КАМІ́ЛЬ (Мустафа) (14.8.1874, Каір — 10.2.1908),
дзеяч егіпецкага нац.-вызв. руху. асветнік, публіцыст. Скончыў юрыд. школу ў Каіры (1893). Заснавальнік і першы старшыня патрыят. партыі «Ватан» (1907—53). Выступаў за вызваленне Егіпта ад брыт. акупацыі і аўтаномію краіны ў рамках Асманскай імперыі. Ініцыіраваў заснаванне егіп. ун-та ў Каіры (1908), значна развіў сучасную араб. мову.
т. 7, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́З (Атар-аглы) (15.8.1884, г. Хіва — 1919),
узбекскі паэт-асветнік. Вучыўся ў медрэсэ. У 18-гадовым узросце стаў прызнаным нар. паэтам Харэзма. Прадаўжальнік традыцый класічнай узб. літаратуры. У вершах рэалістычна адлюстроўваў тагачасную рэчаіснасць, выкрываў феад. знаць і ўлады. Аўтар зб. лірыкі «Шчаслівыя дні». Пісаў розныя па форме вершы (рубаі, газель, кыта і інш.), выкарыстоўваў фальклорныя вобразы.
т. 1, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКА́РЫЯ ((Beccaria) Чэзарэ) (15.3.1738, Мілан — 28.11.1794),
італьянскі асветнік, юрыст і публіцыст. Навучаўся ў езуіцкай калегіі. Д-р права. У галіне крымін. права праводзіў ідэі франц. асветнікаў. У працы «Пра злачынствы і пакаранні» (1764) упершыню даў крытычны аналіз сучаснага яму крымін. заканадаўства і яго выкарыстання на практыцы. Вял. значэнне мелі яго ідэі пра адпаведнасць пакарання ўчыненаму злачынству.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТЫНСАРЫ́Н (Ібрай) (20.10.1841 — 17.7.1899),
казахскі педагог-асветнік, пісьменнік, этнограф. Яго намаганнямі адкрыты шэраг школ з каз. мовай навучання. Распрацаваў сістэму школьнай адукацыі; на аснове рус. графікі склаў праект каз. алфавіта, падручнікі роднай і рус. мовы для дзяцей («Пачатковы дапаможнік па навучанні кіргізаў рускай мове», 1871; «Кіргізская хрэстаматыя», 1879 і інш.). Арыгінальныя і перакладныя маст. творы Алтынсарына, змешчаныя ў падручніках, прасякнуты дэмакр. і гуманіст. ідэямі.
Ж.Сахіеў.
т. 1, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРЫ́ЛАЎ (Васіл Еўстаціеў) (21.7.1789, г. Габрава — 2.10.1847),
балгарскі грамадска-паліт. дзеяч, асветнік, педагог і пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Расіі, Германіі і Венскім ун-це. У 1835 заснаваў у Габраве першую свецкую школу. Аўтар прац «Балгарскія кніжкі, ці Якому славянскаму племю ўласна належыць кірылаўская азбука» (1841), «Думкі пра цяперашняе балгарскае навучанне» (1847) і інш. Творчасць Апрылава спрыяла адраджэнню нац. свядомасці балгараў, іх самабытнай культуры і традыцый.
т. 1, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭМ ((Brehm) Альфрэд Эдмунд) (2.2.1829, Рэнтэндорф, зямля Цюрынгія, Германія — 11.11.1884),
нямецкі заолаг, асветнік. Вучыўся ў Іенскім ун-це. Дырэктар Гамбургскага заапарка (1863—66), заснавальнік Берлінскага акварыума (1867). У час вандраванняў па Егіпце, Нубіі, Судане, Абісініі, Іспаніі, Нарвегіі, Зах. Сібіры сабраў грунтоўны матэрыял па біялогіі жывёл і абагульніў яго ў папулярным дапаможніку па заалогіі «Жыццё жывёл» (т. 1—6, 1863—69), дзе апісаў жыццё і характары жывёл.
т. 3, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ВІЧ (Ануфрый [1750) (?),
Навагрудчына — 1807 ?], бел. юрыст, асветнік. Скончыў Віленскі ун-т. У адзінай вядомай сваёй працы «Пра ўдасканаленне прыроды ў стварэнні чалавека» (Вільня, 1806) выклаў ідэі эвалюцыянізму, матэрыялізму ў антрапагенезе, антрапалагічнага гуманізму. Чалавек для яго — вынік працяглай дзейнасці прыроды ў яе развіцці. Выступаў супраць ненавуковых, містычна-тэалагічных домыслаў пра паходжанне чалавека, аргументавана крытыкаваў зародкі расісцкіх канцэпцый.
Літ.:
Идеи материализма и диалектики в Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1980.
т. 10, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙЦВАЛЬД ((Kreutzwald) Фрыдрых Рэйнхальд) (26.12.1803, вол. Йыэперэ, Ракверэскі р-н, Эстонія — 25.8.1882),
эстонскі пісьменнік, фалькларыст, асветнік; пачынальнік эст. нац. л-ры. Скончыў Дэрпцкі ун-т (г. Тарту, 1833). Дэбютаваў у 1830-я г. (публіцыстычныя і фалькл.-этнагр. артыкулы). Аўтар сатыр. апавяданняў, кнігі вершаў «Песні вірускага спевака» (1865). Збіральнік і складальнік эст. нар. эпасу «Калевіпоэг» (выд. 1857—61), зб-ка літаратурна апрацаваных «Старадаўніх эстонскіх народных казак» (1866). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Б.Сачанка.
т. 8, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НІЧКАЎ (Дзмітрый Сяргеевіч) (1733—1.5.1788),
рускі асветнік, філосаф. Праф. філасофіі і матэматыкі Маскоўскага ун-та (з 1771). Паслядоўнік філасофіі Х.Вольфа. У дысертацыі «...Пра пачатак і паходжанне натуральнага богашанавання...» (1769), напісанай з пазіцый дэізму, паходжанне рэлігіі тлумачыў страхам людзей перад незразумелымі сіламі прыроды, неадукаванасцю. За свае погляды зазнаў ганенні царквы і часткі прафесуры. У тэорыі пазнання развіваў ідэі матэрыялістычнага сенсуалізму.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1. С. 112—184.
т. 1, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЦКІ (Іоў) (свецкае Іван Мацвеевіч; ?, с. Бірчы Гарадоцкага р-на Львоўскай вобласці — 12.3.1631),
дзеяч укр. праваслаўнай царквы, асветнік. Выкладчык, у 1604—05 рэктар Львоўскай брацкай школы. З 1610 у Кіеве, удзельнічаў у стварэнні Кіеўскай брацкай школы (1615, пазней акадэмія, першы яе рэктар). У 1620—31 кіеўскі мітрапаліт. Выступаў супраць распаўсюджвання на Украіне каталіцызму і Брэсцкай уніі 1596. Аўтар палемічных антыуніяцкіх твораў «Пратэстацыя» (1621; на польск. мове), «Аполія Апалогіі М.Сматрыцкага» (1628), пасланняў, лістоў, прадмоў, перакладаў. Працы Барэцкага ў 17 ст. былі вядомы на Беларусі, яго дзейнасць мела ўплыў на бел. культуру.
т. 2, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)