ПАРАБІЯСФЕ́РА (ад пара... + біясфера),

слаі атмасферы паміж 6—7-м і 60—80-м км над паверхняй Зямлі, куды жывыя арганізмы трапляюць выпадкова і могуць часова існаваць, але не ў стане нармальна жыць і размнажацца; верхні аналаг гіпабіясферы. Да П. адносяць таксама населеныя касм. апараты, якія знаходзяцца на арбітах над Зямлёй.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

біясферало́гія

(ад біясфера + -логія)

навука пра ўзнікненне, эвалюцыю, структуру і механізмы функцыянавання біясферы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гідрабіясфе́ра

(ад гідра- + біясфера)

частка біясферы ў межах гідрасферы, якую насяляюць водныя арганізмы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛІТАБІЯСФЕ́РА (ад літа... + біясфера),

частка біясферы, якая займае верхнія слаі зямной кары (кару выветрывання).

Звычайна да 8—10 м (максімальна да 6 км у вадзе нафтаносных слаёў). Асн. маса арганізмаў у Л. сканцэнтравана ў слоі глебы да глыбіні каля 1 м. Паняцце «Л.» можа разглядацца таксама як вобласць пашырэння жывых арганізмаў па трэшчынах, падземных вадаёмах або як вобласць біягенных асадкавых парод («былых біясфер» паводле У.І.Вярнадскага).

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕНАСФЕ́РА (ад бія... + грэч. genos нараджэнне + сфера),

прыродны комплекс, які ўзнік у слоі ўзаемадзеяння і ўзаемапранікнення атмасферы, гідрасферы, літасферы. Сфарміраваўся пад уздзеяннем сонечнай энергіі і арган. жыцця. У біягенасферу ўключаюць 10—12 км тоўшчы атмасферы (над узроўнем акіяна), усю гідрасферу і 4—5 км слоя літасферы, агульная тоўшча біягенасферы да 30 км. Біягенасфера ўключае і ненаселеныя прасторы планеты (напр., ледавіковыя шчыты Антарктыды і Грэнландыі). Біягенасферу вывучае фіз. і эканам. геаграфія. Гл. таксама Біясфера.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

парабіясфе́ра

(ад пара- + біясфера)

слой літасферы глыбінёй да 5 км, у які жывыя арганізмы трапляюць выпадкова і існуюць часова.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МІЖНАРО́ДНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАГРА́МА (МБП; International Biological Program),

комплекс даследаванняў біял. прадукцыйнасці экалагічных сістэм, праблем аховы прыроды, адаптацыі чалавека да розных умоў жыцця і інш. Праведзена ў 1964—72 паводле зацверджаных Ген. асамблеяй МБП асн. кірункаў даследаванняў: прадукцыйнасць наземных, прэснаводных і марскіх згуртаванняў, прадукц. працэсы, выкарыстанне і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, адаптацыя чалавека, ахова ўнутр. вадаёмаў, ахова і вывучэнне балот і тарфянікаў. У МБП удзельнічалі вучоныя больш як 100 краін, у т. л. Беларусі (ін-ты Аддзялення біял. навук Нац. АН Беларусі, БДУ і інш.), якія правялі даследаванні па біяцэналогіі, экалагічнай энергетыцы, ахове прыроды і інш. Пераемніца МБП — праграма «Чалавек і біясфера».

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ МАНІТО́РЫНГ,

міжнародная сістэма сачэння за шырокамаштабнымі, у т. л. агульнапланетарнымі, працэсамі і з’явамі ў біясферы, уключаючы антрапагенныя ўздзеянні на прыроду і іх вынікі, якая ствараецца і развіваецца на базе міжнар. пагадненняў і праграм навук. даследаванняў. Складае арганізац. аснову глабальнага, а таксама базавага, біясфернага і рэгіянальнага маніторынгу (гл. адпаведныя арт.). Агульную ч. глабальнага маніторынгу ажыццяўляе Сусв. метэаралагічная арг-цыя, галіновыя раздзелы — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Міжнар. саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Сусв. арг-цыя аховы здароўя, ЮНЕСКА (праграмы «Чалавек і біясфера», «ЮНЕСКА—Чарнобыль»), Міжнар. арг-цыя па пытаннях сельскай гаспадаркі і харчавання, міжнар. служба назіранняў за станам Сусв. акіяна і інш. Намаганні па стварэнні сістэмы М.м. каардынуе Міжнародная Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ І ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ (МСАП; International Union for Conservation of Nature and Natural Resources). Засн. ў 1948. Уключае больш за 500 устаноў з 130 дзяржаў і 24 міжнар. арг-цыі. Задачы МСАП: наладжванне міжнар. кантролю за станам аб’ектаў прыроды і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, улік і ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (Міжнар. Чырв. кніга), каардынацыя міжнар. супрацоўніцтва па ахове прыроды. Супрацоўнічае з ЮНЕСКА (праграма «Чалавек і біясфера»), Сусв. фондам аховы дзікай прыроды і інш. Вышэйшы орган МСАПГен. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады. Штаб-кватэра ў Швейцарыі (г. Моржэ). МСАП прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні 1-га Міжнар. кангрэса па біясферных запаведніках у Мінску (1983).

М.​М.​Пікулік.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апабіясфе́ра

(ад апа- + біясфера)

высокія слаі атмасферы (вышэй за 60—80 км), да якіх не падымаюцца жывыя арганізмы, а біягенныя рэчывы трапляюць у нязначнай колькасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)