прашнурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. што. Прашыць шнурам, нанізаць на шнур. Прашнураваць сшытак.

2. перан. Прайсці некалькі разоў па адным і тым жа месцы. Гаспадар зноў двойчы прашнураваў з хлява ў гумно і назад. Брыль. Як ганчак, збіўшыся з зайцавага следу, Васіль прашнураваў туды і сюды, а потым выбег на вуліцу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажа́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пажару. Пажарны дым. Пажарная каланча. // Прызначаны для тушэння пажару. Пажарная каманда. Пажарная машына. □ [Варанецкі] выбег на вуліцу і з ходу ўсчапіўся на пажарную бочку, якую коні імчалі міма варот. Дуброўскі. // Абсталяваны ўсім неабходным для тушэння пажару. Пажарны двор. Пажарная часць.

2. у знач. наз. пажа́рны, ‑ага, м. Работнік пажарнай каманды.

•••

Пажарнае дэпо гл. дэпо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лямантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Моцна і працягла крычаць. — Ура, Таня! Ура! — лямантавалі дзяўчынкі, бегаючы па беразе. Скрыпка. — Лаві, лаві яго [зайца]! — лямантавалі хлопчыкі. Рылько. /Пра жывёл, птушак. Раз’юшаны сабака лямантаваў на падворку. Арочка.

2. Галасіць па кім‑н., над кім‑н.; моцна плакаць. Уся ў слязах, маці білася галавою аб падушку і лямантавала, як па нябожчыку. Карпаў. Бацька мой — у слёзы, крычаць гвалту, выбег на вуліцу, лямантуе. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напярэ́ймы, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. З мэтай перахапіць каго‑, што‑н., рухаючыся яму насустрач; наперарэз. Бегчы напярэймы. □ Людзі павыбягалі з хат і зямлянак, бягуць напярэймы, каб спыніць вала. Марціновіч.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «напярэймы» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на асобу або прадмет, якім імкнуцца зайсці наперад, каб перахапіць іх. Ад лесу ўлева напярэймы ўцекачу выбег польскі салдат. Колас. Удалечыні быў відзён яшчэ адзін трактар, і я пайшоў напярэймы яму. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чок, выкл.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння рэзкага, адрывістага гуку, які ўтвараецца пры ўдары аб што‑н. шкляное, металічнае, пры хадзьбе па бруку і пад. [Порхаўка:] — Гарэлачка заўсёды была халодненькай... Буль — буль — буль... На келіхах слязінкі... Чок!.. Люблю гэты звон!.. Гурскі. А друг? Як іскра, выбег ён: Вядзе гамонку з цеслярамі, Яны на зрубе тапарамі: Чок, чок. Прыемны мяккі звон. Бялевіч.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. чокаць ​1 — чокнуць. — Я б яго — чок! — шчоўкнуў языком Сцёпка і прыжмурыў вока, нібы цэліўся з нагана. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зірну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Кінуць позірк; глянуць, паглядзець. Старыя зірнулі адзін на аднаго, паківалі галовамі. Новікаў. Куды ні зірнеш — усюды іскрыстая бель, аж слепіць вочы. Машара. // Заглянуць куды‑н. Зірнуць за вугал. □ Бондар падышоў да акна, зірнуў на двор. Навуменка. // Глянуць, каб даведацца пра што‑н. [Сашка] яшчэ не ведаў, што гэта за шум такі на вуліцы, і выбег зірнуць. Чорны.

2. перан. Аднесціся да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, ацаніць як-небудзь. Другая падзея прымусіла.. [Максіма] яшчэ больш сур’ёзна зірнуць на самога сябе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз’я́траны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раз’ятрыць.

2. у знач. прым. Які раз’ятрыўся; раз’юшаны. Раз’ятраны бык. □ [Селянін] пачаў расказваць, як чулі яны са свае вёскі гэты бой і як пасля туды наскочылі раз’ятраныя фашысты, пагражала спаліць да аднае хаты. Чыгрынаў. [Йонас] выбег з барака і кінуўся ўцякаць ад раз’ятранага Кузьмы, які імчаўся за ім. Броўка. // Які адлюстроўвае моцнае раздражненне, злосць. Раз’ятраны позірк. □ Твары салдат былі ва ўсіх грозныя, у некаторых раз’ятраныя. Лынькоў. // перан. Вельмі моцны; шалёны, неўтаймаваны. Захутаўшы ў каўнер галаву, Валя сядзела поруч з Васілём і моўчкі прыслухоўвалася, як шалее раз’ятраны вецер. Шашкоў.

