ХІМІЧНАЯ І НАФТАХІМІЧНАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ

Хімічная і нафтахімічная прамысловасць — найб. развітыя галіны прамысловага комплексу Беларусі, удзельная вага вытворча-прамысловых фондаў якіх у 2000 складала 21% (у 2002—21,9%) агульнай іх вартасці ва ўсёй прамысловасці краіны. У гэтыя галіны ў 2000 уваходзіла 65 прамысл. прадпрыемстваў (56 хімічных і 9 нафтахімічных). Колькасць прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на самастойным балансе, у 2002 дасягнула 73. Значна выраслі і аб’ёмы прадукцыі (гл. табл.). Яе доля ў аб’ёме ўсёй вырабляемай прамысл. прадукцыі ў 2000 склала 14,2% (у 2002—11,9%). Сярэднегадавая колькасць прамыслова-вытворчага персаналу 101 тыс. чалавек (2002).

Хімічная прамысловасць спецыялізуецца на выпуску мінеральных угнаенняў і здабычы сыравіны для іх, хім. валокнаў і нітак, пластмас і вырабаў з іх, сінтэтычных смол, лакафарбавых матэрыялаў, тавараў бытавой хіміі. Сыравінная база прамысловасці — паклады калійных солей, кухоннай солі, нафта і прадукты яе перапрацоўкі, прыродны і спадарожны газ, апатыты, сера і інш. Шматлікая вуглевадародная і неарганічная сыравіна пастаўляецца з Расіі. Галіна ўключае горнахімічную, асноўнай хіміі, лакафарбавую, хім. валокнаў і нітак, сінтэтычных смол і пластмас, пластмасавых вырабаў, бытавой хіміі прамысловасць; вытворчасць шкловалакністых матэрыялаў і шклапластыкаў, хім. рэактываў і асабліва чыстых рэчываў.

На Беларусі з 15 ст. выраблялі і вывозілі драўняную смалу, сыры паташ. Пазней пашырылася вытворчасць мыла, пакосту, воцату і воцатнага парашку, драўнянага (метылавага) спірту і інш. У 1810 Беларусь давала больш за 10% вытворчасці паташу Рас. імперыі. На пач. 20 ст. найбуйнейшым прадпрыемствам галіны быў завод сухой перагонкі драўніны ва ўрочышчы Выдрыца (Аршанскі р-н; 150 рабочых у 1910, выпускаў воцатны парашок, спірт, натрый, фармалін, вугаль). У 1913 на 24 найбольшых прадпрыемствах хім. вытворчасці працавалі больш за 3,5 тыс. рабочых. У 1930 у Магілёве пабудаваны завод штучнага валакна, які даваў 40% хім. валокнаў СССР. У 1930-я г. наладжана вытворчасць ацэтонавых растваральнікаў, гідролізнага спірту, дубільных рэчываў, фасфарытнай мукі і інш. У 1940 аб’ём валавой прадукцыі хім. прамысловасці ў 56,3 раза пераўзышоў узровень 1913, удзельная вага яе (з прадукцыяй лесахіміі) склала 3,9% агульнага аб’ёму прамысловасці рэспублікі. Дзейнічалі невялікія прадпрыемствы лесахіміі, па вырабе пакосту, мыла, каніфолі, шкіпінару, лакафарбавай прадукцыі, тавараў быт. хіміі.

Пасля Вял. Айч. вайны разбураныя прадпрыемствы адноўлены. У 1957 здадзены ў эксплуатацыю Полацкі завод шкловалакна, у 1959 — Магілёўскі рэгенератарны, у 1960 у Мінску стаў працаваць (на базе арцелі) завод лакафарбавых вырабаў, у 1958—61 пабудаваны І-ы Салігорскі калійны камбінат (гэта стала пачаткам развіцця горна-хім. прамысловасці Беларусі). Першую прадукцыю далі ў 1963 Гродзенскі азотнатукавы і Полацкі нафтаперапрацоўчы заводы, у 1965—2-і Салігорскі камбінат, Светлагорскі завод штучнага валакна, Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў і Лідскі лакафарбавы, у 1966 — Гомельскі хім. завод; у 1968 — Полацкі хім. камбінат, у 1969—3-і Салігорскі камбінат, у 1970 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, у 1973 — Брэсцкі завод быт. хіміі, у 1977 уведзена ў дзеянне 1-я чарга Гродзенскага завода сінтэтычнага валакна і 4-ы калійны камбінат (увайшоў у створанае ў 1975 ВА «Беларуськалій»).

