Існаваў у 1617—1832 у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на. Засн. віцебскім кашталянам М.Вольскім і яго жонкай Барбарай. Кляштар валодаў фальваркам Вольгаўшчына з в. Марцінавічы (50 валок зямлі), 15 маргамі сенажаці і полем вакол кляштара (1,5 валокі). Сын Вольскага Казімір, дваранін каралеўскі, працягваў будаўніцтва і даў кляштару в. Кватары. Пры кляштары існавалі шпіталь, Ружанцавае брацтва, б-ка (у 1783 мела 1055 кніг). Пасля скасавання кляштара касцёл застаўся парафіяльным (гл.Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл), жылыя будынкі разабраны ў 1940-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫ́КУЛ (ад лац. articulus артыкул, раздзел),
1) невялікі (бывае і значны памерам) навуковы, публіцыстычны або літ.-крытычны твор у газеце, часопісе, зборніку, кнізе.
2) У праве — асобная самаст. частка нарматыўнага акта, у якой найчасцей змешчана адна юрыд. норма, адно абавязковае правіла. На Беларусі падзел нарматыўных актаў на паасобныя артыкулы практыкаваўся са старажытнасці, але тэрмін «артыкул» стаў ужывацца ва «Уставе на валокі» 1557, а потым і ў Статутах 1566 і 1588. З часам і асобныя законы пачалі называць артыкуламі.
3) У бухгалтарскім уліку і фін. планах — раздзел, які змяшчае назвы крыніц прыбытку і мэтавага прызначэння фінансавых затрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВО́РЫЦКАЯ СЛАБАДА́,
археалагічныя помнікі (селішча і курганны могільнік 10—11 ст.) каля в. Дворыцкая Слабада Мінскага р-на. На селішчы выяўлены рэшткі каля 100 жытлаў, знойдзена шмат прывазных рэчаў, вырабаў мясц. рамеснікаў, прадметы ўзбраення, кераміка з клеймамі «трызубец». Магчыма, селішча абслугоўвала валокі ці сухапутны адрэзак шляху ад р. Лошыца да гарадзішча на Менцы і прыйшло ў заняпад з пабудовай новага дзядзінца Мінска на сутоках Свіслачы і Нямігі. На курганным могільніку (21 насып), пераважна дрыгавічоў, пахавальны абрад трупапалажэнне. Сярод знаходак пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, пацеркі з металу, шкла і сердаліку, ганчарны посуд, драўлянае вядро з мёдам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШУ́К (Віктар Нічыпаравіч) (н. 16.9.1938, в.Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар.арт. Беларусі (1989). Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1960), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1967). З 1960 на кінастудыі «Беларусьфільм», працуе ў галіне дакумент. кіно. Для творчасці Д. характэрны арганічны сплаў лірыкі і публіцыстыкі. Стварыў цыклы публіцыстычных фільмаў (Дзярж. прэмія СССР 1985): «Хатынскі цыкл» (1975—78, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); «У вайны не жаночы твар» (1980—84, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу 1983). З інш. фільмаў: «Дом» (1970), «А зязюля кукавала...» (1972, біяграфічны пра Я.Купалу), «Развітанне» (1980), «Віцебская справа» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎНІК (польск. ławnik засядацель),
1) член магістрата ў гарадах Польшчы і ВКЛ, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права і інш.). Выбіраліся гар. абшчынай (грамадой), радай ці прызначаліся войтам з мяшчан гэтага горада. Разам з войтам складалі войтаўска-лаўніцкі суд, які разглядаў крымінальныя справы гараджан. Часам Л. былі і ў гарадах без права на самакіраванне.
2) Службовая асоба ў дзяржаўнай (велікакняжацкай) вёсцы ВКЛ, уведзеная паводле «Уставы на валокі» 1557 на польскі ўзор. Выбіраўся або прызначаўся з заможных сялян (па 2—3 у кожнай вёсцы), падпарадкоўваўся войту. Л. разглядалі дробныя справы, выконвалі паліцэйскія функцыі. У 16—18 ст. Л. былі і ў прыватнаўладальніцкіх вёсках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І«Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею» (АЗР), збор дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 14—17 ст., (т. 1—5. Спб., 1846—53). Складальнік і рэдактар І.І.Грыгаровіч (т. 1—4). Змешчана каля 2 тыс. дакументаў на бел. і ўкр. мовах, згрупаваных паводле храналагічна-тэматычнага прынцыпу, пераважаюць матэрыялы па паліт. і царк. гісторыі: судзебнік Казіміра IV 1468, велікакняжацкія прывілеі Полацкай і Віцебскай землям, прывілеі бел. гарадам на магдэбургскае права, даравальныя граматы (фундушы) царк. установам, «Устава на валокі» 1557, матэрыялы пра Лівонскую (Інфлянцкую) вайну 1558—83, Брэсцкую унію 1596, інтэрвенцыю Рэчы Паспалітай у Расію ў пач. 17 ст., казацкія войны ў 17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦА,
1) апрацаваная шкурка куніцы, якая ў ВКЛ да 16 ст. выкарыстоўвалася як сродак плацяжу; агульная назва грошай.
