БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Берліне.

Створана ў канцы 1939 пры мін-ве ўнутраных спраў Германіі. Займалася выяўленнем асоб бел. нацыянальнасці ў Германіі і на захопленых ёй тэрыторыях. У розны час кіраўнікамі былі Ф.​Акінчыц, А.​Шкуцька і інш. У 1940 пры Беларускім прадстаўніцтве быў створаны Бел. к-т самапомачы з філіяламі ў Варшаве, Празе, Вене, Лодзі, Мюнхене і інш. гарадах. Беларускае прадстаўніцтва і Бел. к-т самапомачы супрацоўнічалі з герм. разведслужбамі і службай бяспекі (СД), вялі работу з ваеннапалоннымі беларусамі з Войска Польскага. Напярэдадні Вял. Айч. вайны дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы выкарыстоўвалася ў разведвальных і прапагандысцкіх мэтах, арганізацыі дыверсійных груп, падрыхтоўцы кадраў цывільнай адміністрацыі для Беларусі. У чэрв. 1941 у Берліне на радзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва і Бел. к-та самапомачы ўтвораны Беларускі нацыянальны цэнтр. Беларускае прадстаўніцтва выдавала газ. «Раніца».

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Ганс Гвіда фон) (8.1.1830, г. Дрэздэн, Германія — 12.2.1894),

нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар. Адзін з заснавальнікаў сучаснай дырыжорскай школы (першы дырыжыраваў на памяць). Вучыўся ў Ф.​Ліста (фп.) і М.​Гаўптмана (кампазіцыя). З 1850 дырыжор у т-рах Цюрыха і Санкт-Галена, у 1855—64 узначальваў канцэрты Т-ва сяброў музыкі і выкладаў у кансерваторыі Штэрна ў Берліне. З 1867 прыдворны капельмайстар і дырэктар Каралеўскай муз. школы ў Мюнхене, дзе дырыжыраваў прэм’ерамі опер «Трыстан і Ізольда» і «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.​Вагнера. У 1877—79 дырыжор прыдворнага т-ра ў Гановеры (паст. оперу «Жыццё за цара» М.​Глінкі, 1878), у 1880—93 дырыжор аркестраў у Майнінгене, Гамбургу, Берліне. Гастраліраваў як піяніст і дырыжор у Еўропе і Амерыцы. Выступаў як муз. крытык. П.​Чайкоўскі прысвяціў Бюлаву 1-ы канцэрт для фп. з аркестрам.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́І (Nicolai) Карл Ога Эрэнфрыд [9.6.1810, г. Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія) — 11.5.1849], нямецкі кампазітар, дырыжор. Чл. берлінскіх каралеўскай АМ (1849), пеўчай акадэміі. Вучыўся ў К.Ф.Цэльтэра (з 1827), у Каралеўскім ін-це музыкі (1828—30) у Берліне. У 1833—37 царк. арганіст у Рыме. У 1841—47 прыдворны капельмайстар у Вене. Адзін з заснавальнікаў Венскага філарманічнага аркестра. З 1848 дырыжор Каралеўскай оперы і кіраўнік кафедральнага хору ў Берліне. У яго творчасці відавочны ўплыў італьян. оперы-буфа і ням. зінгшпілю. Найб. вядомы твор — опера «Віндзорскія свавольніцы» паводле У.​Шэкспіра (паст. 1849) — узор раннерамантычнай ням. камічнай оперы. З інш. твораў: оперы «Генрых II» («Разамунда Англійская». паст. 1839), «Храмоўнік», «Філіп і Эдуард» (абедзве паст. 1840); 2 месы, Рэквіем, кантаты; 2 сімфоніі (1831, 1835); 2 уверцюры; канцэрт для фп. з арк., інстр. ансамблі, п’есы для фп., хары.

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ РАБО́ЧАЯ ДАПАМО́ГА, Міжрабдап,

міжнародная арг-цыя рабочай салідарнасці ў 1921—35. Утворана ў вер. 1921 на Міжнар. канферэнцыі к-таў дапамогі насельніцтву галадаючых раёнаў Сав. Расіі, якая праходзіла ў Берліне. Аказвала вял. дапамогу сав. працоўным харчаваннем, медыкаментамі, машынамі, а з 1922 гал. чынам вытв.-тэхн. дапамогу (у т. л. садзейнічала перасяленню ў СССР груп замежных рабочых). Падтрымлівала класавую і нац.-вызв. барацьбу працоўных капіталіст. краін, дапамагала ахвярам стыхійных бедстваў, удзельнічала ў змаганні з фашызмам. Сярод заснавальнікаў і дзеячаў М.р.д. вядомыя паліт. дзеячы, вучоныя, пісьменнікі: К.Цэткін, А.Эйнштэйн, Р.Ралан, А.Барбюс, Б.Шоу і інш. У М.р.д. ўваходзілі нац. секцыі з індывід. і калект. членствам (у т. л. сав. прафсаюзы ў якасці калект. члена). Дзейнасць арг-цыі каардынаваў ЦК (да 1933 — у Берліне, потым у Парыжы), які выбіраўся на кангрэсах (1921, 1922, 1925, 1927, 1929, 1931). Спыніла існаванне ў 1935.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НА-ПО́ЛЬСКІ ПАКТ 1934 аб ненападзе.

