ГРЫГАРЫ́ШЫН (Іван Лявонцьевіч) (н. 25.8.1931, с. Грынчук Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне электроннай оптыкі і мікраэлектронікі. Д-ртэхн.н. (1988). Скончыў Чарнавіцкі дзярж.ун-т (1955). З 1961 у Ін-це электронікі АН Беларусі. Навук. працы па мадэляванні і разліку электронна-аптычных сістэм, вакуумнай мікраэлектроніцы. Распрацаваў вакуумныя інтэгральныя мікрасхемы для звышжорсткіх умоў эксплуатацыі, тэхнал. працэсы стварэння магн. галовак запісу і счытвання інфармацыі.
Тв.:
Моделирование электронно-оптических систем на сетках сопротивлений. Мн., 1974 (разам з С.Л.Мельнікавым, І.І.Беланучкінай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ТЭ́ХНІКА,
апаратура, прызначаная для стварэння, падтрымання, выкарыстання і вымярэння вакууму. Да вакуумнай тэхнікі адносяцца металічныя (часам шкляныя) вакуумныя ўстаноўкі (рабочыя камеры) з вакуумнымі помпамі; вакуумная арматура (клапаны, вентылі, краны, засаўкі, нацякальнікі і інш.); сродкі вымярэння ціску (вакуумметры), цечашукальнікі (заснаваныя на выяўленні пробных рэчываў).
Устаноўкі абсталёўваюць таксама вакуумнымі пячамі, вакуумфільтрамі, электрычнымі, электроннымі і інш. прыладамі. Вял. значэнне ў вакуумнай тэхніцы маюць вакуумна-шчыльныя злучэнні (раздымныя, паяныя, зварныя). Вакуумная тэхніка шырока выкарыстоўваецца ў электроніцы (напр., вакуумная напыляльная тэхніка), фізіцы цвёрдага цела і плазмы, ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, металургіі (гл.Вакуумная металургія), розных тэхнал. працэсах (пры вакуумаванні бетону, сталі і матэрыялаў, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, нанясенні на вырабы вакуумных пакрыццяў, зварцы і пайцы металаў, сушцы метадам сублімацыі тэрмаадчувальных рэчываў, атрыманні звышчыстых матэрыялаў і інш.). У вял. вакуумных камерах імітуюць умовы касм. прасторы.
Літ.:
Розанов Л.Н. Вакуумная техника. М., 1982;
Кузьмин В.В., Левина Л.Е., Творогов И.В. Вакуумметрическая аппаратура техники высокого вакуума и течеискания. М., 1984.
У.М.Сацута.
Да арт. Вакуумная тэхніка. Вакуумныя помпы: а — эжэктарная (струменная); б — крыягенная з аўтаномным халадзільным прыстасаваннем.Да арт. Вакуумная тэхніка. Электронны іанізацыйны вакуумметр: 1 — калектар; 2 — анод; 3 — катод.Да арт. Вакуумная тэхніка. Вакуумна-шчыльныя злучэнні: а — раздымныя з эластычнай пракладкай (1 — пракладка, 2 — фланцы); б — паяныя (1, 3 — злучальныя дэталі; 2 — прыпой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
рэ́ній
(р.-лац. rhenium, ад ням. Rein = назва ракі)
хімічны элемент, серабрыста-белы тугаплаўкі метал, падобны на плаціну; выкарыстоўваецца ў сплавах, вакуумнай тэхніцы, як каталізатар і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БА́РЫЙ (лац. Barium),
Ba, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, шчолачназямельны метал, ат. н. 56, ат. м. 137,33. Прыродны барый складаецца з 7 стабільных ізатопаў. Адкрыты ў 1774 як аксід барыю швед. хімікам К.Шэеле. Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 727 °C, шчыльн. 3,78∙103кг/м³. Хімічна вельмі актыўны; на паветры акісляецца, з к-тамі ўтварае солі, пры награванні загараецца. У зямной кары змяшчаецца 5∙10−2% па масе, існуе як мінерал барыт (асн. крыніца атрымання барыю і яго злучэнняў), вітэрыт і інш. Выкарыстоўваецца ў вакуумнай тэхніцы як паглынальнік, прысадка для антыфрыкцыйных сплаваў, чорных і каляровых металаў; у друкарскіх і падшыпнікавых сплавах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЎШ,
1) пасудзіна лодкападобнай формы для піцця, найчасцей выдзеўбаная з дрэва. Шырока выкарыстоўвалася да 20 ст. 2) Стальная або чыгунная пасудзіна для кароткачасовага захоўвання, транспартавання і разліўкі расплаўленых металаў, шлакаў і штэйнаў. Унутры звычайна пакрываецца вогнетрывалым матэрыялам. Бываюць ручныя (да 60 кг), перасоўныя па манарэйцы (да 120 кг), маставымі кранамі і чыг. цялежкамі (да 500 т). Вакуум-К. з дапамогай вакуумнай помпы выцягвае расплаўлены метал (алюміній, магній і інш.) з ваннаў.
