ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ ў мовазнаўстве,

узаемадзеянне моўных сістэм ва ўмовах двухмоўя (шматмоўя). Выяўляецца ў выкарыстанні элементаў адной мовы пры маўленні на другой і прыводзіць да парушэння літ. норм суіснуючых моў у працэсе маўлення. Узровень І. залежыць ад ступені валодання мовамі білінгвам, ад умення адрозніваць факты розных моў. На Беларусі І. — з’ява пашыраная, узаеманакіраваная і закранае ўсе ўзроўні бел. і рус. моў: фанетыку, акцэнтуацыю, марфалогію, лексіку, сінтаксіс. Блізкароднасны характар бел. і рус. моў, масавасць двухмоўя абумоўліваюць шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні на той ці інш. мове, якія, аднак, мала ўплываюць на працэс разумення выказванняў. У сітуацыі бел.-рус. двухмоўя праблема І. набывае характар культуры бел. і рус. моў.

А.​А.​Лукашанец.

т. 7, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

tenancy [ˈtenənsi] n.

1. вало́данне, улада́нне (нерухомай маёмасцю);

a tenancy in common суме́снае вало́данне

2. вало́данне на права́х арэ́нды;

the tenancy of land вало́данне зямлёю;

hold a life tenancy of smth. мець пажыццёвае пра́ва вало́дання чым-н.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

капіго́льд

(англ. copyhold, ад сору = копія + hold = валоданне)

асноўная форма феадальна-залежнага сялянскага валодання ў Англіі ў 15—17 ст., на права якога селяніну выдавалі копію з судовага пратакола.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАНКІ́РСКІ ДОМ,

прыватнае банкаўскае прадпрыемства асобнага банкіра ці групы банкіраў (партнёраў), аб’яднаных у т-ва з неабмежаванай адказнасцю. Узніклі ў 14 ст. ў Італіі як прадпрыемствы ліхвярскага капіталу. Пры капіталізме на аснове спалучэння гандл. і банкаўскіх аперацый сталі першай арганізацыйнай формай банкаўскага крэдыту. Пазней банкірскія дамы фактычна ператварыліся ў банкі, хоць і захавалі ранейшую назву. У працэсе канцэнтрацыі банкаў колькасць іх зменшылася: у свеце захавалася каля 200 банкірскіх дамоў, з іх самыя вядомыя ў ЗША, Вялікабрытаніі і Германіі. Некаторыя банкірскія дамы сталі цэнтрамі фінансава-манапал. груп, звязаны з многімі акц. прадпрыемствамі, кампаніямі і банкамі праз сістэму ўдзелу і валодання кантрольным пакетам акцый. На Беларусі з’явіліся ў канцы 19 ст., але пашырэння не атрымалі.

В.​Ф.​Дашкевіч.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэч, -ы, мн. -ы, -аў, ж.

1. Асобны прадмет, выраб.

Антыкварная р.

2. Тое, што належыць да асабістай рухомай маёмасці.

Чамадан з рэчамі.

Цёплыя рэчы.

3. Пра творы навукі, мастацтва.

Ён напісаў цудоўную р.

Слабая р.

4. Нешта, нейкая з’ява, абставіны.

Складаная р. жыццё.

Дзіўная р.! (вокліч, які паказвае на моцнае ўражанне). Называць рэчы сваімі імёнамі (гаварыць прама, не хаваючы ісціны).

|| прым. рэ́чавы, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Р. мяшок.

Р. доказ.

Рэчавае права (маёмаснае права валодання рэчамі). Рэчавая хвароба (цяга да набывання рэчаў у 2 знач.; набывальніцтва, рэчавізм).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

МІ́РНАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

асобы, якія знаходзяцца на тэрыторыі ваюючай дзяржавы і не належаць да яе камбатантаў. Прававое становішча М.н. рэгулюецца 4-й Гаагскай канвенцыяй 1907, 4-й Жэнеўскай канвенцыяй 1949, Дадатковымі пратаколамі 1 і 2 да Жэнеўскіх канвенцый 1949. Паводле гэтых актаў бакі, якія ваююць, абавязваюцца захоўваць адзін з асн. прынцыпаў права ў дачыненні да вайны: забарону весці вайну супраць грамадз. насельніцтва.

Асобы, што належаць да М.н., маюць права на гуманныя адносіны без дыскрымінацыі паводле расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, веравызнання або інш. перакананняў, нац. або сац. паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння або валодання інш. статуса ці інш. неспрыяльнай прыкметы. Забараняецца напад узбр. сіл дзяржаў, што ваююць, непасрэдна на М.н., выкарыстанне імі зброі невыбіральнага характару, вынікам чаго з’яўляецца гібель М.н., напад на яго або асобных цывільных асоб у парадку рэпрэсалій. Недатыкальнымі з’яўляюцца таксама сродкі выжывання М.н.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. privatus прыватны),

