рускі царк. дзеяч і публіцыст, адзін з ідэолагаў несцяжацеляў. Прыняўшы манаства, жыў у Пскоўскім Пячэрскім манастыры, потым у заволжскай пустыні, быў ігуменам Троіцкага манастыра. Асуджаў царк. землеўладанне, абраднасць, прывілеі духавенства, прапаведаваў маральнае самаўдасканаленне. За свае погляды адлучаны ад царквы і сасланы ў Салавецкі манастыр (1553). Каля 1554—55 уцёк на Беларусь, жыў у Віцебску, потым у князя Юрыя Алелькі. Перакладаў рэліг. кнігі на царкоўнаслав. мову, выкладаў багаслоўе пры двары князя. Захавалася 14 яго пасланняў. Быў знаёмы і вёў палеміку з С.Будным, сярод яго карэспандэнтаў Іван IV, Андрэй Курбскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэало́гія
(гр. theologia, ад theos = бог + logos = вучэнне)
багаслоўе, рэлігійнае вучэнне, якое імкнецца абгрунтаваць рэлігійныя догмы і вераванні.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
КІ́ЕЎСКАЯ АКАДЭ́МІЯ, Кіева-Магілянская акадэмія,
першая вышэйшая навуч. ўстанова, асв. і культ. цэнтр на Украіне. Існавала ў 1632—1817 у Кіеве. Створана ў выніку аб’яднання Кіеўскай брацкай школы (з 1615) і школы Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1631) пад назвай Кіева-Магілянскага калегіума (у гонар заснавальніка мітрапаліта кіеўскага П.Магілы). У 1701 калегіуму нададзены правы і тытул акадэміі. Курс навучання — да 12 гадоў, мела 7, а з 1689 8 класаў: фара (падрыхтоўчы клас), інфіма (малодшы клас), граматыка, сінтаксіма і вышэйшыя — паэтыка, рыторыка, філасофія і багаслоўе. Навучэнцы атрымлівалі філал. падрыхтоўку, вывучалі ўкр., грэч., лац., польск. мовы, класічную грэч. і рымскую, сярэдневяковую л-ру, гісторыю, геаграфію і багаслоўе. Пазней уведзены рус., франц., ням., стараж.-яўр. мовы, матэматыка, трыганаметрыя, фізіка, архітэктура, у апошнія гады існавання К.а. — класы дамашняй і сельскай эканомікі, медыцыны. Значнае месца займала маст. і муз. адукацыя. Б-ка акадэміі ў 2-й пал. 18 ст. мела 12 тыс. тамоў, значную колькасць рукапісаў і дакументаў (згарэла ў час пажараў у 1780 і 1811; захаваліся асобныя экз.). К.а. адыграла вял. ролю ў пашырэнні асветы не толькі на Украіне, але і Беларусі. Яна давала магчымасць вучыцца бел.правасл. моладзі (навуч. ўстановы такога ўзроўню на Беларусі таго часу былі каталіцкія). У К.а. атрымлівалі адукацыю таксама студэнты з Балгарыі, Грэцыі, Малдавіі, Расіі, Сербіі. Сярод навучэнцаў і выкладчыкаў былі І.Канановіч-Гарбацкі, Епіфаній Славінецкі, Сімяон Полацкі, Ф.Пракаповіч, Г.Каніскі, С.Косаў і інш., у 1734 вучыўся М.Ламаносаў. З канца 18 ст. пачаўся заняпад акадэміі. У 1817 зачынена, замест яе адкрыта духоўная семінарыя (у 1819 пераўтворана ў духоўную акадэмію, існавала да 1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дагматы́чны
(гр. dogmatikos)
1) заснаваны на догмах;
2) уласцівы дагматыку; бяздоказны, катэгарычны;
3) адцягнены, абстрактны, схематычны;
4) які адносіцца да дагматыкі (напр. д-ае багаслоўе).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
КУНЦЭ́ВІЧ (Іасафат) (у свеце Іван; 1580, г. Уладзімір-Валынскі, Украіна — 12.11.1623),
уніяцкі царкоўны дзеяч. Вывучаў багаслоўе ў семінарыі пры Віленскім Троіцкім манастыры. З 1604 манах, у 1609 пасвячоны ў святара. У 1613—17 настаяцель Быценскага, Жыровіцкага і Віленскага Троіцкага манастыроў. Разам з мітрапалітам Іосіфам Руцкім удзельнічаў у стварэнні ордэна базыльян. У 1618—23 архіепіскап полацкі. Аўтар палемічных твораў у абарону Брэсцкай уніі 1596 на старабел. і польскай мовах. Энергічна распаўсюджваў уніяцтва, у т. л. прымусовымі сродкамі, што выклікала супраціўленне гараджан. Канцлер ВКЛ Л.Сапега ў лісце да К. абвінавачваў яго ў «гвалтоўным уціску чалавечага сумлення». Забіты ў час Віцебскага паўстання 1623. У хуткім часе абвешчаны блажэнным, у 1867 — святым каталіцкай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛАГЕ́ТЫКА (ад грэч. apologētikos абараняльны),
