ЯЛУ́ГІН Павел Уладзіміравіч (21.9.1910, в. Янова Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 21.3.1990),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Арджанікідзеўскае ваен. пяхотнае вучылішча (1942), Маскоўскі буд. тэхнікум (1954). У Чырв. Арміі з 1941, у Вял. Айч. вайну на Сталінградскім, Паўд.-Зах., 3-м Укр. франтах. Перадавы атрад (40 байцоў) на чале з капітанам Я. вызначыўся пры фарсіраванні р. Дняпро каля г. Днепрапятроўск (Украіна), дзе 2 гадз ў халоднай вадзе вёў бой з ворагам, у час атакі пераадолеў 3 рады драцяной загароды, захапіў і пашырыў плацдарм. Да 1969 у Сав. Арміі.
т. 18, кн. 1, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЫ́ЙСКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1925—27,
нац.-вызв. паўстанне ў Сірыі супраць франц. калан. панавання. Пачалося 18.7.1925 у вобласці Джэбель-Друз пад кіраўніцтвам феадала Султана аль-Атраша. 21 ліп. апалчэнцы разграмілі франц. ваен. атрад, 28 ліп. ўвайшлі ў г. Эс-Сувейда, а 2—3 жн. разграмілі 4-тыс. атрад франц. войск і паўстанне набыло агульнанац. характар. 23 жн. аль-Атраш выдаў маніфест з патрабаваннем поўнай незалежнасці Сірыі і вываду з яе франц. войск. Да паўстання далучылася Партыя народа на чале з Шахбендэрам. У кастр. 1925 вобласць Джэбель-Друз поўнасцю вызвалена ад франц. войск, і паўстанне ахапіла аазіс Гута, дзе знаходзіцца сталіца Сірыі — Дамаск. 18 кастр. паўстанцы ўступілі ў Дамаск, але пад націскам франц. войскаў неўзабаве пакінулі яго і разгарнулі партыз. вайну. Летам 1926 80-тыс. франц. армія рушыла супраць паўстанцаў і да восені задушыла асн. іх ачагі. Апошні апорны пункт паўстанцаў Джэбель-Друз французы захапілі ў чэрв. 1927; аль-Атраш і ч. яго прыхільнікаў перайшлі ў Трансіарданію.
Літ.:
Луцкий В.Б. Национально-освободительная война в Сирии (1925—1927 гг.). М., 1964.
т. 14, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕ́ЙКА Зыгмунт (Мінейка Газдава Сігізмунд Станіслававіч, псеўд. Баравы, 1840, в. Зялёны Бор Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., паводле інш. звестак Вільня — 27.12.1925),
удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Парыжы (1868). У 1861 вёў рэв. агітацыю сярод сялян Ашмянскага пав., у 1863 у атрадах М.Лянгевіча, паўстанцкі ваен. начальнік Ашмянскага пав., камандзір атрада. 3.6.1863 атрад разбіты пад Расолішкамі, М. схоплены і прыгавораны да 12 гадоў катаргі. У Сібіры адзін з кіраўнікоў рэв. арг-цыі ссыльных. У 1865 уцёк за мяжу. З 1891 у Грэцыі, удзельнічаў у вайне з Турцыяй за Крыт. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.
Г.В.Кісялёў.
т. 10, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ Людвік Тэадоравіч (7.9.1832, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.5.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля на радзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, на чале якога 3 месяцы (люты—крас.) вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Н. званне палкоўніка. Загінуў у баі.
Г.В.Кісялёў.
т. 11, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРВІ́НСКІ Павел Іванавіч (псеўд. Сава; 1841, г. Горкі Магілёўскай вобл., паводле інш. звестак Віцебская губ. — 19.3.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З дваран. У пач. 1860-х г. вучыўся ў Ін-це горных інжынераў і Тэхнал. ін-це ў Пецярбургу, быў звязаны з арг-цыяй «Зямля і воля». У пач. 1863 у маёнтку Марыенгаўзен Віцебскай губ., дзе была друкарня «Зямлі і волі», удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. Вясной 1863 зняволены ў Дынабургскую крэпасць, 19.6.1863 пазбаўлены правоў і засуджаны на 4 гады катаргі. 1.7.1863 уцёк з-пад варты і далучыўся да атрада Э.Вжаснёўскага, які дзейнічаў у Вількамірскім і Панявежскім пав. Ковенскай губ. У кастр. 1863 узначаліў асобны паўстанцкі атрад у Вількамірскім пав. (Анікшты, Андронішкі, Віжуны, Ушполь), атрымаў некалькі перамог над урадавымі войскамі. За мужнасць К.Каліноўскі надаў Ч. званне паручніка і прызначыў яго паўстанцкім ваен. начальнікам Новааляксандраўскай акр. 3.1.1864 яго атрад разбіты, паранены Ч. трапіў у палон. Часовым палявым аўдытарыятам прыгавораны да смяротнага пакарання, павешаны ў мяст. Ушполь. Браты Ч.: Ян — кіраўнік паўстанцкага атрада — расстраляны ў Кіеве; Раймонд, які змагаўся ў атрадзе Звяждоўскага, загінуў на Магілёўшчыне.