Падпісаны ў форме дэкларацыі 26 студз. ў Берліне тэрмінам на 10 гадоў (набыў сілу 24 лют.) ва ўмовах збліжэння Польшчы з фаш. Германіяй. Абавязваў бакі да мірнага вырашэння спрэчных пытанняў паміж імі. Дэнансаваны герм. рэйхсканцлерам А.​Гітлерам 28.4.1939 у час падрыхтоўкі нацыстамі 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛТЭР ((Valters) Яніс Тэадоравіч) (3.2.1869, г. Елгава, Латвія — 20.12.1932),

латышскі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1889—97) у А.​Кіўшэнкі і У.Макоўскага. Працаваў у Елгаве (да 1906), Дрэздэне (1906—17), з 1917 у Берліне. Зазнаў уплыў экспрэсіянізму. Пісаў жанравыя гар. сцэнкі, рэаліст. пейзажы, партрэты («Рынак у Елгаве», 1897, «Сірата», 1907).

Я.Валтэр. Рынак у Елгаве. 1897.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬМГОЛЬЦ ((Helmholtz) Герман Людвіг Фердынанд) (31.8.1821, г. Патсдам, Германія — 8.9.1894),

нямецкі прыродазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1868). Вучыўся ў Ваенна-мед. ін-це ў Берліне. Праф. фізіялогіі Кёнігсбергскага (1849—55) і Бонскага (1855—58) ун-таў, у 1871—88 праф. фізікі Берлінскага ун-та, з 1888 дырэктар фізіка-тэхн. ун-та ў Берліне. Навук. працы па фізіцы, біяфізіцы, фізіялогіі і псіхалогіі. Матэматычна абгрунтаваў закон захавання энергіі (1847), даказаў яго ўсеагульны характар. Распрацаваў тэрмадынамічную тэорыю хім. працэсаў, увёў паняцці свабоднай і звязанай энергій. Заклаў асновы тэорыі віхравога руху вадкасцей і анамальнай дысперсіі святла. Прапанаваў тэорыю слыху і зроку чалавека, выявіў і вымераў цеплаўтварэнне ў мышцах (1845—47), вывучыў працэс скарачэння мышцаў (1850—54). Вызначыў скорасць распаўсюджвання нерв. імпульсаў (1850). Сканструяваў шэраг фіз. прылад, распрацаваў колькасныя метады фізіял. даследаванняў.

Літ.:

Лазарев П.П. Гельмгольц. М., 1959;

Лебединский А.В., Франкфурт У.И., Френк А.М. Гельмгольц (1821—1894). М., 1966.

Г.Гельмгольц.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’ЯНО́ВІЧ (Трыфан Андрэевіч) (1919, в. Рэпішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 30.4.1945),

удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1939 працаваў слесарам на Мінскім радыёзаводзе. На фронце з 1941. Удзельнік Сталінградскай бітвы, баёў на Сандамірскім плацдарме, штурму Берліна. 25.4.1945 старшы сяржант Л. пры выратаванні нямецкай дзяўчынкі смяротна паранены. Пра гэта ў крас. 1945 расказаў пісьменнік Б.Палявой у газ. «Правда» і ў арт. «Помнім імя тваё...» у газ. «Комсомольская правда» (1.4.1976). Высакародны гуманны ўчынак Л., які ў час вайны страціў жонку і дваіх дзяцей, маці і бацьку, пакладзены ў аснову кампазіцыі помніка-ансамбля воінам Сав. Арміі, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам, у Трэптаў-парку ў Берліне (скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.​Белапольскі). На месцы самаахвярнага подзвігу Л. ў Берліне (на Эльзенштрасе) устаноўлены мемарыяльны знак. У Мінску на будынку вытв. аб’яднання «Белвар» (праспект Ф.​Скарыны, дом № 58) устаноўлена мемар. дошка з гарэльефамі воіна і выратаванай ім дзяўчынкі (скульпт. З.Азгур, арх. Ю.​Казакоў).

Літ.:

Сафонов М.И. Семнадцать штурмовых дней. Саратов, 1985. С. 97—104.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗА́ВА (Сэйдзі) (н. 1.9.1935, г. Хатан, Кітай),

японскі дырыжор. Вучыўся ў Токіо, у Парыжы і Зах. Берліне. З 1961 у Нью-Йоркскім філарманічным аркестры, з 1965 у Таронта, з 1970 гал. дырыжор сімф. аркестраў у Сан-Францыска і Бостане. Адзін з кіраўнікоў фестываляў Беркшырскага муз. цэнтра ў Танглвудзе (ЗША, з 1970). Першыя прэміі на Міжнар. конкурсах дырыжораў (Безансон, Францыя, 1959; Танглвуд, 1960).

т. 1, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕРЛІ́НЕР АНСА́МБЛЬ»

(Berliner Ensemble),

нямецкі драм. тэатр. Засн. ў 1949 у Берліне Б.Брэхтам (узначальваў яго да 1956) і яго жонкай А.Вейгель як т-р антыфаш. і антымілітарысцкага кірунку (эмблема «Берлінер ансамбля» — «Голуб міру» П.​Пікаса). У рэпертуары п’есы Брэхта, творы сусв. класікі, ням. і замежных драматургаў. У аснове мастацтва т-ра — звяртанне да думкі, інтэлекту гледача. Спектаклі вылучаюцца выразнасцю рэжысёрскага вырашэння, вобразным лаканізмам дэкарацый.

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)