ГЕРЭФО́РДСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Англіі (графства Херэфардшыр) ад мясц. жывёлы з выкарыстаннем блізкароднаснага спароўвання і працяглага адбору. Займае першае месца ў свеце па колькасці пагалоўя сярод мясных парод. Гадуюць у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, краінах СНГ і інш.: на Беларусі — у племсаўгасе «Беняконскі» Воранаўскага р-на.

Жывёла мае моцную канстытуцыю, гарманічны склад цела, добра вызначаныя мясныя формы. Масць чырвоная розных адценняў, галава, карак, падгрудак, ніжняя частка ног і хваста белая. Жывая маса нованароджаных бычкоў 32—34 кг, цялушак 28—32, дарослых быкоў 850—1000, кароў 500—600 кг. Мяса сакаўное, далікатэснае, мармуровае. Малочнасць кароў 1200—1600 кг, тлустасць малака 3,9—4%.

Карова герэфордскай пароды.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧКІ́ (Jobiidae),

сямейства рыб атр. акунепадобных. Больш за 200 родаў, каля 600 відаў пераважна ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў. Донныя, прыбярэжна-марскія, саленаватаводныя і прэснаводныя рыбы. Найб. вядомыя бычкі: каліфарнійскі сінепалосы, кругляк, бланкет, каспійская пугалаўка, мартавік, японскі дзявочы, травянік і інш. На Беларусі 1 від — бычок-пясочнік.

Даўж. 7,5 мм — 90 см. Брушныя плаўнікі зрослыя, утвараюць круглы прысосак, што дазваляе рыбам утрымлівацца пры моцных рухах вады. Нерастуюць вясной, ікру адкладваюць у гнёзды, якія падрыхтоўваюць самцы. Большасць бычкоў кормяцца доннымі беспазваночнымі, ёсць драпежныя і планктонаедныя віды. Некат. бычкі (кругляк, пясочнік, шырман і інш.) маюць прамысл. значэнне.

Бычкі: 1 — каліфарнійскі сінепалосы; 2 — кругляк (а — самка, б — самец); 3 — бланкет; 4 — каспійская пугалаўка; 5 — мартавік; 6 — травянік; 7 — японскі дзявочы.

т. 3, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙРШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Малочнага кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі ў графстве Эр (Ayr, Ayrshire) скрыжаваннем мясцовай жывёлы з шартгорнскай, джэрсейскай, гернзейскай і галандскай пародамі. Гадуюць у Расіі, ЗША, Канадзе, Фінляндыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Выкарыстоўваюць для скрыжавання з мясц. жывёлай, каб павысіць тлушчамалочнасць.

Жывёла нізкарослая, мае моцны і лёгкі касцяк, добра развітае вымя. Масць чырвона-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 28—30 кг, ва ўзросце 12 месяцаў 240—260 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 700—800 кг. Надой кароў за лактацыю 4200—5200 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,9—4,4%, рэкордны надой — больш за 10 тыс. кг. Сутачныя прыросты бычкоў на адкорме 750—800 г, забойны выхад дарослых жывёл 52—54%.

М.​П.​Грынь.

Карова айршырскай пароды.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАХАДНЫ́Я РЫ́БЫ,

група рыб, якія робяць нераставыя міграцыі з мораў у рэкі (анадромныя міграцыі, характэрныя для асятровых, ласосевых ласасёвых, селядцовых, некат. карпавых і інш.) або з рэк у мора (катадромныя міграцыі, характэрныя для некат. бычкоў, рачных вугроў, трапічных відаў самоў). Сярод анадромных мігрантаў адрозніваюць азімыя расы (уваходзяць у рэкі з восені, падымаюцца ў вярхоўі, нерастуюць пасля зімоўкі) і яравыя (уваходзяць у рэкі вясной ці летам, падымаюцца значна ніжэй азімых рас, нерастуюць у тым жа годзе). На Беларусі ў сувязі з пабудовай на рэках плацін П.р. прыродным шляхам у вадаёмы не трапляюць.