набыццё фізічнымі і юрыдычнымі асобамі права ўласнасці на аб’екты, якія належаць дзяржаве. На Беларусі ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы і продажу. У выніку П. дзяржава поўнасцю або часткова страчвае права валодання, карыстання і распараджэння гэтай уласнасцю, а дзярж. органы — непасрэднага кіравання ёю. Аб’ектамі П. з’яўляюцца: жыллё, прадпрыемствы і іх падраздзяленні, абсталяванне, будынкі і збудаванні, патэнты, паі, акцыі, ліцэнзіі, інш. матэрыяльныя і нематэрыяльныя актывы, долі дзяржавы і адм.-тэр. утварэнняў у капітале акц. т-ваў і інш. аб’яднанняў і прадпрыемстваў. Суб’ектамі П. могуць быць: грамадзяне краіны, юрыд. асобы, прац. калектывы, замежныя інвестары і асобы без грамадзянства. П. рэгулюецца Законам «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 19.1.1993 і інш. заканадаўствам. Прававыя асновы П. накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця эфектыўнай сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, забеспячэння рэальнай разнастайнасці форм уласнасці і ажыццяўлення дзярж. антыманапольнай палітыкі. Гл. таксама Дэнацыяналізацыя.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў чэрв. 1968 з групы лялечнікаў, якая існавала пры Брэсцкім абл. драм. т-ры з 1963. Адкрыўся спектаклем «Салдат Даніла» («Птушынае малако») Е.​Тудароўскай і В.​Мятальнікава. Гал. рэжысёры А.​Сярогін, А.​Шкілёнак, В.​Казлова, С.​Юркевіч, А.​Жугжда (з 1990). У пастаноўках выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм, прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане, яны выступаюць у масках і без масак.

У рэпертуары т-ра: «Прыгоды трох парасят» і «Крок у бессмяротнасць» Н.​Мацяш, «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Хлопчык з легенды» паводле Г.​Васілеўскай, «Прывід старога млына» В.​Навацкага і Ю.​Фрыдмана, «Па шчупаковай волі» Л.​Тарахоўскай, «Блакітнае шчаня» У.​Гюлы, «Чыпаліна» паводле Дж.​Радары, «Дзень нараджэння ката Леапольда» А.​Хайта, «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан, «...Забыць Герастрата!» Р.​Горына, «Крэслы» Э.​Іанеска, «Што здарылася ў заапарку» Э.​Олбі і інш.

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Брэсцкі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан.

т. 3, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў Гомелі ў 1968 з групы лялечнікаў, якая з 1963 працавала пры Гомельскім абл. драм. т-ры. Адкрыўся спектаклем «Снягурчына школа» Г.​Ландаў. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Каб не змаўкаў жаваранак» і «Чортаў скарб» А.​Вольскага, «Свецяць зорачкі калядныя» (інсцэніроўка У.​Матроса), «Кветка папараці» Г.​Каржанеўскай, «Казка пра храбрага салдата» Я.​Шварца, «Казка пра цара Салтана» паводле А.​Пушкіна, «Чалавек з хвастом» Р.​Остэра, «Бука» М.​Супоніна, «Запалка-невялічка» Г.​Сцяфанава, «Халоднае сэрца» Ю.​Каранца, «Здарэнне ў лялечным тэатры» А.​Барысавай, «Алі-баба і разбойнікі» У.​Маслава, «Калабок» Я.​Патрыка, «Я — кураня, ты — кураня» Г.​Усач і Я.​Чапавецкага, «Аперацыя — ліквідацыя» М.​Азава і В.​Міхайлоўскага, «Мой тата — воўк» У.​Арлова і інш. Гал. рэжысёры: В.​Чарняеў (1968—85), У.​Матрос (з 1986), гал. мастакі: А.​Чабатароў (1968—78), Н.​Баяндзіна (з 1980).

Гомельскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Я — кураня, ты — кураня» Г.​Усач і Я.​Чапавецкага.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА ЎЛА́СНАСЦІ,

сукупнасць прававых норм, якія замацоўваюць прыналежнасць маёмасці пэўным асобам, устанаўліваюць аб’ём і змест правоў уласніка, спосабы і межы іх ажыццяўлення, а таксама гарантуюць ахову і абарону правоў і інтарэсаў уласніка. Побач з паняццем П.ў. як сукупнасці юрыд. норм (П.ў. ў аб’ектыўным сэнсе) існуе паняцце П.ў. ў суб’ектыўным сэнсе як устаноўленая заканадаўствам мера дазволеных паводзін уласніка па валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю. Уласнік правамоцны ажыццяўляць у адносінах маёмасці, што яму належыць, любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, грамадскай карысці і бяспецы, не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю, гіст.-культ. каштоўнасцям і не ўшчамляюць правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў інш. асоб. Ён мае права адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць інш. асоб, перадаваць ім права валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, застаючыся ўласнікам, аддаваць маёмасць у залог, распараджацца ім іншым чынам. Уласнік нясе цяжар утрымання маёмасці, што яму належыць, і рызыкі выпадковай яе гібелі або псавання, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам. Змест правамоцтваў уласніка вызначаецца цывільным, канстытуцыйным, зямельным, фінансавым і інш. галінамі права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь замацоўвае 2 формы ўласнасці: дзярж. і прыватную. Суб’ектамі права дзярж. уласнасці выступае Рэспубліка Беларусь (рэсп. ўласнасць) і адм.-тэр. адзінкі (камунальная ўласнасць). Законам вызначаюцца віды маёмасці, якая можа знаходзіцца толькі ў дзярж. уласнасці. Суб’ектамі права прыватнай уласнасці з’яўляюцца фіз. і недзярж. юрыд. асобы. Правы ўсіх уласнікаў абараняюцца аднолькава. Дзяржава гарантуе стабільнасць адносін уласнасці.

І.​П.​Кузьміч.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)