ля́па, ‑ы, ж.

1. Рот звера, рыбы; пашча. Перапалоханы галасамі людзей, .. [звер] уцякаў з адкрытай ляпай, высунуўшы доўгі язык. «Звязда». // Груб. Пра рот чалавека. — Чаго яна [Старавойціха] ляпу сваю разявіла? — .. сказаў Харытон. Баранавых.

2. перан. Цёмнае, адкрытае паглыбленне ў чым‑н. Наверсе стары Тодарчык ці сама Волька Янкава кідаюць снапы ў барабан — у чорную ляпу малатарні. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адта́ць, адтане; зак.

Выйсці з замарожанага стану; вызваліцца ад лёду, снегу пад уздзеяннем цяпла. [Несцер:] — Вось крыху адтане зямля — прынясу з дому шчэпы і пасаджу на гэтым месцы. Кулакоўскі. Праз ноч зямля адтала, зрабілася мяккай. Якімовіч. // перан. Памякчэць, падабраць, пазбыцца суровасці. Сама Волька, заўважаючы ў сабе.. змену, не магла не дзівіцца, як яе жаночае сэрца адтала, сагрэлася і само пачало грэць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пранікнёны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласціва пранікнёнасць. — Толькі дайце дажыць у здароўі, — ужо зусім недарэчы фатальна закончыла няскладную, але пранікнёную прамову Волька. Васілевіч. У свой час, у бытнасць Шчакаціхіна студэнтам, новы выкладчык Сідараў прынёс у аўдыторыю непадкупную і пранікнёную адданасць самаму масаваму і надзённаму віду мастацтва — графіцы. Ліс.

2. Праніклівы, пільны, уважлівы. — Адкуль вы, таварыш? — Чалавек уважліва паглядзеў на мяне пранікнёнымі вачыма. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ткнуцца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; зак.

Разм.

1. Паказацца, вылезці, высунуцца. Выткнуцца з-за вугла. Выткнуцца з двара на вуліцу. □ З-за хмары выткнуўся рог месяца. Сачанка. Сядзеў толькі адзін пасажыр-селянін, абапёршыся локцем на свой клунак, з якога выткнулася сякера. Пестрак.

2. перан. Недарэчна ўмяшацца ў якую‑н. справу. А тут яшчэ заўсёды ў такіх выпадках і Волька выткнецца. Васілевіч.

•••

Выткнуцца з языком — сказаць што‑н. не да месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́ціск, ‑у, м.

1. Выдзяленне слова (слоў) сілай голасу. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаворвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас. — Брыдка, дзядзька Адась, — казала Волька Лысаковічаўна. — А яшчэ — калгаснік... — з прыціскам выгаварыла яна гэта апошняе слова. Калюга.

2. Патаўшчэнне штрыха, лініі пры пісьме пяром. Пісаць з прыціскам.

прыці́ск, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. прыціскаць — прыціснуць (у 1, 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.

Разм. Сунуцца, паказацца куды‑н. Жанкі з дзецьмі былі на агародах, баючыся паткнуцца ў вуліцу. Чорны. — Мы ім дамо пытлю, няхай толькі паткнуцца! — гулі мужчыны. Грахоўскі. — Ой, Волька, як жа на вуліцу выйсці, — бядуе Уля. — Людзі пальцамі паказваць будуць... — І раптам крык: — Ну, няхай яшчэ раз паткнецца ў нашу хату — кіпнем аблію! Паўлаў. // перан. Паспрабаваць што‑н. зрабіць, памкнуцца. Паткнуцца сказаць сваё слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фу́кнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Дзьмухнуць. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе. Кулакоўскі.

2. Хутка зрабіць што‑н. — Давайце малаціць, а то есці хочацца, — увайшла Волька. — А, прагаладалася!.. Вось зараз як фукнем, дык і ўсё будзе, — паабяцаў Тодар. Крапіва.

фу́кнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм. Зняць у праціўніка з дошкі шашку пры яго недаглядзе ў гульні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха 1, нескл., н.

Назва літары «х».

ха 2, выкл.

Разм. Выказвае нязгоду з чым‑н., абурэнне з прычыны чаго‑н. (часам з адценнем іроніі, знявагі). — Не спраўлюся я, Максім Рыгоравіч. — Ха! — Мароз выцяў Гаварушку па плячы. — А хто ж справіцца? Лобан. — А злоты нам, дзед, усё-такі заплаціш, — пагразіў Том. — Ха, спадзявайцеся. Многа я іх назапасіў вам. Пальчэўскі. Волька пакрыўджана надзімае губы. Яна выдумала?! Ха, вы толькі паглядзіце! Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаз 1,

гл. лазы.

лаз 2, ‑а, м.

1. Невялікая адтуліна, шчыліна, праз якую можна прайсці, пранікнуць куды‑н. Зрабіць лаз у плоце. □ Волька адхінула кол, з асцярогай прасунулася ў лаз, і ўся вуліца — вось яна, перад вачыма, аж у самы канец. Марціновіч. Пад новую сцяну [дзед Андрэй] зрабіў лаз, на які лажылі вечка і засыпалі мятай, саломай і розным смеццем. Федасеенка.

2. Спец. Адтуліна ў сценцы апарата, машыны, катла і пад. для пранікнення ўнутр з мэтай агляду, рамонту, запраўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагрэ́цца, ‑грэюся, ‑грэешся, ‑грэецца; зак.

1. Стаць цёплым, гарачым; нагрэцца. Вада сагрэлася. Зямля сагрэлася. // Сагрэць сябе, сваё цела. Сцёпка сагрэўся пад коўдраю і заснуў моцным сном. Колас. Ломячы лёд, рушыў [Міхал Тварыцкі] назад к берагу, вылез наверх і ўжо, каб сагрэцца, пабег. Чорны.

2. перан. Падабрэць ад спагадлівых, сардэчных размоў, адносін. Хацелася трохі сагрэцца Цяплом размовы, Ды дзядзька — маўчун... Арочка. Сама Волька, заўважаючы ў сабе гэту змену, не магла не дзівіцца, як яе жаночае сэрца адтала, сагрэлася і само пачало грэць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)