2) Адзін з пашыраных відаў аброку (чыншу) у 15—17 ст., які плацілі кунічнікі за ўзятую ў арэнду зямлю, пчальнікі, права карыстання вадаёмамі і інш. Называлася таксама кунічная плата, кунічныя пенязі. Плата ў велікакняжацкі скарб за карыстанне мясц. насельніцтвам паляўнічымі ўгоддзямі на У Беларусі наз. кунічная даніна. К. спаганялася ў натуральным выглядзе («шэрсцю»), а з 16 ст. пералічвалася на грошы, звычайна адпавядала 12 грошам.
3) Плата нявесты-сялянкі, якая выходзіла замуж у чужую воласць. Выплачвалася грашамі, збожжам, палатном і інш. 4) Малаўжывальная назва валокі ў 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЫ́ШЧА,
1) на Беларусі ў 14—16 ст. (пераважна на Піншчыне) гаспадарчая адзінка і аб’ект абкладання сялян феад. павіннасцямі. Першапачатковыя Д. мелі прыблізна аднолькавую колькасць зямлі, на якой размяшчалася адна сял. гаспадарка — дым. З павелічэннем колькасці насельніцтва і зямлі да 16 ст. яны ўжо не былі аднолькавыя (у сярэднім уключалі 2—4 дымы). Гаспадары асобных Д. часта былі родзічамі, трапляліся і чужыя людзі. Тэр. Д. звычайна мела сваю назву, была акрэслена пэўнымі межамі. Распаду Д. і ўзнікненню сял. гаспадарак у складзе адной сям’і садзейнічала «Устава на валокі» 1557.
2) У Стараж. Русі двор землеўладальніка — дом з гасп. пабудовамі. Д. называлі таксама сельскае паселішча, сяло, вёску. На Беларусі ёсць вёскі з назвамі Дворышча, Дварышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НШЧЫНА, адработачная рэнта,
разнастайная дармавая прымусовая праца феад.-залежных сялян з уласнымі прыладамі працы ў гаспадарцы феадала; форма зямельнай рэнты. Неабходнасць прымусу сялян да П. абумовіла ўзнікненне і развіццё прыгоннага права. У Зах. Еўропе П. пашырылася з 8—9 ст., з 12—13 ст. выцяснялася аброкам і да 14—16 ст. знікла. У краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы асабліва пашырылася і стала асновай прадпрымальніцкай дваранскай гаспадаркі ў 16—17 ст. Паступова скасоўвалася тут з 2-й пал. 18 ст. На стараж.рус. землях П. складвалася з часоў Кіеўскай Русі. У Еўрап. Расіі яна значна пашырылася ў 15—16 ст., у 17—1-й пал. 18 ст. разам з натуральным аброкам была асн. формай феад. эксплуатацыі прыгонных сялян, з 2-й пал. 18 ст. пераважала сярод іх павіннасцей ў паўд. чарназёмных губернях Расіі, у Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне. Працягласць П. юрыдычна не была абмежавана і дасягала 4—6 дзён у тыдзень. Указ Паўла I ад 1797 толькі рэкамендаваў памешчыкам скараціць яе да 3 дзён. Пасля адмены ў Расіі прыгоннага права (1861) П. фактычна захавалася пад назвай «здольшчыннай павіннасці» часоваабавязаных сялян да 1882, калі была юрыдычна скасавана, у форме адработак існавала да 1917.
На Беларусі вядома з 14 ст. з канчатковым усталяваннем феад. уласнасці на зямлю. Па шырылася ў 15—16 ст., калі склалася фальварковая сістэма (гл.Фальварак), якая прывяла да масавага запрыгоньвання сялян. Паводле «Уставы на валокі» 1557 (гл. таксама Валочная памера) за карыстанне валокай зямлі цяглыя сяляне павінны былі працаваць на П. 2 дні ў тыдзень, выконваць інш.феад. павіннасці (талокі, згоны); агароднікі за надзел абавязаны былі працаваць на П. 1 дзень у тыдзень. У 18 ст. П. складала 4—7 рабочых дзён у тыдзень з 0,5 цяглай валокі. На Беларусі пад уплывам паўстання 1863—64 скасавана ў 1864.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКІ СВЯ́ТА-ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў з 16 ст. да 1824 у г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча). Засн. на Крамчэўскай гары пры царкве св. Тройцы, вядомай з 1494. У 1563 кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст даў манахам 2 валокі ворыўнай зямлі, 8 маргоў агародаў, дзесяціну з в. Сяневічы і Хралавічы, дазволіў штогадовы кірмаш на Сёмуху каля Крамчэўскай гары. Апекавала манастыр навакольная правасл. шляхта. Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр неаднаразова зачыняўся мясц. ўладамі, былі спробы перавесці яго на уніяцтва. У 1659 зноў адчынены. Правасл. статус манастыра і ўсе яго ранейшыя прывілеі пацверджаны каралямі Янам Казімірам (1661), Янам III Сабескім (1695) і Аўгустам II (1698). У 1769 разрабаваны войскамі Барскай канфедэрацыі, адноўлены на сродкі Кіеўскай мітраполіі. У 1824 закрыты.