3) Рабочы орган землярыйных і пад’ёмна-трансп. машын (экскаватараў, драг, грэйфераў, землечарпальных снарадаў, норый, пагрузчыкаў, элеватараў).
Коўш: а — сталеразлівачны; б — экскаватарны (1 — каўшовы цыліндр, 2 — плячо маніпулятара, 3 — корпус каўша).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГАВА́Я ПЕЧ,
прамысловая электрычная печ, у якой плавяць металы і інш. матэрыялы цяплом электрычнай дугі. Бываюць прамога дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі і металам, што награваецца), ускоснага (непрамога) дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі на пэўнай адлегласці ад матэрыялу) і з закрытай дугой (яна гарыць пад слоем цвёрдай шыхты, куды ўстаўлены электроды).
Найб. пашыраны Д.п. прамога дзеяння для выплаўкі сталі (ёмістасць да 400 т) і печы з закрытай дугой для выплаўкі каляровых сплаваў, ферасплаваў, электракарунду і інш. Ёсць таксама вакуумныя Д.п. з расходавальным электродам (яго робяць з металу, які пераплаўляецца) і з нерасходвальным (з вальфраму або графіту). Такія печы выкарыстоўваюцца для вакуумна-дугавога пераплаву металаў і сплаваў. Нагрэў і плаўленне металаў плазменнай дугой ажыццяўляецца ў плазменна-дугавых печах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
кампазіты, матэрыялы, якія мэтанакіравана ўтвораны з некалькіх кампанентаў і маюць уласцівасці, што перасягаюць уласцівасці кампанентаў, узятых паасобку. У агульным выпадку складаюцца з матрыцы (з металаў, палімераў, вугляродных і керамічных матэрыялаў) і арміруючай фазы (больш трывалай, чым матрыца).
У К.м. выкарыстоўваюцца толькі лепшыя якасці кампанентаў. таму пры стварэнні кампазіцыі падбіраюць кампаненты з рэзка адметнымі і дапаўняльнымі ўласцівасцямі. У палімерных К.м. арміруючай фазай з’яўляюцца вугляродныя, баваўняныя, поліэфірныя валокны, вугле- і шклотканіна. У метал. кампазіцыях спалучаецца пластычная матрыца з высокамодульнымі стальнымі, борнымі, графітавымі валокнамі, гарачаўстойлівая матрыца з гарачатрывалымі валокнамі. К.м. з метал. матрыцай падзяляюцца на біметалы, дысперснаўмацаваныя, валакністыя і эўтэктычныя матэрыялы. Атрымліваюць К.м. метадамі парашковай металургіі, вакуумнай пракаткай ці насычэннем порыстых каркасаў расплаўленымі металамі, выбухам, ліццём пад ціскам, электралітычным асаджэннем, накіраванай крышталізацыяй сплаваў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.м. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це і Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН, НДІ парашковай металургіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІФО́ЛЬ,
цвёрды прадукт, што застаецца пасля адгонкі шкіпінару са смольных рэчываў драўніны хваёвых парод.
