Б.С., Кузьминский К.С. Мировой океан. М., 2001.

А.​Я.​Яротаў.

т. 17, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)