У сучаснай хім. прамысловасці найб. буйныя прадпрыемствы: Салігорскія калійныя камбінаты ВА «Беларуськалій», Полацкі завод шкловалакна (з 1983 ВА «Шкловалакно»), Гродзенскае ВА «Азот», Гомельскі хім. завод, Наваполацкае ВА «Палімір», Гродзенскае, Магілёўскае і Светлагорскае ВА «Хімвалакно», Лідскі лакафарбавы завод (з 1994 адкрытае акц. т-ва — ААТ «Лакафарба»), Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, сумеснае бел.-германскае прадпрыемства «Олі-Бела» і інш. Гал. месца ў структуры валавой прадукцыі галіны займае горнахім. прамысловасць, якая развіваецца на базе адкрытага ў 1949 Старобінскага радовішча калійных руд. ВА «Беларуськалій» — адно з буйнейшых у свеце аб’яднанняў па вытворчасці калійных угнаенняў. Яно мае 14% сусветных магутнасцей па выпуску калійных угнаенняў і 16% іх сусветных экспартных паставак. У 2002 выпусціла 4,5 млн. т калійных угнаенняў, з іх 3,3 млн. т (73,3%) пастаўлена на экспарт (у Бразілію, ЗША, Нарвегію, Кітай, Індыю, Японію, на Украіну і інш.). ВА «Азот» — адзінае прадпрыемства ў краіне, якое выпускае азотныя ўгнаенні (карбамід, сульфат амонію, вадкасныя ўгнаенні), аміяк, азотную і серную кіслоты, метанол, сродкі хім. аховы раслін і інш. Працуе на прыродным газе, які экспартуецца з Расіі. Значная частка прадукцыі (61,4%) адпраўляецца на экспарт — у Расію, Латвію, Літву і інш. (2002). На Гомельскім хім. заводзе вырабляецца больш за 70 відаў прадукцыі (амафос, суперфасфат аманізаваны, азотна-фосфарна-калійныя ўгнаенні, кармавыя дабаўкі, гіпс і інш.). Сыравіна завозіцца ў асноўным з Расіі. Магілёўскае ВА «Хімвалакно» — найбуйнейшы ў Еўропе комплекс па выпуску поліэфірных валокнаў і нітак. Тут вырабляецца таксама поліпрапіленавая плёнка для ўпакоўкі харч. прадуктаў, тавары нар. ўжытку. Прадукцыя пастаўляецца больш як у 40 краін свету, у т. л. Расію, Польшчу, Літву, Латвію, на Украіну. Светлагорскае ВА «Хімвалакно» — высокамеханізаванае прадпрыемства. Вырабляе віскозныя тэхнічныя і тэкстыльныя ніткі, кордную тканіну, поліэфірныя тэкстыльныя ніткі, тэкстыльна-галантарэйныя тавары, тканіны, поліпрапіленавы матэрыял «спанбонд», якія экспартуюцца ў краіны Зах. Еўропы. Прадукцыя Наваполацкага ВА «Палімір» — сыравіна для разнастайных галін прамысловасці. Выкарыстоўваецца для вытворчасці кабелю, пластмас, упаковачных матэрыялаў, трыкатажных вырабаў, штучнага футра і інш. Каля 60% прадукцыі вывозіцца ў Расію, Германію, Польшчу, Іран, Італію, Фінляндыю і інш. ААТ «Гродна Хімвалакно» выпускае капронавую кордную тканіну, поліаміднае валакно для тэкстыльнай прамысловасці, ніткі поліамідныя тэхн. прызначэння і інш. Полацкае ВА «Шкловалакно» — найбуйнейшае прадпрыемства прамысловасці сінтэтычных смол і пластмас. На ім вырабляюцца шкловалакно, шклотканіна, шклосеткі і інш. Вытворчыя магутнасці разлічаны на выпуск больш за 17 тыс. т шкловалакна і вырабаў з яго (ад тэнісных ракетак да элементаў касмічных комплексаў). Прадукцыя шклокамбіната экспартуецца ў 28 краін. Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў выпускае больш за 200 найменняў прадукцыі, у т. л. пластмасавую тару (для прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, хатняга побыту), мэблю, падносы, скрыні, вырабы для паліва і інш. Сінтэтычныя смолы вырабляюцца таксама ў Наваполацку, Магілёве і інш. Найбуйнейшае прадпрыемства лакафарбавай прамысловасці — ААТ «Лакафарба» ў г. Ліда, дзе вырабляецца каля 70 відаў лакаў і больш за 50 відаў эмалей на кандэнсацыйных смолах, больш за 60 відаў эмалей і грунтоў на полімерызацыйных смолах і інш. Розныя фарбы вырабляе буйное прадпрыемства «Олі-Бела» ў Мінску, разнастайную лакафарбавую прадукцыю — прадпрыемствы Магілёва, Пінска, Гомеля, Баранавіч і інш. У 2002 экспарт лакафарбавых вырабаў склаў 39,1 тыс. т (у Расію, Казахстан, Літву, Латвію і інш.). Прамысловасць бытавой хіміі выпускае пральныя парашкі (Брэсцкі і Баранавіцкі заводы быт. хіміі), гаспадарчае і туалетнае мыла (Гомельскі тлушчавы камбінат), інш. прадукцыю. Значную колькасць тавараў быт. хіміі вырабляюць прадпрыемствы, цэхі і вытворчасці мясцовай прамысловасці (пральныя парашкі, лакі, фарбы, аліфы, пластмасавыя вырабы, вадкае сілікатнае шкло, поліэтыленавая плёнка для сельскай гаспадаркі і інш.).