Крохкая, шклопадобная, празрыстая смала светла-жоўтага (часам цёмна-рудога) колеру. Размякчаецца пры т-ры 40—75 °C, tпл 100-140 °C, шчыльн. 1070—1090 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне, бензоле. Мае 60—92% смаляных кіслот агульнай ф-лы C19H29COOH, 0,5—12% аліфатычных кіслот, 8—20% нейтральных рэчываў (сескві-, ды- і трытэрпеноіды). Атрымліваюць адгонкай з парай з жывіцы хвоі звычайнай (К. жывічная, якая мае найлепшыя спажывецкія ўласцівасці), са здробненай драўніны прасмоленых хваёвых пнёў экстракцыяй бензінам (К. экстракцыйная), вакуумнай рэктыфікацыяй талавага масла (К. талавая). Выкарыстоўваюць К. і яе вытворныя для праклейвання паперы і кардону, у вытв-сці лакаў і фарбаў, пластмас, у якасці флюсу пры паянні металаў; каніфольнае мыла (звычайна натрыевыя солі К.) як эмульгатар у вытв-сці сінт. каўчуку, латэксаў, як кампанент клеявых кампазіцый; солі кальцыю, алюмінію і некат. інш. металаў як сікатывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФРА́МАВЫЯ СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове вальфраму. Асн. ўласцівасці вальфрамавых сплаваў — высокія т-ры плаўлення і рэкрышталізацыі, гарачатрываласць. У якасці дадаткаў выкарыстоўваюць металы (малібдэн Mo, рэній Re, медзь Cu, нікель Ni, серабро Ag), аксіды торыю, крэмнію, карбіды танталу, цырконію і інш. злучэнні, якія паляпшаюць пластычнасць, тэхнал. і фіз. ўласцівасці чыстага вальфраму.
Атрымліваюць вальфрамавыя сплавы вакуумнай (дугавой ці электронна-прамянёвай) плаўкай, метадамі парашковай металургіі. Выкарыстоўваюцца ў авіябудаванні і касм. тэхніцы сплавы з Mo (15%), для вытв-сці тэрмапар да 2000 °C сплавы з Re (20 і 5%), зносаўстойлівых кантактаў, электродаў для кантактнай зваркі сплавы з Cu ці Ag (12—30%), як экраны для аховы ў радыетэрапіі сплавы з Ni (3—7%) і Cu (2—5%). Сплавы, легіраваныя аксідамі, выкарыстоўваюцца як матэрыялы катодаў для электронных і электратэхн. прылад і ніцяў лямпаў напальвання. Да вальфрамавых сплаваў адносяць таксама сплавы на аснове інш. металаў (напр., жалеза Fe), якія маюць вальфрам. На аснове Fe атрымліваюць феравальфрам (70—72% W і 1,5—6% Мо) для легіравання вальфрамавых сталяў: канструкцыйнай (да 0,6% W), гарачатрывалай, інструментальнай (да 18% W).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭТАТРО́Н,
цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту электронаў.
Утрыманне электронаў на раўнаважнай кругавой арбіце ажыццяўляецца кіравальным магн. полем. Пастаянства радыуса раўнаважнай арбіты забяспечваецца падборам формы полюсных наканечнікаў электрамагніта, паміж якімі знаходзіцца тараідальная вакуумная камера, сувосевая з індуцыруючым патокам. Электроны перыядычна інжэкціруюцца ў камеру па датычнай да раўнаважнай арбіты ў адпаведны момант часу. Паскарэнне электронаў адбываецца ў час росту магн. поля. У канцы цыкла паскарэння з дапамогай спец. зрушвальнай абмоткі пучок электронаў адхіляецца ад раўнаважнай арбіты і накіроўваецца на мішэнь, якая знаходзіцца ўнутры камеры воддаль ад раўнаважнай арбіты. Бэтатрон адрозніваецца малымі памерамі крыніцы выпрамянення, магчымасцю плаўнай рэгуліроўкі энергіі. Бэтатрон выкарыстоўваецца для радыяцыйнай дэфектаскапіі матэрыялаў і вырабаў, у ядзерных даследаваннях, у медыцыне (прамянёвая тэрапія).
Літ.:
Арцимович Л.А., Лукьянов С.Ю. Движение заряженных частиц в электрических и магнитных полях. 2 изд. М., 1978.