АНАПЛАЗМО́З,

інвазійная трансмісіўная хвароба буйной і дробнай рагатай жывёлы, якая выклікаецца паразітаваннем у крыві анаплазмаў. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы і крывасосныя насякомыя. Адзначаецца ўсюды, часцей у вяснова-восеньскі перыяд. Характарызуецца гарачкай пераменнага тыпу, прагрэсіўнай анеміяй, павелічэннем паверхневых лімфавузлоў, ацёкамі, атаніяй страўнікава-кішачнага тракту. Смяротнасць невялікая. Лячэнне тэрапеўтычнае. У мэтах прафілактыкі жывёл у летні час апрацоўваюць акарыцыднымі сродкамі.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кудла́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

Разм. Тое, што і кудлаціць. Байкоў нервова кудлачыў рукой валасы. Шамякін. Восеньскі вецер буяніў над шэрымі прасторамі, гнаў і кудлачыў у небе густыя хмары, шматаў кусты за канавай. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Моцна хістаць, трэсці; шкуматаць. Восеньскі вецер.. шматаў кусты за канавай, зрываў жоўтае і чырвонае ссохлае лісце. Быкаў. Здавалася.., нехта дужы шматае знадворку мокры брызент: шар-р-р! Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КА́ЛНРАЗЕ (Kalnroze; canp. Розенбергс, Rozenbergs) Валдзіс (17.11.1894, г. Кулдыга, Латвія — 1993), латышскі жывапісец-пейзажыст. Нар. маст. Латвіі (1970). Вучыўся ў Латв. АМ (1927—32) у В.Пурвіта. Аўтар лірычных пейзажаў, выкананых у вытанчанай серабрыстай колеравай гаме: «Даўгава» (1935), «Восеньскі пейзаж» (1942), «Мора» (1956), «У рачным заліве» (1957), «Восень ва Угале» (1958), «Старая Рыга» і «Пара квітнення» (1970-я г.) і інш.

В.Калнразе. Восень ва Угале. 1958.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СТАВА (Ларыса Мікалаеўна) (н. 29.1.1947, г. Каўнас, Літва),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Працуе ў тэхніцы габелену. Аформіла інтэр’еры выканкома ў г. Глыбокае — нацюрморты «Вясновы» і «Восеньскі» (1985), санаторыя «Нарач» — трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1987). Сярод твораў: серыя «Кветкі» (1985—95), «Ружовая птушка» (1986), «Пошук» (1989), «Дрэва ў квецені» (1990), «Снегіры» (1995), «Касачы» (1996) і інш. Работы адметныя эмацыянальнай выразнасцю, актыўнасцю колеру, у іх — святочнасць, захапленне прыродай.

Л.Густава. Касачы. 1996.

т. 5, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Іванавіч) (н. 1.6.1927, в. Тушавая Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец, педагог. Скончыў Віленскі маст. ін-т (1952). З 1960 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах пейзажа і партрэта. У пейзажах багатая вобразнасць спалучаецца з майстэрствам абагульнення: «Веснавое ворыва» (1967), «Восеньскі матыў» (1973), «Восень на Вячы» (1975), «Браслаўшчына» (1976), «Лён» (1977), «Вечар» (1981), «Зноў прыйшла вясна» і «Лён сцелюць» (1982), «Месячная ноч ля возера» (1983), «Парыў ветру» (1994), «Белавежская пушча» (1996) і інш.

В.Васільеў. Белавежская пушча. 1996.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗМА́ЙЛАВА (Людміла Канстанцінаўна) (н. 16.6.1931, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія),

бел. жывапісец. Скончыла Бел. тэатр. маст. ін-т (1960). Выкладае ў Рэсп. каледжы мастацтваў у Мінску (з 1963). Сярод твораў партрэты (медсястры Абакумавай, 1961; калгасніцы Г.​Гулевіч з сынам, 1973; снайпера Іванушкіна, 1975; брыгадзіра П.​Краско, 1978), карціны («Узоры», 1967; «Юныя спартсменкі» і «Гаспадыня саду», абедзве 1980; «Вяселле», 1982), пейзажы («Пасля дажджу», 1977; «Марскія пейзажы», 1980; «Возера Нарач», 1982; «Лепельскае возера», 1995), нацюрморты («Восеньскі нацюрморт», 1988).

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Ізмайлава. Гаспадыня саду. 1980.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пады́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чым і без дап.

Дыхаць некаторы час. Падыхаць свежым паветрам.

падыха́ць, а́е; незак.

Злёгку павяваць, дзьмуць. Падыхаў лёгкі восеньскі вецер, і сонца нехаця варочалася ў густых, цяжкаватых воблаках. Скрыган. / у безас. ужыв. З поля падыхала прыемным, мяккім ветрыкам. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЖБА́НАЎ (Уладзімір Іванавіч) (н. 26.1.1954, Мінск),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы (з 1985). Працуе ў манум. і станковай скульптуры, дробнай пластыцы. Сярод твораў: помнік Герою Сав. Саюза А.​Міраненку (1981), помнік воінам-інтэрнацыяналістам у г. Светлагорск Гомельскай вобл. (1991, з А.​Каструковым), бюсты Ю.​Гагарына (1989), М.​Горкага (1986), кампазіцыі «Жаночы эцюд» (1985), «Экзамен» (1988), «Галгофа» (1991), «Грацыя» (1994), «Восеньскі пацалунак» (1996), «Манекеншчыцы» (1997), рэльеф «Анёлы» (1990), партрэты актрысы Юр’евай (1974), акцёра А.​Кляшторнага (1992), бацькі (1995) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЖАНЕ́ЎСКІ (Антон Станіслававіч) (10.11.1910, в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 20.4.1991),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932), вучыўся ў М.Эндэ, Ф.Фогта. Сярод твораў, якім уласціва насычанасць колеру, выразная мадэліроўка аб’ёмаў, пленэрная непасрэднасць кампазіцыйнага ладу, лірычныя пейзажы «Над Свіслаччу» (1938), «Сафійскі сабор у Полацку» (1955), «Апошняе лісце» (1966), «Горад над Дзвіной» (1973), «Стары Віцебск» (1979), «Тужлівая нотка» (1982), «Восеньскі пейзаж» (1984), «Богаяўленскі сабор у Полацку» (1988); нацюрморты «Півоні, яблыкі, кавуны» (1953), «Ружы» (1962), «Нацюрморт з лямпай» (1977) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

А.Каржанеўскі. Тужлівая нотка. 1982.

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)