Нафтахімічная прамысловасць займаецца вытворчасцю сінтэтычных матэрыялаў і вырабаў пераважна на аснове прадуктаў перапрацоўкі нафты і прыродных гаручых газаў (сінтэтычны каўчук, прадукты асноўнага арганічнага сінтэзу — этылен, прапілен, поліэтылен, паверхнева-актыўныя рэчывы, мыйныя сродкі, а таксама сажа, гумавыя і азбестатэхнічныя вырабы). Спецыялізавана на вытворчасці і рамонце шын, гумава-тэхнічных вырабаў, гумавага абутку і гумавых вырабаў шырокага ўжытку.

Адно з першых прадпрыемстваў галіны — Барысаўскі завод гумавых тэхн. вырабаў «Гуматэхніка» створаны ў 1947 як арцель па выпуску гумавага абутку. З 1949 дае прадукцыю Крычаўскі завод гумавых вырабаў (гумава-тэхн. вырабы для аўтатрактарнай прамысловасці, гумавы і спартыўны абутак, клей і інш.), з 1952 — Магілёўскі рэгенератарны завод (пачаў будавацца ў 1949 як завод натуральнага каўчуку; з 1959 выпускаў драблёную гуму і шынны рэгенерат, з 1969 — гумава-тэхн. вырабы). У 1952 пабудаваны Бабруйскі завод гумавых тэхнічных вырабаў (з 1992 у акц. т-ве «Беларусьгуматэхніка»), з 1965 функцыянуе Светлагорскі завод сінтэтычнага валакна (з 1983 ВА «Хімвалакно»), з 1972 — Беларускі шынны камбінат (з 1992 ААТ «Белшына»), з 1975 — Брэсцкі завод быт. хіміі (з 1991 акц. т-ва; на аснове яго і бел.-польскага прадпрыемства «Аўра» створана НВА «Брэстбытхім»), з 1979 — Баранавіцкі завод быт. хіміі (з 1968 працаваў як хім. камбінат).

Найбуйнейшыя прадпрыемствы галіны: Магілёўскае і Гродзенскае ВА «Хімвалакно», Наваполацкае ВА «Палімір», Баранавіцкі і Брэсцкі заводы быт. хіміі. ААТ «Белшына» вырабляе больш за 190 тыпапамераў шын для аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын, 160 тыпапамераў пастаўляецца на экспарт. У 2002 на экспарт пайшло 60,2% вырабленай прадукцыі, асноўная частка яе паступіла ў Расію, на Кубу, у Нідэрланды, Швецыю, Польшчу і інш. Прадпрыемствы галіны выпускаюць таксама гумавыя тэхн. дэталі для машын, гумавыя ніткі, гуму з латэксу, віскозны корд, рукавы ў аплётцы, брызол, рэлін, тавары нар. ўжытку, рамантуюць шыны накладваннем новага пратэктара і інш.

Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прамысловасці маюць паміж сабой шырокую кааперацыю. Напр., параксілол Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода выкарыстоўваецца на Магілёўскім ВА «Хімвалакно» для вытворчасці лаўсану, бензол — на Гродзенскім ВА «Хімвалакно» для вытворчасці капралактаму, растваральнікі — на розных лакафарбавых прадпрыемствах.

Літ.:

Маркевич С.В. Большая химия. 2 изд. Мн., 1964;

Ермоленко Н.Ф., Капуцкий Ф.Н. Большая химия Белоруссии. Мн., 1967;

Ермоленко Н.Ф. Химия и технический прогресс. Мн., 1970;

Бабкин В.В., Медведев В.Ф., Цивинский Г.В. Химическая промышленность Белорусской ССР. Мн., 1976;

Химия республики. 3 изд. Мн., 1985;

Агабеков В.Е. Химическая промышленность Белоруссии. Мн., 1987;

Промышленность Республики Беларусь: Стат. сб. Мн., 2003.

П.​І.​Рогач.

Вытворчасць асноўных відаў хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Прадукцыя 1940 1950 1960 1970 1980 1990 1995 2000 2003
Мінеральныя ўгнаенні (у пераразліку на 100% пажыўных рэчываў), тыс. т 13,2 2255 4931 5996 3349 4056 4953
у т. л.: калійных 1991 4187 4994 2795 3372 4230
азотных 165 489 745 502 597 631
фосфарных 99 254 256 52 87 92
Хімічныя валокны і ніткі, тыс. т 2,6 2,2 14,7 64,8 254,8 453,2 210,6 218,7 202,6
Серная кіслата ў монагідраце, тыс. т 638,2 860 1177 437 584 576
Сінтэтычныя смолы і пластмасы, тыс. т 1,2 111,2 450,1 751,4 480 506,6 486,1
у тым ліку поліэтылен 51,9 138 104 109 123
Шыны для аўтамабіляў, сельскагаспадарчых машын, тыс. шт. 3345 4575 1292 2440 2765
ВА «Беларуськалій». Панарама 4-га рудаўпраўлення.
Светлагорскае ВА «Хімвалакно».
ААТ «Гродна Хімвалакно».
Вытворчасць корднай капронавай тканіны на ААТ «Гродна Хімвалакно».

т. 18, кн. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)