1) раздзел хрысц. багаслоўя, які пры дапамозе аргументаў, звернутых да розуму і свядомасці чалавека, адстойвае веравучэнне; у вузкім сэнсе — гал.багаслоўе, грунтоўная тэалогія. Асновы апалагетыкі закладзены ў 2—3 ст. Юсцінам, Тацыянам, Арыгенам, Тэртуліянам і інш. для абароны хрысціянства ад іудзейства, «язычніцтва» (пад ім разумелася ант. філасофія), дзярж. улад, ерасяў. Пашырана гал. чынам у праваслаўі і каталіцызме. Змест апалагетыкі — інтэрпрэтацыя сутнасці рэлігіі, абвяржэнне накіраваных супраць яе абвінавачванняў, абгрунтаванне перавагі той ці інш. канфесіі. Апелюючы да розуму, апалагетыка ўсё ж лічыць, што нават лагічна абгрунтаваная сістэма догматаў павінна прымацца на веру, бо апошняя ў тэалогіі вышэйшая за розум.
2) У пераносным сэнсе апалагетыка — прадузятая абарона, тэндэнцыйнае ўсхваленне чаго-небудзь, каго-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБО́ЦКІ (Белаблоцкі) Андрэй
(Ян) Хрыстафоравіч, усходнеславянскі філосаф і паэт 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся ў Францыі, Італіі, Іспаніі. Быў кальвінісцкім прапаведнікам у Слуцку, настаўнікам у Магілёве. З-за ганенняў езуітаў пераехаў у Смаленск, у 1681 — у Маскву, дзе прыняў праваслаўе. Да пераходу ў праваслаўе не прызнаваў афіц. царквы, крытыкаваў Біблію. Веру лічыў асабістай справай кожнага чалавека, філасофію ставіў вышэй за багаслоўе. У яго філас. поглядах перапляталіся ідэі рацыяналізму, дэізму і пантэізму. Адстойваў адзінства душы і цела. Аўтар твораў «Кароткая гутарка літасці з ісцінаю» (1685),
«Вялікая навука Раймунда Люлія» і «Кніга філасофская» (1698—99) і інш. У гал.паэт. творы — паэме «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» — сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Пераклаў першыя 2 кнігі трактата Фамы Кемпійскага «Аб наследаванні Хрысту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЧ (Говараў, Нікіфараў) Аляксандр Іванавіч (1783, г. Трубчэўск, Расія — 9.9.1848), расійскі філосаф, эстэтык, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі пед.ін-т (1808), вучыўся ў Германіі (1808—13). Выкладаў у Царскасельскім ліцэі і Пед. ін-це (з 1819 ун-т). Абвінавачаны ў бязбожжы і амаль што ў рэв. прапагандзе, у 1837 звольнены з работы. Імкнуўся стварыць арыгінальную антрапал. канцэпцыю «чалавеказнаўства». Лічыў, што філасофія і нават багаслоўе патрабуюць антрапалагічнага абгрунтавання. У сваіх працах падкрэсліваў аб’ектыўную абумоўленасць мыслення, ролю пачуццяў у працэсе пазнання, стадыяльнасць яго развіцця (гіпотэза — паняцце — ідэя), сувязь мыслення з фізіялогіяй, абгрунтаваў антрапал. філасофію гісторыі, што ўключала і сац. утопію. Выступаў супраць матэрыялізму, але высока ацэньваў метадалогію доследных навук. Яго «Лексікон філасофскіх прадметаў» (т. 1, 1845) — адзін з першых у Расіі даведнікаў па філасофіі. Галіч прапагандаваў эстэтыку рамантызму, вызначаў яе як «філасофію прыгожага» («Спроба навукі прыгожага», 1825). У псіхалогіі спрабаваў спалучаць ідэаліст. і прыродазнаўча-навук. трактоўкі душэўнага жыцця («Карціна чалавека...», 1834).
