КО́ДАЙ (Kodály) Золтан (16.12.1882, г. Кечкемет, Венгрыя — 6.3.1967),

венгерскі кампазітар, музыказнавец-фалькларыст, педагог; адзін з заснавальнікаў венг. кампазітарскай школы 20 ст. Чл. Венг. АН (з 1943, у 1946—49 прэзідэнт). Ганаровы чл. Бельг. АН (1957), ганаровы праф. Маск. кансерваторыі (1963). Скончыў Акадэмію музыкі (1905) і ун-т (1906) у Будапешце. З 1907 выкладаў у Вышэйшай муз. школе (у 1919 і 1921—40 віцэ-дырэктар). З 1905 вывучаў венг. муз. фальклор, запісаў каля 3,5 тыс. нар. напеваў і танц. мелодый. Разам з Б.Бартакам выявіў найб. стараж. пласт венг. муз. фальклору, заснаваны на пентатоніцы. Яго музыцы, глыбока нац. у сваёй аснове, характэрны арганічны сплаў класічнай еўрап. традыцыі і муз. стылістыкі пач. 20 ст., спалучэнне тэндэнцый неакласіцызму, рамантызму і імпрэсіянізму. Вядомасць К. прынеслі «Венгерскі псалом» (1923) і героіка-камічная опера «Хары Янаш» (1926). Сярод інш. твораў: опера «Секейская прадзільня» (паст. 1924); «Будаварскі Te Deum» (з арганам, 1936), Missa brevis (1944) для хору, салістаў і арк.; сімфонія (1961), «Танцы з Марашсека» (1930), «Танцы з Галанты» (1933), канцэрт (1940) для сімф. аркестра; камерна-інстр. ансамблі («Венгерскае ронда», 1917); п’есы для фп.; хары a cappella; цыклы песень для голасу з фп. Аўтар падручнікаў па спевах, метадычных зборнікаў па муз. выхаванні і інш. Прэзідэнт Міжнар. т-ва нар. музыкі, Міжнар. т-ва муз. выхавання (абодвух з 1963). Прэміі імя Л.​Кошута 1948, 1952, 1957.

Літ. тв.: Рус. пер. — Венгерская народная музыка. Будапешт, 1961.

Літ.:

Мартынов И.И. Золган Кодай. 2 изд. М., 1983;

Эсе Л. Золтан Кодай: День за днем: Пер. с венг. М., 1980.

Т.​А.​Шчарбакова.

З.Кодай.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР Таццяна Стафанаўна (13.4.1924, Масква — 13.6.1944),

удзельніца партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дачка венг. камуніста, удзельніка венг. рэвалюцыі 1919. У 1941 добраахвотна пайшла на фронт, разведчыца, медсястра. З жн. 1942 на тэр. Беларусі: вяла разведвальную і дыверсійную работу, распаўсюджвала сав. газеты, лістоўкі ў Мінску, здабывала зброю, боепрыпасы, медыкаменты для партызанаў. З 1943 у складзе спец. групы ў Мінскай вобласці. Загінула ў баі з карнікамі каля в. Макаўе Барысаўскага р-на.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ВСРП),

палітычная партыя левага кірунку ў Венгрыі ў 1918—89. Засн. 24.11.1918 як Камуніст. партыя Венгрыі (сярод арганізатараў Б.Кун, Т.Самуэлі). З вер. 1944 наз. Венг. Камуніст. партыя (ВКП). Пасля аб’яднання ў чэрв. 1948 ВКП з С.-д. партыяй Венгрыі наз. Венг. партыя працоўных, у ліст. 1956 — пач. 1957 рэарганізавана ў ВСРП. Дзейнічала да кастр. 1989. У снеж. 1989 частка членаў б. ВСРП стварыла новую аднайм. партыю. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя.

т. 4, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЧЭНЫ (Széchenyi) Іштван (21.9.1791, Вена — 8.4.1860),

венгерскі паліт. і грамадскі дзеяч. Граф. У 1820—30-я г. кіраўнік барацьбы ліберальнага венг. дваранства за рэформы. Прыхільнік паступовых рэформ, праціўнік радыкальных дзеячаў венг. нац.-вызв. руху на чале з Л.​Кошутам. У пач. рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі ўвайшоў ва ўрад Л.​Бацяні як міністр шляхоў зносін (крас. 1848), але ў вер. 1848 адышоў ад паліт. дзейнасці. Выступаў супраць рэжыму, які ўсталяваўся ў Венгрыі пасля паражэння рэвалюцыі. Скончыў самагубствам.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДАР (Kádár) Янаш 26.5.1912, г. Рыека, Харватыя — 6.7.1989),

