атлёт, ‑а, М ‑лёце, м.

Разм. Быстры, рашучы, лоўкі, адчайны малады чалавек. Дзеўка яна [Ганна] не цаца была, а Ванька — атлёт. Век бы ён Ганны не ўзяў, каб на Грыбава дабро не пагнаўся. Брыль. [Мітрафан:] — Слаўны, братка, у цябе сувязны. Атлёт! Бажко. У гэтым стомленым, азызлым і, мусіць, маральна зламаным чалавеку цяжка было пазнаць былога віленскага фарсуна, атлёта і бадзёрага прыгажуна-мужчыну. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарара́м, ‑у, м.

Разм. Шум, грукат. [У ніжніх пакоях] стаіць такі вэрхал і тарарам, ажно глушыць вушы. Людзі гавораць усе разам, стараюцца перакрычаць адны адных. Бядуля. [Алёша:] — Іду гэта па Зарэччы, чую, у хаце адной аж на сцену лезе народ, лямант, візг... А пасля, братка, як паднялі тарарам, — хоць уцякай!.. Брыль. // Сварка, скандал. [Васіль:] — Насця зноў тарарам падыме, што п’ём малачко ад дзвюх кароў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свято́ша, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Іран.

1. Чалавек, які прытвараецца і выдае сябе набожным; ханжа. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. Веруючым карысна ведаць сапраўдны твар гэтых [карыслівых і хцівых] святош. «Звязда».

2. Разм. Пра ціхага, сціплага чалавека. — А ну яе! Святошу з сябе выстаўляе! Нават жартаў не разумее! — адказаў.. [Казак], мацаючы шчаку. — Дай закурыць, Барташэвіч, братка. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спецыфіка́цыя, ‑і, ж.

1. Вызначэнне і пералік спецыфічных асаблівасцей чаго‑н.; размеркаванне на разрады, групы ў адпаведнасці са спецыфічнымі асаблівасцямі; класіфікацыя. Спецыфікацыя машын.

2. Тэхнічны дакумент, у якім ёсць пералік часцей і дэталей якога‑н. вырабу, а таксама ўказанні на іх колькасць, вагу, сорт і пад.; дакумент з пералікам умоў, якім павінен адпавядаць заказаны прадмет. Скласці спецыфікацыю на абсталяванне. □ [Барыс:] — Братка ты мой, колькі ж там клопату! Адгрузка, пагрузка, прыемна, разнарадкі, накладныя, спецыфікацыі — што, куды, як? — чорт яго разбярэ. Скрыган.

[Ад лац. species — від, разнавіднасць і facio — раблю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што і без дап.

1. Гаварыць, вымаўляць што‑н., суправаджаючы якое‑н. дзеянне; прыгаворваць. Калі лажыўся на далонь З сявенькі завадскі авёс, Я прымаўляў: — Расці, каб конь Браў з ходу лёгка цяжкі воз. Астрэйка. Прымаўляючы «а давай, братка, пабачым, ці смачны дарожны хлеб», .. [Кузьма Чорны] разламаў акрайчык на роўныя кавалкі і адзін падаў мне. Кірэенка.

2. Уст. Угаворваць каго‑н. што‑н. зрабіць. Крыўдна трохі і на бацьку, што прымаўляў .. [Насту] ісці [замуж] — ды стары ён, што ты возьмеш з яго... Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Адкрыта сказаць, расказаць аб чым‑н., сазнацца. Прызнацца ў каханні. □ Тварыцкі закапаў грошы з цвёрдым намерам ніколі не аддаваць іх і прызнаўся ў гэтым толькі выпадкова. Чорны. — Не магу, братка, ісці, — прызнаўся Іван. Колас. Чамусьці няёмка было хлапцу прызнацца, што аддаў сваю пілотку чарнамазаму карапузу. Кулакоўскі.

2. інф. прызнацца і 1 ас. адз. прызнаюся. Разм. Ужываецца як пабочнае слова ў значэнне праўду кажучы, шчыра кажучы. — Зараз не магу... Прызнацца, яшчэ не снедаў нават. Пасля. Гартны. — Думаем паставіць вас прарабам... Давайце згоду, Нічыпар Аўсеевіч. Я, шчыра прызнацца, і загад на вас падрыхтаваў. Асіпенка. Прызнаюся, я тады быў хлапец не святы. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.

1. з каго-чаго, каму-чаму і без дап. Прыйсці ў здзіўленне, здзівіцца. Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці. Лынькоў. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Шыцік. — А братка ж ты мой! — ціха падзівіўся нехта. Чорны.