Тв.:
История философских систем. Кн. 1—2. СПб., 1818—19.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВІ́Н ((Calvin) Жан) (10.7.1509, г. Нуаён, Францыя — 27.5.1564),
дзеяч Рэфармацыі, заснавальнік кальвінізму. Вывучаў багаслоўе ў Буржы, права ў Парыжы і Арлеане. Апрача тэалогіі ведаў стараж. мовы, мастацтва, меў ступень доктара правазнаўства. Пад уплывам ідэй М.Лютэра і Эразма Ратэрдамскага адрокся ад каталіцкай веры, прыняў пратэстанцтва. З 1536 у Жэневе, узначаліў новую царк. арг-цыю, якая фактычна падначаліла свецкую уладу (23 гады К. быў «жэнеўскім папам»).
Яго ўлада грунтавалася на тэакратычным дыктаце кальвінізму, строгім рэгламентаванні грамадскага і асабістага жыцця вернікаў. Выкаранялася ўсякае вальнадумства, праціўнікі вучэння жорстка праследаваліся (у 1533 быў пакараны смерцю ісп. вучоны М.Сервет). У сваім вучэнні, выкладзеным у кн. «Навучанне хрысціянскай веры» (1536), у прамовах і памфлетах К. зыходзіў з абсалютнага прадвызначэння лёсу чалавека. Лічыў, што жыццёвыя ўдачы спадарожнічаюць «выбраннікам» божым, а няўдачы сведчаць пра тое, што чалавек асуджаны Богам. Дзейнасць К. спрыяла распаўсюджванню пратэстантызму ў Еўропе.
Тв.:
Рус.пер. — Наставление в христианской вере. Т. 1, кн. 1—2. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МАН ((Hamann) Іаган Георг) (27.8.1730, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 21.6.1788),
нямецкі філосаф-ірацыяналіст, крытык, пісьменнік. Вывучаў у Кёнігсбергу філасофію, багаслоўе, філалогію. Яго «Сібіліны лісткі» (выд. 1819) выкладзены ў форме аракульскіх выслоўяў. У фрагментах «Славутыя думкі Сакрата» (1759) і «Аблокі» (1761) адстойваў прынцыпы веры і непасрэднага пачуцця як асноўныя пры спасціжэнні рэчаіснасці. Лічыў мастацтва вынікам геніяльнай інтуіцыі (фрагмент «Кішэнная эстэтыка», 1761). Крытыкуючы рацыяналізм асветнікаў, у прыватнасці філасофію І.Канта («Метакрытыка пра пурызм розуму», 1784, выд. 1800), развіваў ідэі містычна афарбаванай інтуітывісцкай дыялектыкі. Абсалютызаваў інтуітыўны момант у творчасці і пазнанні (канцэпцыя «непасрэдных ведаў»). Паводле Гамана, розум (развага) індывідуальны, гістарычны, сітуатыўны; не існуе ўсеагульнага «цвярозага розуму» асветніцкай філасофіі, як і кантаўскага «чыстага розуму»; мова — «першы і апошні орган і крытэрый розуму», звязанасць якога з мовай вызначае межы розуму. Яго ўяўленні пра мову, творчасць генія, спрадвечнасць паэзіі зрабілі ўплыў на ням.філас.-эстэт. думку (І.Г.Гердэр, літ. рух «Буры і націску», І.В.Гётэ). За афарыстычны адрывісты і цьмяны стыль, падобны на прароцтвы, празваны Гётэ «паўночным магам».