венгерскі дзярж. і паліт. дзеяч. З 1931 чл. Камуніст. партыі Венгрыі (КПВ). Удзельнік руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1946—50 нам. ген. сакратара КПВ (з 1948 Венг. партыя працоўных, ВПП), адначасова ў 1948—50 міністр унутр. спраў. У 1951—54 зняволены. З 1956 чл. палітбюро і сакратар ЦК ВПП. У час Венг. паўстання 1956 з 24 кастр. ва ўрадзе І.Надзя, 31 кастр. разам з ім заснаваў Венг. сацыяліст. рабочую партыю (ВСРП), З ліст. пакінуў Будапешт, 4 ліст. стварыў рэв. рабоча-сял. ўрад (узначальваў да 1958), які звярнуўся за дапамогай да СССР. З 1957 1-ы сакратар ВСРП. У 1961—65 старшыня ўрада, пачаў эканам. рэформы з элементамі рыначных адносін, згорнутую ў 1970-я г. На Усевенг. канферэнцыі ВСРП (1988) адмовіўся ад кіравання партыяй, да канца жыцця заставаўся яе ганаровым старшынёй.

т. 7, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́РЦІ (Horthy) Міклаш (18.6.1868, г. Кендэрэш, Венгрыя — 9.2.1957),

дзяржаўны дзеяч Венгрыі. Контр-адм. (1918). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ў г. Фіуме (цяпер Рыека ў Харватыі), служыў у ВМФ Аўстра-Венгрыі. У 1-ю сусв. вайну камандаваў крэйсерам, ВМФ (з 1918); у 1918 падавіў паўстанне ваен. маракоў у порце Котар (цяпер у Чарнагорыі). З 1919 ваен. міністр венг. ўрада ў г. Сегед, галоўнакаманд. нац. арміяй, якая дзейнічала супраць Венг. Сав. Рэспублікі. Пасля яе падзення праводзіў белы тэрор. З 1.3.1920 рэгент (правіцель) Венг. каралеўства (якое не мела караля). Устанавіў аўтарытарны рэжым, у знешняй палітыцы з 1930-х г. арыентаваўся на фаш. Германію, на баку якой Венгрыя ўдзельнічала (з 1941) у вайне супраць СССР. Аднак у 1944 намагаўся заключыць перамір’е з СССР, шукаў кантакты з ЗША і Вялікабрытаніяй, за што ў кастр. 1944 скінуты ням. і мясц. фашыстамі (гл. Нілашысты) і інтэрніраваны ў Баварыі. З 1949 жыў у Партугаліі.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БІ (Dobi) Іштван (31.12.1898, с. Сёнь, медзье Комарам, Венгрыя — 24.11.1968),

венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. Чл. Партыі дробных сельскіх гаспадароў (з 1934), кіраўнік левага крыла (з 1937) і старшыня гэтай партыі (1947—52). Удзельнік Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. Старшыня СМ Венгрыі (1948—52). У 1950—60-я г. на кіруючых пасадах у с.-г. кааперацыі, чл. і адзін з кіраўнікоў Венг. сацыяліст. рабочай партыі. Герой Сац. Працы Венг. Нар. Рэспублікі (1967).

Тв.:

Рус. пер. — Исповедь и история: Воспоминания. М., 1967.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЧКАІ (Bocskai) Іштван (1.1.1557, г. Клаўзенберг, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 29.12.1606),

венгерскі феадал, кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венгерскім каралеўстве. Пасол Трансільваніі пры габсбургскім двары ў 1576 і 1603. Камандуючы трансільванскімі войскамі ў паспяховым паходзе супраць тур. войск у Валахію (1595). У 1604 узначаліў барацьбу сялян, гараджан і часткі венг. дваранства супраць аўстр. панавання. У выніку перамогі абраны князем Трансільваніі (1605), падпісаў Венскі мір (23.6.1606), паводле якога адноўлена незалежнасць Трансільванскага княства (да яго далучаны венг. камітаты Угоча, Бераг, Сатмар, крэпасць Токай), дадзена свабода веравызнання пратэстантам.

т. 3, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦАГАВІ́НСКА-БАСНІ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1882,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць аўстра-венг. панавання ў Босніі і Герцагавіне. Штуршком да яго паслужыла ўвядзенне воінскай павіннасці (закон ад 4.11.1881). Пачалося з нападу групы ўзбр. сялян ноччу 10 студз. на жандарскую казарму ў г. Улог, потым пашырылася на Паўн.-Усх. Герцагавіну і Паўд.-Усх. Боснію; ва Улогу (стаў цэнтрам паўстання) быў створаны орган улады паўстанцаў — меджліс. У студз.—лют. дрэнна ўзброеныя паўстанцы на чале з С.​Кавачавічам і С.​Фортам намагаліся заняць гарады Фоча і Трнава. Задушана ў крас. аўстра-венг. войскамі пад камандаваннем фельдмаршала Іаванавіча.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крэнеры́т

(ад венг. Krenner = прозвішча венг. мінералога)

мінерал класа тэлурыдаў серабрыста-белага, латунна-жоўтага колеру з металічным бляскам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)