3. у знач. прым. Моцна развярэджаны, раздражнёны, растрывожаны. Цішыня і раз’ятраны боль У зялёным лясным шпіталі. Дзяргай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Пасадзіць (некалькіх, многіх), даўшы кожнаму месца. Корань мігам рассадзіў усіх і пастукаў костачкамі пальцаў па стале. Ваданосаў. Нарэшце фатограф рассадзіў усіх, як належыць. Ус.

2. Памясціць, пасадзіць паасобку (звычайна тых, хто сядзеў разам). Рассадзілі нас усіх восем па адзіночках такіх велізарных пецярбургскіх «Крыжоў». Пальчэўскі. Людна з Шэйдакам першы час пасля таго, як іх рассадзілі, адчувалі сябе нібы тая рыба, якую выцягнулі з вады. Сабаленка.

3. Перасадзіць расліны радзей, іншым чынам. Рассадзіць расаду капусты. Рассадзіць памідоры.

4. Разм. Разбіць, раскалоць моцным ударам. І беглі ўсе на двор, дзе ляжаў сыры снег.., дзе ўжо мільгалі снежкі і цяжка гупалі ў дашчаны ганак, пакуль нехта не рассадзіў акно, пакуль не выбег той самы пануры вартаўнік, перавярнуўшы ў руках памяло. Адамчык. // Моцна параніць. — Антоська, даражэнькі, паміраю, — заплакаў п’янаваты Сцяпан.. — Во, глядзі, як рассадзіў мне галаву Рысь... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. забег, ‑ла; заг. забяжы; зак.

1. Бегучы, трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Казёл забег у агарод. □ Ля кладкі ў брод забеглі дзеці — усім па кветачкі вада. Ляпёшкін. — У хлопцаў ногі лёгкія, як бачыш забягуць дадому. Гамолка.

2. Зайсці куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Шамякін. Як на тое, у пакой забег Вадзімка. Чагосьці пашукаў пад ложкам і выбег. Сабаленка.

3. Абагнаць каго‑н., перагарадзіўшы дарогу. [Боганчык] бег, б’ючы каленам аб заднюю вось; цягнуў за лейцы, накручваючы іх на руку, і чуў: нічога не можа зрабіць. Пасля падумаў, што трэба забегчы каню наперад. Пташнікаў. «Ты мой, як міленькі, толькі каб не дапусціць цябе да алешніку», — думаў Павел, стараючыся забегчы ад кустоў. Тады парушальнік змяніў кірунак і кінуўся ў бок сасновага лесу. Пальчэўскі.

•••

Забегчы наперад — а) зрабіць што‑н., парушыўшы паслядоўнасць; б) апярэдзіць каго‑н. у дасягненні, атрыманні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шале́нства, ‑а, н.

1. Вострая інфекцыйная хвароба жывёлы і чалавека, якая паражае цэнтральную нервовую сістэму і перадаецца ўкусам шалёнай жывёлы; вадабоязь. Прышчэпкі супраць шаленства.

2. Крайняя ступень раздражнення, гневу; раз’юшанасць. Праз якое паўгадзіны Мацвей Кірылавіч выбег з кабінета, як і той раз, калі яго давёў амаль да шаленства Вінцэнт Барташэвіч. Сабаленка. У прыпадку дзікай злосці і шаленства Анісім ірваў і пхаў у печ усё, што хоць чым напамінала яму жонку. Сачанка. / у вобразным ужыв. Так доўга цягнулася маладое шаленства, радаснае і пакутнае. Чорны. // перан. Вельмі бурнае, інтэнсіўнае праяўленне свайго дзеяння, сілы. Юнацтва — лета. Шаленства фарбаў, Адценне гукаў, Смуга настрояў. Свірка. Што нам пурга, шаленства дзікіх ветраў? Ёсць мэта, ёсць работа, ёсць загад! Звонак. Шаленства ракі не бясплённае: яно ператвараецца ў сілу, у электраэнергію, у святло. «Маладосць».

3. Учынак, пазбаўлены здаровай разважлівасці, выкліканы прыхамаццю, капрызам. Жадаў ім [каханым] шчасця ў падарожжы светлым Плыта ўладальнік. А яны яму, Як сябру па шаленству аднаму — Удачы ў вандраванні кругасветным. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)