2. на каго-што, з дадан. сказам і без дап. Паглядзець са здзіўленнем, захапленнем або з цікавасцю. Суседзі не раз прыходзілі падзівіцца на такі незвычайны ўраджай. Новікаў. Выйду я на ўзгорак, Стану, падзіўлюся, Песняю зальюся. Трус. Пры беразе тоўпілася нямала народу, былі тут дарослыя і дзеці — ведама, каму не цікава падзівіцца, як рака.. скідвае з сябе ледзяное покрыва. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галасі́ць, ‑лашу, ‑лосіш, ‑лосіць; незак.

1. Голасна плакаць, прыгаворваючы (пры выражэнні гора, крыўды і пад.). Раманіха, схапіўшыся рукамі за галаву, галасіла: — А сын ты мой... А што ж з табой зрабілі. Чарнышэвіч. [Сястра].. павісла мне на грудзі і галосіць: «Казічак, братка!». Васілевіч.

2. што і без дап. Уст. Выконваць абрадавыя песні-плачы (звычайна ў час пахавальнага ці вясельнага абрадаў). Галасіць на магіле.

3. Абл. Голасна крычаць, аднастайна выкрыкваць што‑н. — Тхор! Тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе. Колас.

4. перан. Ствараць гукі, падобныя на галашэнне. Галасіла ў сотню труб Над чарапічным дахам замець. Танк.

•••

Голасам галасіць — гучна, з енкам і выкрыкамі плакаць (ад болю, вялікага гора і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Чырвона-жоўты (пра колер валасоў, шэрсць). Загарэў старшыня, яшчэ больш вылінялі ад спёкі рыжыя бровы. Бялевіч. Не страшны быў гэты вартавы, хоць і з вялікімі рыжымі вусамі. Кулакоўскі. // З валасамі, шэрсцю такога колеру. «Залатая сястра», — сказаў неяк Яраш. Урачы прынялі гэта як жарт: Маша была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Шамякін. // Чырванавата-жоўты, светла-карычневы (пра колер розных прадметаў, а таксама раслін і жывёл). Сапраўды, з-за небасхілу паказвалася сонца — вялікае, рыжае. Карпаў. Ліст пажоўклы, рыжы Прабіваюць кроплі. Ляпёшкін. У рукі .. [Валі] далі лазовы кош з рыжым пеўнем. Якімовіч. // Які выліняў ад сонца, дажджу, стаў бурым. Рыжая хустка. Рыжая ватоўка.

2. у знач. наз. ры́жы, ‑ага, м.; ры́жая, ‑ай, ж. Пра чалавека, звера з валасамі, шэрсцю чырвона-жоўтага колеру. [Ігнат:] — У той жа момант, забыўшыся і пра шкуру, смальнуў я з другога ствала. І вось тут, братка ты мой, рыжы як падхопіцца ды як сігане цераз поле. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зо́лата, ‑а, М ‑лаце, н.

1. Хімічны элемент, высакародны метал жоўтага колеру, які валодае вялікай гібкасцю і цягучасцю (скарыстоўваецца для вырабу каштоўных рэчаў і як мера каштоўнасцей). Здабыча золата. Золата сустракаецца ў выглядзе жыл і рассыпаў. □ Вугаль на Украіне, Золата на Калыме, Нафта з каспійскіх глыбіняў, З нетраў казахскіх медзь. Звонак. Не ўсё тое золата, што блішчыць. Прыказка. / у перан. ужыв. [Буслы] падымуцца над балотам.., купаючыся ў растопленым золаце сонца. Бядуля.

2. зб. Вырабы з гэтага металу; залатыя рэчы. Чаго толькі Сцяпанка .. не ўбачыў! .. Якія лямпы, люстэркі, столікі, крэслы, цацкі, статуі, абразы, золата, серабро. Бядуля. — Я вольны марак і просты чалавек і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пазалочаныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання. Шыты золатам сцяг.

3. зб. Залатыя манеты; грошы. Купіць рэч за золата. □ Калі перавесці на золата гэтыя савецкія чырвонцы, дык будзе іх цэлых трыццаць рублёў — мікалаеўскім золатам. Брыль. // перан. Багацце. — Не пакідайце ніводнага каліва. Цяпер яно граша не каштуе, а зімой — золатам абернецца. Асіпенка.

4. Пра таго (тое), што вылучаецца добрай якасцю, вартасцю. Братка ты мой! — гаворыць адзін [гаспадар]: — твой Алесь золата, а не чалавек. Колас. — Я ж казаў, унучак, што гэта — золата, а не карова... Шуцько. // Ласкавы зварот да каго‑н. Сынок, золата ты маё!

•••

Белае золата — бавоўна.

Чорнае золата — а) нафта; б) каменны вугаль.

На вагу золата гл. вага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)