Г.В.Кісялёў, Я.Я.Янушкевіч.
т. 17, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНУКА́ЛАЎ Аляксей Фёдаравіч (29.2.1916, с. Новарасляеўка Саратаўскай вобл., Расія — 27.4.1944),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Віцебскай і Смаленскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Балашоўскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі (1936), Іркуцкае ваен. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Лепеля, Оршы, Смаленска. Трапіўшы ў акружэнне, у жн. 1941 арганізаваў партыз. атрад «Радзіма», які ў крас. 1942 рэарганізаваны ў брыгаду «Аляксей», камандзірам якой быў Д. (пазней партыз. брыгада яго імя). Падпалкоўнік Д. загінуў у баі ў час выхаду з блакады. У Лепелі на яго магіле помнік, у в. Кавалі Лёзненскага р-на мемар. музей Д., устаноўлены яго бюст.
т. 6, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРАСЮ́К Іван Паўлавіч (22.6.1902, Ерэван — 23.9.1939),
удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў ваен.-паліт. курсы (1928), Ленінградскі камуніст. ун-т (1931). У грамадз. вайну ў атрадзе ЧОН. За рэв. дзейнасць і стварэнне ячэек КПЗБ у 1923 арыштаваны польскімі ўладамі. З-пад арышту ўцёк у СССР. Быў на парт. рабоце ў г. Чыта (Расія). З пач. 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Віленскага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ. У 1932—36 зняволены ў турму. У вер. 1939 стварыў і ўзначаліў т.зв. лятучы атрад, які памагаў Чырв. Арміі вызваляць Зах. Беларусь. Загінуў у баі ў г. Драгічын Брэсцкай вобл.
В.П.Ласковіч.
т. 15, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРМА́САЎ Аляксандр Пятровіч (1752—25.11.1819),
расійскі ваенны і дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1801). Граф (1816). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. Ў час паўстання 1794 атрад рас. войск на чале з Т. быў разбіты 4 крас. А.Т.Касцюшкам каля Рацлавіц. З 1803 кіеўскі, з 1807 рыжскі ваен. губернатар. У 1808—11 галоўнакамандуючы ў Грузіі і на Каўказскай лініі. кіраваў баявымі дзеяннямі ў рус.-тур. 1806—12 і рус.-іранскай 1804—13 войнах. У 1812 камандаваў 3-й Зах. арміяй, войскі якой у Кобрынскім баі 1812 нанеслі паражэнне часцям саксонскага корпуса ген. Ж.Л.Рэнье, утрымалі свае пазіцыі ў Гарадзечанскай бітве 1812, але вымушаны былі адысці на Валынь. Пасля смерці П.І.Баграціёна часова камандаваў 2-й арміяй. У час восеньскага контрнаступлення рас. войск удзельнічаў у баях каля Малаяраслаўца, Вязьмы, Краснага. Вясной 1813 у час хваробы М.І.Кутузава выконваў абавязкі галоўнакамандуючага. У 1814—16 маскоўскі ваен. губернатар і галоўнакамандуючы, у 1816—19 маскоўскі ген.-губернатар.
А.М.Лукашэвіч.
т. 15, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАСТА́ХАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да крас. 1942 у в. Вял. Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Аб’ядноўвала 25 чал. Кіраўнікі С.Л.Бочак, А.Л.Валагжанін, В.П.Бальшакоў. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, на чыг. ветцы Барысаў—Лядзішчы падарвалі фаш. эшалон, знішчылі 5 вагонаў з ваен. маёмасцю. У сак. і летам 1942 фашысты схапілі і пасля катаванняў расстралялі 13 падпольшчыкаў. Бальшакоў з уцалелымі патрыётамі пайшоў у лес і ўзначаліў партыз. групу, на базе якой і дыверсійнай групы «Бывалыя» сфарміраваны партыз. атрад «Дзядзькі Колі». У в. Вял. Стахава пастаўлены помнік загінуўшым падпольшчыкам.
т. 4, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТЛАНДСКІ БОЙ 1915,
баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Готланд паміж 1-й брыгадай крэйсераў рас. Балт. флоту (каманд. контр-адм. М.К.Бахіраў) і атрадам герм. ваен. караблёў (камадор Карф) 2.7.1915 у 1-ю сусв. вайну. Атрад Бахірава (5 крэйсераў і 9 эсмінцаў) 1.7.1915 накіраваўся да порта Мемель (цяпер Клайпеда, Літва) з задачай абстраляць яго. У густым тумане ён размінуўся з ням. флотам (3 крэйсеры, 7 эсмінцаў і мінны загараджальнік), аднак у выніку радыёперахопу і дэшыфроўкі данясення Карфа быў наведзены па радыё на праціўніка. У выніку артыл. перастрэлкі 2 ліп. на У ад Готланда са строю выведзены ням. мінны загараджальнік, пашкоджана ч. караблёў абодвух бакоў; больш хуткія ням. караблі выйшлі з бою.
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)