ВЕ́НЫ,

крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ да сэрца ад органаў і тканак. Усе вены, акрамя лёгачных і пупочнай, нясуць вянозную кроў. Па венах пераносяцца пажыўныя рэчывы са страўнікава-кішачнага тракту і гармоны з залоз унутранай сакрэцыі, а з тканак арганізма выдаляюцца вуглякіслы газ і інш. прадукты распаду. Самыя вялікія вены ў арганізме чалавека — полыя верхняя і ніжняя. Яны ўпадаюць у правае перадсэрдзе. Ціск і скорасць руху крыві ў венах ніжэйшыя, а ёмістасць удвая большая, чым у артэрыях. Вялікая роля ў гемадынаміцы вянознай крыві належыць клапанам, якія ўяўляюць сабой складкі ўнутранай абалонкі вен. Сценкі вен складаюцца з трох слаёў: унутранага — з эпітэлію і злучальнай тканкі, сярэдняга — з гладкіх мышцаў, вонкавага — са злучальнай тканкі, у якой шмат эластычных валокнаў. Гл. таксама Крывяносная сістэма.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Веніус О. (ван Вен) 9/160

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

żylaki

мн.

1. жаўлакі;

2. мед. расшырэнне вен

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ГЕМАСПЕРМІ́Я (ад гема... + грэч. sperma семя),

з’яўленне крыві (эрытрацытаў) у сперме, якая пры гэтым набывае чырвоны або «ржавы» колер. Найчасцей кроў трапляе ў сперму з семявых пузыркоў або прастаты пры іх захворваннях, а таксама пры наяўнасці камянёў у прастаце, разрыве невял. варыкозных вен, папілом, семявага бугарка і інш. Гемаспермія не зніжае жыццяздольнасці сперматазоідаў, але сведчыць пра захворванне палавых органаў, што патрабуе лячэння.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНАПУ́НКЦЫЯ,

падскурнае ўвядзенне іголкі ў вену для выцягвання з яе крыві ці ўлівання ў яе лек. раствораў, крыві, кровазаменнікаў і інш. Выкарыстоўваюць паверхневыя вены локцевага згібу, кісці, перадплечча. Пры неабходнасці працяглай інфузійнай тэрапіі робяць пункцыйную катэтэрызацыю магістральных вен (сцягновых, падключычных і інш.). У дзяцей венапункцыю робяць у цэнтр. вены, у нованароджаных і грудных дзяцей — у вены галавы. Ускладненні: гематомы, флебіт і трамбоз вены, памылковая пункцыя і інш.

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ВІЧ Анатоль Андрэевіч (н. 10.3.1937, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1966 у Мінскай абл. клінічнай бальніцы (у 1970—97 заг. Рэсп. цэнтра сасудзістай хірургіі). Навук. працы па сасудзістай хірургіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Хирургическое лечение осложненного истинного варикоза нижних конечностей с коррекцией перфорантных вен (разам з І.​Б.​Аляшкевічам, М.​М.​Хомчанкам) // Заболевания сосудов нижних конечностей. Гродно, 1970.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

флебагра́фія

(ад гр. phleps, -ebos = жыла + -графія)

метад рэнтгенаграфічнага даследавання вен.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГА́БУЗАЎ Армен Мікалаевіч (н. 23.10.1906, г. Гянджа, Азербайджан),

бел. вучоны ў галіне нармальнай анатоміі. Д-р мед. н. (1961), праф. (1962). Скончыў Азербайджанскі мед. ін-т (1930). У 1959—81 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па агнястрэльных пашкоджаннях кісці, анатоміі кровазвароту мозга, узроставых зменах вен галаўнога мозга, мачавога пузыра і прастаты, тапографа-анатамічных асаблівасцях падкоркавых ядраў канцавога мозга.

Тв.:

Подкорковые ядра головного мозга и изменения артериальной системы их после повреждения коры мозга. Л., 1958.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАНІБО́РГ (Uraniborg),

абсерваторыя Ц.Браге. Пабудавана ў 1576 на в-ве Вен у праліве Эрэсун паблізу Капенгагена.

Будынак абсерваторыі меў выгляд замка-крэпасці і быў першым у Еўропе збудаваннем, спецыяльна прызначаным для астр. назіранняў. Абсерваторыя мела першакласныя для таго часу інструменты канструкцыі самога Браге, зробленыя ў майстэрнях У., сярод іх вял. насценны квадрант, пры дапамозе якога Браге вызначыў месцазнаходжанні зорак і планет з непераўзыдзенай для простага вока дакладнасцю. Пасля ад’езду Браге з Даніі ў 1597 У. занядбаны.

т. 16, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЯСТЫНІ́Т (ад позналац. mediastinum міжсценне),

запаленне органаў міжсцення (часткі грудной клеткі, дзе знаходзяцца сэрца, стрававод, трахея, буйныя крывяносныя сасуды) чалавека. Адрозніваюць М. першасны (узнікае ў выніку траўмы пры пранікальных раненнях міжсцення) і другасны (ускладненне запаленчых працэсаў грудной поласці, рота, шыі). Працякае ў вострай і хранічнай формах. Пры вострым М. павышаецца т-ра цела, назіраецца задышка, тахікардыя і інш., бываюць нерв.-псіхічныя парушэнні. Асн. прыкметы хранічнага М. — сцісканне вен, трахеі, стрававода, пульсуючыя болі за грудзінай і інш. Лячэнне хірург., тэрапеўтычнае.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)