Звычайна П.р. здольныя прыстасоўвацца ў шырокіх межах да ваганняў салёнасці вады. У час міграцыі большасць П.р. не корміцца. Перад міграцыяй яны назапашваюць рэзервовыя рэчывы (звычайна тлушч) у сувязі з вял. затратамі энергіі пры пераадольванні перашкод ( быстрыя цячэнні, парогі, вадаспады і інш.). Пасля нерасту пераважная колькасць гіне (ад знясілення і інш.). Многія віды П.р. — аб’екты промыслу і развядзення.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС (АПК),

сукупнасць галін нар. гаспадаркі, якія забяспечваюць вытв-сць прадуктаў харчавання і прамысл. вырабаў з с.-г. сыравіны, а. таксама рэалізацыю іх спажыўцам. Уключае: галіны, якія забяспечваюць АПК сродкамі вытв-сці (харч. прам-сць, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, рамонт тэхнікі, вытв-сць мінер. угнаенняў і хім. сродкаў аховы раслін, здабычу торфу для сельскай гаспадаркі, мікрабіялагічную прам-сць і капітальнае буд-ва); сельскую гаспадарку (у т. л. асабістую дапаможную гаспадарку насельніцтва) і лясную гаспадарку, галіны, што даводзяць с.-г. прадукцыю да спажыўца (нарыхтоўка, перапрацоўка, захаванне, транспарціроўка, рэалізацыя). У аграпрамысловай вытв-сці вылучаюць: вытв-сць сродкаў вытв-сці для ўсёй сістэмы АПК; с.-г. вытв-сць; вытв-сць прадуктаў харчавання і прамысл. вырабаў з с.-г. сыравіны; рэалізацыю канчатковай прадукцыі; вытв.-тэхн. і тэхнал. абслугоўванне ўсіх стадый аднаўленчага цыкла. Да АПК адносяць таксама с.-г. навуку і сістэму падрыхтоўкі кадраў для ўсіх сфераў. На долю галін, якія ўваходзяць у АПК Рэспублікі Беларусь, прыпадае больш за 40% валавога грамадскага прадукту, каля 45% асн. вытв. фондаў і 36% колькасці працоўных усёй нар. гаспадаркі (1992). Асноўнае звяно АПК — сельская гаспадарка, у якой сканцэнтравана больш за 70% асн. вытв. фондаў АПК, каля 70% працаўнікоў і вырабляецца больш за 45% валавой прадукцыі (1992).

М.​А.​Бычкоў, У.​Р.​Гусакоў.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАПРАМЫСЛО́ВАЯ ІНТЭГРА́ЦЫЯ,

форма арганізацыі вытв.-эканам. сувязяў сельскай гаспадаркі з інш. галінамі матэрыяльнай вытв-сці, якія яе абслугоўваюць. З’яўляецца спецыфічнай формай тэр.-вытв. міжгаліновага кааперавання прадпрыемстваў розных галін з адасобленымі, але арганічна звязанымі паміж сабой тэхнал. працэсамі. Аграпрамысловая інтэграцыя забяспечвае ўмацаванне кааперацыі працы і вытв-сці, завершанасць тэхнал. цыкла, павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі.

Дыферэнцыруецца на вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная аграпрамысловая інтэграцыя — міжгаліновае каапераванне прадпрыемстваў і вытв-сцяў розных галін нар. гаспадаркі, якое забяспечвае аптымальнае праходжанне таварнай масы ў адзіным тэхнал. працэсе з адной фазы ў другую (вытворчасць — перапрацоўка — рэалізацыя). Уключае прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і вытв-сці прадуктаў харчавання, па захаванні і збыту прадукцыі, а таксама нарыхтоўчыя і транспартныя. У АПК вылучаюць шэраг інтэгравальных блокаў: мясны (прадпрыемствы па дагадоўванні і адкорме буйн. раг. жывёлы, свіней і авечак; птушкафабрыкі па вытв-сці бройлераў, мясакамбінаты, халадзільнікі, гандаль; буракацукровы (бураканасенняводчыя, буракасеючыя гаспадаркі, цукровыя і рафінадныя з-ды) і інш. Гарызантальная аграпрамысловая інтэграцыя — унутрыгаліновае каапераванне прадпрыемстваў і вытв-сцяў адной ці некалькіх падгалін, якое забяспечвае паглыбленне спецыялізацыі асобных звенняў адзінага тэхнал. працэсу (напр., вытв.-эканам. сувязі ў малочнай і мясной жывёлагадоўлі на аснове пастадыйнай спецыялізацыі, інтэграцыя насенняводчых, рэпрадукцыйных гаспадарак і прадпрыемстваў па вытв-сці таварнага зерня і г.д.). Гарызантальная інтэграцыя развіваецца на аснове доўгатэрміновых устойлівых вытв.-эканам. сувязей на прынцыпах куплі-продажу, а таксама праз стварэнне сумесных і змешаных прадпрыемстваў.

