АРЫЯБХА́ТА

(476, Кусумапур, паблізу сучаснага горада Пата, Індыя — каля 550),

індыйскі астраном і матэматык. У творы «Арыябхатыям» выклаў некаторыя матэматычныя звесткі, неабходныя для астранамічных вылічэнняў: здабыванне квадратнага і кубічнага каранёў, найпрасцейшыя задачы на складанне і рашэнне ўраўненняў, правілы падсумавання радоў, табліцу сінусаў, прыбліжанае значэнне ліку π = 3,1416 і інш. Увёў запіс лікаў пры дапамозе літар санскрыту.

Літ.:

Володарский А.И. Ариабхата. М., 1977.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАГО́

(Arago) Дамінік Франсуа (26.2.1786—2.10.1853),

французскі астраном, фізік і паліт. дзеяч. Чл. Парыжскай АН (1809). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы, дзе ў 1809—31 праф., з 1830 неадменны сакратар Парыжскай АН і дырэктар Парыжскай астр. абсерваторыі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1848 у складзе Часовага ўрада. Навук. працы па астраноміі, оптыцы, эл.-магнетызму, метэаралогіі, фіз. геаграфіі. Ініцыятар даследаванняў, якія прывялі да адкрыцця Нептуна, атрымання першых фатаграфій Сонца.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМА́ЛЬДЗІ

(Grimaldi) Франчэска Марыя (2.4.1618, г. Балоння, Італія — 28.12.1663),

італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.Б.Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРА́ЦЫЯ СВЯТЛА́ ў астраноміі, змена бачнага становішча свяціла на нябеснай сферы, абумоўленая канечнай скорасцю святла і ўзаемным перамяшчэннем крыніцы святла і назіральніка пры руху Зямлі ў прасторы. Адрозніваюць векавую аберацыю святла, выкліканую рухам Сонечнай сістэмы ў Галактыцы, гадавую — абарачэннем Зямлі вакол Сонца, сутачную — уласным вярчэннем Зямлі. Найб. значную аберацыю святла (гадавую) адкрыў англ. астраном Дж.Брадлей (1725). Яна выклікае перамяшчэнне відарыса свяціла па эліпсе, вял. вось якога паралельна плоскасці экліптыкі і роўная прыблізна 20,5″.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СЕЛЬ

(Bessel) Фрыдрых Вільгельм (22.7.1784, г. Міндэн, Германія — 17.3.1846),

нямецкі астраном, геадэзіст і матэматык. Чл. Берлінскай АН (з 1812), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1814). З 1810 праф. Кёнігсбергскага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі. Вылічыў арбіту каметы Галея. Распрацаваў тэорыю сонечных зацьменняў, тэорыю і метады ўліку інструментальных і інш. памылак пры астр. назіраннях, тэорыю спец. цыліндрычных функцый (Беселя функцый). Адзін з першых вызначыў зоркавы паралакс (1838), элементы зямнога сфероіда, масы планет.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЕЙ,

Халі (Halley) Эдмунд (8.11.1656, Хагерстан, каля Лондана — 25.1.1742), англійскі астраном і геафізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1678). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. З 1703 праф. Оксфардскага ун-та. З 1720 дырэктар Грынвіцкай абсерваторыі. Склаў першы каталог зорак (341) Паўд. неба, адкрыў уласны рух зорак (1718). Вылічыў арбіты больш як 20 камет, прадказаў новае з’яўленне Галея каметы, даказаў наяўнасць перыяд. камет. Вывучаў зямны магнетызм.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПА́ТЫЯ

(Hypatia),

Іпатыя з Александрыі (370—415), матэматык, астраном і філосаф-неаплатонік. Пасля навучання ў Афінах выкладала астраномію, матэматыку і філасофію ў Александрыйскім музеі. Забіта натоўпам хрысціян-фанатыкаў. Гіпатыі належалі працы па матэматыцы, астраноміі, тлумачэнні твораў грэч. філосафаў. Яе творы да нас не дайшлі.

Літ.:

Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с гол. и англ. [Т. 1—2]. М., 1959—91;

Кольман Э. История математики в древности. М., 1961;

Гольбах П. Галерея святых... Пер. с фр. Киев, 1987.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАЖКО́ Сяргей Мікалаевіч

(17.11.1870, г.п. Хоцімск Магілёўскай вобл. — 11.2.1956),

савецкі астраном. Чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1892), працаваў там жа (з 1918 праф.). У 1918—31 дырэктар Маскоўскай абсерваторыі. Навук. працы па практычнай астраноміі і даследаванні пераменных зорак. Адкрыў заканамерную змену крывой і перыяду бляску цэфеід (т.зв. эфект Блажко). Прапанаваў новы спосаб фатаграфавання малых планет, сканструяваў некалькі арыгінальных прыбораў. Аўтар падручнікаў па астраноміі. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Літ.:

С.Н.Блажко: [Некролог] // Астрон. журн. 1956. Т. 33, вып. 2.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЗІ́ХІН Фёдар Аляксандравіч

(8.12.1831, г. Мікалаеў, Украіна — 14.5.1904),

рускі астраном, заснавальнік рус. астрафіз. школы. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Маскоўскага (1865), Кіеўскага (1869) ун-таў. Дырэктар Маскоўскай з 1873 і Пулкаўскай у 1890—95 абсерваторый. Навук. працы па астрафізіцы, астраметрыі, гравіметрыі. Сусв. значэнне маюць даследаванні камет і метэораў. Стварыў мех. тэорыю каметных формаў. Даследаваў утварэнне перыядычных камет і паходжанне метэораў.

Тв.:

Этюды о метеорах. М., 1954.

Літ.:

Невская Н.И. Ф.А.Бредихин, 1831—1904. М.; Л., 1964.

т. 3, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕВЕ́ЛІЙ

(лац. Hevelius) Ян (28.1.1611, г. Гданьск, Польшча — 28.1.1687),

польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).

Літ.:

Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)