БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НКА,

вытворча-эксплуатацыйнае падраздзяленне трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь. У сучасных межах дзейнічае з 1953. У снеж. 1991 аддзялілася ад адзінай чыгункі б. СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўж. чыгункі 5542,8 км, з іх 875 км электрыфікавана (1995).

У канцы 19 ст. Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Рас. імперыі. За 1860—80 тут здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тыс. км чыг. ліній, на пач. 20 ст. — яшчэ каля 1 тыс. км. У 1913 даўжыня чыг. сеткі перавышала 3,8 тыс. км. Паскоранае буд-ва чыгунак абумоўлена эканам. і ваенна-паліт. інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталіст. развіцця і геагр. размяшчэннем Беларусі. Першая на Беларусі чыг. лінія Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць у 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—69 пабудаваны чыг. ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Але пачаткам развіцця беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асн. кірункі фарміравання беларускай чыгункі. У 2-й пал. 19 ст. пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад р. Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага з-да (Слаўгарадскі р-н). У 1873 пабудаваны чыг. ўчастак Ковель—Брэст (частка чыг. лініі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся рух паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—87 пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс. км), якія звязалі Прыбалтыку з зах. губернямі Украіны і цэнтр. Расію з Польшчай. На пач. 20 ст. пракладзены яшчэ 2 чыг. магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўд. губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—16) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск (1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясц. значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш. Буд-ва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 т. У 1915—17 пабудаваны чыг. лініі на ўчастках Жлобін—Калінкавічы, Калінкавічы—Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і інш. участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыг. лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў—Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі. У Вял. Айч. вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваен. тэхнікі ворага на фронт, бел. партызаны вялі на беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у тым ліку рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыг. палатно, паравозы, дэпо, станцыі. У пасляваен. перыяд беларуская чыгунка ў асн. адноўлена (да 1950). У 1951 Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Зах. чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 далучана да беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае аддзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыг. сетка рэспублікі супала з адм. граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапр. аб’яднання і інш. Да 1973 найважнейшыя магістралі пераведзены на цеплавую цягу. У 1963 электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. З 1981 рэгулярны рух электрапаяздоў адкрыты па маршруце Мінск—Масква, з 1989 — на ўсёй лініі Брэст—Масква. Электрыфікаваны таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). Скорасць пасаж. паяздоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыг. станцыях наладжана даведачна-інфарм. служба, з 1989 уведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасаж. паязды і даведачна-інфарм. сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) буд-ва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя паязды «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга» і інш. Дзейнічаюць 2 выліч. цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.

Шчыльнасць чыг. сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс. км². У складзе беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (Баранавіцкае, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае), больш як 400 станцый, 9 дэпо па рамонце вагонаў, 17 дэпо па рамонце лакаматываў і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак трансп. сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-паязды, электрапаязды і інш.). У 1995 беларускай чыгункай перавезена 73,4 млн. т. грузаў і 147,3 млн. пасажыраў. Грузаабарот склаў 25,5 млн. т/км, пасажыраабарот — 12,5 млн. пасажыра-км. Беларуская чыгунка — чл. міжнар. Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак і Міжнар. саюза чыгунак. Гл. схему.

Літ.:

Кацяш Г. Стальныя магістралі рэспублікі. Мн., 1957;

Лыч Л.М., Созинов В.А. Белорусская магистраль накануне своего столетия, 1871—1971 гг. Мн., 1970;

Железнодорожная магистраль Белоруссии: К столетию со дня введения в строй. Мн., 1971.

В.Ц.Семчанка.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Размешчана на ПдЗ краіны, каля граніцы з Польшчай і Украінай. Утворана 4.12.1939. Пл. 32,3 тыс. км². Нас. 1518 тыс. чал. (1995). Цэнтр — г. Брэст. У вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 20 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Кобрын, Лунінец, Пінск, 9 гар. пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскія населеныя пункты.

Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (140—200 м), на Пд — пераважна нізінны. Вылучаюцца на ПдЗ раўніннае Брэсцкае Палессе, на У нізіннае Прыпяцкае Палессе, паміж імі платопадобная ўзвышаная раўніна Загароддзе, на ПнЗ Прыбугская раўніна, на Пн Баранавіцкая раўніна і частка Навагрудскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 267 м. На ПнУ адгор’і Капыльскай грады. Карысныя выкапні: буд. камень (Мікашэвіцкае і інш. радовішчы ў Лунінецкім р-не), торф (больш за 400 радовішчаў), тугаплаўкія (радовішчы Гарадок, Гарадное і інш.) і цагельныя гліны, шкловыя (Гарадоцкае), фармовачныя і буд. пяскі, мел, жвір, сапрапель, бурштын, гаручыя сланцы і буры вугаль. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -4,4 °C (Брэст) да -6,1 °C (Баранавічы), у ліп. ад 18 °C на З да 19 °C на У. Вегетац. перыяд 195—208 сут. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на ПдЗ да 645 мм на ПнУ, за летні перыяд — 400—450 мм. Гідраграфічная сетка густая. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык, Цна, Лань, Случ, Стыр, Гарынь, Сцвіга), Віслы (пагранічны Зах. Буг з прытокамі Мухавец, Лясная, Спанаўка, Капаёўка), Нёмана (прыток Шчара). Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі канал, Агінскі канал (не працуе), Мікашэвіцкі. Густая сетка меліярац. каналаў і канаў. З азёраў самыя вялікія Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае; вадасх. Лактышы, Сялец, Пагост. Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8%), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8%), дзярнова-падзолістыя (15,5%), тарфяна-балотныя (19,5%), паводле мех. складу пераважна пясчаныя (каля 40%) і супясчаныя (каля 35%). Асушаныя землі на Пд складаюць каля 50%, у асобных раёнах — больш за 70%. Сярэдняя лясістасць 36%, ад 10—20% у Пінскім, Драгічынскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім р-нах да 43—53% у Лунінецкім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім. Лясы пераважна хваёвыя (каля 60%), бярозавыя (17%) і чорнаальховыя (15%), значныя плошчы пад дубровамі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавежская, Ружанская і Шарашоўская пушчы. Балоты, найчасцей нізінныя, займаюць каля 20% тэрыторыі, значная частка асушана. Пад лугамі 18,2% тэр., ​2/3 з іх нізінныя. Для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў, біял. разнастайнасці вял. значэнне маюць нац. парк Белавежская пушча, 12 заказнікаў, 29 ахоўных помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 4270 км² (13% тэр. вобласці) забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. 470 км² са шчыльн. 5—15 Кі/км². На забруджанай тэр. каля 200 вёсак. Найбольш забруджаны землі Лунінецкага, Пінскага, Столінскага р-наў.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,6%), жывуць таксама рускія (9,2%), украінцы (3%), палякі (2,5%), яўрэі (0,3%) і інш. Гарадскога нас. 60,4%. Сярэдняя шчыльн. 46,4 чал. на 1 км², сельскага нас. 18,4 чал. на 1 км² і вагаецца ад 25,3 чал. на 1 км² у Брэсцкім да 13,3 чал. на 1 км² у Ганцавіцкім і Маларыцкім р-нах. Найб. гарады (тыс. чал., 1995): Брэст (294,3), Баранавічы (172,9), Пінск (130,3), Кобрын (51,1), Бяроза (30,5), Пружаны (25,2), Лунінец (24,9). У 1985—95 зніжаюцца нараджальнасць і натуральны прырост, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, адзначаецца адмоўны натуральны прырост сельскага насельніцтва.

Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапр. прам-сці і вытв-сці буд. матэрыялаў. У вобласці вырабляюць усе бел. электралямпы і газавыя пліты, амаль усё тэхнал. абсталяванне для лёгкай прам-сці, гандлю і грамадскага харчавання, для ліцейнай вытв-сці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80% электрарухавікоў і баваўняных тканін, больш за 40% панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30% дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35% цукру, каля 30% кансерваў, амаль 20% мяса і масла, 27% драўнінна-стружкавых пліт, каля 20% клеенай фанеры. Прадукцыя прам-сці пастаўляецца на бел. рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80% прамысл. патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вял. гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытв. аб’яднанне «Граніт» па здабычы буд. каменю, у г. Белаазерск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС. У вобласці (1993) каля 70 прадпрыемстваў харч. (цукр., мясной, малочнай, па перапрацоўцы садавіны і агародніны) прам-сці, 24 — лясной і дрэваапр., 23 — прам-сці буд. матэрыялаў. Яны працуюць на мясц. сыравіне, размешчаны пераважна ў сярэдніх і невял. гарадах і гар. пасёлках. Жыллёвым, меліярац., сельскім і дарожным буд-вам займаюцца 14 будтрэстаў, 181 буд.-мантажная арг-цыя (1993). Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы, збожжавых культур і цукр. буракоў. У 1993 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 53% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсх. і паўд.-зах. раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. У цэнтр. і зах. раёнах дадаткова вырошчваюць цукр. буракі, у паўн. раёнах — лён. Сельгасугоддзі займаюць 45% тэр. і складаюць 1475 тыс. га (1993). У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць пасевы збожжавых і зернебабовых, кармавых культур і бульбы (гл. табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі. Больш за 76% пасяўных плошчаў бульбы і больш за 67% агародніны прыпадае на асабістыя дапаможныя гаспадаркі насельніцтва. На фермерскія сял. гаспадаркі прыпадае 1556 га пасяўных плошчаў (1993). Жывёлагадоўля мяса-малочнага і малочна-мяснога кірунку. Дынаміка пагалоўя да 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл. табл. 2). Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Баранавіцкага, Камянецкага, Пінскага, Брэсцкага і Столінскага р-наў, малака — Пінскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, яец — Баранавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага р-наў.

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 1074 км. Па густаце чыгунак (33,3 км на 1 тыс. км²) вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Праходзяць найважнейшыя міжнар. магістралі: Масква—Мінск—Брэст—Варшава, Вільнюс—Лунінец—Роўна, Ковель—Брэст і гал. чыгунка Палесся Брэст—Гомель. Чыг. вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс. км. Асн. магістралі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель. Вял. значэнне мае водны транспарт. У межах вобласці суднаходныя Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы з адгалінаваннем на Кобрын—Брэст—Варшаву. У Брэсце і Пінску — аэрапорты.

Л.В.Казлоўская.

т. 3, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)