М.​А.​Бычкоў, У.​Р.​Гусакоў.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЁЗДЫ жывёл,

пабудовы, створаныя жывёламі для вывядзення патомства, радзей і для ўкрыцця. Гнёзды для размнажэння ёсць у розных груп жывёл. У беспазваночных: у васьміногаў ямка ў грунце, абложаная валам з камянёў, ракавінак; у павукоў коканы з павуціны; у жукоў-трубкакрутаў трубачкі з лісця; у адзіночных восаў, мядзведак ячэйкі з глебы; у яблыневай молі, вусеняў баярышніцы, залатагузкі — з лісця і павуціны і інш. Гнёзды пазваночных: у ласося ямка ў галечным грунце, у бычкоў-падкаменшчыкаў з каменьчыкаў; у колюшкі трохіголкавай шарападобнае з водарасцей; у весланогай жабы скручанае трубачкай лісце. Асабліва разнастайныя гнёзды ў птушак: у курыных і кулікоў простыя ямкі з бедным подсцілам; у дразда, сарокі, берасцянкі чашападобныя з моцнымі краямі; у крапіўніка, пеначак, сініцы-рэмеза, ткачыкаў закрытыя, шарападобныя, авальныя або колбападобныя з лятком пасярэдзіне або збоку. Гнёзды птушак размяшчаюцца ў самых розных месцах, будаўнічы матэрыял вельмі разнастайны. У млекакормячых гнёзды робяць пераважна грызуны і насякомаедныя (мыш-малютка, соні, вавёркі, бабры, андатры і інш.). Большасць жывёл размяшчае гнёзды адзіночна. Каланіяльныя, складаныя, шматкамерныя гнёзды ў восаў, пчол, мурашак, тэрмітаў і інш. У многіх відаў гнёзды служаць і для ўкрыцця (вераб’і, крапіўнікі, соні, вавёркі, андатры, палёўкі і інш.). Гл. таксама Гнездаванне.

Гнёзды: 1 — асы амафілы; 2 — павука-серабранкі; 3 — пчалы-лістарэза; 4 — шэршня звычайнага; 5 — колюшкі трохіголкавай; 6 — чарацянкі дроздападобнай; 7 — сініцы-рэмеза; 8 — ткачыка-бая; 9 — паганкі малой; 10 — мышы-малюткі; 11 — івалгі; 12 — бабра.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ ЖЫВЁЛ,

колькасць і якасць прадукцыі ад адной жывёлы за пэўны перыяд (дзень, месяц, лактацыю, год). Залежыць ад пароды, скараспеласці, полу, узросту, працягласці гасп. выкарыстання і ўмоў утрымання жывёл. Паводле кірункаў П. вылучаюць пароды: у гадоўлі буйн. раг. жывёлы — малочныя, малочна-мясныя, мясныя; у свінагадоўлі — мясныя, мяса-сальныя, сальныя; у авечкагадоўлі — воўнавыя, мяса-воўнавыя, мяса-сальныя, сальныя, малочныя, смушкавыя, футравыя; у птушкагадоўлі — мясныя, яечныя, мяса-яечныя.

Малочная П. (малочнасць) кароў за лактацыю ад 600—2000 кг (мясныя пароды) да 6—10 тыс. кг (малочныя пароды); коз малочных парод 450—550 кг; авечак да 500; кабыл 1000—3000; вярблюдзіц 750—2000 кг. Мясную П. ацэньваюць па масе, скараспеласці (узрост, у якім жывёла дасягае неабходных паказчыкаў) і забойным выхадзе (адносіны масы тушы да жывой масы). Маса бычкоў у 15—18 месяцаў — 400—500 кг, куранят-бройлераў (60 сут) — 1,5 кг. Забойны выхад у буйн. раг. жывёлы 55—65%, у свіней 75—80%, у авечак і коз 45—55%. Воўнавая П. танкарунных авечак 3—8, грубашэрсных 1—4 кг, сярэдні начос пуху з коз 0,3—0,6 кг. Яечная П. курэй 230—240 (да 360) яец за год, качак 120—180, індычак 100—150, гусей 50—80, перапёлак 250—300. Маса курыных яец 50—60, гусіных 100—180, індычых 100—110 г. Пчаліная сям’я за сезон дае мёду да 150 (таварнага 30—50), воску 1,5—2,5 кг, пропалісу 100—200 г.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

карава́н, ‑а, м.

1. Група ўючных жывёл, якія перавозяць грузы і людзей у пустыні, у стэпе. — Наш невялікі караван вярблюдаў з медыкаментамі, харчамі і ўсім неабходным для экспедыцыі ішоў следам. Васілевіч. [Па гасцінцы] якраз і ішлі караваны ў той благаславёны Алатау. Васілёнак. // перан. Доўгая чарада аднародных істот, прадметаў, якія рухаюцца ў адным напрамку. Скора гусей караваны Сэрца напоўняць журбою. Непачаловіч. Караван ялавак і бычкоў пацягнуўся з калгаса да жывёла-нарыхтоўчай канторы. Дуброўскі. Скрозь семафоры адкрыла яна [восень] паравозам, Што караваны вагонаў па рэйках вядуць. Куляшоў.

2. Група суднаў, якія ідуць адно за другім або выконваюць агульную задачу. [Бамбардзіроўшчыкі] двойчы наляталі на караван у моры і затапілі адзін карабель. Шамякін. // Група злучаных несамаходных суднаў або плытоў, якія ідуць адно за другім на буксіры. Да берага набліжаўся маторны баркас «Чайка». Ён цягнуў за сабою караван з трох рыбацкіх лодак. В. Вольскі. Ля ракі сёння вяжуць Караван плытагоны. Кірэенка.

3. у знач. прысл. карава́нам. Чарадой, адзін за другім. Пралятаюць, Раняючы крыкі, Караванам даўгім жураўлі. Аўрамчык. Паплывуць караванам плыты Да далёкага сіняга мора. Астрэйка.

[Перс. kār(e)vān.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Келб ’пячкур’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Яруш., Нар. лекс., Сцяц.). Польск. kielb ’Gobio fluviatilis’, рус. колб (паўдн. і зах.) колб ’тс’. Паводле Трубачова (ЭИРЯ, 2, 38), польск. і рус. формы ўзводзяцца заканамерна да прасл.⇉Якое запазычана з гоц. *kalbo ’бычок (назва рыбы) < kalbo ’бычок (назва жывёлы)’. Гэта версія не ўлічвае, аднак, больш складаныя адносіны паміж славянскімі словамі, якія можна ўзвесці да *kъlbъ ’назва рыбы’. Па-першае, яны маюць больш шырокі арэал распаўсюджання (польская, беларуская, руская і ўкраінская тэрыторыі) (гл. Герд, Лекс. балтызмы, 10–11). Па-другое, версія Герда аб балтыйскім паходжанні гэтых слоў у сваю чаргу датычыцца толькі некаторых вытворных форм. Па-трэцяе, гоц. *kalbo дало б прасл. *kolbъ (польск. *kłob, усх.-слав. *колоб). Па-чацвёртае, няма, як здаецца, ніводнай германскай назвы рыбы, роднаснай гоц. kalbo. Мы б аддалі перавагу іншай гіпотэзе (таксама ад гоцкай крыніцы kъlbъ) (гл. Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 94–95). Але перш за ўсё трэба ўдакладніць некаторыя даныя. Літ. kėlbas запазычана з польск. kielb (Фрэнкель, 236). На літоўскай моўнай глебе ўзніклі вытворныя kelbukas (kilbukas), якія сталі крыніцай бел. кялбук, кяльбук. Бел. келб — запазычанне з польск. kielb. Формы кялбочак і келбунок вытворныя ў беларускіх гавор-ках. Прасл. kъlbъ, якое можна рэканструяваць на падставе польск. kielb, рус. колб і ўкр. колб, ковб — запазычанне з гоц. *kulbo. Параўн. ням. Kolbe — назва некаторых булавападобных рыб (Грым., 1607). Дарэчы, ням. Kaulkopf ’Cottus gobio’, якое таксама адносіцца да сямейства бычкоў (Gobiidae), названа так па прызнаку булавападобнасці (Keulenförmigkeit).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)